узвышаная раўніна з роўнай або хвалістай, слаба парэзанай паверхняй, аддзеленая выразнымі ўступамі ад суседняй раўніннай прасторы. Вылучаюць П. структурныя (горныя пароды залягаюць гарызантальна, напр., Усцюрт), вулканічныя (залітыя лавай няроўнасці паверхні, напр., П. Армянскага нагор’я), дэнудацыйныя (пенеплен і абразійныя раўніны, напр., пустыня Бетпак-Дала), нагорныя (міжгорныя ўпадзіны з прадуктамі выветрывання горных хрыбтоў, напр., асобныя ўчасткі Усх. Паміра). Высока размешчаныя П. часта ўваходзяць у склад пласкагор’яў і нагор’яў, П. са стромкімі, часам прыступкавымі, схіламі могуць утвараць сталовыя краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУНКТЭ́ЛІЯ (Punctelia),
род ліставатых лішайнікаў сям. пармеліевых. 22 віды. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 1 від — П. грубаватая (P. subrudecta), занесеная ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў вільготных лісцевых лясах на ствалах дрэў.
Слаявіна ліставатая, зверху шэрая, знізу бледная, дыям. 3—10 см. Лопасці шыр. да 6 мм, злёгку ўвагнутыя. Сарэдыі кропка- або шарападобнай формы. Саралі (утварэнні для вегетатыўнага размнажэння) развіваюцца ў цэнтры, часам па краях лопасцей. Пладовыя целы (апатэцыі) пераважна адзіночныя, трапляюцца рэдка. Сумкі 8-споравыя. Споры бясколерныя, амаль шарападобныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДО́УКА (Tricholoma),
род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. радоўкавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 36 відаў. Найб. вядомыя Р.: зялёнка, падзялёнка, бела-карычневая (T. albobrunneum), мыльная (T. saponaceum), сухая (T. sudum). Трапляюцца з вер. па кастр. пераважна ў хвойных лясах.
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка лускаватая ці гладкая, бураватая, шараватая, белаватая, злёгку пукатая або шырокалейкападобная. Пласцінкі свабодныя ці прырослыя. Мякаць белаватая, на зломе часам ружавее. Ножка цэнтр., цыліндрычная, шчыльная. Споры гладкія, эліпсоідныя. Ёсць ядомыя і ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́МНЫ МОСТ,
тып моста, статычная схема якога ўяўляе сабой раму. Пралётныя канструкцыі яго жорстка злучаны з маставымі апорамі (стойкамі, калонамі). Існуюць рамна-падвесныя масты (з бэлькамі, падвешанымі да канцоў рыгеляў) і рамна-кансольныя (з Т-падобных рам, злучаных пасярэдзіне пралёта шарнірам). Невялікія Р.м. звычайна выкарыстоўваюцца як пуцеправоды. Будуюць Р.м. пераважна з жалезабетону (маналітнага і зборнага), часам са сталі.
І.І.Леановіч.
Схемы рамных мастоў: а, б — з вертыкальнымі і нахіленымі стойкамі; в — рамна-падвеснага; 1 — стойка; 2 — рыгель; 3 — шарнір.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ПІЯ (Ruppia),
род кветкавых раслін сям. рупіевых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных паясах і ў гарах тропікаў. Растуць на мелкаводдзі марскіх узбярэжжаў і ўнутр. салёных ці саланаватых вадаёмаў. Найб. вядомыя Р.: марская (R. maritima) і вусіканосная (R. cirrhosa).
Шматгадовыя травы з тонкімі паўзучымі карэнішчамі, поўнасцю, акрамя суквеццяў, апушчаныя ў ваду. Лісце чаргаванае або супраціўнае, вузкалінейнае, часам ніткападобнае. Кветкі дробныя, двухполыя, без калякветніка, у 2-кветкавым коласе. Плод з 4—6 касцянкападобных доляў. Корм вадаплаўных птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭГРЭСІ́ЎНАЯ ЭРО́ЗІЯ,
разбурэнне і змыванне горных парод і глеб паверхневым вадацёкам (пастаянным або часовым). Р.э. пашыраецца ў бок вытоку, даўжыня вадацёку пры гэтым павялічваецца, што вядзе часам да перахопу рэк суседніх басейнаў. Разам з глыбіннай эрозіяй Р э. садзейнічае росту і пашырэнню яроў, фарміраванню падоўжнага профілю даліны (гл.Профіль раўнавагі ракі). На Беларусі Р э. найб. актыўна праяўляецца ў бас. рэк Нёман, Зах. Дзвіна, у раёнах пашырэння лёсападобных парод па краявых утварэннях Бел. і Мазырскай град, на Аршанска-Магілёўскай раўніне. Гл. таксама Эрозія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭДУ́Т (ад франц. redoute сховішча, апорны пункт),
палявое фартыфікацыйнае ўмацаванне прамавугольнай (квадратнай) або многавугольнай формы, падрыхтаванае да кругавой самастойнай абароны. Быў апорным пунктам у сістэме ўмацаваных паз шый. Гарнізон Р. складаўся з 1—2 рот (часам узмоцненых артылерыяй). Шырока выкарыстоўваўся ў 16 — пач. 20 ст., напр., у час Барадзінскай бітвы (1812), абароны Варшавы (1831) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭНТГЕНАТЭРАПІ́Я,
метад прамянёвай тэрапіі, заснаваны на выкарыстанні рэнтгенаўскага выпрамянення. Ажыццяўляецца з дапамогай спец.мед. рэнтгенатэрапеўт. апаратаў. Прыгнечвае жыццядзейнасць клетак паталагічна змененых тканак або цалкам іх разбурае. Пры непухлінных захворваннях Р. накіравана на спыненне запаленчай рэакцыі, зніжэнне болевай адчувальнасці і сакраторнай актыўнасці залоз. Адрозніваюць Р. глыбокую (уздзеянне на органы і тканкі, размешчаныя ў глыбіні цела), мясцовую (асобнага органа або абмежаванага ўчастка цела), агульную (усяго цела). Пашырана пры лячэнні захворванняў скуры, слізістых абалонак і інш.Часам спалучаецца з антыбактэрыяльнай тэрапіяй і інш. метадамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕПТО́РЫЯ (Septoria),
род недасканалых грыбоў сям. сферапсідальных. Больш за 1000 відаў. Пашыраны ўсюды, асабліва ў рэгіёнах з умераным, мяккім і вільготным кліматам. На Беларусі каля 200 відаў. Паразіты злакавых, складанакветных, ясноткавых, ружавых, парасонавых раслін, узбуджальнікі септарыёзаў. Найб. вядомыя С.: злакавая (S. graminis), памідоравая (S. lycopersici), пшанічная (S. tritici), ячная (S. hordei).
Міцэлій добра развіты, галінасты, шматклетачны, мае перагародкі з порамі, часам утварае склероцыі. Органы канідыяльнага споранашэння (пікніды) адзіночныя, шарападобныя, бураватыя, размешчаныя ў тканцы расліны. Канідыі цыліндрычныя, бясколерныя, аднаклетачныя або шматклетачныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІРО́КА (італьян. scirocco ад араб. шарк — усход),
моцны гарачы, сухі і пыльны вецер паўд. румбаў у Міжземнамор’і, які дзьме з боку пустынь Паўн. Афрыкі і Аравійскага п-ва. Над краінамі Афрыкі і Б. Усходу нясе шмат пяску і пылу, на шляху праз Міжземнае м. насычаецца вільгаццю, аднак аказвае высушальны ўплыў на расліннасць узбярэжных раёнаў Францыі, краін Апенінскага і Балканскага п-воў. Часцей назіраецца вясной, дзьме 2—3 дні, павышае т-ру паветра да 35 °C; на падветраных схілах гор часам набывае характар фёну.