АРЭО́Л (французскае auréole ад лацінскага corona aureola залаты вянок),
1) у фатаграфіі неаднастайнае пачарненне на негатыве вакол відарысу блішчастых або надзвычай кантрастных дэталяў аб’ектаў. Утвараецца прамянямі святла, рассеянага на мікракрышталях галоіднага серабра ў фотаслоі, а таксама прамянямі, якія прайшлі праз фотаслой і адбіліся ад глянцавай асновы фотаматэрыялу. Для змяншэння арэолу на які-небудзь бок гэтай асновы наносяць проціарэольны слой святлопаглынальнага рэчыва.
2) У оптыцы — светлавы фон вакол відарысу крыніцы аптычнага выпрамянення пры назіранні вокам або рэгістрацыі прыёмнікам святла. Выяўляецца пры рассеянні святла на малыя вуглы часціцамі асяроддзя, праз якое праходзіць святло. Істотна ўплывае на раздзяляльную здольнасць фатаграфічных матэрыялаў і люмінесцэнтных экранаў.
т. 2, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЧНАСЦЬ АТМАСФЕ́РНАЯ,
магчымасць адрозніваць зрокам аддаленыя аб’екты праз слой паветра той ці інш. мутнасці. Адрозніваюць дзённую, змрокавую і начную бачнасць атмасферную. Характарызуецца праз далёкасць бачнасці, адлегласць, на якой контуры аддаленых прадметаў становяцца нераспазнавальнымі з-за мутнасці атмасферы. Найлепшая бачнасць атмасферная ў ясны дзень у малазапыленым і сухім паветры (у празрыстым арктычным паветры да 100 км); пры тумане і інш. атмасферных ападках або пясчанай буры зніжаецца да некалькіх метраў. Бачнасць атмасферная наземных аб’ектаў абмежавана гарызонтам і пры чыстым паветры залежыць ад вышыні вока назіральніка над зямной паверхняй: з выш. 2 м — каля 5,5 км, з выш. 500 м — каля 85 км.
т. 2, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЙКАЦЫТАЗО́АН (Leucocytozoon),
род беспігментных прасцейшых класа спаравікоў, якія паразітуюць у эндатэліяльных клетках сценак крывяносных і лімфатычных сасудаў і форменных элементах крыві (эрытрабластах) птушак. Выяўлены ў 1884—89 В.Я.Данілеўскім. Пераносчыкі Л. — крывасосныя насякомыя, мошкі сям. Simuliidae. Палавыя асобіны (гаметацыты) Л. у страўніку мошкі ўтвараюць зіготы, якія праз шэраг стадый развіцця (аацысты, спаразоіты, меразоіты) трапляюць у кроў птушкі праз укус мошкі. Яны разносяцца ў эндатэліяльныя клеткі, дзе размнажаюцца шляхам шызаганіі, і трапляюць у эрытрабласты. Тут яны фарміруюцца ў гаметацыты. Л. знойдзены ў многіх птушак, у т. л. ў свойскіх (гусі, індыкі, качкі, куры, цацаркі).
Літ.:
Марков А.А. Лейкоцитозоозы // Болезни птиц. 2 изд. М., 1971.
т. 9, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТЭРЫЛЁЗ, лістэрыёз,
вострае інфекцыйнае захворванне чалавека, млекакормячых жывёл і птушак з пашкоджаннем унутр. (у т. л. лімфоідных) органаў, ц. н. с., вачэй, іншы раз плода ў жанчын (пры захворванні ў час цяжарнасці). Узбуджальнік — бактэрыя лістэрыя, якая захоўваецца ў глебе, сцёкавых водах, кармах, пыле. Заражэнне адбываецца пры кантакце з хворым (носьбітамі Л. бываюць і здаровыя людзі і жывёлы), праз ежу, аэрагенным і палавым шляхамі, пры цяжарнасці (праз плацэнту) і родах. Трансплацэнтарны Л. у нованароджаных працякае асабліва цяжка ў першыя 2—4 дні (сепсіс, задышка, сутаргі, іншы раз смерць); пры заражэнні ў час родаў хвароба выяўляецца пасля 7 дзён жыцця менінгітам, менінгаэнцэфалітам. Лячэнне тэрапеўтычнае.
А.А.Астапаў.
т. 9, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГО́ДЗІЧ Мікалай Рыгоравіч (н. 1.1.1953, в. Лышча Пінскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (2001). Скончыў БДУ (1975), з 1975 працуе ў ім (з 1993 заг. кафедры). Даследуе мову помнікаў стараж. бел. л-ры, старабел. графіку, арфаграфію, лексікалогію, марфалогію, словаўтварэнне, інавацыйныя працэсы ў сучаснай бел. літ. мове. Аўтар прац «Складаныя прыметнікі ў старабеларускай мове» (1981), «Словаскладанне ў беларускай мове» (2000), «Асобна, разам, праз дэфіс: Слоўнік-даведнік» (1994), «Старабеларускі лексікон: Падручны перакладны слоўнік» (1997, з Г.К.Цівановай), «Пішам без памылак: Разам, асобна, праз дэфіс» (2002). Сааўтар манаграфіі «Беларуская мова: Змены ў сучасных славянскіх мовах» (1998) і інш.
т. 18, кн. 1, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
іонтафарэ́з
(ад іон + гр. phoreo = нясу)
лячэнне ўвядзеннем у арганізм лекавых рэчываў праз скуру пры дапамозе гальванічнага току, што выклікае перамяшчэнне іонаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
кало́ід
(ад гр. kolla = клей + -оід)
некрышталізаванае рэчыва (бялок, крухмал, клей і інш.), растворы якога не праходзяць праз жывёльныя і раслінныя перапонкі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
капатава́ць
(фр. capoter)
1) пакрываць капотам частку самалёта, аўтамабіля і інш.;
2) перакульвацца праз насавую (маторную) частку пры аварыі (пра самалёт, аўтамабіль).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
краке́т
(англ. croquet, фр. croquet)
гульня спартыўнага тыпу, у якой шар ударамі драўлянага малатка праводзіцца праз размешчаныя ў пэўным парадку драцяныя вароты.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
кра́тэр
(гр. krater = вялікая чаша)
1) адтуліна ў вяршыні вулкана, праз якую выліваецца лава;
2) упадзіна, абкружаная кальцавымі валамі, у ландшафце Месяца.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)