адбе́гацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Паздаравець, паправіцца на волі, на выгодзе. За лета гэта худзеча так адбегаецца па цёплым пяску, так адап’ецца смачнага вясковага малака, так загартуецца пад давольным сонейкам і ветрам, што пад восень дзіўна робіцца, няўжо гэта тыя самыя заморкі? Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зазірну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Тое, што і заглянуць. Зазірнуць у твар. Зазірнуць у заўтрашні дзень. Зазірнуць пад лаўку. □ Хто яго ведае, па якой прычыне дзядзька не зазірнуў да нас. Дамашэвіч. Пакаштаваўшы радыску, вырваную прама з гладкі, Рыгор зазірнуў за амшанік. Б. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лёкай, ‑я, м.
Уст. Лакей. Хацеў Сцёпка проста ў панскі дом ісці, ды лёкай спыніў: — Ты чаго тут, валацуга, цягаешся! Якімовіч. — Што гэта па нагах такі холад ідзе? — здзівілася Агрыпіна. — А-а-а, пану старасту лёкаі спатрэбіліся, не можа за сабою зачыніць дзвярэй... Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
звы́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Добра знаёмы, прывычны. Прайшлі чарадою Гады за гадамі, Нязвыклае стала Штодзённым і звычным. Хведаровіч.
2. Які прывык да чаго‑н., звыкся з чым‑н. Да баявой прыгоды звычны, Без меркаванняў і разваг Шынель скідае пагранічнік, Бяжыць з вінтоўкай па слядах. Глебка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
невыме́рны, ‑ая, ‑ае.
Які не паддаецца вымярэнню, вельмі вялікі. Я пераводжу позірк на акно. За ім — невымерная глыбіня чыстага неба, ажно ўваччу балюча робіцца ад яго яркай блакітнасці. Шамякін. Калі Дзямід Сыч вярнуўся па папялішча роднай вёскі, сэрца яго ўздрыганулася ад невымернай жальбы. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
незямны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які знаходзіцца па-за межамі Зямлі 1 (у 1 знач.).
2. перан. Узвышаны, незвычайны; ідэальны. Дзяўчына здавалася яму нечым незямным: заходзіла яна ў клас — і для юнака ўзыходзіла сонца, набліжалася яна — і ён стойваў дыханне, быццам гэта магло абразіць яе. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
плі́ца, ‑ы, ж.
1. Лопасць параходнага кола. Параход лапатаў пліцамі, часта прыставаў да крутога берага. Грахоўскі. Шлёпаюць па вадзе пліцы параходных колаў, дрыжыць ад празмернага намагання машыны палуба парахода, пеніцца за кармой вада. Сяргейчык.
2. Спец. Чарпак, пры дапамозе якога зліваюць ваду на судне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прагрукаце́ць, ‑качу, ‑каціш, ‑каціць; зак.
Разм. Тое, што і прагрукатаць. І выплыў сам жалобны спеў Над жудасцю пакут. І тры разы прагрукацеў Па мёртваму салют. Броўка. Прагрукацеў міма маняўровы паравоз, цягнучы за сабою цыстэрны. Васілёнак. Вазок прагрукацеў праз усю вуліцу, спыніўся ля крайняй хаты. Гаўрылкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ПАРАВО́Е АЦЯПЛЕ́ННЕ,
від цэнтральнага ацяплення памяшканняў сухой насычанай парай, якая падаецца па параправодах ад паравога катла ў ацяпляльныя прылады. Адрозніваюць вакуум-паравыя (ціск пары ніжэйшы за атмасферны), нізкага (ціск да 0,17 МПа) і высокага (больш за 0,17 МПа) ціску сістэмы П.а., якія бываюць 1- і 2-трубныя. П.а. забяспечвае хуткае награванне памяшканняў, але па сан.-гігіенічных якасцях саступае вадзяному. Асн. недахоп — высокая т-ра пары (100 °C і вышэй). Выкарыстоўваецца ў грамадскіх, камунальна-быт. і прамысл. памяшканнях.
т. 12, с. 77
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РКЕР ((Parker) Роберт) (н. 24.5.1934, г. Шросберн, штат Масачусетс, ЗША),
касманаўт ЗША. Д-р навук па астраноміі (1962). Скончыў Каліфарнійскі тэхнал. ін-т (1962). З 1967 у групе касманаўтаў НАСА. Дырэктар офіса НАСА у Лабараторыі рэактыўнага руху. Удзельнічаў у забеспячэнні палётаў па праграмах «Апалон» і «Скайлэб». 28.11—8.12.1983 і 2—11.12.1990 здзейсніў палёты ў складзе экіпажаў касм. караблёў «Спейс шатл» («Калумбія»). Правёў у космасе 19,5 сут. Залатыя медалі НАСА «За выключныя навуковыя дасягненні», «За выдатнае кіраўніцтва».
У.С.Ларыёнаў.
т. 12, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)