уплыў нервовай сістэмы на клеткі, тканкі і органы для каардынацыі іх дзейнасці на патрэбу арганізма і ў адпаведнасці са зменамі навакольнага асяроддзя. Мае вядучае значэнне ў забеспячэнні цэласнасці арганізма і з’яўляецца адным з асн. механізмаў гамеастазу. У філагенезе Н.р. ўзнікла пазней за гумаральную, але па меры развіцця нерв. сістэмы падпарадкавала яе нерв. сувязям, і ўтварылася нейрагумаральнае ўзаемадзеянне, заснаванае на рэфлекторных адносінах. Яно ажыццяўляецца з дапамогай медыятараў, якія выдзяляюцца нерв. канчаткамі і строга адрасаваны пэўнаму органу ці групе клетак, таму хуткасць Н.р. ў сотні разоў перавышае хуткасць гумаральнай рэгуляцыі. Разам з тым многія медыятары (ацэтылхалін, норадрэналін, сератанін і інш.) здольныя паступаць у кроў і рэгуляваць дзейнасць органаў і тканак як гумаральны фактар. Уяўленне аб пераважным значэнні нерв. сістэмы ў рэгуляцыі працэсаў і функцый у арганізме жывёл і чалавека — аснова канцэпцыі нервізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАВО́Е РАЗМНАЖЭ́ННЕ,
розныя формы размнажэння арганізмаў, пры якіх новы арганізм развіваецца з зіготы, што ўтвараецца пры зліцці жаночай і мужчынскай палавых клетак (гамет). Зліццё генетычна розных гамет пры апладненні прыводзіць да ўзнікнення неідэнтычных асобін, што павялічвае зменлівасць патомства і спрыяе натуральнаму адбору. Узнікненне ў працэсе эвалюцыі П.р. звязана з развіццём полу — сукупнасці палавых адзнак, якія забяспечваюць палавы працэс. Уласціва ўсім эўкарыётам, але пераважае ў жывёл і вышэйшых раслін. Кан’югацыя ў інфузорый і некат. бактэрый па генет. значэнні блізкая да П.р. таму, што суправаджаецца абменам спадчынным матэрыялам. Эвалюцыйна пазней узнікла рэдукаваная форма П.р. — партэнагенез. Побач з раздзельнаполымі жывёламі ёсць шмат груп жывёл, якім уласцівы гермафрадытызм. У залежнасці ад формы, адноснай велічыні і рухомасці гамет рознага полу адрозніваюць наступныя тыпы палавога працэсу: аагамію, гетэрагамію, ізагамію. Гл. таксама Бясполае размнажэнне, Вегетатыўнае размнажэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІМПСЕ́СТ (грэч. palin зноў + psao саскрабаю),
рукапіс на пісчым матэрыяле, з якога сцёрты або змыты першапачатковы тэкст. У антычнасці П. існавалі на папірусах, пазней пашыраны на пергаміне. Змест змытых тэкстаў сведчыць, што П. пераважна мелі літургічны характар. Гэты факт абвяргае думку пра наўмыснае знішчэнне царквой ератычных ці непажаданых сачыненняў. Сярод вядомых 23 слав. П. толькі 3 усх.-слав.: 2 лісты Архангельскага евангелля 1092 (Рас.дзярж.б-ка), 2 ахоўныя лісты з пераплёту Кірыла-Белазёрскага манастыра (Рас.нац.б-ка), першыя 24 лісты Савінай кнігі (Рас.дзярж. архіў стараж. актаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЛО́М,
вёска ў Гожаўскім с/с Гродзенскага р-на За 26 км па Пн ад Гродна і чыг. ст. Гродна. 24 ж., 10 двароў (2000).
Вядома з 14 ст., калі тут быў пабудаваны драўляны замак для аховы межаў ВКЛ ад нападаў Тэўтонскага ордэна. Пазней П. — цэнтр староства Гродзенскага пав. Трокскага ваяв. З 1569 двор П. залічаны ў каралеўскія маёнткі. З 1795 у складзе Рас. імперыі, з 1801 у Гродзенскай губ. У жн. 1861 у П. адбылося выступленне сялян супраць выканання інвентарных павіннасцей, задушанае войскамі. З 1885 вёска Гожаўскай вол. Гродзенскага пав., 131 ж., 10 двароў, касцёл. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Гожаўскай гміне Гродзенскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 у Плябанішкаўскім с/с Парэцкага, з 25.11.1940 — Гродзенскага р-на. З 16.7.1954 у Гожаўскім с/с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́КА ДЭ́ЛА МІРА́НДАЛА ((Pico della Mirandola) Джавані) (24.2.1463, Мірандала, каля г. Модэна, Італія — 17.11.1494),
італьянскі мысліцель і вучоны эпохі Адраджэння, гуманіст. Вучыўся ва ун-тах Балонні, Ферары, Падуі, дзе заснаваў схаластычную традыцыю арыстоцелізму і авераізму; разам з тым успрыняў культуру філал. гуманізму. Вывучаў у арыгінале Стары запавет і Каран, цікавіўся кабалой і «натуральнай магіяй». У сваіх «900 тэзісах» (1486) імкнуўся да ўсеагульнага «прымірэння. філасофіі»; лічыў, што ўсе рэліг. і філас. школы — прыватныя праявы адзінай ісціны. Папская курыя асудзіла 13 яго тэзісаў і яго самога. Пазней жыў у Фларэнцыі, далучыўся да гуртка Л.Медычы і фларэнційскіх неаплатонікаў на чале з М.Фічына (платонаўская Акадэмія), напісаў трактаты «Гептаплус» (1490), «Пра сутнае і адзінае» (1496). У творы «Супраць прадказальнай астралогіі» (1495) адмаўляў астральны дэтэрмінізм на карысць свабоды чалавечай волі. Яго працы паўплывалі на будучую натурфіласофію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА, Рэ,
у старажытнаегіпецкай міфалогіі і рэлігіі бог сонца. Яго ўяўлялі сокалам, на галаве якога сімвал бажаства — сонечны дыск. Паводле пашыранага міфа Р. ўдзень плыве па нябесным Ніле на барцы Манджэт і асвятляе зямлю, увечары перасаджваецца ў барку Месектэт і сплывае ўніз, у царства нябожчыкаў, дзе плыве па падземным Ніле, а раніцай зноў з’яўляецца на гарызонце. Культ Р. ўзнік, верагодна, ў пач. 3-га тыс. да н.э., у сярэдзіне 3-га тыс. яго пачалі шанаваць як цара і бацьку багоў, творцу сусвету і людзей. Егіп. фараоны прымалі тытул «сын Ра». Пазней Р. атаясамлівалі з Амонам (Амон-Ра), Горам (Ра-Гарахуці) і інш. багамі, над выявамі якіх пачалі змяшчаць сонечны дыск.
Цэнтрам культу Р. быў г. Он (грэч. Геліопаль).
Ра ў вобразе сокала, які нясе сонечны дыск. Малюнак з «Кнігі мёртвых» Анхаі. Каля 1100 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РАЗДА́ВІМ ФАШЫ́СЦКУЮ ГА́ДЗІНУ»,
сатырычнае выданне для насельніцтва і партызан Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Выходзіла з ліп. 1941 да мая 1945, спачатку на рус., з сак. 1942 на бел. мове; да сак. 1942 агітплакат, пазней газета-плакат, сатыр. часопіс ЦККП(б)Б. Выдавалася ў Гомелі, потым у прыфрантавой паласе і ў Маскве, пасля ў Навабеліцы (цяпер у межах Гомеля) і Мінску. Змяшчала фельетоны, памфлеты, сатыр. вершаваныя і празаічныя літ. творы, карыкатуры, якія высмейвалі акупантаў і іх памагатых, заклікалі да актыўнай барацьбы з ворагам. У выданні друкаваліся творы Я.Коласа, Я.Купалы, А.Астрэйкі, П.Броўкі, Я.Брыля, В.Віткі, К.Крапівы, М.Лужаніна, П.Панчанкі, М.Танка, М.Чавускага, К.Чорнага і інш. пісьменнікаў, малюнкі І.Ахрэмчыка, Л.Брадатага, В.Букатага, К.Елісеева і інш. мастакоў. Са жн. 1945 выходзіць як сатыр.-гумарыстычны час.«Вожык».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́МУЛ (Romulus),
заснавальнік Рыма і першы рымскі цар [753—716 да н.э.]. Паводле стараж.-рым. падання Р. і яго брат-блізня Рэм былі сынамі весталкі Рэі Сільвіі і бога вайны Марса. Кінутых паводле загаду дзядзькі Рэі Амулія ў р. Тыбр братоў-немаўлят рака вынесла на бераг. Ваўчыца выкарміла іх сваім малаком (Капіталійская ваўчыца), пасля братоў знайшоў пастух Фаўстул, які разам з жонкай выхаваў іх. Р. і Рэм вярнулі свайму дзеду Нумітару царскую ўладу над Альба-Лонгай, несправядліва захопленай Амуліем, а на месцы свайго выратавання заснавалі горад. Падчас сваркі Р. забіў Рэма і стаў адзіным уладаром горада, які атрымаў яго імя. Ва ўяўленнях нашчадкаў Р. быў ініцыятарам выкрадання сабінянак, заснавання рым. сената, курый, арганізацыі войска, падзелу грамадзян на патрыцыяў і плебеяў. Пасля смерці Р. абагаўлёны, пазней атаясамліваўся з богам Квірынам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПАТЭ́КІ,
індзейскі народ, які жыве ў Мексіцы. У 1990-я г. каля 380 тыс.чал. Мова С. належыць да атаміміштэкаса-патэцкіх моў. Паводле веравызнання С. фармальна католікі, але захоўваюць шматлікія элементы традыц. вераванняў. Асн. заняткі — с.-г. праца, рамяство, у т. л.вытв-сць сувеніраў для турыстаў. С. стварылі высокую своеасаблівую культуру, самыя стараж. помнікі якой датуюцца 10 ст. да н.э. Росквіт адбываўся ў 2—5 ст.н.э. С. будавалі храмы на пірамідальных асновах, палацы, збудаванні для рытуальнай гульні ў мяч, «абсерваторыі» для астр. назіранняў. Цікавыя скляпы — закапаныя ў зямлю будынкі з багата ўпрыгожанымі фасадамі. Рэльефы адлюстроўваюць гратэскавыя фігуры «танцораў» (8—4 ст. да н.э.), пазней — божастваў, правіцеляў, жрацоў, палонных і інш. На фігурных керамічных пасудзінах адлюстраваны фігуры з партрэтнымі тварамі, у складаных галаўных уборах ці шлемах. Са з’яўленнем еўрапейцаў у Амерыцы культура С. была практычна знішчана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СКЕПТЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА»,
крытычны кірунак у рас. гістарыяграфіі 1-й пал. 19 ст. Заснавальнік — М.Т.Качаноўскі. Да «С.ш.» належалі В.М.Бадзянскі, С.М.Строеў, блізкія погляды мелі П.М.Строеў і інш. Прадстаўнікі «С.ш.» крытыкавалі канцэпцыі афіц. гісторыкаў, асабліва М.М.Карамзіна, даказвалі неабходнасць параўнальна-гіст. вывучэння мінулага Расіі, крытычных адносін да крыніц, праверкі сапраўднасці тэкстаў і аналізу зместу выкладзеных у іх падзей. Яны лічылі, што рус.летапісы 11—12 ст., Руская праўда, «Слова аб палку Ігаравым» і інш.стараж. помнікі не могуць служыць гіст. крыніцамі пры вывучэнні Кіеўскай Русі, бо ўзніклі, на іх думку, значна пазней за перыяд яе існавання і выключна пад уплывам замежных літ. і дакумент. крыніц. Выступалі супраць нарманскай тэорыі, падзялялі погляды І.Эверса пра хазарскае паходжанне Русі. Нягледзячы на спрэчнасць яе канцэпцый, «С.ш.» — важны этап у фарміраванні рас. гістарыяграфіі.