НАЗЫ́М ХІКМЕ́Т РАН (Nâzim Hikmet Rań; 20.1.1902, г. Салонікі, Грэцыя — 3.6.1963),
турэцкі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Камуніст. ун-це працоўных Усходу ў Маскве (1921—24). Як камуніст 17 гадоў правёў у турмах Турцыі. З 1951 жыў у СССР. Друкаваўся з 1917. Першы зб. «Песня тых, што п’юць сонца» (1928, надрук. ў Баку). У зб-ках вершаў «835 радкоў» (1929), «Горад, які згубіў голас» (1931) сац. матывы. Антыкалан. ідэямі прасякнуты паэма «Джыяконда і Сі-Я-у» (1929), раман у вершах «Чаму Бенерджы скончыў жыццё самагубствам?», п’есы «Чэрап» (абодва 1932), «Усімі забыты» (1935). За рэв. накіраванасць зб. вершаў «Тэлеграма, якая прыйшла ноччу» (1932) зняволены ў турму, дзе стварыў паэт. эпапею «Чалавечая панарама» (1941—61, паэт. гісторыя 1-й пал. 20 ст.), нізку вершаў «Лісты з турмы», п’есу «Легенда пра каханне» (выд. 1965) і інш. Антыфаш. тэма ў зб. вершаў «Партрэты» (1935), кн. публіцыстыкі «Нямецкі фашызм і расавая тэорыя» (1936). Аўтар п’ес «Дзівак» (1955), «А ці быў Іван Іванавіч?» (1956), раманаў «Кроў не можа гаварыць» (выд. 1965), «Жыццё — добрая рэч, мой брат» (выд. 1967). Увёў у тур. паэзію новыя рытмы, т.зв. свабодны верш. Бел.т-р імя Я.Купалы паставіў п’есы «Забыты ўсімі» (1958), «Дзівак» (1964), «Сляпы падзішах» (1966). На бел. мову яго вершы пераклалі М.Аўрамчык, А.Вялюгін, А.Зарыцкі, У.Паўлаў, А.Русецкі, М.Танк. Міжнар. Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі» за 1950.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Ідзе Кастрычнік па зямлі. Мн., 1987;
У кн.: На зорных шляхах. Мн., 1991;
Рус.пер. — Избранное: Стихотворения. Поэмы. М., 1974;
Избранное. Т. 1—2. М., 1987;
Собака лает — караван идет: Миниатюры. М., 1979.
Літ.:
Бабаев А.А. Назым Хикмет: Жизнь и творчество. М., 1975;
Меликов Т. Назым Хикмет и новая поэзия Турции. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТАГРА́ФІЯ (ад лац. nota знак, заўвага + ...графія),
1) апісанне нотных выданняў і рукапісаў; дапаможнікі (паказальнікі, агляды, спісы, каталогі), у якіх апісаны і сістэматызаваны нотныя выданні і рукапісы; дапаможная галіна музыказнаўства.
2) Навук. дысцыпліна, што вывучае гісторыю, тэорыю і методыку апісання і класіфікацыю муз. твораў у іх нотным запісе. У заходнееўрап. краінах Н. як самаст.навук. галіна не вылучаецца, нотныя выданні і рукапісы вывучае муз. бібліяграфія.
Найб. ранняя форма Н. — індэксы ў рукапісных танарыях 9—11 ст. (зборы грыгарыянскіх песнапенняў, што размеркаваны па ладах). Адна з першых друкаваных Н. — сістэматычны спіс 1299 нотных, пераважна ням., выданняў у кнізе П.Болдуана «Філасофская бібліятэка» (1616). З 18 ст. ў краінах Еўропы і ЗША выходзяць разнастайныя нотаграфічныя спісы, агляды, каталогі, у большасці з іх змяшчаюцца Н., складзеныя ў нац. аспекце. У Расіі першай формай Н. былі выдавецка-гандл. каталогі 2-й пал. 18 ст. На Беларусі вядомы з 1-й пал. 19 ст. З пач. 20 ст. нотныя выданні рэгіструюцца ў «Нотной летописи» (1931). З 1805 рэгулярна выдаваліся каталогі выд-ва І.Завадскага (Вільня). «Летапіс друку Беларусі» мае спец. раздзел «Летапіс нотаў» (з 1924), бібліягр. паказальнік «Беларуская ССР у друку СССР і зарубежных краін» (1946—91) — раздзел «Ноты». Нотаграфічныя спісы і агляды змяшчаюцца ў дадатку да бюлетэня «Новыя кнігі Беларусі». Рэтраспектыўныя паказальнікі «Музычная літаратура БССР» (1963, 1977) і «Музычная літаратура Беларусі» (1997) улічылі нотныя выданні, якія выйшлі ў 1917—90, а таксама муз. творы бел. фальклору і бел. кампазітараў, апублікаваныя за межамі рэспублікі, матэрыялы перыяд. друку Беларусі 1945—90. Нотаграфічныя спісы прыводзяцца ў разнастайнай інфарм., навук.-даследчай, метадычнай і пед. л-ры па музыцы, бібліягр. даведніках (гл.Лексікаграфія музычная), бел. праграмах для муз. школ, вучылішчаў, Бел. акадэміі музыкі, персанальных бібліягр. паказальніках і інш.
Літ.:
Отраслевые библиографии БССР. Мн., 1979. С. 163—164;
Паказальнік бібліяграфічных дапаможнікаў Беларусі, 1997. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАСІ́Я (Nikosia),
Леўкасія, горад, сталіца Рэспублікі Кіпр. Знаходзіцца ў цэнтр.ч. в-ва Кіпр. Больш за 200 тыс.ж. (1998). Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: тэкст., тытунёвая, харч., гарбарна-абутковая. дрэва- і металаапрацоўчая. Ганчарнае рамяство. Цэнтр турызму.
Засн. ў 7 ст. да н.э. (наз. Ледра, Леўкатэон, з 13 ст.н.э. Н.). У 58 да н.э. заваявана рымлянамі; уваходзіла ў склад Рым. імперыі, потым Візантыі. З 4 ст.н.э. рэзідэнцыя епіскапа. У 1191 заваявана англ. каралём Рычардам 1 Львінае Сэрца (3-і крыжовы паход). У 1192—1485 сталіца Кіпрскага каралеўства крыжаносцаў. З 1485 належала Венецыі, у 1571 заваявана Асманскай імперыяй. У час Грэчаскай нац.-вызв. рэвалюцыі 1821—29 туркі арганізавалі ў Н. разню хрысціянскага насельніцтва. З 1878 сталіца брыт. калоніі Кіпр. З 1960 сталіца незалежнай Рэспублікі Кіпр. З 1974 (тур. ўварванне на Кіпр) застаецца пад міжнар. кантролем міратворчых сіл ААН, якія ахоўваюць мяжу паміж Кіпрскай рэспублікай і Тур. Рэспублікай Паўн. Кіпра. Н. — цэнтр архіепіскапства кіпрскай аўтакефальнай правасл. царквы.
Стары горад, абкружаны венецыянскай крапасной сцяной (1567, арх. Ф.Барбара, паводле чарцяжоў Дж.Саварньяна), захаваў планіроўку 16 ст.: скучаная забудова, вузкія вуліцы з малапавярховымі будынкамі. З 250 сярэдневяковых пабудоў найб. значныя: гатычныя сабор св. Сафіі (цяпер мячэць Селіміе; з 1209, усх. частка — 1217—51. зах. 1319—26), касцёлы Маці Божай (1300) і аўгусцінцаў (цяпер мячэць Амерые; каля 1330), ансамбль рынку Бедэстан (перабудаваны ў 16 ст.); «Вароты Фамагусты» (16 ст.), сабор св. Іаана (перабудаваны ў 1665, цыкл размалёвак, каля 1730). Па-за межамі Старога горада — новыя сучасныя кварталы. Вылучаецца архіепіскапскі палац (1956—59, арх. Н.Русас).Музеі: Кіпра, нар. мастацтва, абразоў, лапідарый (фрагменты сярэдневяковых пабудоў).
Літ.:
Коровина А.К., Сидорова Н.А. Города Кипра. М., 1973.
Да арт.Нікасія. Кафедральны сабор святой Сафіі (цяпер мячэць Селіміе). 1209—1326.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСКАРА́ЛЬНІКІ ЗАРА́ДЖАНЫХ ЧАСЦІ́Ц,
устаноўкі для атрымання зараджаных часціц (электронаў, пратонаў, атамных ядраў, іонаў і інш.) высокіх энергій (больш за 1 МэВ) за кошт іх паскарэння ў эл. полі.
У 1919—32 развіццё П.з.ч. грунтавалася на атрыманні высокіх напружанняў і іх выкарыстанні для паскарэння зараджаных часціц. У 1931 створаны электрастатычны генератар (гл.Ван-дэ-Граафа генератар), у 1932 — каскадны генератар, што дазволіла атрымліваць патокі паскораных часціц з энергіяй да 10 МэВ. У 1931—44 распрацаваны рэзанансныя метады паскарэння часціц, пры якіх паскораныя часціцы шматразова праходзілі паскаральны прамежак і набіралі энергію пры адносна невял. паскаральным напружанні (гл.Цыклатрон). У 1940 пабудаваны цыклічны індукцыйны паскаральнік электронаў — бэтатрон. У 1950-я г. прапанаваны прынцыпы аўтафазіроўкі і моцнай факусіроўкі часціц, у выніку павялічыліся межы дасягальных энергій у цыклічных і лінейных П.З.Ч. Існуюць лінейны паскаральнік даўжынёй больш за 3 км, дзе электроны і пазітроны маюць энергію да 45 ГэВ (г. Станфард. ЗША); цыклічны паскаральнік з даўжынёй арбіты каля 27 км з энергіяй да 103 ГэВ (г. Жэнева, Швейцарыя); тэватрон паскарае пратоны і антыпратоны да энергіі 940 ГэВ (г. Батавія, ЗША). Развіццё паскаральнікаў звязана з павелічэннем энергій паскораных часціц, нарошчваннем іх інтэнсіўнасці (сілы току ў пучку) і працягласці імпульсу паскоранага пучка. Распрацоўваюцца новыя і ўдасканальваюцца метады паскарэння, дзе выкарыстоўваюцца звышправодныя матэрыялы ў магнітах і паскаральных сістэмах. аўтам. кіраванне, паскаральнікі 3 накапляльнымі кольцамі (гл.Паскаральнік з сустрэчнымі пучкамі) і інш. Выкарыстоўваюцца для навук. мэт (нараджэння новых часціц, атрымання штучных нуклідаў, вывучэння ядз. рэакцый, для доследаў у радыебіялогіі, хіміі, фізіцы цвёрдага цела і інш.), а таксама ў металургіі (для дэфектаскапіі), дрэваапр. прам-сці (для хуткай высакаякаснай апрацоўкі вырабаў), харч. прам-сці (для стэрылізацыі прадуктаў), медыцыне (для прамянёвай тэрапіі, «бяскроўнай хірургіі» і інш.). Гл. таксама Фазатрон, Сінхрафазатрон.
Літ.:
Комар Е.Г. Основы ускорительной техники. М., 1975;
Лебедев АН., Шальнов А.В. Основы физики и техники ускорителей. 2 изд. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМФАНІ́ЧНАЯ МУ́ЗЫКА,
галіна інструментальнай музыкі, прызначаная для выканання сімфанічным аркестрам Выразныя сродкі сімф. аркестра даюць магчымасць увасабляць разнастайныя творчыя задумы, складаныя драматург. канцэпцыі, значныя муз. вобразы як у манум. цыклічных кампазіцыях, так і ў невял. творах.
Вытокі С.м. ў інстр. ансамблевым музіцыраванні часоў антычнасці. У эпоху Адраджэння склаўся спецыфічны інстр. (ансамблева-аркестравы) стыль, у 17 — пач. 18 ст. сфарміраваліся жанры С.м.: сюіта, канцэрт, уверцюра. У выніку развіцця класічнага складу сімф. аркестра сталі фарміравацца санатна-цыклічныя формы і жанр сімфоніі ў творчасці кампазітараў мангеймскай школы і венскай класічнай школы, якая дала класічныя тыпы сімфоніі, канцэрта, уверцюры. У 19 ст. ўзніклі новыя жанры. удасканалены і інструменты сімф. аркестра. павялічылася роля дырыжора; паглыбіліся сувязі С.м. з опернай, балетнай, харавой, камернай музыкай.
Значнае месца ў С.м. займае праграмная музыка (сімфоніі, сімфанічныя паэмы, сімфанічныя карціны, сімфанічныя фантазіі і інш.). Да сімф. форм належаць таксама сімфаньета, варыяцыі, рапсодыя, скерца, капрычыо, уверцюра, легенда, марш, папуры, танец і інш. У канцэртны сімф. рэпертуар уваходзяць аркестравыя фрагменты з опер, балетаў, музыкі да драм. спектакляў, кінафільмаў і інш. У С.м. знайшлі ўвасабленне найб. значныя ідэі, тэмы і вобразы, разнастайныя маст.-эстэт. плыні (рамантызм, імпрэсіянізм, экспрэсіянізм і інш.), яскрава выявіліся асаблівасці нац. кампазітарскіх школ Высокімі дасягненнямі адзначана рус. С.м. (М.Глінка, П.Чайкоўскі, М.Рымскі-Корсакаў, А.Глазуноў, С.Рахманінаў, А.Скрабін, І.Стравінскі, М.Мяскоўскі, Дз.Шастаковіч, С.Пракоф’еў і інш.).
На Беларусі С.м. — адна з вядучых галін прафес. кампазітарскай творчасці, у якой адлюстраваны гісторыя народа, ідэі і вобразы сучаснасці, прыроды, нар. паданняў, казак, легенд і інш. Цікавасць да С.м. праявілася ў 1920-я г. (М.Аладаў, М.Чуркін, Я.Цікоцкі і інш.). Сярод жанраў бел. С.м.: сімфонія, сімф. паэма, сюіта, уверцюра, карціна, фантазія. Шырока прадстаўлены ў бел. С.м. прынцып праграмнасці.
Літ.:
Бобровский В. Симфоническая музыка // Музыка XX в. М., 1976. Ч. 1, кн. 1;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІ́НЕР ((Skinner) Берэс Фрэдэрык) (20.3.1904, г. Саскуэхана, ЗША — 18.8.1990),
амерыканскі псіхолаг і філосаф; прадстаўнік біхевіярызму. Чл.Нац.АН ЗША Д-р філасофіі (1931), праф. (1948). Скончыў Гамільтонскі каледж (1926). На аснове даследаванняў паводзін жывёл распрацаваў канцэпцыю аперантнага (ад «аперацыя») абумоўлівання, якое прынцыпова адрозніваў ад умоўна-рэфлекторнага. Сцвярджаў, што прынятая прадстаўнікамі класічнага біхевіярызму (Дж.Уотсан і інш.) і неабіхевіярызму (Э.Толмен, К.Хал) схема «стымул—рэакцыя» не ўлічвае ўплыву рэакцыі на паводзіны («Паводзіны арганізмаў», 1938). Лічыў, што арганізм набывае новыя рэакцыі, таму што сам заахвочвае (падмацоўвае) іх, і толькі пасля гэтага знешні стымул выклікае рэакцыю. Кожная рэакцыя, на яго думку, заснавана на папярэднім вопыце і генетычным кодзе, а ўсе паводзіны можна расцэньваць як абумоўленае спалучэнне пазітыўных і негатыўных стымулаў (напр., ежа, увага, голад, боль, пахвала, прыніжэнне). Паводле С., у грамадстве не можа быць незалежнага «аўтаномнага чалавека», бо паводзіны індывіда абумоўлівае і кантралюе сац. асяроддзе праз сац. ін-ты, звычаі, мову, сродкі камунікацыі і г.д. Альтэрнатывай такому ўздзеянню лічыў сац. формы супольнасцей, члены якіх павінны быць інтэграваны ў сістэму пазітыўнага псіхал. падмацавання (узаемавыгадныя, справядлівыя адносіны індывідаў адзін да аднаго ў працэсе зносін), у выніку чаго адпадае неабходнасць у рэпрэсіўных ін-тах («Па той бок свабоды і годнасці», 1971). Гэтая канцэпцыя атрымала назву сац. біхевіярызму. Працы С. заклалі псіхал. і метадалагічныя асновы сучаснага праграмаванага навучання, якое ён разглядаў як «паслядоўнае навядзенне» на патрэбную рэакцыю («Тэхналогія навучання», 1968). Аўтар прац «Навука і паводзіны чалавека» (1953), «Пра біхевіярызм» (1974), «Аўтабіяграфіі» (т. 1—2, 1976), рамана-утопіі «Уолдэн-2» (1948) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Наука об учении и искусство обучения // Программированное обучение за рубежом. М., 1968;
Оперантное поведение // История зарубежной психологии, 30—60-е гг. XX в.: Тексты. М., 1986.
Літ.:
Ярошевский М.Г. Психология в XX столетии. М., 1971;
Кондрашенк о В.Т., Донской Д.И. Общая психотерапия. 2 изд. Мн., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСТАЎРА́ЦЫЯ (ад позналац. restauratio аднаўленне),
1) у шырокім сэнсе — аднаўленне чаго-н. у першапачатковым (ці блізкім да першапачатковага) выглядзе.
2) Р. ў архітэктуры і мастацтве — умацаванне і аднаўленне разбураных, пашкоджаных або скажоных помнікаў гісторыі і культуры (арх. збудаванняў, твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва, археал. знаходак і інш.); састаўная ч.аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Праводзіцца з мэтай выяўлення і аднаўлення іх гіст. і маст. каштоўнасці, падаўжэння іх веку і ўключэння ў сучаснае жыццё на аснове дэталёвага дакумент. даследавання помніка (апісанні, фотафіксацыя, абмерныя чарцяжы, археал., гіст., інж.-тэхн.) і навукова абгрунтаванага праектнага рашэння з фіксацыяй усіх змен.
У працэсе Р. могуць уводзіцца новыя элементы, неабходныя па эстэт. і канстр. меркаваннях, ужываюцца новыя матэрыялы, тэхніка і тэхналогіі, якія не парушаюць цэласнасці помніка і яго гіст.рыс. Метады і спосабы Р. вызначаюцца характарам далейшага існавання помніка: кансервацыя, аднаўленне (адбудова), прыстасаванне, рэканструкцыя, уласна Р., перанясенне (з поўнай разборкай помніка або без яе), рэгенерацыя (комплекс горадабуд. і рэстаўрацыйных ’работ па захаванні гіст. забудовы і ансамбляў). Мэта Р. твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва — умацаванне і раскрыццё ад скажаючых напластаванняў. Р. папярэднічае вывучэнне прычын і відаў разбурэнняў аб’ектаў (спектральны, храматаграфічны, мікракрышт. і інш. аналізы, рэнтгенаграфаванне, макра- і мікрафатаграфаванне і г.д.). У працэсе Р. праводзіцца структурнае ўмацаванне твораў з выкарыстаннем роднасных ці спец.сінт. матэрыялаў, выпраўляюцца іх дэфармаваныя часткі, аднаўляюцца ці выдаляюцца хім. зменлівыя элементы, часткова ці поўнасцю выдаляюцца пазнейшыя дапаўненні. Розніца мясц. умоў, традыцый, мэт і ўзроўню Р. вызначае разнастайнасць яе тэарэт. канцэпцый у розных рэгіёнах. Першыя прыклады Р. помнікаў архітэктуры мелі выпадковы характар. У 19 ст. склаўся навук. падыход да Р. (арка Ціта ў Рыме, 1 ст.н.э., рэстаўрыравана ў 1821; Дзмітрыеўскі сабор 12 ст. ў г. Уладзімір, Расія, рэстаўрыраваны ў 1834-43).
На Беларусі першыя навук. Р. гіст. помнікаў арганізаваны ў канцы 19 — пач. 20 ст. членамі камісіі Рус.археал.т-ва У.В.Суславым (Камянецкая вежа 13 ст.) і П.П.Пакрышкіным (Сафійскі сабор 11 ст. ў г. Полацк). У 1920—30-я г. ў Зах. Беларусі праведзена Р. помнікаў архітэктуры: Стары замак 14—16 ст. ў Гродне, палац 18 ст. ў в. Свяцк Гродзенскага р-на, кальвінскі збор 16 ст. ў г. Смаргонь, касцёл 16 ст. ў в. Гнезна Ваўкавыскага р-на. Значныя рэстаўрацыйныя работы праведзены пасля разбурэнняў у Вял.Айч. вайну. Спецыфічнасць помнікаў архітэктуры і мастацтва Беларусі (шматразовыя разбурэнні, перабудовы і наслаенні розных эпох і стыляў, асаблівасці ўздзеяння на помнікі кліматычных умоў, недаўгавечнасць іх асн. матэрыялаў) ускладняе іх Р. З 1968 Р. помнікаў вялі Спец.навук.-рэстаўрацыйныя вытв. майстэрні, з 1985 — вытв. аб’яднанне «Белрэстаўрацыя». У 1991 утворана Гал. ўпраўленне па рэстаўрацыі і кансервацыі помнікаў гісторыі і культуры пры СМ Беларусі, у 1996 яно рэарганізавана ў Камітэт па кансервацыі і рэстаўрацыі помнікаў пры Мін-ве культуры Беларусі. Сярод найб. значных навук. Р. помнікаў: архітэктуры — Спаса-Праабражэнская царква 16 — пач. 17 ст. ў г. Заслаўе, касцёл 19 ст. ў в. Раўбічы Мінскага р-на; Слуцкая брама 17—18 ст. ў г. Нясвіж, манастыр базыльянак 18 ст. і рэшткі Прачысценскай царквы 12 ст. ў Гродне, Сафійскі сабор у г. Полацк (рэшткі храма 11 ст., дэкор 18 ст. і інш), будынкі філіялаў Літ. музея Я.Купалы ў в. Вязынка Маладзечанскага р-на і Літ. музея Я.Коласа ў в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на; гісторыі — дом-музей Э.Ажэшкі 19 ст. ў Гродне; манум. жывапісу — размалёўка абл. б-кі імя Я.Ф.Карскага і сграфіта на фасадах касцёла брыгітак 17 ст. ў Гродне, размалёўка Успенскага касцёла ў г. Мсціслаў. Рэстаўрыруюцца старадаўні жывапіс і скульптура, керамічныя і ювелірныя вырабы, мэбля, муз. інструменты, старадрукі і інш. (захоўваюцца ў Нац.маст. музеі Беларусі, Нац. музеі стараж.-бел. культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі і інш.).
3) Р. ў палітыцы — аднаўленне ранейшага, звергнутага паліт. ладу.
Літ.:
Выгонная А.А., Калнин В.В., Цейтлина М.М. Основы реставрации памятников архитектуры, монументальной и станковой живописи. Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МСКА-КАТАЛІ́ЦКАЯ ЦАРКВА́на Беларусі,
аб’яднанне каталіцкіх дыяцэзій на тэр. Беларусі. Зах.-хрысц. ўплывы пранікалі на бел. землі з 11 ст. праз місіянераў, гандл. і эканам. сувязі з зах.-еўрап. краінамі (гл.Хрысціянства). У 1250-я г. ў сувязі з прыняццем вял.кн.Міндоўгам каталіцкага хрышчэння адбылося першае прызначэнне рымска-каталіцкага біскупа для часткі бел. і літ. зямель. У 1263—1387 Р.-к.ц. не мела ў ВКЛтэр. арг-цыі, хоць місіянерская дзейнасць не спынялася. Трывала ў ВКЛкаталіцызм замацаваўся пры вял.кн.Ягайле, калі ён заснаваў у 1387 Віленскую рымска-каталіцкую епархію, якая ахоплівала літ. і большую частку бел. зямель. Паўд.-зах. землі Беларусі, у т. л. Брэст, Пінск, уваходзілі ў склад Уладзімірскага біскупства (г. Уладзімір на Валыні). У 1417 створана Жмудскае біскупства, у 1613 — Смаленскае. У канцы 15—1-й пал. 16 ст. ў перыяд Рэфармацыі Р.-к.ц. часткова страціла свае пазіцыі. Для пераадолення крызісу праведзена царк. рэформа, якая была падтрымана папствам і санкцыяніравана Трыдэнцкім саборам 1545—63. У парафіях ад ксяндзоў патрабавалася весці метрычныя запісы, здзяйсняць паломніцтвы, ствараць каталіцкія брацтвы, шпіталі, пач. школы, б-кі (гл. таксама Контррэфармацыя). Вял. ролю ў пашырэнні каталіцызму на Беларусі адыгралі ордэны манаскія. У 1772 на тэр. Беларусі дзейнічалі кляштары 27 ордэнаў (аўгусцінцы, баніфраты, бернардзінцы, дамініканцы, камуністы, кармеліты, марыяне, місіянеры, піяры, рахіты, трынітарыі, францысканцы і інш.). Іх дзейнасць прыўнесла на Беларусь зах.-еўрап.культ. ўплыў і пакінула прыкметны след у яе гісторыі і культуры, спрыяла развіццю навуч. устаноў і кнігадрукавання, навукі, у галіне мастацтва прынесла культуру барока, традыцыі школьных тэатраў, грыгарыянскіх спеваў, вакальна-інстр. музыкі.
У 1772 у выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай да Рас. імперыі адышла тэрыторыя, на якой жыло каля 100 тыс. католікаў. У 1773 указам Кацярыны II тут утворана Бел. рымска-каталіцкая епархія (дыяцэзія) з цэнтрам у Магілёве; яе біскупу (на той час С.І.Богуш-Сестранцэвіч) падпарадкаваліся ўсе касцёлы і кляштары ў дзяржаве. У 1783 замест Бел. дыяцэзіі створана Магілёўская рымска-каталіцкая архіепархія, зацверджаная булай папы Пія VI. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1795—98 замест скасаванага Віленскага біскупства створана Інфлянцкае біскупства з цэнтрам у Вільні. У 1798 Віленскае біскупства адноўлена. На 1798 у Рас. імперыі было 6 рымска-каталіцкіх дыяцэзій, з іх З (Віленская, Магілёўская, Мінская рымска-каталіцкая епархія) ахоплівалі ўсю тэр. Беларусі. У 1797 для кіравання Р.-к.ц. створаны дэпартамент для рымска-каталіцкіх спраў пры Юстыц-калегіі ліфляндскіх, эстляндскіх і фінляндскіх спраў. У 1801 замест дэпартамента засн. рымска-каталіцкая духоўная калегія, якой было падпарадкавана ўсё каталіцкае духавенства. У 1869 Мінская дыяцэзія скасавана, кіраванне яе касцёламі даручалася магілёўскаму архібіскупу. У сувязі з паўстаннямі 1830—31 і 1863—64 царскія ўлады закрылі шэраг бел. каталіцкіх кляштараў, былі скасаваны езуіцкія навучальныя ўстановы, школы і калегіумы піяраў і дамініканцаў. У 1892 усе навуч. ўстановы пры касцёлах перададзены мін-ву нар. асветы. Духоўную адукацыю ў канцы 18—1-й пал. 19 ст. атрымлівалі ў Рыме, Віленскай рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі, Полацкай езуіцкай акадэміі, семінарыях у Вільні, Беластоку, Магілёве, Мінску. У 2-й пал. 19 ст. дзейнічалі Духоўная акадэмія ў С.-Пецярбургу і па адной семінарыі ў кожнай дыяцэзіі.
Пасля Кастр, рэвалюцыі 1917 у Расіі, ва ўмовах неўмяшання дзяржавы ў справы царквы, была адноўлена Мінская дыяцэзія. Але ў 1920—30-я г. Р.-к.ц. перажыла шэраг антырэліг. кампаній: канфіскацыю царк. каштоўнасцей, закрыццё касцёлаў, суд. працэсы над прадстаўнікамі каталіцкага духавенства па абвінавачанні ў контррэв. дзейнасці і шпіянажы на карысць Польшчы. На 1938 у БССР не засталося ніводнага дзеючага касцёла. У Зах. Беларусі ў складзе Польшчы Р.-к.ц. знаходзілася ў спрыяльных умовах: у Драгічыне і Пінску былі адкрыты духоўныя семінарыі, адраджаліся кляштары, будаваліся новыя касцёлы і інш. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР (1939) уплыў Р.-к.ц. рэзка скараціўся, ксяндзы падвяргаліся рэпрэсіям. У Вял.Айч. вайну многія ксяндзы ўдзельнічалі ў партыз. руху, асабліва актыўным было польскае духавенства ў Арміі Краёвай. За ўдзел у антыфаш. руху акупантамі загублена больш за 100 чал. каталіцкага духавенства. На 1945 у БССР захавалася 325 касцёлаў (90 разбурана ў вайну). Пасля вайны пачалася новая хваля скасавання парафій і абмежавання дзейнасці Р.-к.ц., духавенства масава выязджала ў Польшчу, многія рэпрэсіраваны. На 1.1.1960 у БССР існавала 191 каталіцкае аб’яднанне са 102 ксяндзамі, у 1985—96 аб’яднанняў з 52 ксяндзамі. Сувязі Р.-к.ц. Беларусі з Ватыканам былі парушаны (ажыццяўляліся нелегальна праз епіскапат Польшчы). Кадры духавенства для Беларусі рыхтаваліся з 1975 у Рыжскай каталіцкай духоўнай семінарыі. У 2-й пал. 1980-х г. у СССР пачалося ажыўленне рэліг. дзейнасці, у т. л. Р.-к.ц. Адчыняюцца старыя і будуюцца новыя касцёлы, аднаўляецца дзейнасць манаскіх ордэнаў, вядзецца місіянерская дзейнасць, выдаецца рэліг.л-ра і інш. Арганізаваны епархіяльныя структуры: у 1989 засн. апостальская адміністрацыя ў Мінску, у 1991 утвораны новыяцарк.-адм. адзінкі — Гродзенскае біскупства (у межах Гродзенскай вобл.), Мінска-Магілёўская архідыяцэзія (у межах Мінскай, Магілёўскай абл.) з падпарадкаваннем апошняй Пінскай дыяцэзіі (у межах Брэсцкай і Гомельскай абл.), у 1998 — Віцебская дыяцэзія (у межах Віцебскай вобл.). На 1.1.2001 у Рэспубліцы Беларусь 417 парафій, 266 ксяндзоў, 7 кляштараў, Вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне (з 1990), выдаюцца час. «Наша вера» (Мінск), «Дыялог» (Баранавічы), «Ave Maria» (час. Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі), «Ave Maria. Маленькі рыцар Беззаганнай» (Мінск), «Misericordia» («Міласэрнасць», Гродна), газ. «Слова Жыцця» (Гродна), «Odkupiciel» («Збавіцель», Гродна), «Каталіцкія навіны» (Мінск; Магілёў).
Літ.:
Мараш Я.Н. Ватикан и католическая церковь в Белоруссии (1569—1795). Мн., 1971;
Яго ж. Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии XVIII в. Мн., 1974;
Яго ж. Политика Ватикана и католической церкви в Западной Белоруссии (1918—1939). Мн., 1983;
Канфесіі на Беларусі (канец XVIII—XX ст.). Мн., 1998;
Верашчагіна А.У., Гурко А.В. Гісторыя канфесій на Беларусі ў другой палове XX ст.Мн., 1999;
Глябовіч А. Касцёл у няволі // Спадчына. 1994. № 1—2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
гарызо́нт
(гр. horizon, -ntos = які абмяжоўвае)
1) лінія ўяўнага судакранання неба з зямной або воднай паверхняй;
знікнуць з гарызонта — перастаць з’яўляцца дзе-н.;
2) уся бачная навокал зямная паверхня; далягляд;
3) вялікі круг нябеснай сферы, плоскасць якога перпендыкулярная да вертыкальнай лініі ў месцы назірання;
4) перан. круг магчымасцей, перспектыва (напр. адкрыць новыя гарызонты ў навуцы);
5) перан. сума ведаў, кругагляд чалавека (чалавек з шырокім гарызонтам);
6) узровень вады ў рацэ, возеры, глебе;
7) пласт адкладанняў горных парод, які ўмоўна вылучаецца па якой-н. прымеце (колеры, складзе, наяўнасці руд і інш.);
8) сукупнасць горных вырабатак, размешчаных на адным узроўні.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
планава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак., што.
1. Складаць план, праект якога‑н. збудавання. Планаваць будынак школы.
2. Размячаць месца пад што‑н. згодна з планам. [Архітэктар] плануе адразу цэлы горад: вуліцы, плошчы, праспекты.Лужанін.Калгас будаваў новыя хаты. Леапольд Гушка пільным вокам спрактыкаванага гаспадара сам планаваў месца.Чорны.
3. Складаць план развіцця, ажыццяўлення чаго‑н.; уключаць у план развіцця чаго‑н. Планаваць вытворчасць тавараў шырокага ўжытку. □ Плануе калгас свой гадавы прыбытак — на першым месцы ў яго сад.Ракітны.
4. Мець намер, разлічваць зрабіць што‑н., меркаваць. Планаваць экскурсію. □ Планавалі на сёння пайсці ў кіно. А замест гэтага мы ўсе ўтраіх працавалі на гародзе Раманюка.Савіцкі.Ужо з першага курса Ваня планаваў, як ён ўладкуецца на работу пасля заканчэння тэхнікума.Новікаў.Міхей планаваў так. Скончыць сын дзесяцігодку і паступіць у інстытут.Ермаловіч.
5.без дап.Разм. Займацца планаваннем. [Жанчына:] — Хто ў вас там плануе, Лявон Ігнатавіч, хто распараджаецца?Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)