НО́РМА РЭА́КЦЫІ,

здольнасць генатыпу ў пэўных межах забяспечваць змены фенатыпу ў адпаведнасці з умовамі навакольнага асяроддзя. У ходзе індывід. жыцця арганізм набывае рэакцыі (напр., умоўныя рэфлексы, набыты імунітэт, прывыканне да ядаў і лекаў), большасць якіх не перадаецца ў спадчыну і заканчвае свой жыццёвы шлях разам з іх носьбітам (арганізмам). У Н.р. здольны ўвайсці толькі тыя змены, якія становяцца элементамі генатыпу. Нават глыбокая змена фенатыпу мае абарачальны характар, таму што не закранае генатып. Пры вяртанні зыходных умоў навакольнага асяроддзя ў тым жа пакаленні (напр., загар чалавека) або ў наступным (напр., колькасць сцёблаў у адной расліны пшаніцы), а часам і ў шэрагу пакаленняў (т.зв. падоўжаныя мадыфікацыі) арганізм аднаўляе страчаныя адзнакі. У працэсе натуральнага адбору выпрацоўваюцца межы Н.р., якая ўласціва ўсім арганізмам і забяспечвае выжыванне пры зменах умоў існавання. Т.ч. генатып вызначае не жорсткую камбінацыю строга дэтэрмінаваных адзнак фенатыпу, а Н.р. арганізма пры яго фарміраванні і развіцці.

Р.​Г.​Заяц.

т. 11, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДО́ЎЖАНЫЯ ЗЫ́ЧНЫЯ, гемінаты,

зычныя, якія вымаўляюцца працяжна ў параўнанні з іх звычайным вымаўленнем у адным і тым жа моўным тэмпе. У бел. мове падаўжэнне ўзнікае ў выніку спалучэння аднолькавых зычных на стыку марфем («з + зываць = ззываць», «ад + даць = аддаць», «камен + ны = каменны», «ран + ні = ранні», падаўжаюцца і цвёрдыя, і мяккія зычныя), а таксама ў выніку асіміляцыі гука «й» папярэднім мяккім зычным «с’», «з’», «ц’», «дз’», «н’», «л’» і цвёрдых «ч», «ж», «ш» (якія раней былі мяккімі) у становішчы паміж галоснымі («кассё», «палоззе», «вецце», «моладдзю», «насенне», «ралля», «сучча», «збожжа», «цішшу»). Артыкуляцыйна і акустычна падаўжэнне выбухных і афрыкат выражаецца ў значным павелічэнні часу змычкі, фрыкатыўных — часу фрыкацыі. П.з. ўвасабляюць 2 фанемы. У адзінкавых словах («ззяць», «сёння») П.з. належаць адной марфеме.

Літ.:

Крывіцкі А.А., Падлужны А.І. Фанетыка беларускай мовы. Мн., 1984;

Беларуская мова: Цяжкія пытанні фанетыкі, арфаграфіі, граматыкі. Мн., 1987.

А.​І.​Падлужны.

т. 11, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫЯДЫ́ЧНАЯ ФУ́НКЦЫЯ,

функцыя, значэнні якой не змяняюцца, калі да значэнняў яе аргумента дадаць (ці адняць) некаторы лік τ > 0, г.зн. 𝑓(x) = 𝑓(x + τ) = 𝑓(x − τ). Найменшы лік T з усіх лікаў τ наз. перыядам функцыі 𝑓(x). Напр. sin(x + 2π) = sinx, tg(x + π) = tgx (перыяды адпаведна 2π і π).

Для кожнай неперарыўнай П.ф. 𝑓(x) ≠ const выконваецца τ = nT, дзе n = ±1, ±2, ±3, ... . Графік П.ф. атрымліваецца паслядоўнымі зрушэннямі на велічыню T у дадатным (ці адмоўным) напрамку восі Ox часткі яе графіка, пабудаванай для адрэзка a ≤ x ≤ a + T. Сума, рознасць, здабытак і дзель П.ф. з аднолькавым перыядам ёсць таксама П.ф. з тым жа перыядам. Сума П.ф. з рознымі перыядамі будзе П.ф. толькі тады, калі гэтыя перыяды сувымерныя. П.ф. выкарыстоўваюцца ў фіз. і тэхн. навуках, напр., пры вывучэнні перыяд. (напр., вагальных) працэсаў.

Л.​А.​Гусак.

Да арт. Перыядычная функцыя: T — перыяд функцыі.

т. 12, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАНДЭ́ЛЬ (франц. rondel ад rond круг),

верш з 13 радкоў, звязаных дзвюма скразнымі рыфмамі. Дзеліцца на 3 страфы — два 4-радкоўі і адно 5-радкоўе. Два першыя радкі верша паўтараюцца ў канцы другога 4-радкоўя, а першы — і ў канцы Р. Узнік у старафранц. паэзіі, потым перайшоў у англ. і інш. еўрап. л-ры. У канцы 19 — пач. 20 ст. яго выкарыстоўвалі сімвалісты. У бел. л-ру ўвёў М.​Багдановіч:

Амур і сумны і прыгожы
Стаіць з павязкай на вачах

Ля склепу. Часам лёгкі пах
Сюды даносіцца ад рожы.
Паўсюль крыжы, вянкі...
Чаго жа Тут, дзе магілы, сцень і прах,
Амур і сумны і прыгожы
Стаіць з павязкай на вачах?

І ціха думаў я: быць можа,
Любоў, палёгшы у трунах,
Перамагла і смерці жах!
Спачніце ж! Вечна на старожы
Амур і сумны і прыгожы.
(«На могілках»).

У сучаснай бел. паэзіі не атрымаў пашырэння.

В.​П.​Рагойша.

т. 13, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭПРЫ́ЗА (франц. reprise аднаўленне, паўтарэнне),

1) у музыцы — паўтарэнне адной або некалькіх тэм пасля іх развіцця або выкладання новага тэматычнага матэрыялу; адзін з кампазіцыйных сродкаў завяршэння вобразна-тэматычнага развіцця. Прынцып рэпрызнасці ляжыць у аснове большасці тыповых кампазіцыйных схем: 2-часткавай рэпрызнай, 3-часткавай, ронда, санатнай, канцэнтрычнай і інш. У санатнай форме Р. — дакладнае або відазмененае паўтарэнне экспазіцыйнага матэрыялу. Р. можа значна адрознівацца ад экспазіцыі, што абумоўлена вобразным развіццём, зместавай канцэпцыяй твора. Існуюць таксама несапраўдная Р., дзе пач. тэма ўзнаўляецца ў неасноўнай танальнасці, і люстраная Р., у якой выкладзены матэрыял узнаўляецца ў адваротным парадку.

2) На эстрадзе — славесны ці пантамімічны камічны нумар (часам жарт, анекдот), які выконваецца акцёрамі размоўнага жанру, клоунамі (сола, дуэтам, групай).

3) У цырку — хада каня адным і тым жа алюрам; чаргаванне завершаных і звязаных паміж сабой трукаў, пасля якіх ідзе паўза.

Літ.:

Гл. да арт. Форма музычная.

Ю.​Дз.​Златкоўскі (музыка).

т. 14, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАМА́ТАЎ Ілья Ільіч (27.7.1907, в. Малая Бярсеніха Уржумскага р-на Кіраўскай вобл., Расія — 3.1.1989),

бел. вучоны ў галіне хім. машынабудавання. Чл.-кар. АН Беларусі (1969), д-р тэхн. н. (1962), праф. (1971). Скончыў Маскоўскі ін-т хім. машынабудавання (1934). З 1946 ва Усесаюзным НДІ хім. машынабудавання (нам. дырэктара, у 1959—65 дырэктар). У 1967—77 у Ін-це ядз. энергетыкі АН Беларусі (нам. дырэктара). Навук. працы па радыяцыйна-хім. машынабудаванні, радыяцыйнай хіміі. Прапанаваў канструкцыі вакуумнага абсталявання для атамнай прам-сці, выкарыстанне ультрагуку і вібрацыйнай тэхнікі для інтэнсіфікацыі працэсаў растварэння і экстракцыі. Дзярж. прэмія СССР 1949.

Тв.:

Использование изотопов и излучений в народном хозяйстве Белорусской ССР // Весці АН БССР. Сер. фіз.-энергетыч. навук. 1971. № 2;

Образование карбонильных соединений при радиолизе этиленгликоля в метаноле // Там жа. 1977. № I.

Літ.:

И.​И.​Саламатов // Весці АН БССР. Сер. фіз.-энергетыч. навук. 1977. № 4.

І.І.Саламатаў.

т. 14, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТАСЛА́Ў О́ЛЬГАВІЧ (у хрышчэнні Мікалай; ? —15.2.1164),

князь чарнігаўскі. Сын Алега Святаславіча. У 1136 запрошаны ў Ноўгарад, дзе княжыў з перапынкамі да 1141. Ў 1142 меў нейкую воласць «около Гомья» (Гомеля). У 1146 яму належалі Курск, Ноўгарад-Северскі, Карачаў, Колцеск, Дзедаслаў, але ў тым жа годзе ён выгнаны з Чарнігаўскай і Северскай зямель. У 1147 увайшоў у саюз з Юрыем Далгарукім, з дапамогай яго войск заняў зямлю вяцічаў, пасля вярнуў свае ўладанні. Калі Юрый Далгарукі заняў Кіеў (1149), С.О. атрымаў ад яго «и Случеск, и Клеческ, и вси Дрегвиче» (Слуцк і Клецк з навакольнымі землямі), а каля 1155 — Мазыр. Паводле дагавора 1157 з вял. кіеўскім кн. Ізяславам Давыдавічам атрымаў Чарнігаўскую зямлю, а г. Ноўгарад-Северскі перадаў пляменніку Святаславу Усеваладавічу. Некат. час у яго землях знаходзіўся пазбаўлены ўладанняў полацкі кн. Рагвалод Барысавіч, якому С.О. у 1158 дапамог войскамі вярнуць свае землі.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 14, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫЯЛЕ́Т (франц. triolet ад італьян. trio трое),

цвёрдая вершаваная форма; васьмірадковая страфа, у якой адзін радок паўтараецца тройчы (1-ы, 4-ы, 7-ы). Пачынаецца і заканчваецца тым жа двухрадкоўем. Мае 2 рыфмы (абааабаб ці аббабааб).

Узнік у 15 ст. ў Францыі як скарочаная форма рандэля. У рус. паэзіі з’явіўся ў пач. 19 ст. (М.​Карамзін), потым амаль стагоддзе не ўжываўся, адрадзіўся ў 20 ст. ў паэзіі К.​Фофанава, К.​Бальмонта, В.​Брусава.

У бел. паэзію Т. увёў М.​Багдановіч («Мне доўгае расстанне з Вамі...», «... Дзераўлянае яечка», «... Калісь глядзеў на сонца я»):

Калісь глядзеў на сонца я.
Мне сонца асляпіла вочы.
Ды што мне цемень вечнай ночы,

Калісь глядзеў на сонца я.
Няхай усе з мяне рагочуць,
Адповедзь вось для іх мая:

Калісь глядзеў на сонца я.
Мне сонца асляпіла вочы.

Т. сустракаецца ў творах Х.​Чэрні, Д.​Бічэль-Загнетавай, Р.​Барадуліна і інш.

В.​П.​Рагойша.

т. 16, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ЎШЫЦ Іосіф Майсеевіч (3.2.1904, г. Дзяржынск Мінскай вобл. — 17.1.1997),

бел. вучоны ў галіне гідралогіі. Канд. тэхн. н. (1935). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1954). Скончыў Бел. с.-г. акадэмію (1929). З 1925 у Наркамаце земляробства і Упраўленні гідраметэаслужбы БССР, у 1933—41 і 1945—78 у БПІ (у 1938—41 дэкан торфамеліярац. ф-та, адначасова ў 1939—41 і 1955—62 заг. кафедры), у 1948—53 у Ін-це меліярацыі, воднай і балотнай гаспадаркі АН Беларусі. Працы па гідралогіі рэк і забалочаных тэр., водным балансе Беларусі. Чл. Навук. савета па праблемах Палесся (з 1966).

Тв.:

Методика типизации внугригодового режима стока // Тр. Ин-та мелиорации АН БССР. Мн., 1953. Т. 3;

Сезонное и месячное распределение стока на территории Полесья // Там жа. 1955. Т. 6;

Внутригодовая естественная зарегулированность стока рек Полесской низменности // Международный симпозиум по гидрологии заболоченных территорий. Мн., 1973. Ч. 1.

І.​І.​Леановіч.

т. 18, кн. 1, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́СІК Георгій Васілевіч (н. 23.6.1947, в. Леніна Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. псіхолаг. Д-р псіхал. н. (2003). Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1970). З 1970 у Мінскім лінгвістычным ун-це. З 1980 у Ін-це мовазнаўства імя Я.​Коласа АН Беларусі. З 1990 у Ін-це тэхн. кібернетыкі (з 2002 Аб’яднаны Ін-т праблем інфарматыкі) Нац. АН Беларусі. Навук. працы ў галіне псіхалогіі ўспрымання мовы, перцэптыўнай фанетыкі, аўтам. распазнавання мовы. Распрацаваў сенсаматорную тэорыю ўспрымання мовы. Даследуе праблему распазнавання і ідэнтыфікацыі аб’ектаў з варыяцыйнай формай. Адзін з пачынальнікаў работ на Беларусі па стварэнні спец. камп’ютэраў для невідушчых з сінтэзатарам мовы.

Тв.:

Фанетыка беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1987 (у сааўт.);

Перцептивные действия в восприятии речи. Мн., 2000;

Распознавание объектов с нестабильной формой // Сб. науч. тр. «Автоматическое распознавание и синтез речи». Мн., 2000;

Сенсомоторная теория восприятия речи // Там жа.

М.​П.​Савік.

т. 18, кн. 1, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)