падклас лістасцябловых імхоў. Каля 85 сям., 700 родаў і 14 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. На Беларусі каля 40 сям., 115 родаў (найб. пашыраныя брый, дыкран, плеўрозій, зязюлін лён, цэратадон і інш.), 290 відаў. Брыевыя імхі найб. эвалюцыйна дасканалая група. Торфаўтваральнікі; разам з водарасцямі ўтвараюць падводныя згуртаванні, нярэдка дамінанты і субдамінанты жывога наглебавага покрыва, прыстанішча для дробных беспазваночных жывёл. Садзейнічаюць знікненню адных, узнаўленню і пашырэнню другіх відаў раслін, забалочванню глеб, зарастанню вадаёмаў, пагаршаюць якасць лугоў.
Шмат- або аднагадовыя імхі розных памераў (ад 1 мм да 50 см), звычайна зялёныя. Сцябло простае, вілавата- або монападыяльна-разгалінаванае, двух-, шматрадковааблісцелае, з рызоідамі, нярэдка мае дыферэнцыяцыю на тканкі. Каробачка спарагона ў большасці відаў з перыстомам.
Літ.:
Жизнь растений. Т. 4. М., 1978;
Игнатов М.С., Афонина О.М. Список мхов территории бывшего СССР // Arctoa: Бриол. журн. М., 1992. Т. 1 (1—2).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫКЕТАВА́ННЕ,
ператварэнне здробненых і парашкападобных матэрыялаў (вугаль, руда, шлакі, кокс, торф, метал. стружка і інш.) у кавалкі правільнай формы (брыкеты). Паляпшае спажывецкія якасці матэрыялаў, павышае эфектыўнасць спальвання паліва, забяспечвае ўвядзенне руднай драбязы і метал. стружкі ў плавільную печ, дае магчымасць утылізаваць адходы вытв-сці, зменшыць выдаткі на захоўванне і транспартаванне.
Працэс брыкетавання складаецца з аперацый драбнення, падзелу на фракцыі, дазіравання і перамешвання кампанентаў сумесі, сушкі і прасавання. Выконваецца прасаванне ў стужачных, вальцовых, штэмпельных, кальцавых і імпульсных прэсах. Для паляпшэння брыкетаўтварэння ўжываюцца вяжучыя дабаўкі (пек, бітум, вадкае шкло, цэмент і інш.). Брыкетаванне шырока выкарыстоўваецца таксама ў харч. Прам-сці для вытв-сці канцэнтратаў і ў сельскай гаспадарцы для вырабу канцэнтраваных кармоў і подсцілу ў выглядзе плітак. На Беларусі вырабляюцца тарфяныя, тарфяна-вугальныя і тарфяна-вугальналігнінавыя паліўныя брыкеты (каля 2 млн.т за год) цеплатворнай здольнасцю да 17 МДж/кг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУБНО́ЎСКІ (Вацлаў Аляксандравіч) (15.8.1865, в. Дубянец каля Полацка — 26.5.1945),
бел. скульптар і кераміст. Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства, вучыўся ў Кракаўскай АМ (1888—97) у І.Яблонскага і А.Даўна, у Парыжы ў Алжэбера. Працаваў у жанры партрэта («Жаночы партрэт», «Жаночая галава» і інш.). Яго скульптура «Хлопчык, які іграе на пішчалі» (1890—91), адзначана залатым медалём. Ствараў пластыку дробных формаў: статуэткі, дэкар. кампазіцыі і вазы ў стылі мадэрн («Купальшчыца», «Прыгажуня і купідон» і інш.), дзе выкарыстоўваў уласны спосаб пацініравання керамічных вырабаў. Многія яго творы, навеяныя сімвалічнымі, фантаст. і казачнымі матывамі, вызначаюцца манернымі вычварнымі формамі, асіметрыяй, экспрэсіўнасцю рытмаў, мудрагелістасцю арнаменту. Дробная пластыка Бубноўскага — першыя ўзоры керамічных вырабаў, прызначаных для аздаблення сядзіб і палацаў; карысталася попытам за межамі Беларусі: у Варшаве, Берліне, Лондане.
Літ.:
Елатомцева И.М. Очерки по истории белорусской советской станковой скульптуры. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬГО́ТНАСЦЬ ПАВЕ́ТРА,
ступень насычанасці паветра вадзяной парай; паказчык надвор’я і клімату. Залежыць ад шыраты мясцовасці (у палярных шыротах вадзяной пары 0,2% аб’ёму паветра, у экватарыяльных 2,5—4%), сезона года, т-ры паветра і інш. Уплывае на транспірацыю і рост раслін, выпарэнне з глебы і вадаёмаў, цеплаабмен і самаадчуванне чалавека, лячэнне хвароб; улічваецца пры буд-ве, захоўванні твораў мастацтва, кніг і інш. Характарызуецца абсалютнай вільготнасцю паветра (на Беларусі вагаецца ад 1,5 г/м³ зімой да 14 г/м³ і больш летам) і адноснай вільготнасцю (ад 10—20% у сухія дні летам да 88—90% у вільготныя дні ў ліст.—снеж. і 100% у тумане), пругкасцю вадзяной пары (ад 5 гПа у снеж.—лют. да 14—15 гПа у ліп.), дэфіцытам вільготнасці або недахопам насычэння (ад 0,4—0,7 гПа у снеж.—лют. да 6—7,8 гПа у чэрв.), а таксама пунктам расы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВІРТУО́ЗЫ МАСКВЫ́»,
камерны аркестр. Створаны ў 1982 як дзяржаўны камерны аркестр Мін-ва культуры Расіі «Віртуозы Масквы». Канцэртуе з 1979. Арганізатар, саліст і маст. кіраўнік У.Співакоў. Мае вял. і разнастайны класічны і сучасны рэпертуар: сімфоніі і канцэрты для аркестра, для фп. і для скрыпкі з аркестрам, для скрыпкі і альта з аркестрам В.А.Моцарта, Т.Альбіноні, А.Вівальдзі, Л.Бакерыні, творы І.С.Баха (у т. л. «Арыя», выканана ў г. Дахаў, Германія), Л.Бетховена, Ф.Шуберта, І.Штрауса, І.Брамса, П.Чайкоўскага, А.Рубінштэйна, Л.Бернстайна, Дз.Шастаковіча (у т. л. 14-я камерная сімфонія ў памяць аб ахвярах фашызму, выканана ў Дахаў) і інш. З 1989 пастаянны ўдзельнік Міжнар.муз. фестывалю ў г.Кармар Кальмар (Францыя); з ім выступаюць лепшыя выканаўцы сучаснасці. З 1990 на кантрактнай аснове працуе ў Іспаніі. Гастраліруе ва ўсім свеце, неаднаразова выступаў на Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТУ́ШКА (Міхась Апанасавіч) (1907, г. Нясвіж Мінскай вобл. — ?),
бел.паліт. і вайсковы дзеяч. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1930), вучыўся ў Пражскім ун-це і Варшаўскім політэхн. ін-це. У 1930-я г. ўваходзіў у кіраўніцтва Аб’яднання бел. студэнцкіх арг-цый у Празе, Варшаўскага асв.т-ва беларусаў. Напярэдадні Вял.Айч. вайны ўступіў у кантакт з абверам, вёў дыверсійную работу ў Зах.Беларусі. У час вайны актыўна супрацоўнічаў з гітлераўцамі, арганізоўваў атрады Бел. самааховы на Браншчыне, Смаленшчыне і Магілёўшчыне, удзельнічаў у баях супраць сав. партызан. Адзін з лідэраў Бел. незалежніцкай партыі, маёр Бел. краёвай абароны. Удзельнік 2-га Усебел. кангрэса (чэрв. 1944, Мінск). З ліп. 1944 выкладчык дыверсійна-разведвальнага батальёна «Дальвіц», камандзір яго спецатрада. 17.11.1944 атрад Вітушкі закінуты фашыстамі ў Налібоцкую пушчу. З вясны 1945 кіраўнік т.зв. партызанскай Бел.вызв. арміі (інш. назва «Чорны кот»). Далейшы лёс невядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ СТАНКАБУДАЎНІ́ЧЫ ЗАВО́Д ІМЯ́ С.М.КІ́РАВА, «ВІСТАН». Створаны ў 1918 на базе армейскіх майстэрняў (дзейнічалі з 1914) як з-дс.-г. машын. З 1922 з-д «Чырвоны металіст» у складзе Віцебскага аб’яднання металаапр. прадпрыемстваў. З 1934 металаапр.з-д імя Кірава. У Вял.Айч. вайну абсталяванне эвакуіравана ў Арэнбург (Расія). Адноўлены ў Віцебску ў 1945. За пасляваен. гады з-д вырас у буйное станкабуд. прадпрыемства, самае вял. ў Беларусі па вытв-сці прэцызійнага абсталявання. У 1986—89 галаўное прадпрыемства Віцебскага станкабуд. вытв. аб’яднання. З 1989 ВА «ВІСТАН». Дзейнічаюць загатоўчы, ліцейны, механічныя і зборачны цэхі. Асн. прадукцыя (1996): круглашліфавальныя бясцэнтравыя аўтаматы і паўаўтаматы высокай і асабліва высокай дакладнасці, спец. станкі на іх базе, суперфінішныя цэнтравыя і бясцэнтравыя паўаўтаматы і аўтаматы, шараапрацоўчыя станкі, шматмэтавыя фрэзерна-свідравальна-расточныя станкі з лікавым праграмным кіраваннем, камплект абсталявання для апрацоўкі акулярных лінзаў, дрэваапр. абсталяванне, універсальныя малагабарытныя металарэзныя станкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНЫ РЭЖЫ́М ГЛЕ́БЫ,
сукупнасць працэсаў паступлення, расходу і перамяшчэння глебавай вільгаці; адзін з фактараў урадлівасці глебы. Залежыць ад складу і ўласцівасцей самой глебы (гіграскапічнасць, водапранікальнасць глебы, вільгацяёмістасць глебы і інш.), кліматычных і пагодных умоў, рэльефу, характару расліннага покрыва; на ворных землях — ад біял. асаблівасцей культурных раслін і агратэхнікі іх вырошчвання. Да элементаў воднага рэжыму глебы адносяць інфільтрацыю, кандэнсацыю, капілярны пад’ём вільгаці ў глебе, замярзанне і адтайванне глебы, сцёк і выпарэнне, транспірацыю. Водны рэжым глебы цесна звязаны з паветраным і цеплавым рэжымамі, а таксама з пажыўным рэжымам раслін.
Асн. крыніцай намнажэння вады ў глебе служаць атм. ападкі. Стварэнне спрыяльнага для с.-г. культур воднага рэжыму глебы дасягаецца назапашваннем, захоўваннем і рацыянальным выкарыстаннем глебавай вільгаці (снегазатрыманне і затрыманне талых вод, апрацоўка глебы, паліванне і інш.). Ва ўмовах Беларусі водны рэжым глебы рэгулююць асушэннем, арашэннем у засушлівыя перыяды, увільгатненнем кораненаселенага пласта глебы дажджаваннем або капілярным жыўленнем знізу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬНЫЯ ХЛЕБАРО́БЫ, свабодныя хлебаробы,
былыя прыватнаўласніцкія сяляне ў Расіі, вызваленыя ад прыгоннай залежнасці паводле ўказа цара Аляксандра I ад 20.2.1803. Памешчыкам дазвалялася адпускаць прыгонных паасобку або цэлымі вёскамі з абавязковым надзяленнем іх зямлёй за выкуп ці за выкананне павіннасцей. Калі абавязацельствы парушаліся, сялян вярталі назад. Паводле 9-й рэвізіі (1851) у вольныя хлебаробы пераведзены 137 034 душы мужчынскага полу (1 % прыгонных) з надзелам 6,9 дзес. на рэвізскую душу, да сярэдзіны 19 ст. — 151 тыс. На Беларусі вядомы толькі адзіны выпадак выкарыстання ўказа: у 1819 дзяржава выкупіла ў памешчыка 57 рэвізскіх душ з в. Жарцы Полацкага пав., «зважаючы на выдатныя паслугі, зробленыя імі ў вайне 1812 года». Да вольных хлебаробаў часта адносілі ўсіх сялян, якія сталі ўласнікамі зямлі, таму паводле 8-й рэвізіі (1834) іх налічвалася ў Віцебскай губ. 305, у Магілёўскай — 364 душы мужчынскага полу. У 1848 вольныя хлебаробы ўключаны ў склад дзяржаўных сялян на ўласных землях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РАНАЎ (Натан Майсеевіч) (1.6.1916, г. Магілёў — 3.3.1978),
бел. жывапісец. Засл. дз. маст.Беларусі (1966). Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1935), Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1948). У 1965—78 выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це. Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу. Найб. значныя творы прысвечаны падзеям Кастр. рэвалюцыі і барацьбе бел. народа ў гады Вял.Айч. вайны: «Раніца ў Кастрычніку. Мінск, 1917 год» (1957), «Беларусь. За ўладу Саветаў» (1967), «Рэйд Каўпака» (1948), «Зямля непакораная» (1974). Стварыў партрэты бел. кампазітараў Я.Цікоцкага (1949), У.Кандрусевіча (1975), групавы партрэт фехтавальшчыц («Беларускія «мушкецёры», 1971); лірычныя і індустр. пейзажы «Разліў на Бярэзіне» (1958), «Гомель. Порт» (1963), «Вясна. Сяброўкі» (1967), «Роздум» (1971), «Зацвіло» (1973), «Венецыя. Дажджлівая раніца» (1974), «Новы горад», «Саната», «Мінчанка» (усе 1977), нацюрморты і інш.
Літ.:
Н.М.Воранаў /Аўт. тэксту Р.Р.Бадзін. Мн., 1979.