ПУРЫШКЕ́ВІЧ (Уладзімір Мітрафанавіч) (24.8.1870, Кішынёў — лют. 1920),

расійскі паліт. дзеяч. Адзін з заснавальнікаў чарнасоценнага Саюза рускага народа (1905), пасля расколу якога ўзначаліў Саюз Міхаіла Архангела (1908). Дэп. 2—4-й Дзярж. думы, быў адным з лідэраў крайне правых. У 1-ю сусв. вайну патрабаваў «моцнай улады» для дасягнення перамогі. Удзельнік забойства Р.Я.Распуціна (30.12.1916). Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 выступаў за разгон Саветаў і аднаўленне манархіі. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 узначаліў антыбальшавіцкую змову ў Петраградзе. Арыштаваны і прыгавораны сав. судом да прымусовых работ. Пасля амністыі (1.5.1918) супрацоўнічаў з белагвардз. рухам на Пд Расіі, выдаваў у Растовена-Доне газ. «Благовест».

Тв.:

Дневник «Как я убил Распутина». М., 1990 [рэпр. выд.: Рига, 1924].

т. 13, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЦІ́ЧКІН (Яўген Мікалаевіч) (1.6.1930, Масква — 28.11.1993),

расійскі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1978). Нар. арт. Расіі (1988). Скончыў Муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1958). З 1958 гукарэжысёр на радыё, адначасова выкладаў у Маск. ін-це культуры (1961—64). У 1969—78 гал. муз. рэдактар кінастудыі «Масфільм». Сярод твораў: балет «Добрае сонца» (1958), опера «Я прыйшоў даць вам волю» (паводле В.​Шукшына, 1988), аперэты, мюзіклы, муз. камедыі, у т. л. «Вяселле з генералам» (паводле А.​Чэхава, 1980), «Дыліжанс з Руана» (паводле Гі дэ Мапасана, 1985), сюіты-кантаты, музыка да кінафільмаў (больш за 70) і драм. спектакляў. Аўтар папулярных песень, у т. л. «Рамонкі схаваліся», «Салодкая ягада», «Рэха кахання», «Я люблю сваю зямлю» і інш.

т. 13, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГАЛЕ́ВІЧ-ДУТКО́ (Ірэна Міхайлаўна) (н. ў 1942, в. Літоўе Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. мастачка ў эміграцыі. Пляменніца Н.Кудасавай. З 1944 разам з бацькамі жыла ў Германіі. З 1950 у ЗША, дзе скончыла маст. школу ў штаце Пенсільванія. Як дызайнер спецыялізуецца ў графіцы. Малюе таксама алеем, акварэллю. Аформіла шэраг выданняў Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, брашур, каталогаў, календароў, праспектаў і інш. рэкламнай прадукцыі. Намалявала абразы для бел. правасл. царквы ў Саўт-Рыверы. Арганізатар і ўдзельнік традыц. маст. выставак у г. Саўт-Рывер. Адказвала за маст. праграму бел. фестываляў у штаце Нью-Джэрсі (1976, 1977, 1979). Член кіраўніцтва Згуртавання беларускіх мастакоў і ўмельцаў у Саўт-Рыверы.

А.​С.​Ляднёва.

т. 13, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗДАТЧЫК КАРМО́Ў, кормараздатчык,

машына для перамяшчэння кармоў (сцябліністых, сыпкіх, фармаваных, сухіх, сакавітых, вадкіх) і запаўнення імі кармушак на жывёла- і птушкагадоўчых фермах. Кармы для раздачы бяруць з кормапрыгатавальных машын.

Асн. вузлы Р.к. — бункер-сілкавальнік і кормападавальныя транспарцёры. Стацыянарныя Р.к. бываюць мех. (стужачныя, скрабалкавыя, тросашайбавыя, шнэкавыя), пнеўматычныя і гідраўлічныя. Яны непасрэдна звязваюць кармасховішчы, кармацэхі з кармушкамі ці загружаюцца з мабільных сродкаў дастаўкі кармоў. Мабільныя Р.к. (прычапныя, навясныя, паўнавясныя) перамяшчаюцца трактарамі, аўтамабілямі, акумулятарнымі цягачамі па-за памяшканнем (у поле, да сховішчаў, кармацэхаў) і ўнутры ферм, прыводзяцца ў дзеянне ад вала адбору магутнасці ці электрарухавіка. Для раздачы кармоў выкарыстоўваюцца таксама падвесныя (манарэйкавыя) дарогі.

Раздатчыкі кармоў: 1 — стацыянарны транспарцёр-раздатчык; 2 — прычапны раздатчык-змяшальнік.

т. 13, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЗІНГ (Барыс Львовіч) (5.5.1869, С.-Пецярбург — 20.4.1933),

расійскі фізік і вынаходнік, заснавальнік электроннага тэлебачання. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1891). У 1894—1918 і з 1924 у ВНУ Ленінграда, з 1931 у Архангельскім лесатэхн. ін-це. Адначасова з 1924 у Ленінградскай эксперым. эл.-тэхн. лабараторыі, у 1928—31 у Цэнтр. лабараторыі правадной сувязі. Навук. працы па электрадынаміцы і радыёфізіцы. Вынайшаў першую электронную сістэму стварэння і перадачы тэлевізійнага відарыса (1907), дзе выкарыстаў электронна-прамянёвую трубку і безынерацыйны фотаэлемент. Здзейсніў перадачу тэлевізійнага відарыса на адлегласць і прадэманстраваў яго прыём (1911). Стварыў больш за 120 розных схем і сістэм тэлевізійнай апаратуры.

Літ.:

Горохов П.К. Б.​Л.​Розинг — основоположник электронного телевидения. М., 1964.

т. 13, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБІКО́Н (лац. Rubico),

рака, якая сцякала са схілаў Апенін і ўпадала ў Адрыятычнае м. на Пн ад г. Арымін (цяпер г. Рыміні). Да 42 да н.э. па Р. праходзіла мяжа паміж Італіяй і рым. правінцыяй Цызальпінская Галія. Атрымала вядомасць пасля таго, як 10.1.49 да н.э. Юлій Цэзар насуперак закону (як праконсул мог узначальваць войска толькі па-за межамі Італіі) перайшоў цераз Р. і пачаў гэтым грамадз. вайну. Адсюль крылаты выраз «перайсці Р.» — прыняць беспаваротнае рашэнне. Дакладная ідэнтыфікацыя Р. з якой-н. з сучасных рэчак ускладнена тым, што з часоў антычнасці напрамкі цячэння рэк у гэтай мясцовасці значна змяніліся. У 1932 р. Ф’юмічына афіц. атрымала назву Рубікон.

А.​Г.​Зельскі.

т. 13, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛЬМАНЕЛЁЗЫ,

вострыя інфекцыйныя захворванні чалавека і жывёл, якія выклікаюць сальманелы; пераважна пашкоджваецца страўнікава-кішэчны тракт. Вядома больш за 2 тыс. сератыпаў узбуджальніка С. Для чалавека крыніца заражэння — свойскія жывёлы і птушкі, таксама людзі-носьбіты сальманел. Інфекцыя заносіцца праз прадукты харчавання, кантактна-бытавым шляхам. Вылучаюць лакалізаваныя формы С., генералізаваныя і бактэрыяносьбіцтва. Пры лакалізаваных цячэнне хваробы вострае, з высокай т-рай цела, болямі ў вобласці жывата, ірвотай, вадзяністым стулам са сліззю, абязводжваннем арганізма. Пры генералізаваных С. узбуджальнік цыркулюе ў крыві; назіраецца працяглая ліхаманка з сімптомамі інтаксікацыі. Бактэрыяносьбіцтва выяўляецца пры бактэрыял. абследаванні. Лячэнне тэрапеўтычнае. Жывёлы і птушкі заражаюцца праз кармы, глебу, ваду, пры кантакце з хворымі, праз прадметы догляду.

А.​А.​Астапаў.

т. 14, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САСНО́ВЫ БОР,

рабочы пасёлак у Светлагорскім р-не Гомельскай вобл. За 16 км на ПдЗ ад Светлагорска, 126 км ад Гомеля, 4 км ад чыг. ст. Жэрдзь на лініі Жлобін—Калінкавічы, на аўтадарозе, якая злучае С.Б. са Светлагорскам. 2,5 тыс. ж. (2001).

Узнік як пасёлак у 1955 у сувязі з буд-вам торфапрадпрыемства «Васілевічы 2-я» (з 1959 «Светлагорскае»). 3.7.1959 пераўтвораны ў рабочы пасёлак.

Працуюць з-д «Светлагорсккорммаш» (філіял ВА «Гомсельмаш»), сумеснае бел.-герм. прадпрыемства «Сасновы Бор», акц. т-ва «Светлбытсервіс»; сярэдняя і дзіцячая муз. школы, дашкольная ўстанова, Дом культуры, б-ка, бальніца, паліклініка, аптэка, спарт. комплекс, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 14, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯРГУ́Н (Аляксандр Рыгоравіч) (30.12.1903, в. Гічыцы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 31.8.1971),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. У 1923—27 чл. Косаўскага раённага, Слонімскага акр. к-таў КПЗБ; стварыў ячэйкі КПЗБ і КСМЗБ на Слонімшчыне; адзін з арганізатараў выступлення працоўных г. Косава ў абарону Бел. сял.-работніцкай грамады (гл. Косаўскі расстрэл 1927). У 1927—39 за рэв. дзейнасць зняволены польскімі ўладамі. Дэп. Нар. сходу Зах. Беларусі ў 1939. У Вял. Айч. вайну ў Чырв. Арміі, з 1943 у партызанах на Брэстчыне. З 1944 на сав. рабоце ў Брэсцкай вобл. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1941—47. Аўтар успамінаў аб рэв. руху ў Зах. Беларусі. Яго імем названа вуліца ў г. Пружаны.

М.​П.​Клімец.

т. 14, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАРЫ́НКІН (Іван Яфімавіч) (26.11.1919, в. Тратны Вугал Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Ваенна-паліт. акадэмію імя Леніна ў Маскве (1952). У 1939—71 служыў у Сав. Арміі (з 1958 у газ. «Во славу Родины»), у 1972—85 у выд-ве «Беларусь». Друкуецца з 1950. Піша на рус. мове. Аўтар кніг нарысаў «Завешчана бацькамі» (1974), і «Пра што шумяць сосны» (1980), «Залатая карона з Клімавічаў» (1998), дакумент. аповесцей «Мацней за сталь» (1978), «Тугія вятры» (1983), «У смузе палігоннай» (1984), аповесці «Права весці ў бой» (1980). Асн. тэматыка яго творчасці — мужнасць і гераізм у гады Вял. Айч. вайны, мірныя будні воінаў.

Тв.:

Резерв комбата: Док. повести. Мн., 1988;

Гибель маршала в Кремле. Мн., 1999.

т. 14, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)