ГІДРАВУ́ЗЕЛ,

комплекс гідратэхнічных збудаванняў, тэрытарыяльна аб’яднаных для агульнага нар.-гасп. выкарыстання. Будуюцца на рэках, азёрах, каналах, вадасховішчах і сажалках, у прыбярэжных зонах мораў.

Гідравузлы бываюць: энергетычныя (для пераўтварэння воднай энергіі ў электрычную), воднатранспартныя (для паляпшэння ўмоў суднаходства і лесасплаву), водазаборныя (забяспечваюць паступленне вады для арашэння, водазабеспячэння, рыбнай гаспадаркі і інш.), вадасховішчныя (рэгулююць сцёк), комплексныя (напр., транспартна-энергетычна-водазаборныя); напорныя (плацінныя) і безнапорныя (бесплацінныя); нізканапорныя (напор, або рознасць узроўняў вады верхняга і ніжняга б’ефаў, не перавышае 10 м), сярэдненапорныя (напор 10—40 м) і высоканапорныя (больш за 40 м). Для Беларусі характэрныя нізка- і сярэдненапорныя (да 15 м) Гідравузлы — вадасховішчныя плацінныя і рачныя (а таксама на каналах) пераважна бесплацінныя вадазаборныя.

Варыянт гідравузла (схема); 1 — земляная рэчышчавая плаціна; 2 — водазліўная жалезабетонная плаціна; 3 — будынак ГЭС; 4 — суднаходны шлюз; 5 — пірс; 6 — дамба-хвалялом; 7 — арашальны канал; 8 — земляная плаціна; 9 — раздзяляльная дамба.

т. 5, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДНЫ РЭЖЫ́М ГЛЕ́БЫ,

сукупнасць працэсаў паступлення, расходу і перамяшчэння глебавай вільгаці; адзін з фактараў урадлівасці глебы. Залежыць ад складу і ўласцівасцей самой глебы (гіграскапічнасць, водапранікальнасць глебы, вільгацяёмістасць глебы і інш.), кліматычных і пагодных умоў, рэльефу, характару расліннага покрыва; на ворных землях — ад біял. асаблівасцей культурных раслін і агратэхнікі іх вырошчвання. Да элементаў воднага рэжыму глебы адносяць інфільтрацыю, кандэнсацыю, капілярны пад’ём вільгаці ў глебе, замярзанне і адтайванне глебы, сцёк і выпарэнне, транспірацыю. Водны рэжым глебы цесна звязаны з паветраным і цеплавым рэжымамі, а таксама з пажыўным рэжымам раслін.

Асн. крыніцай намнажэння вады ў глебе служаць атм. ападкі. Стварэнне спрыяльнага для с.-г. культур воднага рэжыму глебы дасягаецца назапашваннем, захоўваннем і рацыянальным выкарыстаннем глебавай вільгаці (снегазатрыманне і затрыманне талых вод, апрацоўка глебы, паліванне і інш.). Ва ўмовах Беларусі водны рэжым глебы рэгулююць асушэннем, арашэннем у засушлівыя перыяды, увільгатненнем кораненаселенага пласта глебы дажджаваннем або капілярным жыўленнем знізу.

т. 4, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ПУКЛАЕ ЦЕ́ЛА,

геаметрычнае цела, якое змяшчае цалкам адрэзак, што злучае 2 любыя яго пункты; аб’яднанне выпуклай вобласці ў прасторы з яе мяжой. Напр., целы Архімеда, шар, куб, паўпрастора. Мяжа выпуклага цела ўтварае выпуклую паверхню (гл. Выпукласць і ўвагнутасць), праз кожны пункт якой праходзіць не менш як 1 апорная плоскасць, што мае агульны пункт (адрэзак або частку плоскасці) з мяжой, але не перасякае яе.

Выпуклае цела бывае 5 тыпаў: канечнае (мяжа — замкнёная выпуклая паверхня), бясконцае (адна бясконцая паверхня, напр., парабалоід), бясконцыя ў абодва бакі цыліндры (замкнёная выпуклая цыліндрычная паверхня, напр., бясконцы кругавы цыліндр), слаі паміж парамі паралельных плоскасцей, уся прастора. Асновы тэорыі выпуклага цела распрацавалі ў 19 ст. ням. матэматыкі Г.​Брун і Г.​Мінкоўскі; агульную тэорыю — сав. матэматыкі А.​Д.​Аляксандраў, А.​В.​Пагарэлаў і інш. Гл. таксама Мнагаграннік, Мноства.

В.​В.​Гарохавік.

Выпуклае цела (а) і нявыпуклае цела (б).

т. 4, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́РАДЖАНЫ ГАЗ,

квантавы газ, уласцівасці якога істотна адрозніваюцца ад уласцівасцей класічнага газу пры пэўных умовах. Гэта абумоўлена тоеснасцю аднолькавых часціц у квантавай механіцы (гл. Тоеснасці прынцып). Запаўненне часціцамі магчымых узроўняў энергіі залежыць ад наяўнасці на зададзеным узроўні інш. часціц. Таму залежнасць цеплаёмістасці і ціску выраджанага газу адрозніваецца ад ідэальнага класічнага газу; інакш выражаюцца патэнцыялы тэрмадынамічныя і інш. параметры.

Выраджаны газ існуе пры т-рах, меншых за тэмпературу выраджэння. Уплыў тоеснасці часціц больш істотны, пры меншай адлегласці паміж імі ў параўнанні з даўжынёй хвалі дэ Бройля. Т-ра выраджэння, што вызначае меры прыдатнасці класічнай тэорыі, вышэйшая пры меншай масе часціц газу і большай іх канцэнтрацыі. Напр., т-ра выраджэння электроннага газу ў металах каля 10000 К і таму гэты газ выраджаны пры ўсіх т-рах, пры якіх метал застаецца ў цвёрдым стане. Гл. таксама Квантавая вадкасць, Бозе-газ, Фермі-газ.

П.​С.​Габец.

т. 4, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАСКО́П (грэч. hōroskopos літар. які назірае час),

табліца ўзаемнага размяшчэння планет і зорак на пэўны момент часу для зададзенага месца. Па гараскопе робяцца спробы прадказваць лёс чалавека, рысы яго характару, здароўе, кар’еру і інш. Гараскоп складаюць на канкрэтнага чалавека (індывідуальны), на дзяржаву, горад, прадпрыемства (мунданны), на пачатак якой-н. дзейнасці ці каб атрымаць адказ на пэўнае пытанне (характарны), на які-н. перыяд жыцця чалавека (салярны, планетарны, звязаны з Месяцам і інш.).

Першыя гараскопы складалі ў Вавілоне ў 5 ст. да н.э. Прадказанні першапачаткова мелі агульны характар. Удасканаленне гараскопа вяло да большай канкрэтызацыі. Цікавасць да складання гараскопа патрабавала добрага ведання астраноміі і стымулявала яе развіццё. Гараскоп змяшчае камбінацыю вял. колькасці элементаў (знакаў задыяка, нябесных дамоў, планет, зорак і інш.), якія знаходзяцца ў неперарыўным руху і, зафіксаваныя ў пэўны момант часу, даюць своеасаблівую матрыцу, што даследуецца астролагамі. Гл. таксама Астралогія.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 5, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРБУ́З (Cucurbita),

род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. гарбузовых. Радзіма гарбуза — Цэнтр. Амерыка. Вядома 13 культ. відаў, якія вырошчваюцца на ўсіх кантынентах. На Беларусі культывуюць гарбуз звычайны, ці цвердакоры (C. pepo), і яго разнавіднасці — кабачкі і патысоны, таксама гарбуз буйнаплодны, або гіганцкі (C. maxima). Харч., кармавыя, алейныя і дэкар. расліны.

Гарбуз звычайны — аднагадовая расліна. Сцябло граністае з вусікамі і калючым апушэннем, сцелецца, дае прыдаткавыя карані. Лісце 5-лопасцевае. Кветкі раздзельнаполыя, адзіночныя, жоўтыя. Плод — несапраўдная ягада, з тоўстай цвёрдай жоўта-аранжавай абалонкай, іншы раз з жоўта-зялёным малюнкам і мясістай аранжавай мякаццю. Мае цукры (да 8%), крухмал, бялкі, мінер. рэчывы, вітаміны. Плады вараць, пякуць, выкарыстоўваюць на кандытарскія вырабы. У насенні мае да 40% алею, да 28% бялку, ужываецца як глістагонны і мачагонны сродак. Меданос. Вырошчваецца насеннем або расадай. Вільгацялюбны. Добра расце на ўгноеных дзярнова-падзолістых глебах. Раянаваныя сарты: Мазалееўскі 49, Міндальны 35 і інш.

Гарбуз буйнаплодны.

т. 5, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕРА́ЛЬНАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ 1812,

палітычнае аб’яднанне магнатаў і шляхты Варшаўскага герцагства, а таксама Беларусі і Літвы з мэтай абуджэння польскага нац.-вызв. руху і мабілізацыі сіл на карысць Францыі ў вайне 1812. Абвешчана па ініцыятыве Напалеона I надзвычайным сеймам герцагства 28.6.1812. Маршал канфедэрацыі — А.​К.​Чартарыйскі; пастаянны орган — Ген. савет (з 11 членаў). Акт канфедэрацыі ад 28 чэрв. абвяшчаў аднаўленне Каралеўства Польскага, заклікаў усіх палякаў далучацца да Генеральнай канфедэрацыі. У ліп.кастр. да канфедэрацыі праз прыняцце адпаведных актаў на павятовых сейміках далучыліся амаль усе паветы Беластоцкай вобл., Віленскай, Гродзенскай, Мінскай губ., аднак рэальнай улады на тэр. Беларусі і Літвы ад франц. акупац. адміністрацыі яна не атрымала. Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага пасля адмовы Напалеона дазволіць стварэнне асобнай літ. канфедэрацыі ўвайшоў у склад Генеральнай канфедэрацыі. У студз. 1813 Ген. савет эвакуіраваўся з Варшавы ў Кракаў, у крас. 1813 самараспусціўся.

В.​В.​Антонаў.

т. 5, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАШО́ВАЕ АБАРАЧЭ́ННЕ,

бесперапынны рух грошай у наяўнай і безнаяўнай формах, звязаны з кругаваротам тавараў, а таксама нетаварнымі плацяжамі і разлікамі ў гаспадарцы. Агульны закон грашовага абарачэння — закон колькасці неабходных для абарачэння грошай, які дзейнічае пры ўсіх спосабах вытв-сці, дзе існуе таварнае і грашовае абарачэнне, і пры любых грашовых сістэмах. Ён выяўляе сувязь такіх паказчыкаў, як грашовая маса, сума цэн тавараў і паслуг, крэдыт, плацяжы, якія ўзаемна пагашаюцца, хуткасць грашовага абарачэння. Важная характарыстыка грашовага абарачэння — устойлівасць, адно з праяўленняў якой — стабільнасць усіх відаў цэн і тарыфаў. Значная частка плацежнага абароту ў прамыслова развітых краінах прыпадае на фін. аперацыі з рознымі відамі каштоўных папер, пазыковыя аперацыі, падатковыя плацяжы і інш. фін. здзелкі. Большая частка грашовага абарачэння ажыццяўляецца ў безнаяўнай форме, што звязана з рэзкім павелічэннем аб’ёму плацежна-разліковых аперацый. Наяўнае грашовае абарачэнне вагаецца ў розных краінах і складае ад 10 да 20% унутр. грашовага абароту.

В.​В.​Купчынава.

т. 5, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУЗІ́НСКАЯ МО́ВА,

адна з іберыйска-каўказскіх моў (картвельская група). Мова грузін, дзярж. мова Грузіі. Пашырана таксама на Паўн. Каўказе, у Азербайджане, Турцыі і Іране. Мае 2 групы дыялектаў, адрозненні паміж якімі нязначныя: горскія (хевсурскі, пшаўскі, тумскі і інш.) і плоскасныя (картлійскі, кахецінскі, імерэцінскі, рачынскі, гурыйскі, аджарскі і інш.). У развіцці літ. грузінскай мовы вылучаюць або 2 перыяды — старажытны (5—11 ст.) і новы (з 12 ст.), або 3 — стараж. (5—11 ст.), сярэдні (12—18 ст.) і новы (з 19 ст.). З 1860-х г. развіваецца адзіная літ. грузінская мова (аснова — картлійскі і кахецінскі дыялекты).

У фанетыцы грузінскай мовы 5 галосных і 28 зычных; у сістэме зычных назіраецца 5 траічных проціпастаўленняў звонкі — глухі — змычна-гартанны; асобна вылучаюцца фарынгальны і ларынгальны. Слабы сілавы націск на пачатковым складзе слова. У марфалогіі — аглюцінацыя з мноствам прэфіксальных формаў. У сінтаксісе — эргатыўная канструкцыя. Грузінская мова мае стараж. арыгінальнае пісьменства (гл. Грузінскае пісьмо).

т. 5, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАА́Н ПА́ВЕЛ II [Iōannēs Paulus; свецкае Вайтыла; (Wojtyla) Кароль Юзаф; н. 18.5.1920, г. Вадавіцы, Польшча],

папа рымскі з 1978. З 1938 вучыўся ў Ягелонскім ун-це. У 2-ю сусв. вайну працаваў на кракаўскім хім. з-дзе. У 1946 прыняў сан свяшчэнніка. У 1946—48 вучыўся ў Рыме, Бельгіі і Францыі. З 1958 біскуп, з 1963 арцыбіскуп-мітрапаліт кракаўскі; удзельнічаў у рабоце 2-га Ватыканскага сабора. З 1967 кардынал. Пантыфікат І.П.ІІ вядомы адкрытым дыялогам: пасрэднічае ў міжнар. канфліктах, выступае са зваротамі аб міры, праводзіць супольныя малітвы з прадстаўнікамі інш. канфесій. Пры ім праведзена рэформа кананічнага права (1984), выдадзены новы «Катэхізіс каталіцкай царквы» (1992), рэарганізавана Рымская курыя, ажыццёўлены шматлікія кананізацыі і беатыфікацыі. Аўтар прац па праблемах хрысціянскай філасофіі чалавека («Любоў і адказнасць», 1960; «Асоба і ўчынак», 1969; «Пытанні суб’екта маральнасці», 1991), шматлікіх энцыклік, а таксама вершаў, паэм, п’ес.

Н.​К.​Мазоўка.

Іаан Павел II.

т. 7, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)