РЭ́ШАТАЎ (Павел Дзмітрыевіч) (26.8.1911, в. Бегунова Цвярской вобл., Расія — 27.6.1944),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1942 на фронце. Кулямётнае аддзяленне на чале з сяржантам Р. вызначылася 27.6.1944 у баі каля в. Абухава Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. пры спробе ворага вырвацца з віцебскага «катла», дзе знішчыла большую частку яго калоны. Калі Р. застаўся адзін, то апошняй гранатай падарваў сябе і фашыстаў. У в. Уна Лёзненскага р-на Віцебскай вобл. помнік.

П.​Дз.Рэшатаў.

т. 14, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКО́ТА,

мусульманскае феадальна-тэакратычнае дзярж. аб’яднанне (халіфат) у Зах. Судане ў ніжнім цячэнні р. Нігер у 19 — пач. 20 ст. Створана ў выніку паўстання ў пач. 19 ст. народа фульбе пад лозунгам «свяшчэннай вайны» (гл. Джыхад) супраць правіцеляў дзяржаў хаўса. Да сярэдзіны 19 ст. ахоплівала землі сучасных Паўн. Нігерыі, Паўд. Нігера і Паўн. Камеруна. Складалася з эміратаў, многія з якіх толькі намінальна прызнавалі ўладу халіфа са сталіцай у г. Сакота. Пасля ваен. разгрому С. ў 1903 брыт. войскамі яго тэр. ўвайшла ў склад калан. уладанняў Вялікабрытаніі, Францыі і Германіі.

т. 14, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛЕНО́ІД (ад грэч. sōlēn трубка + eidos выгляд),

згорнуты ў спіраль (шпулю) ізаляваны праваднік, па якім працякае эл. ток. Мае значную індуктыўнасць і малыя актыўнае супраціўленне і электраёмістасць. У сярэдзіне поласці С., даўжыня якога значна большая за дыяметр, магн. поле аднароднае і накіравана ўздоўж восі С., яго напружанасць прапарцыянальная сіле току і (набліжана) колькасці віткоў. Знешняе магн. поле С. падобнае да магн. поля стрыжнёвага магніта. С. з жал. асяродкам ва ўнутр. поласці наз. электрамагнітам. Выкарыстоўваецца як засяроджаная індуктыўнасць у элекгра- і радыётэхніцы і інш.

Магнітнае поле саленоіда.

т. 14, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛЬВІ́НІ ((Salvini) Тамаза) (1.1.1829, г. Мілан, Італія — 31.12.1915),

італьянскі акцёр. З акцёрскай сям’і. У 1842 дэбютаваў на прафес. сцэне. З 1843 у трупе пад кіраўніцтвам Г.​Модэны, які паўплываў на яго творчасць. З 1860-х г. узначальваў свае трупы. Творчасці ўласцівы рамант. ўзнёсласць, гераічны пафас у спалучэнні з глыбокім пранікненнем у псіхалогію вобраза. Сусв. славу яму прынеслі выкананне гал. роляў шэкспіраўскай драматургіі: Атэла, Гамлет, Макбет, Кароль Лір у аднайм. п’есах. Сярод інш. лепшых роляў: Карада («Грамадзянская смерць» П.​Джакамеці), Арасман («Заіра» Вальтэра). Аўтар мемуараў і тэарэт. артыкулаў.

т. 14, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНГА́ЙЛА ((Songaila) Мікалас) (5.9.1875, маёнтак Кузьміно, Пскоўская вобл., Расія — 12.9.1941),

літоўскі архітэктар. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1894—1903) і ў Італіі. У 1908—15 выкладаў у політэхн. ін-це ў Пецярбургу, у 1921—41 — Літ. ун-це ў г. Каўнас. Паводле яго праектаў з рысамі рацыяналізму і неакласіцызму пабудаваны Літ. банк (1928, з арх. А.​Функам і Ф.​Візбарасам), фіз.-хім. факультэт ун-та (1937, не захаваўся) у Каўнасе, банкі ў гарадах Паневяжыс (1930), Біржай (1935), Мажэйкяй (1937) і інш., рэканструяваны Дзярж. т-р у Каўнасе (1923—25, з У.​Дубянецкім).

т. 14, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САСТАЎНО́Е ЯДРО́,

ядзерная сістэма, утвораная пры ядзернай рэакцыі ядром-мішэнню і часціцай, што наляцела на яго. Ядро няўстойлівае і распадаецца на канчатковыя прадукты рэакцыі праз кароткі час (сярэдні час жыцця ад 10​−22 да 10​−21 с). Уяўленне аб С.я. выказана Н.​Борам (1936).

Энергія, прынесеная часціцай, размяркоўваецца па ступенях свабоды С.я. У выніку стат. флуктуацый адна ці некалькі ядз. часціц могуць набыць энергію, дастатковую, каб пакінуць узбуджанае С.я. Гэты працэс падобны на працэс выпарэння вадкасці і вядзе да распаду С.я. (аналогія прапанавана Я.​І.​Фрэнкелем).

т. 14, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНЫ РАБО́ЧЫ ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л,

міжнароднае аб’яднанне с.-д. партый ў 1923—40. Засн. на аб’яднаўчым кангрэсе Бернскага інтэрнацыянала і Інтэрнацыянала 2 ​1/2 (май 1923, г. Гамбург, Германія). У сваёй дзейнасці кіраваўся ідэалаг. ўстаноўкамі і тэорыямі рэфармізму («арганізаваны капіталізм», «гаспадарчая дэмакратыя», «чыстая дэмакратыя» і інш.), адмоўна ставіўся да камуніст. руху і СССР. Спыніў існаванне ў пач. 2-й сусв. вайны, пасля таго як ням.-фаш. войскі акупіравалі г. Брусель (1940), дзе з 1935 знаходзілася штаб-кватэра С.р.і. Яго пераемнікам у наш час з’яўляецца Сацыялістычны інтэрнацыянал (засн. ў 1951).

т. 14, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВАРО́Г (ад санскр. сварга — неба),

вобраз стараж. міфалогіі ўсх. славян, божаства Неба, нябеснага агню, бацька Сварожыча і Дажбога. Паводле стараж. міфа, злучыў неба і зямлю, навучыў людзей каваць жалеза (у час яго ўладарства нібыта з неба на зямлю ўпалі клешчы і людзі пачалі каваць зброю). Яму прыпісваецца ўвядзенне манагамнага шлюбу і кары за парушэнне гэтага звычаю (парушальнікаў быццам бы кідаў у вогненную печ). Паступова С. страціў значэнне гал. божаства, ім стаў Дажбог, потым Пярун. З пашырэннем хрысціянства рысы С. як апекуна шлюбу нададзены Кузьме.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 14, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІ́НХУВУД ((Svinhufvud) Пер Эвінд) (15.12.1861, г. Сяксмякі, Фінляндыя — 29.2.1944),

фінляндскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. Уваходзіў у партыю младафінаў. З 1894 дэп. сейма, у 1907—12 яго старшыня. Выступаў за незалежнасць Фінляндыі ад Рас. імперыі, за што ў 1914 высланы рас. ўладамі ў Сібір (вярнуўся пасля Лют. рэвалюцыі 1917). З ліст. 1917 першы прэм’ер-міністр незалежнай Фінляндыі. У 1918 часовы кіраўнік дзяржавы. У ліп. 1930 — лют. 1931 прэм’ер-міністр (падтрымліваў нацыяналіст. лапуаскі рух; назва ад г. Лапуа), у 1931—37 прэзідэнт Фінляндыі. Пазней адышоў ад паліт. дзейнасці.

т. 14, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІ́РНАВАЯ МОЛЬ, зерневая моль(Nemapogon granellus), матылёк сям. сапраўдных молей. Шкоднік зерня, сухафруктаў, кандытарскіх вырабаў і інш. Пашырана паўсюдна; у прыродзе сустракаецца ў гнілой драўніне і дрэвавых грыбах.

Крылы размаху 9—14 мм, пярэднія — серабрыста-шэрыя з цёмнымі плямамі, заднія — вузкія, шэрыя ці бураватыя. Матылькі 1-га пакалення паяўляюцца вясной, адкладваюць яйцы на зерне. Вусень даўж. да 10 мм, жаўтавата-белы, з карычневай ці бурай галавой. Кормяцца зернем, склейваюць яго павуцінай, утвараюць камякі. Зімуюць вусені ў коканах (у шчылінах падлогі і сцен).

Свірнавая моль: 1 — дарослы матылёк; 2 — пашкоджанае зерне.

т. 14, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)