бездапамо́жны, ‑ая, ‑ае.

Які не можа сам, сваімі сіламі справіцца з чым‑н.; які мае патрэбу ў дапамозе; слабы. Маленькі чалавечак, загорнуты ў прасцірадла, захутаны ў кажух, ляжаў там, ляжаў нерухомы, бездапаможны. Лынькоў. Выгляд .. [Стэфы] быў такі бездапаможны і няшчасны, што адразу было відаць: яна страціла ў сваім жыцці самае дарагое і адзінае і не мае надзеі знайсці яго другі раз. Чарнышэвіч. // перан. Вельмі дрэнны, бяздарны, слабы. Назаўтра прыношу рукапіс і выбіраю лепш апрацаваныя раздзелы.. Усё, што выглядала прыстойна, нават здавалася добрым, перад .. [Коласам] ліняе, робіцца бездапаможным. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

без’язы́кі, ‑ая, ‑ае.

1. Які не валодае мовай, нямы. Пакута плёскае праз край! А ты глядзі і не зважай! А ты маўчы, як без’языкі! Колас. // Які дрэнна, невыразна гаворыць.

2. перан. Які не ўмее прыгожа і дасціпна гаварыць, трапна адказаць. Праўда, і сам.. [Алесь] быў далёка не без’языкі, — і перакінуўся з ёю ветліва-вострым слаўцом, і пасмяяўся разам з хлопцамі, але ж і злосны быў на тую... падумаеш! — німфу, пакуль, нарэшце, не прыехалі хлопцы з музыкамі... Брыль. // Які не можа, не адважваецца сказаць што‑н. каму‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дуры́ць, дуру, дурыш, дурыць; незак.

Разм.

1. што. Дакучаючы, дурманіць. Дурыць галаву размовамі. □ Адзін цвыркун навокал скача І вушы дурыць: цвыр... ды цвыр... Броўка.

2. Падманваць, разлічваючы на даверлівасць; збіваць з толку. — Жаніцца ты збіраешся? — Не ведаю і сам. — Дурыш ты, хлопча. Чорны.

3. Рабіць недарэчныя ўчынкі. — Ты мне не дуры! — крычыць .. [дзядзька]. — Не смяшы людзей, чуеш! У дровы ён паедзе... Бачылі! Хочаш, каб суседзі мне вочы калолі. Глядзі мне, бо намачу лейцы і так адсцёбаю... Жычка.

•••

Дурыць галаву каму — збіваць з толку, уводзіць у зман.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кавале́р, ‑а, м.

1. Мужчына, які танцуе з дамай, суправаджае яе на гулянні і пад. [Валя:] Вось дык кавалер! Кінуў дзяўчыну сярод ночы на вуліцы. Крапіва. — Знайдзі хоць ты, Пеця, мне кавалера, калі сам не ўмееш танцаваць, — просіць .. [Дора Змітраўна]. Карпаў. // Хлопец, мужчына, які заляцаецца да дзяўчыны; паклоннік.

2. Малады чалавек; халасты мужчына. У хаце Марты — беспарадак і чад: сыны яе кавалеры — Віктар і Стась — чысцяцца, гладзяцца. Ракітны. Лапко быў яшчэ кавалерам, хоць яму падбіралася пад палавіну пятага дзесятка. Колас.

3. Асоба, узнагароджаная ордэнам. Кавалер ордэна Славы.

[Фр. cabalier, іт. cabaliere.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

му́чыць, мучу, мучыш, мучыць; незак., каго.

Прычыняць мукі, пакуты каму‑н. [Мільгун:] — Я сам па сваёй волі ні слова не гаварыў пра вас, нікога з вас не называў.. Але мяне мучылі, мяне катавалі. Колас. «Як гэта я не ўбярог бацькі?!» — мучыў сябе папрокамі Валодзя. Новікаў. // Быць прычынай мукі. У цяжкія дні блакады, калі прадукты ў нас выйшлі зусім, мяне, больш чым каго, пачаў мучыць голад. Карпюк. // (1 і 2 ас. не ўжыв.). Не даваць спакою, хваляваць, непакоіць. Пустыя дні бяздзейнасці, асабліва на першым пачатку, мучылі Маю. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

набе́г, ‑у, м.

1. Раптоўны напад, уварванне на якую‑н. тэрыторыю і спусташэнне яе. Набег татарскай арды. □ І здаецца, што гэта не семінарысты спяваюць ля печкі ў вагоне, а гуляе запарожская сеч пасля буйнага набегу дзесьці ў стэпе ля вогнішчаў. Сяргейчык. // перан. Уварванне з карыслівымі мэтамі ў чужы сад, агарод і пад. [Бушыла:] — Я сам некалі ў свой час на сады і гароды набегі рабіў. Шамякін.

2. Раптоўны павеў ветру, прыліў вады і пад. Нібы шротам налітыя,.. [каласы] ад лёгкага набегу ветру прыпадаюць да самай зямлі, просячы сярпа... Хадановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

набо́й, ‑ю, м.

1. Зарад пораху са шротам, карцеччу або куляй для паляўнічай стрэльбы; патрон з такім зарадам. Дзед Піліп узяў сваю двухстволку, праверыў набоі і павесіў над самым ложкам. Ваданосаў. [Бацька] выбраў сыну стрэльбу і сам набіў тры набоі на качак. Караткевіч. // Зарад шроту, карцечы і пад. Дзік ходу, а паляўнічыя яшчэ па набат ў бакі ўсадзілі яму. Пальчэўскі.

2. Уст. Баявы снарад, патрон і пад. — Трос акопы, ірваў целы Гарматы набой. Куляшоў. Сярод .. [нямецкіх] танкаў пачалі рвацца набоі з артылерыі, якая абазвалася з горада. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няшчы́ры, ‑ая, ‑ае.

1. Які тоіць ад іншых свае сапраўдныя пачуцці, думкі; фальшывы, крывадушны. — Калі чалавек сам няшчыры, дык ён і другім не верыць. Ваданосаў. [Кашын і Комлік] былі вартыя адзін аднаго, абодва няшчырыя і дробязныя, якія дбалі толькі аб сабе... Карпаў. // Які не выказвае сапраўдных пачуццяў і думак; прытворны. На Ясевым твары ўвесь час блукала ўсмешка, часамі дужа салодкая, ліслівая, а часамі хітрая і няшчырая. Колас.

2. Які не вызначаецца шчырасцю, стараннасцю, дбайнасцю. Апраўдвацца Міхась не стаў — няшчырыя адносіны да работы перад прафесарам не апраўдаеш. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падкупі́ць, ‑куплю, ‑купіш, ‑купіць; зак., каго-што.

1. Пры дапамозе грошай, падарункаў схіліць на свой бок. Падкупіць сведак. □ [Дзед:] — А стары Чапскі, а потым і яго сыны не хацелі аддаць луг сялу, падкупілі каморнікаў, і тыя пераправілі планы. Якімовіч. Іх [камуністаў] не падкупіш і не зломіш І не завабіш іх нічым. Колас.

2. перан. Выклікаць сімпатыю да сябе. Рыбак наўперад для паказу Сам заіграў на дудцы той і падкупіў малога зразу Сваёю шчодрай дабратой. Колас. Андрэю вельмі цяжка было гаварыць, але наіўная шчырасць дзяўчыны неяк падкупіла яго. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасі́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Неактыўны, неэнергічны; абыякавы да ўсяго; проціл. актыўны. «Пасіўнае чаканне — вялікае глупства», — падумаў Ярохін. Шамякін. Сам жа Лабановіч на гэты раз, як бяспраўны настаўнік, сядзеў далей ад стала экзаменатараў у якасці старонняга і пасіўнага наглядальніка. Колас. На змену пасіўнай жальбе прыйшоў пратэст і жаданне волі, глыбокі голас, ускалыхнуты непадробнай страсцю, загучаў па-новаму. Васілевіч.

2. Спец. Які мае адносіны да пасіву (у 2 знач.).

3. Спец. Які мае адносіны да пасіву (у 3 знач.). Пасіўная канструкцыя.

•••

Пасіўны баланс гл. баланс ​1.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)