ЯНКО́ЎСКІ Расціслаў Іванавіч (н. 5.2.1930, г. Адэса, Украіна),
бел. акцёр. Брат А.І.Янкоўскага. Нар.арт. Беларусі (1967). Нар.арт.СССР (1978). Скончыў студыю пры Ленінабадскім драм. т-ры (1951). Працаваў у розных т-рах. З 1957 у Нац.акад.драм. т-ры імя М.Горкага. Творчасць Я. адметная псіхал. глыбінёй, эмац. напоўненасцю, вострым драматызмам, яркасцю характарыстык персанажаў. Кантрастныя сцэн. ўвасабленні ўласцівы вобразам бел.нац. рэпертуару: Барыс («Пад адным небам» А.Маўзона), Крыленка («Галоўная стаўка» К.Губарэвіча), Гайшун («Вяртанне ў Хатынь» паводле А.Адамовіча), Альховік, Фёдар Максімавіч («Трывога», «Соль» А.Петрашкевіча), Старцаў («У прыцемках» А.Дударава). Багацце акцёрскай палітры — ад камед. прыёмаў да напружанага ўнутр. драматызму, часам да трагіфарсу, найб. поўна выявілася ў п’есах М.Горкага: Пётр, Якаў Каламійцаў («Апошнія»), Мельнікаў, Пяцёркін («Васа Жалязнова»), Чапурной («Дзеці сонца»), Якаў Бардзін («Ворагі»), Барон («На дне»), Ягор Булычоў («Ягор Булычоў і іншыя»), Нікан Букееў («Букееў і кампанія...» паводле п’есы «Якаў Багамолаў»). Сярод інш. значных работ: у класічным рэпертуары — Арбенін («Маскарад» М.Лермантава), Наркіс, Лыняеў («Гарачае сэрца», «Ваўкі і авечкі» А.Астроўскага), Вяршынін («Тры сястры» А.Чэхава), Макбет, Антоній, Клаўдзій («Макбет», «Антоній і Клеапатра», «Гамлет» У Шэкспіра), граф фон Моар («Браты Моар» паводле драмы «Разбойнікі» Ф.Шылера), Маціяс Клаўзен («Перад заходам сонца» Г.Гаўптмана) і інш.; у сучасным рэпертуары — Жэнька Шарамет, Максім Самадзельны, Віктар Байцоў, Ромка Безянчук («Домік на ўскраіне», «Далёкая дарога», «Іркуцкая гісторыя», «Дванаццатая гадзіна» А.Арбузава), Аптымістэнка («Лазня» У.Маякоўскага), Макар Нагульнаў («Узнятая цаліна» паводле М.Шолахава), Судакоў («Гняздо глушца» В.Розава), Голубеў («Сам-насам з усімі» А.Гельмана), Казмін («Апошні наведвальнік» У.Дазорцава), Віктар («Варшаўская мелодыя» Л.Зорына), Людовік XIV («Мальер» М.Булгакава), Джэры («Двое на арэлях» У.Гібсана), Рычард («Усё ў садзе» Э.Олбі), Норман Тэер («На залатым возеры» Э.Томпсана) і інш. Здымаецца ў кіно: «Я, Францыск Скарына», «Служылі два таварышы», «Сустрэча ў канцы зімы», «Казка пра зорнага хлопчыка», «Уся каралеўская раць», «Мяжа магчымага», «Валодзя Вялікі і Валодзя Маленькі» і інш.Дзярж. прэмія Беларусі 1998.
Літ.:
Колас Г. Расціслаў Янкоўскі // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1978.