павільён
(фр. pawillon, ад лац. papilio = шацёр)
1) невялікі лёгкі будынак у парках і іншых людных месцах;
2) будынак для размяшчэння экспанатаў якой-н. выстаўкі (напр. п. механізацыі), гандлю (напр. п. марожанага) і інш.;
3) памяшканне для фота- або кіназдымкі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ка́мера
(лац. camera)
1) памяшканне асобага, спецыяльнага прызначэння (напр. дэзінфекцыйная к., турэмная к.);
2) закрытая прастора ў якой-н. машыне, прыборы, збудаванні (напр. к. фотаапарата, к. шлюза);
3) унутраная гумавая абалонка пад шынай аўтамабіля, пакрышкай мяча, якая напампоўваецца паветрам.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
аўдыто́рыя, ‑і, ж.
1. Памяшканне, прызначанае для чытання лекцый, дакладаў. Сцёпка ўвайшоў у аўдыторыю, дзе прымалі экзамены па матэматыцы. Колас. Гэта была вялізная, чалавек на сто, аўдыторыя з чорнай дошкай ля дзвярэй. Кудравец.
2. зб. Слухачы лекцыі, даклада, прамовы і пад. Дзіцячая аўдыторыя. □ Калі зала запоўнілася слухачамі, .. [Пілацееў] прыйшоў і адразу стаў каля трыбуны, пакланіўшыся аўдыторыі. Галавач. З прычыны таго, што .. аўдыторыя [дзеда Талаша] складаецца з аднаго толькі слухача, а часу ў яго няма, бо падыходзіць начальнік заставы, дзед абмяжоўваецца кароткім адказам. Колас.
[Лац. auditorium.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
за́ла, ‑ы, ж. і зал, ‑а, м.
1. Вялікае памяшканне для мнагалюдных сходаў, якіх‑н. заняткаў і пад. Чытальная зала. Канцэртная зала. Спартыўны зал. // Аб людзях, якія знаходзяцца ў гэтым памяшканні. [Генадзій:] Таленавітае выкананне выклікала бурную рэакцыю ўсяе залы. Крапіва. Зал не мог выгаварыцца і сціхнуць. Яго зачапілі за жывое. Пташнікаў.
2. Прасторны пакой у кватэры, прызначаны для прыёму гасцей, адпачынку. Прасторная і светлая зала была ўбрана чысценька, акуратна на мяшчанскі лад. Колас.
•••
Актавая зала — зала для ўрачыстых пасяджэнняў у навучальных і іншых установах.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пала́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Часовае, звычайна летняе памяшканне з непрамакальнай тканіны або скуры (нацягнутай, як правіла, на каркас). Над Дзвіной былі раскінуты палаткі, у якіх жылі першыя будаўнікі. Хадкевіч.
2. Лёгкая пабудова з прылаўкам для дробнага гандлю. Пасажырам прапануюць ісці ў аэрапорт, дзе, нягледзячы на позні час, да іх паслуг бар і некалькі палатак з сувенірамі. Філімонаў.
3. Тое, што і плашч-палатка. Зрабіўшы перавязку камісару, маёр па-пластупску папоўз, цягнучы на палатцы параненага. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
палі́цыя, ‑і, ж.
1. У дарэвалюцыйнай Расіі і капіталістычных краінах, а таксама ў час Вялікай Айчыннай вайны ў акупіраваных раёнах — сістэма асобых органаў дзяржаўнага апарату для аховы існуючага ладу і ўстаноўленых парадкаў. Палітычная паліцыя. Крымінальная паліцыя. □ Муж [Эміліі] два гады назад быў забіты паліцыяй на першамайскай дэманстрацыя. Маўр.
2. зб. Паліцэйскія. Паліцыя акружыла дом Бычкоўскіх. На двор нікога не пускалі. «Маладосць». — Паліцыя! — крыкнуў нехта. Чалавек дваццаць паліцыянтаў білі без разбору — па людзях, па конях. Пестрак.
3. Разм. Памяшканне, дзе знаходзяцца паліцэйскія органы; паліцэйскі ўчастак.
[Ням. Polizei ад грэч. politeia — кіраванне дзяржавай.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
садо́к 1, ‑дка, м.
Памянш.-ласк. да сад (у 1 знач.); невялікі сад. Ззаду .. [доміка] рос малады садок, абсаджаны кустамі парэчак, агрэсту і маліны. Чарнышэвіч.
садо́к 2, ‑дка, м.
1. Штучны вадаём для развядзення рыбы. // Прыстасаванне для трымання злоўленай жывой рыбы.
2. Памяшканне для трымання, гадоўлі і адкорму жывёлы. Гусіны садок.
3. Пастка на звяроў і птушак. Паставіў Левановіч садок, — гаварыў.. [Фарафонаў]. — Прыйшоў назаўтра раніцай, у калядніцу было, — а там повен садок ваўкоў. Як забег адзін, дык за ім усе, галодныя. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Паве́ць, паве́тка ’пляцоўка пад страхой на слупах, прызначаная для хавання чаго-н. ад дажджу, непагоды; памяшканне, дзе звычайна складаюць дровы, дрывотнік’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Шат., Касп., КЭС, лаг., Сцяшк.), пове́ць (ТС), паве́тка (Сл. ПЗБ). Рус. дыял. пове́ть ’страха, навес, хлеў, адрына’, укр. пові́тка ’хлеў, навес’. Паводле Міклашыча (387), ад веяць. Больш пераканаўчай здаецца версія Машынскага (JP, 37, 1957, 297) аб роднаснасці са слав. jata (падрабязна гл. аб гэтым вятка, ятка 2) і рэканструкцыя гэтага слова як po‑(v)ětь (Гл. яшчэ Фасмер, 3, 293 і наст.). Мартынаў (Лекс. Палесся, 11) крыніцай лексемы лічыць усх.-балт. *pa‑vietas, якое суадносіцца з літ. vietà ’месца’ (усх.-літ. vietà ’хаваць’).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Прыгрэ́бка ’пограб, склеп; прыбудоўка перад уваходам у пограб, склеп’ (ТСБМ, Юрч., Жд.), прыгрэ́бак ’тс’ (Нар. Гом.), прыгрэ́бнік ’пограб, склеп; памяшканне над пограбам; прыбудоўка перад уваходам у пограб, склеп; пабудова са сценамі для гаспадарчых прылад’ (ТСБМ, Байк. і Некр.; брагін., ДАБМ; Жд., Ян.), прыгрэ́бня ’насціл над склепам’ (Ян.), прыгрэ́біца ’пограб; частка пограба (надбудоўка над ім), як бы сенцы’ (петрык., Маш.; чырв., З нар. сл.; слуц., Нар. словатв.), прыгрэ́бачка ’невялікі склеп’ (слонім., Сл. ПЗБ); сюды ж прыгрэ́бка ’прызба’ (Жд.). Аддзеяслоўныя назоўнікі ад прыгрэ́бці ’зграбаючы, сабраць, насыпаць’, прэфіксальныя да грэ́бці/грэ́баць (гл.) < прасл. *grebati/*grěbati, таксама *grebti (ЭССЯ, 7, 108–109, 109–110). Параўн. прыгрэбці́ ’прыгрэбці, закапаць (нябожчыка)’ (ТС).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Спрат ‘начынне’ (Нас., Байк. і Некр., Сцяшк.), ‘памяшканне, месца для захоўвання, сховішча’, ‘месца, дзе можна схавацца’, ‘тайнік’ (ТСБМ, Варл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. спрятъ ‘хатні скарб, гаспадарчыя прылады, начынне’ (Ст.-бел. лексікон). Паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 186), ст.-бел. спратъ (спрадъ, спретъ) ‘інвентар, маёмасць, рэчы’, ‘прадмет дамашняга туалету’, ‘месца захавання’ з ст.-польск. sprzęt ‘тс’. Польскае слова з’яўляецца аддзеяслоўным назоўнікам ад прыставачнага sprątać, што да прасл. *prętati (гл. пратаць); параўн. Борысь, 572, адкуль, відаць, і спронт ‘шапік для посуду’ (Сл. рэг. лекс.). Няясныя адносіны да серб.-харв. спра̏т ‘паверх’, якое Путанец (Rasprave, 29, 242–245) разглядае як метатэзу *stropъ (гл. строп 2), а вакалізм о > а тлумачыць уздзеяннем субстрата. Сумніўна.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)