1) ранейшая назва тэрыторыі порта з верфямі, стапелямі, майстэрнямі, складамі, пад’язнымі шляхамі і інш. для рамонту і забеспячэння ваенных караблёў. У Расіі ў канцы 17 — пач. 19 ст.дзярж. адміралцействы былі ў Варонежы, Санкт-Пецярбургу (Галоўнае адміралцейства), Архангельску, Астрахані, Кранштаце, Севастопалі і Нікалаеве.
2) У Вялікабрытаніі вышэйшы орган кіравання ВМС, які адпавядае марскому мін-ву. Існаваў з 1690 як калегія з часовых членаў адміралцейства замест былога адзінаўладнага кіравання лорда вярхоўнага адмірала. З 1869 адміралцейства ўзначальвае першы лорд адміралцейства, ён жа марскі міністр, якому падначалены савет адміралцейства з вышэйшых марскіх афіцэраў.
3) Будынак у Санкт-Пецярбургу (кампазіцыйны цэнтр, да якога сыходзяцца тры гал. магістралі горада), выдатны твор архітэктуры рускага ампіру. Закладзены ў 1704 паводле задумы Пятра I як карабельная верф. Пазней перабудоўваўся рас. архітэктарамі І.К.Корабавым у 1727—38 і А.Дз.Захаравым у 1806—23. З 19 ст. тут размяшчаліся цэнтр. ўстановы Марскога мін-ва, пасля 1917 — установы ВМФ.
Да арт.Адміралцейства. Вежа Адміралцейства ў Санкт-Пецярбургу. 1806—23. Архітэктар А.Дз.Захараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БА́ЦЬКАЎШЧЫНА»,
згуртаванне беларусаў свету. Засн. 6.3.1990 у Мінску прадстаўнікамі творчай і тэхн. інтэлігенцыі Беларусі. На ўстаноўчай канферэнцыі 10—11.9.1990 прысутнічалі прадстаўнікі ўсіх (апрача Крымскага) бел. зямляцтваў і суполак з рэспублік СССР, бел. арг-цый з Беластоцкага ваяводства (Польшча), Беларускага дэмакратычнага аб’яднання, Беларускага грамадска-культурнага таварыства, Беларускага аб’яднання студэнтаў, тыднёвіка «Ніва», замежныя госці юбілею Ф.Скарыны. Ідэя стварэння «Бацькаўшчыны» падтрымана на 19-й сустрэчы беларусаў Паўн. Амерыкі (вер. 1990, Кліўленд). «Бацькаўшчына» вядзе рознабаковую дзейнасць: культ.-асв., гасп.-эканам., рэлігійную, краязнаўчую, замежны турызм і інш.Асн. задачы: адраджэнне культуры і мовы, нац. свядомасці і традыцый бел. народа, кансалідацыя і аб’яднанне беларусаў свету незалежна ад іх паліт. поглядаў, сац. і маёмаснага стану, веравызнання, устанаўленне патрэбных для Беларусі сувязяў з замежжам. Аддзяленні «Бацькаўшчыны» створаны ў абл. цэнтрах і гарадах Беларусі, за мяжой. «Бацькаўшчына» прымае ўдзел у патрыят. акцыях, ажыццяўляе дабрачынную дзейнасць. Ініцыятар склікання і арганізатар Першага сходу беларусаў блізкага замежжа і Першага з’езду беларусаў свету. На чале «Бацькаўшчыны» — прэзідэнт (з 1990 В.Быкаў, з 1993 Р.Гарэцкі). Кіраўнічы орган — рада, выканаўчы — управа.
Да арт.«Бацькаўшчына». Першы з’езд беларусаў свету ў Мінску. 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ НАВУКО́ВАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БНТ). Існавала ў Вільні ў 1918—39. Заснавальнікі В.Ластоўскі, І. і А.Луцкевічы, В.Святаполк-Мірскі, Я.Станкевіч, У.Талочка і інш. Кіруючы орган — урад, які выбіраўся на агульным сходзе членаў БНТ. Задачы: заснаванне і ўтрыманне музеяў, бібліятэк, навук. устаноў, арганізацыя выставак, лекцый, курсаў і навук. з’ездаў, выдавецкая дзейнасць. Напачатку займалася распрацоўкай бел.навук. тэрміналогіі і яе кадыфікацыі, праблемамі перакладу на бел. мову. Пры БНТ быў арганізаваны Беларускі музей імя І.Луцкевіча і б-ка; дзейнічалі гіст., літ.-мастацкія і краязнаўча-экскурсійныя секцыі.
Т-ва правяло святкаванне 400-годдзя бел. кнігадрукавання (1925), 400-годдзя Статута ВКЛ 1529 (1929). Выдала навук.зб-кі «Гадавік Беларускага навуковага таварыства ў Вільні» (1933), «Запісы Беларускага навуковага таварыства» (1938), кнігі А.Станкевіча «Доктар Францішак Скарына — першы друкар беларускі, 1525—1925» (1925), А.Луцкевіча «Праўда пра «камеру Конрада» (1923, на польск. мове) і інш. Спыніла дзейнасць у сувязі з далучэннем Зах. Беларусі да БССР.
А.С.Ліс.
Да арт.Беларускае навуковае таварыства. Урачыстая акадэмія ў 10-я ўгодкі з дня смерці І.Луцкевіча. Вільня. 1929.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ РА́ДА СЛУ́ЧЧЫНЫ, Рада Случчыны, Слуцкая беларуская рада,
выканаўчы і распарадчы орган улады ў Слуцку і Слуцкім пав. ў ліст. 1920 — студз. 21. Мела паўнамоцтвы часовага органа ўлады Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) да склікання бел. ўстаноўчага сейма і ўтварэння выбарнага органа, стала паліт. органам кіраўніцтва Слуцкім паўстаннем 1920. Выбрана 14.11.1920 на Першым бел. з’ездзе Случчыны ў складзе 17 членаў. У прэзідыум рады ўваходзілі У.Пракулевіч, П.Жаўрыд, В.Русак, Ю.Сасноўскі, Радзюк. Заявіла пратэст сав. і польск. ўрадам супраць перадачы Слуцкага пав. ўладам БССР, выдала дэкларацыю, якая заклікала сялян на барацьбу за «незалежную Беларусь у яе этнаграфічных граніцах». Сфарміравала 1-ю Слуцкую брыгаду стральцоў войскаў БНР у складзе 2 палкоў: 1-га Слуцкага і 2-га Грозаўскага. Пасля паражэння паўстання рада 28.12.1920 разам з 1-й Слуцкай брыгадай перайшла на тэр.Зах. Беларусі, дзе брыгада была раззброена польск. войскамі і інтэрніравана. Рада Случчыны пераехала ў Баранавічы; 20.1.1921 на апошнім пасяджэнні частка членаў рады прызнала сваім кіраўніком С.Булак-Балаховіча, частка выехала ў Вільню, частка засталася ў Баранавічах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МАН ((Hamann) Іаган Георг) (27.8.1730, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія — 21.6.1788),
нямецкі філосаф-ірацыяналіст, крытык, пісьменнік. Вывучаў у Кёнігсбергу філасофію, багаслоўе, філалогію. Яго «Сібіліны лісткі» (выд. 1819) выкладзены ў форме аракульскіх выслоўяў. У фрагментах «Славутыя думкі Сакрата» (1759) і «Аблокі» (1761) адстойваў прынцыпы веры і непасрэднага пачуцця як асноўныя пры спасціжэнні рэчаіснасці. Лічыў мастацтва вынікам геніяльнай інтуіцыі (фрагмент «Кішэнная эстэтыка», 1761). Крытыкуючы рацыяналізм асветнікаў, у прыватнасці філасофію І.Канта («Метакрытыка пра пурызм розуму», 1784, выд. 1800), развіваў ідэі містычна афарбаванай інтуітывісцкай дыялектыкі. Абсалютызаваў інтуітыўны момант у творчасці і пазнанні (канцэпцыя «непасрэдных ведаў»). Паводле Гамана, розум (развага) індывідуальны, гістарычны, сітуатыўны; не існуе ўсеагульнага «цвярозага розуму» асветніцкай філасофіі, як і кантаўскага «чыстага розуму»; мова — «першы і апошні орган і крытэрый розуму», звязанасць якога з мовай вызначае межы розуму. Яго ўяўленні пра мову, творчасць генія, спрадвечнасць паэзіі зрабілі ўплыў на ням.філас.-эстэт. думку (І.Г.Гердэр, літ. рух «Буры і націску», І.В.Гётэ). За афарыстычны адрывісты і цьмяны стыль, падобны на прароцтвы, празваны Гётэ «паўночным магам».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКАНА́ЎЧЫ КАМІТЭ́Т(выканком) Савета дэпутатаў,
выканаўчы і распарадчы органмясц. кіравання агульнай кампетэнцыі ў Рэспубліцы Беларусь і некаторых краінах СНД. На Беларусі ўтвараецца на тэр. вобласці, раёна, горада, раёна ў горадзе, пасёлка, сельсавета на тэрмін паўнамоцтваў адпаведнага Савета. Старшыня абл. і Мінскага гар. выканаўчага камітэта назначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь з наступным зацвярджэннем на сесіі абл. (Мінскага гарадскога) Савета. Старшыні ніжэйстаячых выканаўчых камітэтаў адносна абл. і Мінскага гар. выканаўчых камітэтаў назначаюцца старшынямі вышэйстаячых выканаўчых камітэтаў у тым жа парадку. У склад выканаўчага камітэта ўваходзяць намеснікі старшыні выканаўчага камітэта, кіраўнік спраў (сакратар) і члены выканаўчага камітэта, якія назначаюцца старшынёй адпаведнага выканаўчага камітэта па ўзгадненні з вышэйстаячым выканаўчым і распарадчым органам. У склад выканаўчага камітэта мясц. Савета могуць уваходзіць дэпутаты гэтага Савета. Выканаўчы камітэт падсправаздачны і падкантрольны вышэйстаячаму выканаўчаму і распарадчаму органу, а таксама падсправаздачны адпаведнаму мясц. Савету па пытаннях, аднесеных да кампетэнцыі Савета. Парадак дзейнасці і кампетэнцыі выканаўчых камітэтаў розных узроўняў вызначаны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Законам «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь» ад 20.2.1991 з наступнымі змяненнямі і дапаўненнямі і інш. нарматыўнымі актамі.
орган улады, створаны 3.1.1918 Радай Усебеларускага з’езда 1917.
Першапачаткова быў правобразам урада Беларусі. У яго ўвайшлі Я.Я.Варонка (старшыня), П.А.Бадунова, Т.Т.Грыб, М.М.Касцевіч, А.У.Прушынскі (А.Гарун), С.А.Рак-Міхайлоўскі, І.М.Серада, Л.І.Заяц, Я.Л.Дыла, І.В.Лагун. Пасля выезду з Мінска Аблвыкамзаха і СНКЗах. вобласці і фронту 19.2.1918 Выканком стаў легальным органам улады. 20.2.1918 ён выдаў Першую Устаўную грамату, у якой абвяшчаў сябе найвышэйшай часовай уладай Беларусі «для кіравання краем і склікання, як можна хутчэй, Усебеларускага Устаноўчага Сойму». 21.2.1918 сфарміраваў урад — Народны сакратарыят Беларусі на чале з Варонкам — і ўсклаў на яго выканаўчую ўладу. 9.3.1918 Выканком выдаў Другую Устаўную грамату, якая абвясціла стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР).
Рада Усебел. з’езда абвясціла сябе Радай БНР і т.ч. узяла на сябе функцыі парламента. У перыяд паміж пленарнымі пасяджэннямі Рады БНР вышэйшым органам дзярж. улады быў яе Прэзідыум на чале са старшынёй Рады. Выканком спыніў існаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́ЙДЭР (англ. grader ад grade нівеліраваць),
землярыйная дарожна-буд. машына. Рабочы орган грэйдара — адвал з нажом, якім зразаюць і разраўноўваюць грунт ці сыпкі буд. матэрыял (пры стварэнні землянога палатна, планіроўцы адкосаў насыпаў і выемак, рамонце гравійных і грунтавых дарог і інш.). Прадукцыйнасць да 45 м³/гадз. Разнавіднасць грэйдара — грэйдэр-элеватар.
Падзяляюцца на прычапныя і самаходныя (аўтагрэйдэры). Прычапныя грэйдары бываюць лёгкія (з нажом даўж. 2,5—3 м) і цяжкія (3,5—4,5 м). Аўтагрэйдэры больш прадукцыйныя і манеўраныя, дадаткова могуць аснашчацца кіркоўшчыкам, плужным снегаачышчальнікам, бульдозерным адвалам, навясным скрэперам і інш. Бываюць лёгкія (нож 2,5—3 м, магутнасць рухавіка да 55—67 кВт), сярэднія (3—3,6 м, 74—110 кВт) і цяжкія (3,6—3,8 м, больш як 150 кВт). Кіраванне рабочым органам грэйдара мех. або гідраўл. прыводам.
І.І.Леановіч.
Грэйдэры: а — прычапны (1 — механізм пад’ёму і апускання адвалу; 2, 3 — асноўная і цягавая рамы; 4 — адвал з нажом); б — аўтагрэйдэр (1 — кіркоўшчык; 2 — рулявы прывод; 3 — цягавая рама з паваротным кругам і адвалам; 4 — рухавік з механізмамі кіравання).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРЕСТЬЯ́НСКАЯ ГАЗЕ́ТА»,
перыядычнае выданне; орган выканкома Савета сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ. Выдавалася ў чэрв.—ліст. 1917 у Мінску на рус. мове 2—3 разы ў тыдзень. З 20 нумара наз. «Крестьянская газета «Земля и воля». У склад рэдакцыі да канца ліп. ўваходзілі; адказны рэдактар М.Фрунзе, І.Макрэеў, Д.Фейнберг (сакратар). Публікавала справаздачы і рэзалюцыі губ. і пав. з’ездаў сял. дэпутатаў, пастановы сялянскіх сходаў, пісьмы чытачоў і інш. Асвятляла паліт. становішча ў краіне, мясц. падзеі. Імкнулася растлумачыць сутнасць агр. палітыкі ў вёсцы, заклікала ствараць зямельныя камітэты. У перыяд знаходжання ў рэдакцыі Фрунзе змяшчала матэрыялы бальшавіцкага кірунку. У жніўні яе рэдактарам стаў адзін з мясц. лідэраў партыі эсэраў І.Несцераў. Пасля падзей, звязаных з бальшавіцкім выступленнем 3—5.7.1917, асуджэнне якога прагучала на старонках газеты, значнае месца пачалі займаць ідэалаг. матэрыялы, скіраваныя супраць бальшавікоў (арт. К.Брэшка-Брашкоўскай, В.Чарнова і інш.). Выйшла 39 нумароў.
Літ.:
Калмыков А.Г. М.В. Фрунзе на посту редактора «Крестьянской газеты» // Рабочий класс России. его союзники и политические противники з 1917 г.: Сб. науч. тр Л., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛИТОВСКИЕ ЕПАРХИА́ЛЬНЫЕ ВЕДОМОСТИ»,
штотыднёвы часопіс, орган Літоўскай правасл. духоўнай кансісторыі. Выдаваліся ў 1863—1917 у Вільні на рус. мове (да 1873 двухтыднёвы). Прызначаліся для Літ.правасл. епархіі. Часопіс меў афіц. і неафіц. аддзелы. У афіц. аддзеле змяшчаў пастановы, распараджэнні ўрада і мясц. улад па царк. справах, рашэнні і справаздачы Сінода, аб’явы і распараджэнні Літ. духоўнай кансісторыі; у неафіц — матэрыялы па гісторыі правасл. царквы на Беларусі, гісторыі асобных храмаў і манастыроў (у т. л. пра Жыровіцкі манастыр і цудатворцы абраз Маці Божай, 1863), нарысы пра царк. дзеячаў, пра ўдзел правасл. духавенства Літ. епархіі ў паўстанні 1863—64 (1863), арг. М.Каяловіча «Смута ва уніяцкім асяроддзі ў Беларусі ў 1802—1803 гг.» (1874), Р.Кіпрыяновіча «Духоўны суд у Заходняй Русі ў XVI ст.», «Лёсы рэлігійна-царкоўнага жыцця ў Заходняй Русі і Літве» (1878) і інш. Часопіс змяшчаў рэцэнзіі на творы пра гісторыю канфесій на Беларусі, у т. л. на працы М.Ізвекава, І.Чыстовіча, Кіпрыяновіча. З 1907 неафіц. частку замяніў «Вестник Виленского православного Св.-Духовского братства».