від засцерагальнага ўзбраення, прызначанага для засцярогі грудзей і спіны воіна ад халоднай і агнястрэльнай зброі. Складалася з 2 пласцін, выгнутых па форме спіны і грудзей (часам толькі з адной грудной пласціны) і злучаных спражкамі на плячах і баках. У старажытнасці і ў раннім сярэдневякоўі выраблялася з лямцу і скуры, з 13 ст. з жалеза (масажал. К. да 10 кг, таўшчыня да 3,5 мм). У канцы 16 — пач. 18 ст. складала ч. ўзбраення коннікаў асобных часцей цяжкай кавалерыі ВКЛ. У канцы 16 — пач. 20 ст. К. выкарыстоўвалася ў зах.-еўрап. і рас. (з пач. 18 ст.) арміях кірасірамі (з 1860-х г. толькі як параднае ўзбраенне).
Нагруднік кірасы са збраёўні князёў Радзівілаў у Нясвіжы. 17—18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНУЭ́ЛЬСКІЯ КУ́РЫ, корнішы,
парода курэй мяснога кірунку прадукцыйнасці. Выведзена ў Вялікабрытаніі (графства Корнуал) у 19 ст. скрыжаваннем мясц. байцовых курэй старой англ. пароды, пароды азіль і малайскіх. Выкарыстоўваюць у гібрыдызацыі з курамі інш. мясных і мяса-яечных парод для атрымання помесных куранят-бройлераў, якіх гадуюць на мяса. На Беларусі племянная работа з корнішамі вядзецца на племптушказаводзе «Слуцкі» Мінскай вобл.
Тулава масіўнае, з шырокімі грудзямі і плячамі, звужаецца да хваста. Галава кароткая, шырокая, з кароткай дзюбай і стручкападобным грэбенем. Ногі тоўстыя, сярэдняй даўж., шырока расстаўлены. Хвост кароткі, звіслы. Апярэнне бліскучае, часцей белае, трапляецца таксама цёмнае, чырв., палевае. Жывая маса дарослых пеўняў 4,5—5 кг, курэй 3—3,5 кг. Яйцаноскасць 110—130 і больш яец за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАБАПАДО́БНАЯ ТУМА́ННАСЦЬ,
галактычная туманнасць, вынік успышкі ў 1054 звышновай зоркі ў сузор’і Цяльца. Утварылася са знешніх слаёў зоркі, што рассеяліся ў прасторы. Назва туманнасці звязана з яе формай, якая падобна на панцыр краба. Адлегласць да К.т. 7000 св. гадоў; памеры 5-10 св. гадоў. Расшыраецца са скорасцю 1100 км/с. Маса газу, што ўваходзіць у К.т., каля 0,1 масы Сонца; сярэдняя шчыльнасць 5∙10−18кг/м³. У цэнтры К.т. знаходзіцца пульсар, у які ператварылася зорка, што ўспыхнула. К.т. — адзін з нешматлікіх астр. аб’ектаў, ад якіх ідзе эл.-магн. выпрамяненне ва ўсім спектры, ад радыё- да рэнтгенаўскага і гамадыяпазону. Да гэтай пары К.т. губляе ў 100 тыс. разоў болей энергіі за секунду, чым Сонца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМО́ННАЯ КІСЛАТА́,
2-гідроксі-1,2,3-прапантрыкарбонавая кіслата, (HO)OCCH2 C(OH)COOH, арганічная трохасноўная кіслата. Належыць да класа оксікіслот, малекулярная маса 192,12. Добра раствараецца ў вадзе і спірце, з воднага раствору пры т-ры ніжэй за 36,5 °C крышталізуецца ў выглядзе монагідрату. Адыгрывае важную ролю ў працэсах вугляводнага абмену і дыхання клетак. У адрозненне ад жывёл шэраг раслін і мікраарганізмаў назапашваюць Л.к. ў вял. колькасці (6—8% у пладах цытрусавых, 8—14% у сцёблах махоркі, да 10% у культ. вадкасці грыбка Aspergillus niger). Асн.прамысл. спосаб атрымання Л.к. — лімоннакіслае браджэнне цукроў ці патакі з дапамогай грыбка Aspergillus niger; здабываюць таксама з пладоў лімона, лісця бавоўніку і інш. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці напіткаў, кандытарскіх вырабаў, медыцыне (для кансервавання крыві), фарбаванні, вырабе пластмас, фатаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТО́ЎСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ СА ЗНА́КАМІ,
геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1997), на ўсх. ускраіне в. Літоўка Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Валун ружавата-шэрага граніту дробназярністага з крышталямі біятыту і ксеналітаў цёмна-шэрага гнейсу. Захавалася 1/3 валуна (даўж. 2,7 м, шыр. 2,4 м, выш. 1,6 м, у абводзе 7,2 м, аб’ём 5,5 м³, маса каля 14,6 т). Прынесены ледавіком каля 220—150 тыс. гадоў назад са Скандынавіі. На паверхні каменя ёсць паглыбленне (даўж. 29 см, шыр. 14 см, глыб. да 2 см), якое лічылі следам казачнай «істоты». Амаль на вяршыні знаходзіцца паўсферычная выемка (у папярочніку 4 см, глыб. 1,5 см) з прышліфаванымі сценкамі, якая высечана чалавекам 2—2,5 тыс. гадоў назад. Валун меў культавае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОСЬ (Alces alces),
млекакормячая жывёла сям. аленяў атр. парнакапытных. Пашыраны ў лясной і лесастэпавай зонах Еўразіі.і Паўн. Амерыкі. На Беларусі трапляецца ўсюды, больш шматлікі на ПнУ. Трымаецца статкамі па 3—8 (зрэдку да 20) асобін.
Самы буйны з аленяў: даўж. да 3 м, выш. ў карку да 2,3 м, маса да 825 кг, самкі драбнейшыя. Шэрсць грубая, на спіне цёмна-бурая, на бруху і нагах белаватая. Рогі (толькі ў самцоў) вял., пераважна лапатападобныя, масай да 20 кг, на зіму спадаюць. Галава вял., шыя кароткая, тоўстая. На горле скурны выраст. Тулава масіўнае, кароткае. Ногі доўгія, з вузкімі вострымі капытамі. Корміцца травой, парасткамі і карой дрэў. Нараджае 1—2 цялят. Аб’ект спарт. і прамысл. палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНУ (Connochaetes),
род каровіных антылоп атр. парнакапытных. 2 віды: гну белахвосты (C. gnou, захаваўся пераважна ў нац. парках, занесены ў Чырв. кнігу МСАП) і гну блакітны (C. taurinus). Пашыраны ва Усх., Паўд. і Паўд.-Зах. Афрыцы ў травяністых і кустовых стэпах на раўнінах. Трымаюцца статкамі.
Даўж. цела 170—240 см, хваста 80—100 см, выш. ў карку 90—145 см, маса 160—270 кг. Целасклад моцны. Ногі тонкія, шыя кароткая. Галава вялікая, морда шырокая. Вочы маленькія. Рогі ў абодвух полаў, дугападобна загнутыя ўверх. На канцы хваста і пярэдняй ч. цела доўгія валасы. Афарбоўка ад жоўта-бура-шэрай да цёмна-бурай. Нараджаюць 1, радзей 2 дзіцянят. Кормяцца пераважна травяністымі раслінамі. Акліматызаваныя ў запаведніку Асканія-Нова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛУБ ШЫ́ЗЫ (Columba livia),
птушка сям. галубіных атр. голубападобных. Пашыраны ў Паўн. Афрыцы, на Пд Еўразіі. Насяляе скалы, горныя цясніны, яры, абрывістыя берагі рэк. Паўсвойскія галубы шызыя жывуць у паселішчах і пабудовах чалавека ўсюды. На Беларусі трапляецца шматлікі аселы паўсвойскі падвід — голуб шызы звычайны (C.l. livia).
Даўж. цела 33—37 см, маса 240—360 г. Апярэнне шызае, на шыі з металічна-зялёным і фіялетавым адценнем, на паясніцы белая паласа. На крылах 2 папярочныя чорныя палосы, на канцы хваста адна шырокая. Гняздуецца ў трэшчынах скал, норах па абрывах, пад стрэхамі, у нішах пабудоў, на балконах, карнізах. Нясе 2 яйцы. Расліннаедны, корміцца насеннем дзікіх і культ. раслін, рэшткамі ежы чалавека. Ад голуба шызага паходзяць шматлікія пароды дэкар. і паштовых галубоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖА́ВАРАНКАЎ (Мікалай Міхайлавіч) (7.8.1907, с. Стралецкія Выселкі Разанскай вобл., Расія — 5.8.1990),
сав. хімік і тэхнолаг. Акад.АНСССР (1962; чл.-кар. 1953). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Маскоўскі хіміка-тэхнал.ін-т (1930), дзе і працаваў (з 1948 рэктар). У 1962—88 дырэктар Ін-та агульнай і неарган. хіміі і Ін-та новых хім. праблем АНСССР. Навук. працы па агульнай і неарган. хіміі, тэхналогіі неарган. матэрыялаў. Даследаваў гідрадынаміку, Маса- і цеплаабмен у працэсах адсорбцыі, рэктыфікацыі, малекулярнай дыстыляцыі. Прапанаваў спосабы аптымізацыі некаторых стадый вытв-сці аміяку і азотнай к-ты, прамысл. метады атрымання ізатопаў азоту 15N і кіслароду 18O высокай канцэнтрацыі, спосабы раздзялення стабільных ізатопаў лёгкіх элементаў. Дзярж. прэмія СССР 1953, 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУ́ТРЫЯ, бабёр балотны (Myocastor coypus),
млекакормячая жывёла атр. грызуноў. Адзіны прадстаўнік сям. нутрыевых. Пашырана ў Паўд. Амерыцы (мясц. назва каіпу). Акліматызавана ў шэрагу краін Еўропы і Паўн. Амерыкі, на Беларусі — у пач. 1950-х г. Паўводная цеплалюбівая жывёла, у натуральных умовах жыве па берагах вадаёмаў, на балотах (адсюль другая назва), у зарасніках трыснягу ці ў норах. Добра плавае і нырае.
Даўж. да 85 см, хваста да 50 см, маса да 12 кг. Поўсць цёмна-карычневая. Хвост укрыты валаскамі. Заднія канечнасці з плавальнымі перапонкамі. Расліннаедныя, часам спажываюць жывёльныя кармы (малюскі, ракападобныя, рыба і інш.). Нараджаюць да 14 (звычайна 4—6) дзіцянят двойчы за год. Мяса ядомае. Аб’ект промыслу і гадоўлі (выведзены Н. з розным колерам футра).