1) бранхіяльная астма — звычайна хранічная алергічная хвароба, якая характарызуецца паўторнымі прыступамі ўдушша з прычыны спазмаў бронхаў і ацёку іх слізістай абалонкі пад уплывам алергенаў. Узнікненню астмы садзейнічае спадчынная схільнасць да алергічных рэакцый. Частата прыступаў удушша ад 1—2 за тыдзень (мяккая форма) да некалькіх за суткі (цяжкая форма), пры зацяжной форме астматычны стан доўжыцца некалькі дзён. Прыступы суправаджаюцца цяжкім са свістам дыханнем, сінюшнасцю твару, набуханнем вен на шыі, пад канец пакашліваннем і выдзяленнем невял. колькасці шклопадобных макрот. Акрамя імуналагічнай астма можа мець неімуналагічную аснову, калі яе прыступы развіваюцца пры зменах надвор’я, ахаладжэнні, фіз. напружанні, вегетатыўна-рэфлекторным дысбалансе, ужыванні нестэроідных процізапаленчых лек. сродкаў (напр., аспірыну). Ускладненні: эмфізема лёгкіх, разрастанне злучальнай тканкі вакол бронхаў, змены мышцаў правага жалудачка сэрца і як вынік сардэчная недастатковасць. Лячэнне медыкаментознае, інгаляцыямі аэразоляў.
2) Сардэчная астма — прыступы рэзкай задышкі (удушша), абумоўленыя вострай недастатковасцю функцыі левага жалудачка сэрца. Развіваецца пры гіпертанічнай хваробе, інфаркце міякарда, пароках сэрца, хранічных нефрытах і інш. Доўжыцца ад некалькіх мінут да некалькіх гадзін (магчымы ацёк лёгкіх). Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛО́Э (Aloe),
род кветкавых раслін сям. асфадэлавых. Каля 350 відаў. Растуць у пустынных і засушлівых раёнах Афрыкі, на Пд Аравійскага п-ва і Міжземнамор’я (1 від). Многія з іх лек., харч., меданосныя, тэхн. (валакністыя) і дэкар. расліны; вырошчваюць у пакоях, аранжарэях і цяпліцах. На Беларусі ў пакаёвай культуры найб. вядомы: алоэ дрэвападобнае (aloe arborescens), альяс, цвіце вельмі рэдка і таму наз. сталетнікам; алоэ мыльнае (aloe saponaria), алоэ паласатае (aloe striata), алоэ стракатае (aloe variegata), алоэ асцюковае (aloe aristata).
Шматгадовыя травяністыя, кустападобныя і дрэвападобныя сукуленты з простым кароткім або развітым, тоўстым разгалінаваным або тонкім ліянападобным сцяблом, часцей зусім без яго (разеткападобныя формы). Лісце мясістае, часта з васковым налётам, плямамі і палосамі, па краях з зубцамі, у густых прыкаранёвых ці канцавых (у дрэвавых формаў) разетках або двухраднае. Кветкі чырвоныя, аранжавыя, жоўтыя, зялёныя, рэдка крэмавыя і белыя, у суквеццях. Плод сухая каробачка. З лісця некаторых відаў вырабляюць сабур (слабіцельны сродак), экстракты, сокі, сіропы, тэрапеўтычныя сродкі. Прэпаратамі алоэ карыстаюцца ў тканкавай тэрапіі (біястымулятары). У нар. медыцыне свежае лісце ўжываюць пры бранхіяльнай астме, язве страўніка і кішэчніка, туберкулёзе, ранах, нарывах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЫШО́К (Cynara),
род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 12 відаў. Пашыраны ў Міжземнамор’і і на Канарскіх а-вах. У культуры 2 блізкія віды — артышок кардон, або іспанскі (C. cardunculus), і сапраўдны, або калючы (C. scolymus). Як харч., кармавыя і дэкар. расліны вырошчваюць у Паўд. Еўропе, на Пд Расіі, на Украіне. На Беларусі артышок сапраўдны ёсць у калекцыі Цэнтр.бат. сада АН. Размнажаюць насеннем і атожылкамі. У сярэдняй паласе вырошчваюць як аднагадовую культуру расадным метадам.
Шматгадовыя травяністыя расліны. Сцябло галінастае, прамое, выш. 0,5—1 м. Лісце буйное, лопасцевае або перыстарассечанае. Трубчастыя фіялетавыя, сінія або белыя кветкі сабраны ў буйны кошык дыям. да 10 см. Сакавітыя нераскрытыя кошыкі з мясістым кветаложам (маюць да 3% бялку, 7—15% вугляводаў, 3—11 мг% вітаміну С, 0,4 мг% караціну, вітаміны B1 і B2, правітамін артышок, цукар, інулін), ачышчаныя чаранкі, галоўныя жылкі лісця і карані спажываюць вараныя і кансерваваныя (далікатэсная страва). У насенні каля 30% тлушчу, прыдатнае на корм птушкам. Стымулявальны і дыўрэтычны лек. сродак; ужываюць пры дыябеце, атэрасклерозе, хваробах печані; плады — проціяддзе опіуму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТАНІ́ЧНЫ САД ВІ́ЦЕБСКАГА ПЕДАГАГІ́ЧНАГА УНІВЕРСІТЭ́ТА.
Закладзены ў 1919 у Віцебску як школьны сад для практычнага вывучэння батанікі, садаводства, кветкаводства і агародніцтва на тэрасах старога парку каля р. Віцьба (пл. больш за 3 га). У 1925 у садзе каля 500 відаў мясц. пладовых дрэў, каля 60 — паўд. Прадстаўнікоў, экспазіцыя з 972 відаў травяністых раслін (з іх 120 лекавых), невял. пасадкі дэкар. дрэў, ягадныя кусты, цяпліца, парнікі, паказальныя поле і агарод. З 1926 самая паўн. ў Беларусі плантацыя белай шаўкоўніцы. Каля 200 відаў раслін (пераважна лек., тэхн., дэкар., расліны-компасы і інш.) перанесены з Вялікалятчанскага батанічнага саду. Пасля Вял.Айч. вайны засталася толькі ч. дэндрарыя. З 1944 пачалося аднаўленне. У 1948—52 закладзены дэндрарый. У 1954 (пл. 4 га) пераўтвораны ў аграбіястанцыю, з 1979 навук. і навуч. падраздзяленне Віцебскага пед. ін-та, з вер. 1995 — ун-та. Пл. 7,6 га. Сучасны дэндрарый разбіты паводле геагр. прынцыпу, збераглося каля 80 відаў дрэў (сектары Амерыкі і Канады, Еўропы, Сібіры, Усурыйскага краю і Маньчжурыі і інш.); ёсць калекцыі травяністых і кветкава-дэкар. раслін.
Батанічны сад Віцебскага педагагічнага універсітэта. Насаджэнні елкі калючай.
ГАМК, HOOCH2CH2CN2NH2, амінакіслата, адзін з медыятараў нерв. сістэмы. Белы крышталічны парашок са слабагоркім смакам і слабым спецыфічным пахам, лёгка растваральны ў вадзе і слаба ў спірце. Гама-амінамасляная кіслата прамежкавы прадукт абмену некат. інш. амінакіслот, адсутнічае ў саставе бялкоў. У свабодным стане знаходзіцца ў многіх раслінах (каранях сталовых буракоў — 0,016 мг%, няспелых яблыках, зялёных парастках і калоссі злакаў, лісці тытуню, водарасці хларэла, дражджах і інш.), у вышэйшых млекакормячых — толькі ў тканках мозга (да 100 мг%).
Крыніца сакрэцыі гама-амінамаслянай кіслаты лакалізавана ў асобых нейронах нерв. тканкі і ў некат. інш. клетках (напр., бэта-клетках падстраўнікавай залозы). У ракападобных і насякомых гама-амінамасляная кіслата служыць медыятарам тармазных рухальных нейронаў, у мозгу пазваночных — медыятарам многіх тармазных інтэрнейронаў. Гама-амінамасляная кіслата абумоўлівае тармозячыя і ўзбуджальныя эфекты. Пад яе ўплывам узмацняюцца абменна-энергет. працэсы ў галаўным мозгу, яго кровазварот, дынаміка нерв. працэсаў, памяць, аблягчаецца выдаленне з мозга таксічных рэчываў і інш. Вядомы сінт.лек. прэпараты гама-амінамаслянай кіслаты (напр., аміналон, або гамалон, і інш.), якія з’яўляюцца паскаральнікамі мазгавога метабалізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЛЕ́Я (Lilium),
род кветкавых раслін сям. лілейных. Каля 90 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я. Уведзены ў культуру да н.э. Больш за 2 тыс. сартоў. На Беларусі 1 дзікарослы від — Л. кучаравая. або царскія кучары, ці саранка (L. martagon, нар. назвы галубіныя званочкі, кульчыкі, рэхлікі), занесена ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў лісцевых, хвойных і хвойна-шыракалістых лясах. З інтрадукаваных відаў найб. вядомыя Л. беласнежная (L. candidum), шафранавая (L. croceum), даурская (L. pensylvanicum), леапардавая (L. pardalinum), царственная (L. regale) і інш.
Шматгадовыя травяністыя расліны. Цыбуліны з сакавітых незамкнёных лускавінак, яйцападобныя. Сцёблы прамыя, слаба галінастыя, апушаныя ці голыя. Лісце лінейнае, ланцэтнае, сядзячае, у кальчаках або чаргаванае. У некат. Л. у пазухах лісця ўтвараюцца паветраныя цыбулінкі-бульбачкі для вегетатыўнага размнажэння. Кветкі дыяметрам 13—15 см, правільныя, белыя, жоўтыя, чырв., аранжавыя, рознай формы (званочкавыя, зоркавыя, трубчастыя, лейка-, чалма- і чашападобныя), духмяныя або без паху, у гронках, зрэдку адзіночныя. Плод — каробачка. Дэкар., фарбавальныя, меданосныя, харч., лек. і эфіраносныя расліны.
Да арт.Лілея: 1 — агульны выгляд. Гібрыдныя сеянцы беларускай селекцыі: 2 — Голуб міру; 3 — Сонейка; 4 — Нарачанка; 5 — Цікавая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫБУ́ЛЯ (Allium),
род кветкавых раслін сям. цыбулевых. Каля 500 відаў. Пашырана ў Паўн. паўшар’і. Уведзена ў культуру больш за 4 тыс. гадоў назад. Вырошчваюць 6 відаў Ц.: батун (A. fistulosum), парэй (A. porrum), рэпчатую (A. cepa), шалот, або аскалонскую (A. ascalonicum), шніт, ці скараду, або рэзанец (A. schoenoprasum), і часнок. На Беларусі 5 дзікарослых відаў Ц.: агародная (A. oleraceum), вінаградная (A. vineale), вуглаватая (A. angulosum), прычасночная (A. scorodoprasum), мядзведжая, або чарамша, і скарада занесены ў Чырв. кнігу. Трапляюцца па травяністых схілах, у хмызняках, як пустазелле ў пасевах.
Двух- і шматгадовыя травяністыя расліны. Лісце лінейнае, пляскатае або дудкаватае, шчыльна размешчанае на пакарочаным сцябле (донцы). Кветкі дробныя, белыя, ружовыя або ліловыя, сабраныя ў шарападобныя парасонікі на доўгіх кветаносах; часам у іх утвараюцца паветраныя цыбуліны. Плод — каробачка. Насенне мае прамысл. назву чарнушка. Агароднінныя, лек., эфіраалейныя, дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭНТРА́ЛЬНЫ БАТАНІ́ЧНЫ САДНацыянальнай АН Беларусі.
Засн. ў 1932 у Мінску, з 1967 на правах НДІ. Пл. 144,7 га (з іх 90,9 га у Мінску). Калекцыйны фонд каля 10 тыс. відаў, форм, сартоў раслін: аранжарэйных, дрэвава-кустовых, кветкава-дэкар., лек., нетрадыц. кармавых і пладова-ягадных. Экспазіцыі: дэндрарый з батаніка-геагр. сектарамі Беларусі, Далёкаўсх. краю і Усх. Азіі, Паўн. Амерыкі, Еўропы і Сібіры, Каўказа, Крыма, Сярэдняй Азіі; кветкава-дэкар. раслін з самаст. садамі (ружоўнік, цюльпаннік, вяргіннік, бэзавы сад); ландшафтны парк; экалогіі раслін; біялогіі раслін; ахоўных раслін. Асн. кірункі даследаванняў: інтрадукцыя і акліматызацыя раслін; навук. асновы зялёнага буд-ва і аховы навакольнага асяроддзя; біяхімія і біятэхналогія раслін. Значны ўклад у развіццё навук. дзейнасці Ц.б.с. зрабілі С.П.Мельнік, М.Дз.Несцяровіч, М.У.Смольскі, У.М.Рашэтнікаў, Я.А.Сідаровіч, І.Н.Рахцеенка, М.А.Кудзінаў і інш.
Літ.:
Итоги интродукции растений в Белорусской ССР (к 50-летию ЦБС АНБССР). Мн., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧА́ЙНЫ КУСТ, чай (Thea),
род кветкавых раслін сям. чайных; часам уключаюць у род камелія. 2 віды: Ч.к. кітайскі (T. sinensis) і асамскі (T. assamica), які часта лічаць разнавіднасцю кітайскага. Радзіма — горныя раёны Паўд.-Усх. Азіі. Уведзены ў культуру з 4 ст.н.э. ў Кітаі, з 9 ст. — у Японіі і Карэі, з пач. 19 ст. — у Інданезіі, Індыі, Шры-Ланцы; вырошчваюць у Афрыцы, Паўд. Амерыцы, В’етнаме, Іране, Турцыі і краінах Б. Усходу. Чайны напой у Еўропе спажываюць з 16 ст.
Невял. вечназялёныя дрэвы (у культуры — кусты). Жывуць 100 і больш гадоў. Лісце кароткачаранковае, эліптычнае, даўж. 7—10 см. Кветкі адзіночныя або па 2—4 у пазухах лісця, белыя ці ружовыя, духмяныя. Плод — каробачка. Лісце Ч.к. мае 1,5—3,5% кафеіну, 20—24% дубільных рэчываў, флаваноіды, вітаміны групы B, C, нікацінавую і пантатэнавую к-ты. З лісця і маладых парасткаў (флешаў) выпрацоўваюць прадукт (байхавы, плітачны і інш.чай), з якога гатуюць напітак; з адходаў атрымліваюць кафеін, вітамінныя прэпараты, вяжучыя сродкі; з насення — алей. Лек., харч., тэхн. расліны.
Парасткі, лісце і кветка чайнага куста кітайскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАСНО́К (Allium sativum),
кветкавая расліна сям. цыбулевых. Радзіма — Паўд. Азія. У культуры вядомы за некалькі тысячагоддзяў да н.э., вырошчваўся ў стараж. Егіпце, Грэцыі, Рыме. Культывуюць, у т. л. на Беларусі, сарты Ч. стрэлкавага і нястрэлкавага, ці звычайнага, у азімай і яравой формах.
Травяністая цыбульная расліна з укарочаным сцяблом. На ніжняй ч. донца цыбуліны ўтвараюцца прыдаткавыя карані. Лісце лінейнае, плоскае або з жалабком, прамастойнае ці паніклае. Кветаноснае сцябло (стрэлка) выш. 60—150 см. У суквецці фарміруюцца паветраныя цыбулінкі (культ. формы насенне не ўтвараюць). Сарты Ч. адрозніваюцца афарбоўкай, колькасцю (2—50) і велічынёй дробных цыбулін, т.зв. зубкоў. Размнажаюць зубкамі або цыбулінкамі. У зубках 6—7,9% бялкоў, 7—28 мг% вітаміну С (у лісці — да 80 мг%), 20—27% поліцукрыдаў, фітанцыды. Спецыфічны смак і пах абумоўлены эфірным алеем. Лісце і зубкі спажываюцца ў ежу; выкарыстоўваюць у кансервавай прам-сці, кулінарыі, медыцыне і ветэрынарыі. Харч., лек., тэхн. расліна.