subject2 [ˈsʌbdʒɪkt] adj.

1. падпара́дкаваны, падула́дны;

subject nations несамасто́йныя краі́ны;

be subject to the laws падпарадко́ўвацца зако́нам

2. падвярга́цца;

be subject to changes змяня́цца, быць зме́неным;

be subject to the influence of smb. падпада́ць пад чый-н. уплы́ў;

subject to colds схі́льны да прасту́ды

3. зале́жаць;

be subject to the weather зале́жаць ад надво́р’я

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

АРНІТАФА́УНА (ад арніта... + фауна),

авіфауна, гістарычна сфарміраваная сукупнасць відаў птушак пэўнай мясцовасці, краіны або геал. перыяду. Сусветная арнітафауна аб’ядноўвае каля 8,6 тыс. відаў. На Беларусі 18 атр., каля 300 відаў і падвідаў. Найб. пашыраны вераб’інападобныя — 92 віды. Сучасныя рысы набыла ў пасляледавіковы перыяд. Эндэмікі адсутнічаюць. Мяшаная, паходзіць ад еўрапейскага (птушкі шыракалістых лясоў), сібірскага (птушкі цемнахвойных лясоў) і міжземнаморскага (птушкі хмызнякоў і адкрытых прастораў) тыпаў фаун. Найб. колькасць відаў (81) гняздуецца ў лясах, 52 віды — прыбярэжна-водныя. 224 віды гняздуюцца, 66 — мігранты або выпадкова залётныя, 9 трапляюцца толькі зімой. Паляўнічыя віды: цецярук, слонка, бакас, дупель, глушэц, рабчык, крыжанка, чыркі, шэрая курапатка і інш. У Чырв. кнізе Беларусі 75 відаў.

т. 1, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМАГІСТРА́ЛЬ,

аўтамабільная дарога для высокаінтэнсіўнага і скораснага руху аўтамаб. транспарту без перасячэння трансп. патокаў на адным узроўні. Мае 2 праезныя часткі, кожная з якіх размяшчаецца на агульным або асобным земляным палатне. Шырыня раздзяляльнай паласы паміж праезнымі часткамі не менш за 5 м. Аўтамагістралі звычайна пракладваюць у абход гарадоў і прамысл. цэнтраў, сувязь з якімі ажыццяўляецца па спец. пад’язных дарогах. Аўтамагістралі могуць абсталёўвацца спец. ахоўнымі агароджамі, мець пад палатном папярочныя праходы для перамяшчэння наземных дзікіх жывёл. На Беларусі пабудаваны ўчасткі аўтамагістраляў Масква—Мінск—Брэст, Санкт-Пецярбург—Віцебск—Гомель—Адэса, Мінск—Вільнюс, Бранск—Гомель—Брэст, Брэст—Ковель. Высокаразвітую сетку аўтамагістраляў маюць краіны Зах. Еўропы, Канады, ЗША (асобныя з іх утвараюць панамерыканскую і трансеўрапейскія аўтамагістралі).

т. 2, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБ (сапр. Сеід Алі Махамед; 20.10.1819, г. Шыраз, Іран — 9.7.1850),

заснавальнік шыіцкай секты бабідаў, якая ўзначаліла бабідскія паўстанні 1848—52 у Іране. Спачатку належаў да секты шэйхітаў, што прапаведавала хуткае прышэсце 12-га імама Махдзі (шыіцкага месіі). У 1844 абвясціў сябе Бабам («варотамі», праз якія Махдзі перадае сваю волю людзям). У 1847 арыштаваны і зняволены. У зняволенні напісаў твор «Беян» («Адкрыццё»), у якім абвясціў сябе Махдзі і выклаў асн. палажэнні свайго вучэння (неадпаведнасць законаў і парадкаў Карана патрэбам часу, роўнасць усіх людзей, усталяванне свяшчэннага царства бабідаў, выгнанне з краіны небабідаў, іншаземцаў, канфіскацыя і падзел іх маёмасці сярод бабідаў, абарона правоў асобы і ўласнасці і інш.). Расстраляны шахскімі ўладамі ў г. Тэбрыз.

т. 2, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АА́С (OAS; Organisation de l’Armée Secrète сакрэтная ўзбр. арг-цыя),

экстрэмісцкая арг-цыя, якая ўзнікла ў 1961 у Францыі і Алжыры ў час вызв. вайны алж. народа (1954—62). Каб не дапусціць абвяшчэння незалежнасці Алжыра, учыніла там у крас. 1961 путч, пасля правалу якога разгарнула крывавы тэрор у Алжыры і Францыі, выступіла супраць Франц. рэспублікі, 8.9.1961 арганізавала замах на ген. Ш. дэ Голя. Пасля падпісання Эвіянскіх пагадненняў 1962 большасць франц. насельніцтва, нягледзячы на пагрозы ААС, тэрмінова пакінула Алжыр. 20.4.1962 у Алжыры арыштаваны адзін з кіраўнікоў ААС ген. Салан, што пазбавіла арг-цыю цэнтралізаванага кіраўніцтва. Пасля атрымання Алжырам незалежнасці (1962) ААС перамясцілася ў Францыю і суседнія з ёю краіны, неўзабаве была абясшкоджана.

т. 1, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ЗАВО́Д «СТРОМАЎТАЛІ́НІЯ», Гомельскі завод па вырабе абсталявання ў аўтаматычную лінію для вытворчасці будаўнічых матэрыялаў. Засн. ў 1895 як рамонтна-мех. майстэрні «Рухавік» па рамонце лесапільных, маслабойных з-даў і млыноў. У 1920-я г. наз. «Рухавік рэвалюцыі», выпускаў с.-г. машыны. З 1930 спецыялізаваўся на рамонтных работах і вытв-сці запчастак для трактароў. У Вял. Айч. вайну эвакуіраваны ў г. Аткарск Саратаўскай вобл. Пасля аднаўлення ў Гомелі (1943—44) выпускаў тарфяныя машыны. З 1966 Гомельскі з-д тарфянога машынабудавання («Тарфмаш»). З 1983 сучасная назва. Асн. Прадукцыя (1997): абсталяванне і запчасткі для прадпрыемстваў прам-сці буд. матэрыялаў. Пастаўляе прадукцыю ў краіны СНД, супрацоўнічае з Фінляндыяй, Германіяй, Францыяй, Італіяй, Кубай, Сірыяй.

т. 5, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́НА, Аўхар,

протадзяржава, якая існавала ў Зах. Афрыцы на тэр. сучасных Маўрытаніі (паўд. ч.) і Малі (зах. ч.) у 4—13 ст. Паводле пісьмовых крыніц вядома з 8 ст. Сталіца — г. Кумбі-Сале. Этн. аснова — народ санінке. Мела армію ў 200 тыс. чал., у т. л. 40 тыс. лучнікаў. Была буйнейшым пастаўшчыком золата ў краіны Магрыба. Правіцелі Ганы кантралявалі транзітны гандаль золатам і соллю, абкладалі яго высокай пошлінай. У 1076 сталіцу Ганы заваявалі Альмаравіды. У выніку паўстання 1087 краіна вызвалілася, аднак у хуткім часе пачаўся яе распад. У 1240 Гана канчаткова трапіла пад уладу протадзяржавы Малі. Ад гіст. Ганы назва сучаснай дзяржавы Гана.

Літ.:

Куббель Л.Е. «Страна золота» — века, культуры, государства. 2 изд. М., 1990.

т. 5, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЁЗЫ (галанд. geuzen ад франц. gueux жабракі),

1) мянушка ўсіх праціўнікаў ісп. панавання ў Нідэрландах у час Нідэрл. рэвалюцыі 1566—1609. Напачатку гёзы (ад беднай вопраткі сельскіх дваран) называлі членаў Саюза дваран (створаны апазіц. нідэрл. знаццю ў 1563 з мэтай абароны «законнымі сродкамі» паліт. і рэліг. вольнасцей краіны), якія 5.4.1566 уручылі ў Бруселі сваю петыцыю ісп. намесніцы, потым мянушка пашырана і на нідэрл. партызан, якія на сушы (лясныя гёзы) і на моры (марскія гёзы) вялі ўзбр. барацьбу супраць ісп. войск і іх памагатых. Пасля заняцця марскімі гёзамі порта Брыл (1.4.1572) паўсталі Флісінген, Феер, Арнемёйдэн, Энкхёйзен і інш. гарады.

2) Мянушка прадстаўнікоў ліберальнай апазіцыі ў Бельгіі ў 19 ст.

т. 5, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАНА́СІ, Бенарэс,

горад на Пн Індыі, на р. Ганг, паміж яго прытокамі Варан і Асі (адсюль назва), у штаце Утар-Прадэш. Узнік каля 7 ст. да н.э. 932,4 тыс. ж. (1991). Важны трансп. вузел (чыгункі, аўтадарогі, водныя шляхі). Баваўняная, шаўкаткацкая, шкляная, харч., хім. прам-сць. 3-д цеплавозаў. Саматужная вытв-сць маст. вырабаў (парча, дываны, ювелірныя вырабы і інш.). Цэнтр кнігадрукавання на мове хіндзі. 2 ун-ты. Найбуйнейшая б-ка кніг на мове хіндзі. Гіст., культ. і рэліг. цэнтр краіны. Месца паломніцтва (каля 1 млн. чал. штогод) індусаў і будыстаў. Шматлікія палацы і індуісцкія храмы (пераважна 16—18 ст.). «Залаты храм Шывы» (каля 1750), комплекс палацаў 16—19 ст., іншыя арх. помнікі.

т. 3, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́АРАНДЗІ ((Vaarandi) Дэбора) (н. 1.10.1916, г. Выру, Эстонія),

эстонская паэтэса. Нар. пісьменніца Эстоніі (1971). У 1936—40 вучылася ў Тартускім ун-це. Друкуецца з 1940. Першы зб. «Пад палаючым небам» (1945) пра падзеі Вял. Айч. вайны. У зб-ках паэзіі «Пад шум прыбою» (1948), «Ясным ранкам» (1950) гіст. мінулае і пасляваенны перыяд аднаўлення краіны. Актуальнасцю, шматграннасцю тэматыкі, высокім паэтычным майстэрствам адметныя зб-кі «Летуценнік ля вакна» (1959), «Хлеб прыбярэжных раўнін» (1965), «Пры святле ветру» (1977) і інш. Паэзіі Ваарандзі ўласцівы асацыятыўная вобразнасць, філасафічнасць, напружаная эмацыянальнасць. Выступае як публіцыст. Дзярж. прэміі Эстоніі 1950, 1965. Пераклала на эст. мову асобныя творы Я.​Купалы. На бел. мову творы Ваарандзі перакладаў А.​Вярцінскі.

Д.Ваарандзі.

т. 3, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)