БЕ́РНІ ((Berni) Антоніо) (14.5.1905, г. Расарыо, Аргенціна — 1981),

аргенцінскі жывапісец. Адзін з заснавальнікаў нац. рэалістычнай школы, т.зв. «новага рэалізму» ў 1930-я г. Зрабіў шэраг размалёвак у Буэнас-Айрэсе і Нью-Йорку (з Д.Сікейрасам, Х.​К.​Кастаньіна, Л.​Э.​Спілімберга і інш.) на тэмы жыцця і гісторыі аргенцінскага народа. У карціне «Поўнач над светам» пад уражаннем грамадз. вайны ў Іспаніі 1936—39 стварыў вобраз нар. мужнасці і жалобы.

т. 3, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІКАЛІТО́ЎСКІ (БЕЛАРУ́СКІ) ФОНД ІМЯ́ ЛЬВА САПЕ́ГІ,

прыватны дабрачынны фонд. Засн. ў 1975 у Нью-Йорку Янкам і Марыяй Станкевічамі. Асн. мэты: апрацоўка і публікацыя прац Я.​Станкевіча, фін. падтрымка работы даследчыкаў бел. гісторыі, л-ры, мовы, культуры і мастацтва, выданне навук. прац, падручнікаў, слоўнікаў. Фонд устанавіў стыпендыі для бел. студэнтаў, якія паспяхова вучацца ў амер. ВНУ. Выдаў «Беларуска-расійскі (Вялікалітоўска-расійскі) слоўнік» Я.​Станкевіча (1990).

А.​С.​Ляднёва.

т. 4, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАКРАТЫ́ЧНЫЯ ПЕРЫ́ЯДЫ,

перыяды гісторыі Зямлі, калі значна расшыралася плошча сушы. Адбываліся ў 2-й пал. тэктанічных цыклаў, калі агульнае падняцце зямной кары ператварала ў сушу затопленыя морам часткі кантынентаў. Геакратычныя перыяды былі ў канцы сілурыйскага і на працягу значнай часткі дэвонскага перыядаў, у канцы каменнавугальнага, у пермскім і часткова ў трыясавым, у неагенавым і антрапагенавым перыядах, уключаючы сучасную эпоху, якая адносіцца да адной з найб. геакратычных. Гл. таксама Таласакратычныя перыяды.

т. 5, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАЛО́ГІЯ МАРСКА́Я,

навука аб складзе, будове і геал. гісторыі часткі Зямлі, пакрытай водамі Сусв. акіяна. Даследуе працэсы і паслядоўнасць утварэння асадкаў і парод, якія складаюць паверхню і нетры марскога і акіянскага дна, а таксама прымеркаваныя да іх карысныя выкапні. Выкарыстоўвае даследаванні і інструментальныя вымярэнні з дапамогай геафіз. апаратуры, падводнага свідравання і вадалазных работ са спец. абсталяваных суднаў, буравых платформаў і інш., таксама метады даследаванняў і вымярэнняў, якія прымяняюцца на сушы.

т. 5, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖМЕНЬ»,

«цмень», каменны метэарыт, які выпаў у 1858 каля в. Цмень Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Маса 246 г. Належыць да ахандрытаў. Асн. частка (116 г) зберагаецца ў Венскім нац. прыродазнаўча-гіст. музеі, 26,6 г — у калекцыі метэарытаў Рас. АН (Масква), 6,8 г — у Амер. музеі прыродазнаўчай гісторыі (Нью-Йорк). Гл. таксама Метэарыты.

Літ.:

Бордон В.Е., Давыдов М.Н. Рожденные в космосе. Мн., 1982. С. 36—37.

У.​Я.​Бардон.

т. 6, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖО́ДЗІШСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР Існаваў пры езуіцкім калегіуме ў в. Жодзішкі Смаргонскага р-на ў 1-й трэці 18 ст. Захаваліся праграмы трох пастановак 1716—30: канікулярная драма «Вянец духа-красамоўства» (са стараж.-рым. гісторыі) з інтэрлюдыямі пасля 1-га і 2-га актаў; масленічная «Палемонія за сталом, якую, па прыкладу Вітэлія, спасцігла смерць» з аргументам П.​Каяловіча (1724, з алегарычным антыпралогам, харамі і інтэрлюдыямі паміж актамі) і «Перамога саюзу любві» (1730).

т. 6, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАВА́НАВІЧ ((Јовановић) Слабадан) (21.11.1869, г. Нові-Сад, Сербія — 12.12.1958),

сербскі дзярж. дзеяч, гісторык. Скончыў юрыд. ф-т у Жэневе (1890). У 1897—1941 праф. Бялградскага ун-та. У 1941 нам. прэм’ер-міністра ва ўрадзе Д.​Сімовіча. У студз. 1942 — чэрв. 1943 кіраўнік эмігранцкага каралеўскага ўрада ў Лондане. З мая 1946 старшыня эмігранцкай арг-цыі Югаслаўскага нац. к-та. Аўтар шэрагу прац па гісторыі Сербіі з 1838 да 1903.

т. 7, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІБН МІСКАВА́ЙХ, Ібн Міскавейх,

Абу Алі Ахмед ібн Мухамед (? — 1030), арабамоўны гісторык і філосаф. Аўтар «Кнігі вопытаў народаў» («Кітаб таджырыб аль-умам») у 6 тамах — першай пасля твора Табары значнай працы па ўсеаг. гісторыі. Апошняя частка гэтага твора мае каштоўныя звесткі пра сац.-эканам. адносіны ў Араб. Халіфаце 10 ст. Склаў трактаты па філасофіі і этыцы.

Літ.:

Игнатенко А.А. В поисках счастья: Общественно-полит. воззрения арабо-исламских философов средневековья. М., 1989.

т. 7, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРНАЛІ́ЗМ (ад лац. internus унутраны),

метадалагічны кірунак у гісторыі і філасофіі, які прызнае рухаючай сілай развіцця навукі ўнутраныя, інтэлектуальныя (філас., уласна навуковыя) фактары. Узнік у канцы 1930-х г. як рэакцыя на экстэрналізм (крыніца развіцця навук. ідэй — сац.-эканам. ўмовы і фактары). Асн. прадстаўнікі — А.​Кайрэ, А.​Р.​Хол, М.​Б.​Хол, І.​Б.​Коэн, Дж.​Рэндэл. Адзін з вытокаў гіст. школы ў метадалогіі навукі. Крайняя форма І. — метадалогія пазітывізму.

т. 7, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСАА́КС ((Isaacs) Хорхе) (крас. 1837, г. Калі, Калумбія — 17.4.1895),

калумбійскі пісьменнік. Прымаў удзел у барацьбе супраць кансерватыўнага ўрада Калумбіі, быў дэпутатам парламента. Аўтар зб. «Вершы» (1864) і паэмы «Саул» (1881), якія належаць да лепшых узораў рамантызму. Самы папулярны твор лац.-амер. л-ры — раман І. «Марыя» (1867), прысвечаны гісторыі кахання, апісанай на фоне маляўнічай прыроды і сельскага жыцця. Творчасць І. прадвызначыла пераход ад рамантызму да рэалізму ў калумбійскай л-ры.

т. 7, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)