КАХНО́ (Ігар Паўлавіч) (30.7.1930, г. Гомель — 19.4.1988),

бел. літаратуразнавец, крытык. Д-р філал. н. (1982), праф. (1983). Скончыў Навазыбкаўскі пед. ін-т (1952). Працаваў у Сакратарыяце праўлення СП СССР (1955—56); выкладаў у Карэльскім пед. ін-це (г. Петразаводск, 1956—66). З 1966 у БДУ. Даследаваў рус. класічную і сав. паэзію, філасофію, гісторыю і тэорыю л-ры. Аўтар прац пра творчасць А.​В.​Луначарскага, Дз.​Фурманава, А.​Твардоўскага і інш.

Тв.:

Черты портрета. Мн., 1972.

Л.​С.​Савік.

т. 8, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЫЕ́НКА (Зінаіда Міхайлаўна) (н. 9.7.1933, г. Махачкала, Дагестан),

расійская кінаактрыса. Нар. арт. Расіі (1977).

Скончыла Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1958). Акцёрскае майстэрства вызначаецца эмацыянальнай напружанасцю, драматычнай насычанасцю ў спалучэнні з тонкім лірызмам. Сярод роляў: Наталля («Ціхі Дон», 1957—58), Кацярына («Паэма пра мора», 1958), Ірына («Лёс чалавека», 1959), Марыя («Аповесць палымяных гадоў», 1961), Ефрасіння Дзяругіна ў фільмах «Любоў зямная» (1975) і «Лёс» (1978; Дзярж. прэмія СССР і Залаты медаль імя Даўжэнкі 1979), Аляксандра Пераганец («Яны былі акцёрамі», 1981).

т. 8, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРМАН ((Krman) Даніэль) (28.8.1663, в. Амшэне, Славакія — 23.9.1740),

славацкі рэліг. і грамадскі дзеяч, падарожнік. Вучыўся ў Браціславе, Лейпцыгу, Вітэнбергу. Выкладаў у славацкіх навуч. установах. Уваходзіў у склад пратэстанцкага пасольства да шведскага караля Карла XII, якога суправаджаў у паходах 1708—09. Аўтар дзённіка на лац. мове, у якім апісаў гаспадарку, культуру, прыродныя і нац. асаблівасці Польшчы, Літвы, Беларусі, Украіны, Малдовы, даў звесткі пра Палтаўскую бітву 1709 і інш. У 1729—40 адбываў пажыццёвае зняволенне ў Браціславе. Пакінуў вял. літ. спадчыну.

т. 8, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУМАВА́ННЕ, кумленне,

старадаўні бел. абрад устанаўлення прыязных сяброўскіх адносін. Спраўлялі яго пераважна на «зялёныя святкі» (Сёмуху) ва ўсх. і цэнтр. частках Беларусі. Дзяўчаты ішлі ў лес, звязвалі галінкі бярозак («завівалі» іх), праходзілі парамі 3 разы ўзад і ўперад пад завітымі ў вянок бярозкамі, спяваючы песню пра ўслаўленне сяброўскіх адносін, пасля елі абрадавую страву (яечню). Абрад выконвалі пасля заканчэння сяўбы. Ён сімвалізаваў пажаданне добрага ўраджаю. Як традыц. гульня-забава трапляецца і ў наш час.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 9, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМАРКІ́ЗМ першая цэласная канцэпцыя эвалюцыі ў жывой прыродзе, сфармуляваная ў 1809 Ж.Б. дэ Ламаркам. Паводле Л., існуючыя віды раслін і жывёл фарміраваліся паступова, у выніку працяглага прыстасавання арганізмаў да вонкавых умоў (клімат, святло, цяпло і інш.) і пэўнага ўнутр. імкнення ўсіх арганізмаў да ўдасканалення. Ідэя Л. пра ролю вонкавага асяроддзя і спадчыны ў эвалюцыі была выкарыстана Ч.Дарвінам у яго эвалюцыйнай тэорыі. Адраджэнне Л. ў форме неаламаркізму адбылося ў апошняй трэці 19 ст. як рэакцыя на пашырэнне дарвінізму.

т. 9, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЧНІКАЎ (Леў Ільіч) (30.5.1838, С.-Пецярбург — 30.6.1888),

расійскі географ і сацыёлаг. Брат І.І.Мечнікава. Адзін з аўтараў працы «Землеапісанне для народу» (Жэнева, 1868). У 1874—76 чытаў лекцыі па рус. мове ў Такійскім ун-це і вывучаў Японію. З 1876 быў памочнікам Э.Рэклю па стварэнні працы «Усеагульная геаграфія. Зямля і людзі». У 1881 апублікаваў даследаванне пра Японію, у 1889 — працу «Цывілізацыя і вялікія гістарычныя рэкі» (абодва на франц. мове), дзе выказаў тэорыю развіцця цывілізацый пад уплывам спрыяльных прыродных фактараў.

т. 10, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛАВІ́ДСКАЯ МЕМАРЫЯ́ЛЬНАЯ КАПЛІ́ЦА,

помнік архітэктуры неакласіцызму на Брэсцкай шашы, за 1,5 км ад в. Мілавіды Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 1930—33 у памяць» пра Мілавідскую бітву 1863 у час паўстання 1863—64. Капліца — цэнтрычнае збудаванне: на квадратным у плане цокалі ўстаноўлены 4 калоны, якія нясуць пліту антаблемента; у завяршэнні сферычны гранёны купал з ажурным крыжам. Унутр. прастора абмежавана міжкалоннымі арачнымі прасценкамі. На цокалі і пастаменце — памятныя надпісы.

А.​М.​Кулагін.

Мілавідская мемарыяльная капліца.

т. 10, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЭ́ЛАРЫ (Malory) Томас [каля 1417, Уорыкшыр, Вялікабрытанія — 14(?).3.1471], англійскі пісьменнік. Сабраў і апрацаваў сюжэты шматлікіх легенд, паданняў, раманаў пра караля Артура і рыцараў Круглага стала, на іх аснове стварыў рыцарскую эпапею «Смерць Артура» (1469), у якой паказаў крушэнне феад. рыцарства, адлюстраваў настроі эпохі Стогадовай (1337—1453) і Пунсовай і Белай ружы (1455—85) войнаў. Блізкі да гіст. хронік раман М. паўплываў на развіццё англ. прозы.

Тв.:

Рус. пер. — Смерть Артура. Кн. 1—3. М., 1991.

Літ.:

Мортон А.Л. От Мэлори до Элиота. М., 1970.

т. 11, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАХГЕШЫ́ХТЭ (ням. Nachgeschichte гісторыя, што адбылася пасля),

у літаратурным творы сціслыя звесткі пра герояў і падзеі, што адбыліся пасля развязкі. Разам з тэрмінам форгешыхтэ ўведзены ў рас. літ.-знаўства ў 1920-я г. Ад эпілога адрозніваецца лаканічнасцю інфармацыі і звычайна не вылучаецца ў адзінае кампазіцыйнае цэлае твора. Часцей практыкуецца ў малой прозе («У старых дубах» Я.​Коласа, «Былі ў мяне мядзведзі» У.​Караткевіча, «У канцы чэрвеня» Л.​Арабей), трапляецца і ў буйных эпічных творах («Лявон Бушмар», «Бацькаўшчына» К.​Чорнага).

т. 11, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О’КО́НАР ((O’Connor) Артур) (4.7.1763, г. Мітчэлстаўн, Ірландыя — 25.4.1852),

дзеяч ірл. нац.-вызв. руху. Дзядзька Ф.Э.О’Конара. У 1791—95 чл. ірл. парламента. З 1796 чл. т-ва «Аб’яднаныя ірландцы», у 1798 адзін з кіраўнікоў т-ва ў правінцыях Ольстэр і Ленстэр; выступаў за ўстанаўленне ў Ірландыі дэмакр. рэспублікі з усеагульным выбарчым правам. У 1798—1803 зняволены брыт. ўладамі. Эмігрыраваў у Францыю. У 1804—07 генерал, камандзір франц. дывізіі ў напалеонаўскай арміі. Аўтар памфлетаў пра становішча ў Ірландыі.

т. 11, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)