САРСУЭ́ЛА (ісп. zarzuela),

іспанскі нац. муз.-драм. жанр, дзе харавыя і сольныя нумары перамяжоўваюцца з размоўнымі дыялогамі і танцамі, блізкі да аперэты. Назва ад каралеўскай вілы каля Мадрыда, дзе ў 17 ст. адбыліся першыя пастаноўкі С. Раннія С. вядомы толькі як літ. творы; першая з захаваных з музыкай — «Адным толькі поглядам рэўнасць забівае» Х.​Ідальга (лібрэта П.​Кальдэрона, 1660). У 18 ст. С. заняпала, выцеснена італьян. операй. У 19 ст. з адкрыццём у Мадрыдзе некалькіх т-раў для пастановак С. пачалося адраджэнне жанру ў 2 кірунках: вялікая С. (у двух і болей актах) і малая С. (аднаактовая, з рысамі вадэвіля). Сярод аўтараў музыкі С. ў 17—18 ст. С.​Дуран, Г.​Брунеці, Л.​Бакерыні; у 19 ст. Ф.​Барб’еры, Ф.​Чуэка, Т.​Брэтон, Э.​Гранадас; у 20 ст. А.​Вівес, М.​Тароба.

т. 14, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕ́АБО́РГ, Суаменліна (швед. Sveaborg, фін. Suomenlinna),

горад-крэпасць у Фінляндыі, на а-вах Фінскага зал., каля ўваходу ў Хельсінкі.

Засн. шведамі ў 2-й пал. 18 ст. Асн. ўмацаванні пабудаваны ў 1749—70 пад кіраўніцтвам ген. А.​Эрэнсверда. У 1809—1917 у складзе Рас. імперыі, адна з баз Балт. флоту. У Крымскую вайну 1853—56 у жн. 1855 абстраляны англа-франц. флотам, ч. ўмацаванняў узарвана. У 1860—70 крэпасць рэканструявана. У час рэвалюцыі 1905—07 у Расіі тут адбылося ўзбр. выступленне салдат і матросаў (гл. Свеаборгскае паўстанне 1906). У 1-ю сусв. вайну нач. Свеаборгскай крэпасці быў з 1915 ген. К.​А.​Аляксееўскі. Ён і інш. вайскоўцы крэпасці, што паходзілі з Беларусі, у 1917—18 удзельнічалі ў бел. руху, у т. л. кантактавалі з арг-цыяй БСГ у Гельсінгфорсе (цяпер Хельсінкі), пратэставалі супраць разгону бальшавікамі 1-га Усебел. з’езда.

т. 14, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІ́ЦЯЗЬ,

возера ў Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл., у бас. р. Моўчадзь, за 22 км на Пд ад г. Навагрудак, на тэр. ландшафтнага заказніка Свіцязянскі. Пл. 2,24 км², даўж. 1,7 км, найб. шыр. 1,6 км, найб. глыб. 15 м. Пл. вадазбору 14 км². Катлавіна прасадачнага (суфазійнага) тыпу. Схілы спадзістыя, параслі лесам, на Пд і ПдЗ забалочаныя, тарфяністыя. Прыбярэжная ч. возера да глыб. 3—5 м выслана пяском, глыбакаводная — ілам. Вада слабамінералізаваная (да 35 мг/л), празрыстасць 4—5 м. Слаба зарастае. У возеры растуць лабелія Дортмана і палушнік азёрны, занесеныя ў Чырв. кнігу Беларусі. Выцякае р. Сваротва. На возеры пансіянат «Свіцязь», шматлікія зоны адпачынку. С. услаўлена А.Міцкевічам у баладах «Свіцязь» і «Свіцязянка». На зах. беразе С., каля в. Валеўка, выяўлена стаянка позняга палеаліту; знойдзены крамянёвыя наканечнікі стрэл, мікраліты, скрабкі, нуклеўсы.

Частка знаходак належыць да свідэрскай культуры.

т. 14, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛЬДЭРЭ́Й (Apium),

род кветкавых раслін сям. парасонавых. Каля 20 відаў, якія часам аб’ядноўваюць у 1 від — С. пахучы (A. graveolens) з падвідамі. Пашыраны па ўсіх кантынентах. Вырошчваўся ў стараж. Рыме і Егіпце, у Расіі — з 17 ст. На Беларусі культывуюць разнавіднасці С. пахучага: лісцевы (напр., сорт Кучаравы лісцевы), чаранковы (напр., сорт Залатое пяро) і караняплодны (напр., сорт Яблычны).

Двухгадовыя (у культуры аднагадовыя) травы. У першы год утвараюць разетку лісця выш. 30—50 см, на другі — баразнаватыя, прамыя, галінастыя сцёблы выш. да 150 см. Кветкі дробныя, зеленаватыя, крэмавыя, або белыя ў складаным парасоніку. Плод — сямянка. Лісце і караняплоды багатыя аскарбінавай к-той, карацінам, вітамінамі, мікраэлементамі, эфірным алеем. У кулінарыі С. выкарыстоўваецца ў свежым, вараным і смажаным выглядзе. З насення і лісця атрымліваюць эфірны алей. Лек. расліны.

В.​М.​Прохараў.

Сельдэрэй пахучы: 1 — караняплодны; 2 — лісцевы; 3 — чаранковы.

т. 14, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКРЫТАШЫ́ЙНЫЯ ЧАРАПА́ХІ (Cryptodira),

падатрад паўзуноў атр. чарапах. 8 сям., каля 50 родаў, 148 відаў. Вядомы з трыясу, паходзяць ад катылазаўраў. Пашыраны амаль усюды, акрамя Антарктыды. Большасць вядуць паўводны спосаб жыцця. На Беларусі 1 від — балотная чарапаха, занесеная ў Чырв. кнігу.

Даўж. панцыра ад 10 да 150 см, маса да 400 кг (слановыя чарапахі). Цела ўкрыта панцырам, які складаецца са спіннога (карапакс) і брушнога (пластрон) шчытоў. Здольныя ўцягваць шыю (адсюль назва) і галаву пад панцыр, пры гэтым выгінаюць шыю S-падобна ў верт. плоскасці. Тазавыя косці не зрошчаныя з панцырам. Пластрон укрыты 11—12 рагавымі шчыткамі. Адкладваюць яйцы на сушы. Кормяцца расл. і жывёльным кормам. Жывуць зрэдку да 150 гадоў. Некат. віды ў Чырв. кнізе МСАП. Асобныя віды — аб’екты развядзення і промыслу (выкарыстоўваюць мяса, тлушч, яйцы, рагавыя шчыткі. Іл. гл. да арт. Чарапахі.

т. 14, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАБАДА́,

тып сельскага паселішча. Назва звязана з тым, што ў перыяд феадалізму жыхары С. карысталіся часовым вызваленнем ад падаткаў. У зах. рэгіёнах Беларусі (асабліва ў Пінскім Палессі) такія пасяленні наз. Волямі, Вулькамі. Такія назвы атрымлівалі паселішчы, жыхары якіх вызваляліся (станавіліся вольнымі) на тэрмін ад 2 да 12 гадоў ад чыншу і павіннасцей з прычыны неўрадлівасці зямель, якія яны на інш. умовах адмаўляліся апрацоўваць. Такая сістэма асабліва пашырылася пасля Паўночнай вайны 1700—21. Пазней С. сталі называць невял. пасёлкі гар. тыпу каля павятовых гарадоў, дзе жылі рамеснікі, што пакінулі абшчыну і толькі часткова былі звязаны з сельскай гаспадаркай. Пад уплывам розных сац.-эканам. і паліт. прычын С. зліліся з гарадамі або трансфармаваліся ў звычайныя сельскія паселішчы і сталі назвамі вёсак (напр., Слабада ў Мінскім р-не) або часткамі назвы вёсак (напр., Чырвоная Слабада ў Салігорскім р-не).

т. 14, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

бубён

1. Высокае месца (Карм.).

2. Высокая і бедная травастоем паша (Слаўг.).

□ ур. Бубён (высокі бераг з пясчанымі і крутымі схіламі) каля в. Глінкі Паштовай Карм., Бу́бны (азярына на лузе) каля в. Шарсцін Ветк.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

вы́пас

1. Месца каля вады, дзе пасуць жывёлу (БРС).

2. Месца каля двароў, дзе пастух збірае статак; выган (Жытк.). Тое ж вы́пасак (Слаўг., Шчуч.), вы́пуск, вы́пусак (Слаўг.).

□ ур. Выпасак (лог) сярод в. Шаламы Слаўг.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

гал Палянка ці з рэдкай расліннасцю прастора ў лесе, на балоце (р. Пціч Серб. 1915, Слаўг., Смален. Дабр.).

□ ур. Крьшаў га́л каля в. Ржаўка Слаўг., ур. Гал (балота, выгар, луг) каля в. Забалоцце Слаўг.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

руччы́ Месца, дзе зліваюцца ручаі ў рэчку; багатае крыніцамі месца (Слаўг., Уш.). Тое ж ру́ччы (Слаўг.).

□ ур. Руччы́ (сенажаць) каля в. Серкаўка Слаўг., ур. Руччы́ і Камянны́я Руччы́ (крынічнае месца) каля в. Чарсвяны Уш.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)