БРЫГА́ДА [франц. brigade ад італьян. brigata згуртаванне, атрад (ваен.)],
1) тактычнае вайск. злучэнне ва ўзбр. сілах; прамежкавая баявая адзінка паміж палком і дывізіяй. У сухап. войсках складаецца з батальёнаў, дывізіёнаў (радзей палкоў), падраздзяленняў баявога забеспячэння і тылу; у ВПС — з эскадрылляў; у ППА — з дывізіёнаў (батальёнаў); у ВМФ — з караблёў або дывізіёнаў караблёў; у спец. войсках — з батальёнаў. Уваходзіць у склад дывізіі або з’яўляецца самаст. адзінкай у аператыўным аб’яднанні, можа весці бой і ў складзе аб’яднання і самастойна. Як баявая адзінка брыгада з’явілася ў ісп. арміі ў 2-й пал. 16 ст. У 2-й пал. 17 ст. стала асн. тактычным фарміраваннем пяхоты і кавалерыі амаль ва ўсіх арміях Еўропы, у т. л. ў войску ВКЛ. З развіццём баявой тэхнікі і ўзбраення, са з’яўленнем новых родаў войск і спец. войск пачалі стварацца брыгады артыл., мінамётныя, сапёрныя, танкавыя, авіяц., чыгуначныя і інш. У 1-ю і 2-ю сусв. войны брыгады рознага прызначэння былі ў складзе армій усіх краін. Брыгада — адна з гал. баявых адзінак Узбр. Сіл Беларусі.
2) Самаст. фарміраванне некалькіх партыз. атрадаў, пашыранае ў Вял. Айч. вайну на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Беларусі (гл.Партызанская брыгада).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫМЯРА́ЛЬНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
сродкі вымярэння, якія даюць магчымасць непасрэдна адлічваць (рэгістраваць) значэнне велічыні, што вымяраецца.
Паводле прызначэння падзяляюцца на электравымяральныя прылады, цеплатэхнічныя прылады, метэаралагічныя прылады, гідралагічныя прылады, актынаметрычныя (актынометры, піргеліёметры, альбедометры, балансамеры), астранамічныя інструменты і прылады, геадэзічныя прылады і інструменты, акустычныя (фазометры, шумамеры, акустычныя інтэрферометры і інш.), метралагічныя (эталонныя) прылады для градуіроўкі і праверкі рабочых вымяральных прылад (напр., квантавы гадзіннік, гл. таксама Метралогія), прылады для вымярэння часу (гадзіннік, гадзіннік астранамічны), вуглавых і лінейных скарасцей і паскарэнняў (акселерометры, тахометры, спідометры), радыётэхн. вымяральныя прылады (асцылограф, частатамер і інш.), спец. прылады (авіяцыйныя, карабельныя і інш., напр., вышынямер, гіракомпас). Пашыраны і камбінаваныя вымяральныя прылады, якія вымяраюць некалькі велічынь (ампервальтомметр і інш.). Паводле формы атрымання інфармацыі вымяральныя прылады бываюць аналагавыя (значэнне велічыні паказваецца на шкале) і лічбавыя (на спец.індыкатары), з візуальным адлічваннем і самапісныя (барографы, тэрмографы, індыкатары ціску, лічбавыя друкавальныя хранографы). Пашыраны інтэгральныя вымяральныя прылады, якія даюць сумарнае значэнне велічыні за пэўны час (напр., лічыльнікі электрычныя, расхадамеры). Адрозніваюць таксама вымяральныя прылады аўтаматычныя і ручнога кіравання. Найб. пашыраны вымяральныя прылады прамога дзеяння (прамога пераўтварэння) і прылады параўнання, у якіх велічыня, што вымяраецца, параўноўваецца з адпаведнай мерай (вагі, патэнцыёметры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГЕ́РМАН»
(«Herman»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан і мясц. насельніцтва ў акупіраваных Валожынскім, Івянецкім, Любчанскім, Навагрудскім, Юрацішкаўскім р-нах у Вял. Айч. вайну. Праводзілася 1.7—11.8.1943 сіламі 1-й матарызаванай брыгады СС, 3 паліцэйскіх палкоў, асобага батальёна СС А.Дзірлевангера, 3 батальёнаў вермахта, паліцэйскіх батальёнаў, 5 жандарскіх, грэнадзёрскіх і артыл. узводаў, падраздзяленнямі нач. паліцыі бяспекі і СД Беларусі, спец. падраздзяленнямі з Мінска (усяго больш за 50 тыс.чал.). Для вывазу нарабаванага, адпраўкі насельніцтва ў Германію прыцягваліся спец. каманды баранавіцкага гебітскамісарыята, упаўнаважаныя гасп. інспекцыі «Усход». Гітлераўцы шчыльна блакіравалі Івацэвіцка-Налібоцкую партыз. зону, у якой дыслацыраваліся 5 партыз. брыгад і 6 атрадаў. У пач. баявых дзеянняў партызаны разграмілі варожую аўтакалону, захапілі штабную карту і план аперацыі, таму была зроблена перагрупоўка партыз. сіл. Баі працягваліся 35 дзён. У выніку аперацыі партызаны выйшлі з-пад удараў гітлераўцаў разам з часткай насельніцтва; фашысты загубілі 4280 сав. грамадзян, 654 аддалі на расправу паліцыі бяспекі і СД, для вывазу ў Германію захапілі 20 944 чал., у т. л. 4173 дзяцей, поўнасцю рэквізавалі жывёлу, спалілі больш за 150 вёсак, з іх некалькі разам з жыхарамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАПАМО́ЖНАЯ ШКО́ЛА,
спецыяльная навучальна-выхаваўчая ўстанова для разумова адсталых дзяцей, задача якой — максімальная карэкцыя парушэнняў іх псіхічнага і фіз. развіцця ў працэсе вучобы, выхавання, а таксама заняткаў па выпраўленні дэфектаў развіцця і лячэбна-аздараўленчай работы. Прызначана забяспечыць адаптацыю і інтэграцыю дзяцей у грамадстве за кошт прафесійна-прац. падрыхтоўкі і інтэграванага навучання ў адпаведнасці з узроставымі і індывід. асаблівасцямі іх разумовага і фіз. развіцця. Першыя Д.ш. ўзніклі ў Германіі і Францыі ў 1-й пал. 19 ст. У Беларусі адкрыты ў 1918—20 (у Віцебску, Магілёве, Мінску). Асн. тып Д.ш. — школы-інтэрнаты. Частка дзяцей вучыцца ў звычайных школах (інтэграванае навучанне), некат. атрымліваюць карэкцыйную дапамогу на дэфекталагічных пунктах і ў дыягностыка-рэабілітацыйных цэнтрах. Навучанне вядзецца па спец. вучэбных планах, праграмах і падручніках. Напаўняльнасць класаў каля 12 чал. Большасць выпускнікоў Д.ш. уключаюцца ў вытв. працу. Дзеці з цяжкай формай разумовай адсталасці знаходзяцца ва ўстановах Мін-васац. абароны (дамы-інтэрнаты псіханеўралагічнага профілю). Пед. кадры для Д.ш. са спец. сярэдняй адукацыяй рыхтуюць Салігорскае пед. вучылішча і Магілёўскі пед. каледж, з вышэйшай — Бел.пед.ун-т. Навукова-даследчую работу ў гэтым кірунку вядзе Нац.ін-т адукацыі. У 1996/97 навуч.г. ў Беларусі 49 Д.ш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎЧУ́КІ СІНТЭТЫ́ЧНЫЯ,
эластычныя сінт. палімеры, якія могуць быць перапрацаваны ў гуму. Атрымліваюць полімерызацыяй ці полікандэнсацыяй.
Прыняты класіфікацыя і назва К.с. па манамерах, якія выкарыстоўваюць для атрымання каўчукоў (ізапрэнавыя, бутадыенавыя, бутадыен-стырольныя і да т. п.), ці па характэрнай групоўцы (атамах) у асн. ланцугу ці (і) бакавых групах макрамалекул (напр., полісульфідныя, крэмнійарган., фторкаўчукі). Паводле спосабу полімерызацыі падзяляюць на эмульсійныя і растворныя, па выпускной форме — на цвёрдыя, парашкападобныя, вадкія каўчукі, латэксы сінтэтычныя (водныя дысперсіі К.с.), па галінах выкарыстання — на каўчукі агульнага і спец. прызначэння. К.с. агульнага прызначэння (напр., ізапрэнавыя каўчукі, бутадыенавыя каўчукі, бутадыен-стырольныя каўчукі) выкарыстоўваюць для вытв-сці гумавых вырабаў (як і каўчук натуральны). Да каўчукоў спец. прызначэння адносяць масла- і бензаўстойлівыя (напр., бутадыен-нітрыльныя каўчукі), тэрмаўстойлівыя (напр., крэмнійарганічныя каўчукі), устойлівыя да ўздзеяння агрэсіўнага асяроддзя (напр., поліізабутылен), з высокай газанепранікальнасцю (напр., бутылкаўчукі) і К. с. з інш. ўласцівасцямі, якія адсутнічаюць у натуральным каўчуку і забяспечваюць выкарыстанне вырабаў з іх у спецыфічных (звычайна экстрэмальных) умовах Прамысл.вытв-сць К.с. (натрыйбутадыенавага) распачата ў 1932 у СССР паводле спосабу С.В.Лебедзева.
Літ.:
Догадкин Б.А., Донцов А.А., Шершнев В.А. Химия эластомеров. 2 изд. М., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ТЫЮ ЗЛУЧЭННІ,
хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць літый. Найб. пашыраныя — солі мінер. кіслот, бінарныя неарган. злучэнні і літыйарганічныя злучэнні.
Літыю аксід Li2O — асноўны тугаплаўкі аксід (tпл 1453 °C). Утвараецца пры награванні металу ў паветры. Выкарыстоўваюць як кампанент спец. шкла (напр., з невялікім тэмпературным каэф. лінейнага расшырэння), палівы і эмалей (павышае іх хім. і тэрмічную ўстойлівасць). Літыю алюмагідрыд LiAlH4 — крышт. парашок, які бурна ўзаемадзейнічае з вадой, спіртамі і к-тамі з вылучэннем вадароду. Выкарыстоўваюць як селектыўны аднаўляльнік у арган. сінтэзе, асушальнік растваральнікаў, для атрымання гідрыдаў. Літыю гідраксід LiOH — моцная аснова (шчолач). Вельмі гіграскапічнае рэчыва. Выкарыстоўваюць як кампанент электралітаў у шчолачных акумулятарах, паглынальнік вуглякіслага газу ў процівагазах, падводных лодках, самалётах. LiOH і яго водныя растворы выклікаюць апёкі скуры і слізістых абалонак. Літыю гідрыд LiH раскладаецца вадой з утварэннем LiOH і вадароду. У прам-сці атрымліваюць узаемадзеяннем расплаву Li з вадародам пры 630—730 °C. Выкарыстоўваюць як крыніцу вадароду для напаўнення аэрастатаў, аднаўляльнік у арган. сінтэзе, для атрымання боравадародаў, літыйарган. злучэнняў, трытыю. Солі літыю (фтарыд LiF, карбанат Li2CO3, сульфат Li2SO4 і інш.) выкарыстоўваюць як кампаненты спец. шкла, тэрмаўстойлівай керамікі, палівы, эмалей, люмінафораў, лек. сродкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРТЭ́НАЎСКАЯ ПЕЧ (ад прозвішча франц. металурга П.Э.Мартэна),
полымная рэгенератыўная печ для вытв-сці сталі з чыгуну і стальнога лому. Выкарыстоўваюцца таксама ў дуплекс-працэсе. Бываюць стацыянарныя (найб. пашыраны) і хістальныя.
Верхняя ч. стацыянарнай М.п. складаецца з рабочай прасторы, дзе вядуць плаўку пры т-ры да 1800 °C і вышэй, левай і правай галовак, па якіх паступае вадкае або газападобнае паліва і паветра (гл.Мартэнаўскі працэс). Чыгун, стальны лом, флюсы і інш. зыходныя матэрыялы загружаюць у рабочую прастору праз спец. вокны завалачнымі машынамі. Ў ніжняй ч. печы ёсць рэгенератары для падагрэву паветра і газападобнага паліва, шлакавікі для збірання пылу і шлакаў. У хістальных М.п. рабочая прастора спец. механізмамі нахіляецца ў бок рабочай пляцоўкі (для спуску шлаку) і разлівачнага пралёту (для выпуску металу). Умяшчальнасць М.п. да 900 т. Першая М.п. пабудавана ў 1864 у Францыі, у Расіі — у 1870 на Сормаўскім з-дзе. У 1970-я г. з пераходам на кіслародна-канвертарны працэсбуд-ва М.п. фактычна спынена.