He was arrested and questioned about the missing money.Яго арыштавалі і дапытвалі пра грошы, што прапалі.
2. сумнява́цца, падвярга́ць сумне́нню;
question a decision сумнява́цца ў пра́вільнасці рашэ́ння;
I question whether he is right. Я не ўпэўнены, што ён мае рацыю.
Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)
reconcile[ˈrekənsaɪl]v.
1. (with) міры́ць; па міры́ць, прыміры́ць;
Friends managed to reconcile him with his wife. Сябрам удалося памірыць яго з жонкай.
2. ула́джваць, урэгулёўваць;
reconcile quarrels ула́джваць сва́ркі
3. (with) прыво́дзіць у адпаве́днасць; узгадня́ць;
reconcile duty with pleasure сумяшча́ць абавя́зкі і задавальне́нне
4. скара́цца, прыміра́цца;
reconcile to smth. прыміры́цца з чым-н.;
reconcile oneself to one’s fate скары́цца свайму́ лёсу
Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)
ДУБО́ЎКА (Уладзімір Мікалаевіч) (15.7.1900, в. Агароднікі Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. — 20.3.1976),
бел. паэт, празаік, перакладчык. Скончыў Нова-Вілейскую настаўніцкую семінарыю (1918), Вышэйшы літ.-маст.ін-т імя В.Брусава (1924). У 1922—25 адказны сакратар пастпрэдства БССР пры Урадзе СССР. У 1924—27 выкладчык бел. л-ры ў Камуніст. ун-це народаў Захаду, у 1926—30 рэдактар «Збору законаў і загадаў Рабоча-Сялянскага ўраду Саюза ССР». У 1930 арыштаваны і асуджаны на высылку ў Яранск, у 1937 — на 10 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у Кіраўскай вобл., Чувашыі, на Д.Усходзе, у Грузіі, Краснаярскім краі. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1921. Аўтар зб-каў вершаў «Строма» (1923), «Трысцё» (1925), «Credo» (1926), «Наля» (1927), паэм «Там, дзе кіпарысы» (1925), «Браніслава» (1929). Паэзія Д. вырасла на здабытках бел. фальклору, традыцыях Я.Купалы, М.Багдановіча, Т.Шаўчэнкі, А.Блока, В.Брусава і інш. Яна вызначаецца ўслаўленнем чалавека працы, патрыят. пафасам, увагай да гераічных старонак нац. гісторыі, актыўнасцю маст. пошукаў, высокай творчай культурай (вобразная асацыятыўнасць, глыбіня падтэксту, дасканаласць гукавой інструментоўкі, рытмічная гнуткасць, багацце рыфмы, моўная вынаходлівасць). Яго паэзія пашырыла выяўленчыя магчымасці бел. вершаванага слова, узбагаціла рамант. стылявую плынь у л-ры свайго часу. Філас. заглыбленасць, складаная сюжэтна-кампазіц. структура ўласцівы яго трылогіі (паэмы «Кругі», 1927; «І пурпуровых ветразей узвівы», 1929; «Штурмуйце будучыні аванпосты!», нап. 1929, апубл. 1965) — маштабнаму твору паэт. эпасу аб часе, лёсе мастацтва і шляхах яго развіцця, аб індустрыялізацыі краіны і калектывізацыі сельскай гаспадаркі. У 1920-я г. паэзія Д. вызначала істотныя асаблівасці літ. працэсу, рабіла плённы ўплыў на многіх бел. паэтаў. Пра мужнасць жанчыны, яе нялёгкі лёс у Вял.Айч. вайну, маральную чысціню і самаахвярнасць пісаў у шэрагу балад і паэмах «Перад іменем Любові» (1958), «Беларуская Арыядна» (1960). Поліфанічнай песняй пра Беларусь і яе народ стала кн. «Палеская рапсодыя» (1961, Літ. прэмія імя Я.Купалы 1962). Аўтар навук.-прыгодніцкіх аповесцей для дзяцей «Жоўтая акацыя» (1967) і «Ганна Алелька» (1969), якія займальна папулярызуюць доследніцтва, вучаць па-гаспадарску ставіцца да прыроды. Аўтабіягр. апавяданні-абразкі склалі кн. «Пялёсткі» (1973). З высокім майстэрствам рабіў апрацоўкі фальклорных сюжэтаў (зборнікі «Цудоўная знаходка», 1960; «Кветкі — сонцавы дзеткі», 1963; «Казкі», 1968; «Залатыя зярняты», 1975). На бел. мову перакладаў творы У.Шэкспіра («Санеты», 1964), Дж.Байрана (вершы, паэмы «Шыльёнскі вязень», «Бронзавы век», містэрыя «Каін»), І.В.Гётэ, У.Сыракомлі, Ю.Славацкага, Ду Фу, Абу-ль-Фараджа аль-Ісфахані, А.Пушкіна, Брусава, С.Ясеніна, А.Пракоф’ева, П.Тычыны, У.Сасюры, М.Рыльскага і інш. Аўтар артыкулаў пра бел. л-ру, фальклор, мову і інш.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1965;
[Вершы]. Мн., 1970;
Як Алік у тайзе заблудзіўся. Мн., 1974.
Літ.:
Бугаёў Дз. Уладзімір Дубоўка. Мн., 1965;
Яго ж. Талент і праца. Мн., 1979. С. 3—49;
Арочка М. Саюз часу і майстэрства. Мн., 1981. С. 86—117;
Лойка А., Пшыркоў Ю. Пясняр высокіх дум і глыбокіх пачуццяў // На высокай хвалі. Мн., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НРЫХ (Henri),
імя правіцеляў сярэдневяковай Германіі і «Свяшчэннай Рымскай імперыі».
Генрых I Птушкалоў (каля 875—2.7.936), герцаг Саксоніі (Генрых; з 912) і герм. кароль (у 919—936), заснавальнік Саксонскай дынастыі. Выбраны каралём пасля смерці Конрада I. Шляхам кампрамісаў ліквідаваў мяцяжы герцагаў Швабіі (919) і Баварыі (921). Стабілізаваў каралеўскую ўладу, пабудаваў мноства крэпасцей (бургаў), стварыў моцнае коннае войска. Далучыў Латарынгію (925), перамог венграў каля Рыядзе на р. Унструт (933), намагаўся абкласці данінай палабскіх славян, заснаваў марку (пагран. вобласць) у Шлезвігу (935). Яго пераемнікам стаў старэйшы сын (гл.Атон I).
Генрых II Святы (6.5.973, г. Бад-Абах, Германія — 13.7.1024), герцаг Баварыі (Генрых IV; з 995), герм. кароль (з 1002), імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» (у 1014—24). З Саксонскай дынастыі. У 1007 заснаваў епіскапства Бамберг. Умацаваў панаванне імперыі ў Паўн. (1004) і Паўд. (1021/22) Італіі. Праз падтрымку царквы клапаціўся пра ўмацаванне сваёй улады. У 1146 кананізаваны царквой.
Генрых III (28.10.1017—5.10.1056), герцаг Баварыі (з 1027), герм. кароль (з 1028), герцаг Швабіі, Карынтыі і кароль Бургундыі (з 1038), імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» (у 1046 — 56). З Франконскай (Салічаскай) дынастыі. Сын Конрада II. Самастойна правіў з 1039. У час паходу ў Італію (1046—47) скінуў рым. пап, якія сапернічалі паміж сабой; пазней неаднаразова прызначаў кандыдатаў на папскі прастол. Дамогся прызнання залежнасці ад імперыі Венгрыі і Багеміі (Чэхіі).
Генрых IV (11.11.1050, г. Гослар, Германія — 7.8.1106), кароль з 1056, імператар у 1084—1106 (каранаваны як імператар у Рыме антыпапам Кліментам III). З Франконскай (Салічаскай) дынастыі. Сын Генрыха III. Самастойна правіў з 1065. Задушыў Саксонскае паўстанне 1073—75. З 1076 на працягу больш як 20 гадоў вёў з рым. папамі (Грыгорыем VII і інш.) барацьбу за інвестытуру, адным з эпізодаў якой было т.зв. «хаджэнне ў Каносу».
Генрых V (11.8.1086 — 23.5.1125), кароль з 1106, імператар у 1111—25 (нашчадак прастола з 1098). Апошні з Франконскай (Салічаскай) дынастыі. Сын Генрыха IV. Пры жыцці бацькі зблізіўся з яго праціўнікамі — рымскім папам і часткай ням. курфюрстаў. Стаўшы правіцелем, аднавіў барацьбу з папствам за інвестытуру, якая завяршылася Вормскім канкардатам (1122).
Генрых VI (1165, г. Німвеген, цяпер г. Неймеген, Нідэрланды — 28.9.1197), германскі кароль (з 1190) і імператар (у 1191—97), кароль Сіцыліі (з 1194). З дынастыі Гогенштаўфенаў (гл.Штаўфены). Сын Фрыдрыха I Барбаросы. У 1186 ажаніўся са спадчынніцай сіцылійскага прастола Канстанцыяй. Падтрымаў франц. караля Філіпа II у яго барацьбе супраць англ. караля Рычарда I Львінае Сэрца (восенню 1192 паланіў Рычарда і пратрымаў яго ў палоне каля 2 гадоў). У 1194 захапіў Сіцылію. Апантаны ідэяй стварэння «сусв. манархіі» Гогенштаўфенаў, пачаў падрыхтоўку да вайны супраць Візантыі; у час прыгатаванняў і памёр.
Генрых VII (1274 ці 1275—24.8.1313), кароль з 1308, імператар у 1312—13 (каранаваны як імператар у Рыме). З дынастыі Люксембургаў. Сын Генрыха III Люксембургскага. Выбраны каралём большасцю курфюрстаў. У 1310 праз дынастычны шлюб дамогся перадачы чэш. прастола свайму сыну Іагану (Ян Люксембургскі). Пазней, намагаючыся зноў падпарадкаваць імперыі Італію, здзейсніў туды паход.
Да арт.Генрых (германскія правіцелі). Генрых II Святы (злева) і Генрых VI.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЦАРТ ((Mozart) Вольфганг Амадэй) (27.1.1756, г. Зальцбург, Аўстрыя — 5.12.1791),
аўстрыйскі кампазітар; прадстаўнік венскай класічнай школы. Вучыўся ў бацькі — скрыпача і кампазітара Л.Моцарта. Выключныя муз. здольнасці выявіў у раннім дзяцінстве, меў фенаменальныя муз. слых і памяць. З 1762 прафес. музыкант, віртуозна валодаў клавесінам, арганам, скрыпкай, з трыумфам гастраліраваў па краінах Еўропы. У 1769—81 (з перапынкамі) канцэртмайстар, з 1779 арганіст архіепіскапа ў Зальцбургу. З 1781 у Вене, з 1787 «імператарскі і каралеўскі камерны музыкант» пры двары Іосіфа II. Адзін з заснавальнікаў (з І.Гайднам і Л.Бетховенам) класічнага стылю ў музыцы, звязанага з распрацоўкай сімфанізму як вышэйшага тыпу муз. мыслення, закончанай сістэмы класічных інстр. жанраў (сімфонія, канцэрт, саната, квартэт) і норм муз. мовы, яе функцыянальнай арганізацыі. У яго творчасці гарманічная цэласнасць быцця, яснасць, светланоснасць і прыгажосць спалучаюцца з глыбокім драматызмам. У цэнтры маст. свету М. — асоба чалавека, якую ён раскрывае як лірык і драматург. Творчасць М. ўвабрала і геніяльна абагульніла маст. вопыт розных эпох, нац. школ, традыцый нар. мастацтва. Найб. выразна яго наватарства выявілася ў муз.-сцэн. творах. Лепшым операм уласцівы арганічнае адзінства драм. і муз.-сімф. заканамернасцей, індывідуальнасць драматургічных вырашэнняў. М. стварыў уласны тып оперы-драмы («Ідаменей»; паст. 1781), оперы-буфа («Вяселле Фігара»; паст. 1786). Зінгшпіль ён ператварыў у філас. казку-прытчу, прасякнутую асветніцкімі ідэямі («Чароўная флейта», паст. 1791). Драматургія оперы «Дон Жуан» (паст. 1787) вылучаецца шматпланавасцю кантрастаў, незвычайным сінтэзам оперна-жанравых форм (оперы «Вяселле Фігара», «Чароўная флейта» і «Дон Жуан» у розныя гады паст. ў Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі). Вядучыя жанры ягоінстр. музыкі — сімфонія, камерныя ансамблі, канцэрты. Найб. значныя з інстр. твораў — 3 сімфоніі — Es-dur, g-moll, C-dur (усе 1788), у якіх па-рознаму вырашаны пытанні тэматыкі, трактоўкі цыкла і самога жанру на аснове бездакорнай аркестравай тэхнікі і поліфанічнага майстэрства. Распрацаваў тып камерна-інстр. ансамбля з вытанчанай лірыка-філас. эмацыянальнасцю, развітым гамафонна-поліфанічным складам, складанай гарманічнай мовай. Заснавальнік новага піяністычнага стылю і класічнага тыпу канцэрта. Яго незакончаны трагедыйны Рэквіем (1791, завершаны Ф.К.Зюсмайрам) адлюстроўвае непрымірымыя супярэчнасці рэчаіснасці і філас. роздум пра сэнс жыцця. Гарманічная, меладычна шчодрая, аптымістычная па духу і дэмакратычная па накіраванасці творчасць М. ахоплівае ўсе муз. жанры. Ён аўтар 17 опер, 2 араторый, 4 кантат, царк. твораў (месы, літаніі, вячэрні, араторыі, матэты), больш як 70 вак.-сімф. твораў (арыі, ансамблі, хары з арк.), каля 50 сімфоній, каля 40 ансамблева-арк. сюіт (дывертысменты, серэнады, накцюрны, касацыі), 40 інстр. канцэртаў, у т. л. каля 30 для фп. з арк., 5 для скрыпкі з арк., 4 для валторны з арк., больш як 50 камерных ансамбляў, санат для фп., для скрыпкі і фп., песень і інш. Існуе цэнтр моцартазнаўства Моцартэум.
Літ.:
Черная Е.С. Моцарт: Жизнь и творчество. 2 изд. М., 1966;
Яе ж. Моцарт и австрийский музыкальный театр. М., 1963;
Эйнштейн А. Моцарт: Личность. Творчество: Пер. с нем. М., 1977;
Аберт Г. В.А.Моцарт: Пер. с нем. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1987—90;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗНА́ННЕ,
вышэйшая форма адлюстравання, аналізу і ўзнаўлення аб’ектыўнай рэчаіснасці ў мысленні; працэс атрымання і выпрацоўкі ведаў. Ахоплівае канкрэтныя сферы жыццядзейнасці людзей і ажыццяўляецца ў розных спалучэннях жывога і назапашанага вопыту, які перадаецца ад аднаго пакалення да другога. У гэтым плане адрозненне П. і ведаў ёсць адрозненне працэсу і выніку: у ходзе выкарыстання элементаў канкрэтных ведаў для вырашэння праблем жыцця яны пераўтвараюцца і перапрацоўваюцца чалавекам і зноў вяртаюцца ў працэс П. Аб’ектам П. з’яўляецца частка матэрыяльнага свету або духоўнай сферы (аб’ектыўная рэч, прырода, грамадства, свядомасць), а яго суб’ектам выступаюць асобныя індывіды, групы людзей, грамадства, усё чалавецтва. З развіццём грамадства павялічваецца «культурны багаж» суб’екта П., узбагачаюцца і мадыфікуюцца сродкі яго дзейнасці, адбываецца ўсё больш глыбокае пранікненне ў скрытыя сутнасці рэчаў і з’яў. Гэта аб’ектыўна спрыяе вырашэнню адной з гал. задач П. — дасягненне ісціны. На ролю ісціны могуць прэтэндаваць толькі тыя веды, якія прайшлі праверку практыкай. У П. вылучаюць 2 узроўні: пачуццёвы і рацыянальны. Пачуццёвае П. ажыццяўляецца ў 3 асн. формах: адчуванне, успрыманне і ўяўленне. У пачуццёвых вобразах фіксуецца пераважна знешні бок прадметаў і з’яў рэальнага свету, таму яны так або інакш падобны з ім, у чымсьці аналагічныя яму. Аднак гэта адноснае падабенства, бо пачуццёвае адлюстраванне свету індывідуальнае: кожны чалавек бачыць і ацэньвае рэч не так, як яе ўспрымае другі чалавек. Рацыянальнае П. мае больш абстрактны характар і дазваляе выявіць агульныя, істотныя сувязі з’яў і прадметаў. Яно ажыццяўляецца і функцыянуе з выкарыстаннем 3 асн. форм — паняцця, суджэння і розумазаключэння, якія з’яўляюцца неабходнымі і дастатковымі для ажыццяўлення складаных аперацый лагічнага мыслення і дазваляюць у П. рухацца ад з’явы да сутнасці, ад непасрэднага да апасродкаванага, ад адзінкавага да агульнага, ад выпадковага да заканамернага і ўсеагульнага. Узаемасувязь пачуццёвага і рацыянальнага П. заснавана на ўзаемадзеянні першай і другой сігнальных сістэм, адбываецца ў псіхіцы чалавека, якая ў гэтай якасці ўяўляе сабой духоўную творчасць (гл. таксама Інтуіцыя, Інтуіцыянізм, Бессвядомае).
Вылучаюць таксама асн. віды пазнавальнага працэсу: звычайнае, міфалагічнае, містычнае і навук. П.; часам да іх дадаюць містычны і экстрасэнсорны віды П.Звычайнае П. (жыцейскае, штодзённае) — першасная пач. форма пазнавальнай дзейнасці суб’екта, якая служыць яго прыстасаванню да рэальных умоў жыцця і выступае неабходнай перадумовай авалодвання ім інш. спецыялізаванымі відамі ведаў. Навуковае П. арыентавана на адкрыццё законаў і з’яў, невядомых практыцы да гэтага часу, недаступных звычайнаму П. Яно, у сваю чаргу, ажыццяўляецца на 2 узроўнях: эмпірычнае П., якое дае звесткі пра знешнія бакі і сувязі аб’екта, і тэарэтычнае П., якое раскрывае ўнутр., скрытыя ад назірання сувязі і законы. Асн. метадамі эмпірычнага П. выступаюць назіранне, эксперымент, аналіз, індукцыя, сінтэз і інш., тэарэтычнага П. — гіпатэтыка-дэдукцыйны метад, ідэалізацыя, мадэліраванне, пабудаванне навук.тэорыі.
Традыц. сродкі і метады П., заснаваныя на аб’ектна-суб’ектных адносінах, адрозніваюцца ад яго тлумачэння на аснове суб’ектыўна-суб’ектных адносін, дзе гал. пазнавальным сродкам лічаць эмацыянальна-пачуццёвыя і эмацыянальна-валявыя фактары любові і веры. Любоў, з гэтага пункту погляду, сцвярджае каштоўнасць таго, на каго накіравана гэта пачуццё, а найб. адэкватна яна раскрываецца ў веры, якая папярэднічае ведам і дазваляе чалавеку рухацца наперад у сферы П. невядомага. У сучаснай навуцы і філасофіі прызнаецца прынцыповая магчымасць П. рэчаіснасці, але ў розных навук. плынях і школах па-рознаму падыходзяць да вырашэння пытання характару і працэсу П., яго мэт, характэрных рыс, магчымасцей. Агульнае вучэнне аб пазнавальнай дзейнасці дае філас. тэорыя П. — гнасеалогія. Спецыфічныя праблемы і бакі працэсу П. даследуюцца гісторыяй навукі, навуказнаўствам, кагнетыўнай псіхалогіяй, сацыялогіяй навукі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛЕЖ (Іван Паўлавіч) (8.2.1921, в. Глінішча Хойніцкага р-на Гомельскай вобл. — 9.8.1976),
бел. пісьменнік. Нар. пісьменнік Беларусі (1972). Скончыў БДУ (1945). Удзельнік Вял.Айч. вайны. У 1942 пад Растовам цяжка паранены. У 1941—42 вёў дзённік. З 1945 працаваў у час. «Полымя», у апараце ЦККП(б)Б. З 1966 сакратар, у 1971—76 нам. старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Дэбютаваў вершамі ў 1939. Як празаік упершыню выступіў у 1943 у газ. «Бугурусланская правда». Першае апавяданне на бел. мове «Сустрэча ў шпіталі» (1944). Адно з ранніх апавяданняў — «У завіруху» — высока ацаніў К.Чорны. У 1946 яно дало назву зборніку. Аповесць «Гарачы жнівень» (1946) пра цяжкасці аднаўленчага перыяду. Першы раман «Мінскі напрамак» (1952). У 1960—70-я г. гэты твор перапрацаваны і стаў больш шматпланавым і маштабным па ахопе падзей, багатым на сапраўдныя нар. характары, праз якія пераканаўча паказана героіка і трагедыя вайны. Выдаў зб-кі апавяданняў «Блізкае і далёкае» (1954), «У гарах дажджы» (1957), «Што ён за чалавек» (1961). Аўтар п’есы пра інтэлігенцыю «Пакуль вы маладыя» (1956, паст.Бел. т-рам імя Я.Купалы 1957), гісторыка-рэв. драмы «Дні нараджэння» (1958, паст. тамсама 1959). Найвялікшым дасягненнем М. і ўсёй бел. л-ры стала трылогія з цыкла «Палеская хроніка» — раманы «Людзі на балоце» (1961, Літ. прэмія імя Я.Коласа 1962), «Подых навальніцы» (1964—65, за абодва Ленінская прэмія 1972) і «Завеі, снежань» (1976). Раман «Людзі на балоце» М. пачаў як твор лірычны і называў яго «лірычным раманам», а наступныя раманы трылогіі ствараў ужо як трагедыйныя раманы-даследаванні. У іх выявілася грамадз. смеласць і ідэйна-маст. маштабнасць у асэнсаванні складаных абставін калектывізацыі на Палессі, жыцця Беларусі 1920—30-х г., праўдзівасць і шчырасць аўтара ў спалучэнні з яго высокай прафес. культурай, глыбокім і тонкім псіхалагізмам, разуменнем душы бел. селяніна. Непаўторная маст. канцэпцыя тагачаснага жыцця народа, вял. ідэйны змест данесены праз дасканалую маст. форму і адметныя вобразы. Лёс і драма жыцця і кахання Васіля Дзятла і Ганны індывідуальныя, глыбока народныя; і астатнія вобразы паказаны ва ўсёй іх складанасці, глыбіні і непаўторнасці, яны сцвярджаюць чалавечнасць у чалавеку. «Палеская хроніка» — глыбокае філасофска-маст. асэнсаванне жыцця бел. народа на вельмі важным гіст. этапе, яна стала нац. эпапеяй. У 1975 М. выдаў кн. літ.крытычных артыкулаў, эсэ, інтэрв’ю і публіцыстыкі «Жыццёвыя клопаты» (Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1976), у 1977 выйшла «Першая кніга» (дзённікі, запісы ваен. гадоў). Паводле «Палескай хронікі» Бел. тэлебачанне паставіла 3-серыйны тэлеспектакль (1965), у 1979 — тэлеспектакль па рамане «Завеі, снежань». Бел. тэатр імя Я.Купалы паставіў спектакль «Людзі на балоце» (1966, інсцэніроўка Т.Абакумоўскай і З.Браварскай). Паводле матываў гэтага рамана К.Цесакоў стварыў радыёоперу «Барвовы золак» (1983). Жыццю і творчасці пісьменніка прысвечаны дакумент. фільм «Іван Мележ» (сцэнарый В.Адамчыка, 1978). Рэжысёры В.Тураў і Дз.Зайцаў на студыі «Беларусьфільм» паставілі маст. кінафільмы «Людзі на балоце» (1982, Дзярж. прэмія СССР 1984) і «Подых навальніцы» (1983). У 1984 Тураў зняў 8-серыйны тэлефільм. М. быў старшынёй праўлення Бел. аддзялення т-ва «СССР—Францыя», старшынёй Бел.к-та абароны Міру, чл.Сусв. Савета Міру. Яго імем названы школа ў в. Глінішча, б-ка ў Гомелі, цеплаход. У в. Глінішча адкрыты літаратурны музей М. У 1980 устаноўлена Літ. прэмія Саюза пісьменнікаў Беларусі імя М.
Тв.:
Збор тв.Т. 1—6. Мн., 1969—71;
Збор тв.Т. 1—10. Мн. 1979—85.
Літ.:
Успаміны пра Івана Мележа. Мн., 1982;
Сказ пра Івана Мележа. Мн., 1984;
Бугаёў Дз. Вернасць прызванню. Мн., 1977;
Кулешов Ф. Подвиг художника. 2 изд. Мн., 1982;
Гніламёдаў У. Іван Мележ. Мн., 1984;
Смыкоўская В. Творчая канцэпцыя пісьменніка. Мн., 1976;
Ляшук В. Іван Мележ у школе. Мн., 1981;
Адамовіч А. Здалёк і зблізку. Мн., 1976;
Яго ж. Літаратура, мы і час.Мн., 1979;
Яго ж. Собр. соч.Т. 4. Мю. 1983;
Андраюк С. Іван Мележ // Стыль пісьменніка. Мн., 1974;
Драздова З.У. Майстэрства слова. Мн., 1993;
Шупенька Г. Прага мастацкасці. Мн., 1996. С. 12—81;
Смыкава І. Іван Мележ // Смыкава І. Беларускія пісьменнікі-лаўрэаты. Мн., 1973.