МА́ЛЫШАЎ (Пётр Фёдаравіч) (28.8.1898, в. Селязнёва Яраслаўскай вобл., Расія — 10.12.1972),
удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял.Айч. вайну, ген.лейт. (1943). Скончыў курсы «Выстрал» (1923, 1930), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1935). У Вял.Айч. вайну на Зах., Бранскім, Ленінградскім, 1-м і 2-м Прыбалт. франтах. Са жн. 1943 камандуючы 4-й ударнай арміяй, якая ўдзельнічала ў Гарадоцкай, Віцебска-Аршанскай, Полацкай і Мінскай аперацыях. Войскі пад яго камандаваннем вызначыліся пры вызваленні Гарадка, Полацка і інш.нас. пунктаў. Да 1959 на камандных пасадах у Сав. Арміі, у т. л. ў БВА.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАНА́С»,
кіргізскі гераічны эпас. Складаецца з 3 сюжэтных частак: «Манас», «Семетэй», «Сейтэк». Уключае фалькл. творы пра жыццё і подзвігі абаронцаў кірг. зямлі ад чужаземных захопнікаў — волата і хана Манаса і яго пераемнікаў сына Семетэя і ўнука Сейтэка. Ствараўся і выконваўся песнярамі-казачнікамі (манасчы). Вядома 18 варыянтаў (асобныя з іх маюць больш за паўмільёна вершаваных радкоў). Упершыню запісаны ў 1-й пал. 19 ст. Вызначаецца багатай вобразнасцю, казачна-міфалагічнымі элементамі, гіпербалізацыяй.
Публ.:
Рус.пер. — Манас. М., 1960.
Літ.:
«Манас» — героический эпос киргизского народа. Фрунзе, 1968;
Кыдырбаева Р.З. Генезис эпоса «Манас». Фрунзе, 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́НТЫЯў біялогіі,
вонкавая складка скуры ў жывёл або частка конуса нарастання ў раслін. У беспазваночных (малюскаў, плечаногіх і вусаногіх ракападобных) М. поўнасцю або часткова ўкрывае цела. Спец. залозістыя клеткі М. ўтвараюць вонкавы шкілет (ракавіну). У водных форм М. звычайна выслана мігальным эпітэліем; ад руху яго раснічак вада працякае праз мантыйную поласць. У абалоннікаў М. наз. туніка. У пазваночных жывёл М., або плашч, — кара галаўнога мозга. У раслін М. (туніка) — ч. ўтваральнай тканкі (мерыстэмы) у конусе нарастання (апекс) сцябла раслін. З М. дыферэнцыруюцца эпідэрміс і першасная кара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЖА́ [ад франц. marge поле (старонкі), край],
1) велічыня, якая паказвае розніцу паміж двума пэўнымі паказчыкамі (напр., цаной прадаўца і цаной пакупніка).
2) У банку — розніца паміж працэнтнымі стаўкамі па крэдытах і па дэпазітах.
3) Розніца паміж рыначным коштам каштоўных папер і атрыманай пад іх пазыкай (можа вылічацца банкам пры выдачы пазыкі пад закладную каштоўнымі паперамі).
4) У маркетынгу — гандлёвая нацэнка, якая вызначаецца прамысл. прадпрыемствамі.
5) На біржы — сума грошай, якая выплачваецца разліковай палаце брокерам або брокеру кліентамі для пакрыцця неспрыяльных ваганняў у кошце ф’ючарснага кантракту пасля яго рэгістрацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́ЗАЎ (Аляксандр Аляксандравіч) (29.10.1904, г. Бранск, Расія — 14.6. 1979),
расійскі канструктар танкаў. Ген.-маёр-інжынер (1945). Д-ртэхн.н. (1972). Герой Сац. Працы (1942, 1974). З 1940 — гал. канструктар. Прымаў удзел у распрацоўцы першых сав. лёгкіх і сярэдніх танкаў БТ, Т-24 і інш. Разам з М.І.Кошкіным і інш. ўзначальваў распрацоўку сярэдняга танка Т-34. Пад яго кіраўніцтвам створаны шэраг новых тыпаў танкаў і інш. бранятанк. тэхнікі. Ленінская прэмія 1967. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1946, 1948.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЦІНО́ЎСКІ (Яўген Іванавіч) (19.3. 1874, г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. — 25.7.1934),
бел. і расійскі вучоны ў галіне паразіталогіі і інфекц. хвароб, адзін з арганізатараў барацьбы з малярыяй у СССР. Д-рмед.н. (1909). Скончыў Маскоўскі ун-т (1899). Працаваў у Маскве: з 1921 арганізатар і дырэктар Ін-та малярыі, паразіталогіі і гельмінталогіі (наз.яго імем), з 1923 у Маскоўскім ун-це (заг. кафедры). Навук. працы па даследаванні лейшманіёзаў, малярыі, спірахетозаў і вывучэнні членістаногіх — пераносчыкаў узбуджальнікаў хвароб.
Тв.:
Этиология «восточной язвы» (bouton d’Orient) и краткие сведения об этой болезни. М., 1909.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫ́ЦКАЯ БІ́ТВА 1371,
бітва на р. Марыца (пры Чарнамене, на З ад сучаснага тур.г. Эдырне) паміж тур. войскамі і апалчэннем народаў Паўд.-Усх. Еўропы (сербаў, харватаў, баснійцаў, балгар, венграў, валахаў і інш.), якое сабраў паўднёвасербскі кароль Вукашын. У ноч на 26 вер. туркі знянацку атакавалі колькасна пераўзыходзячае іх саюзнае войска, якое не мела адзінага камандавання, і знішчылі яго. У бітве загінуў Вукашын. М.б. адкрыла тур. заваёўнікам шлях у глыб Балканскага п-ва. Яны авалодалі Зах. Фракіяй, амаль усёй Македоніяй, значнымі часткамі Сербіі і Балгарыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1547.
Выклікана ўзмацненнем падатковага цяжару і ўціскам гар. нізоў дзярж. адміністрацыяй у гады малалецтва цара Івана IV. Хваляванні пачаліся пасля спусташальнага пажару ў Маскве 21 чэрвеня. Прыдворная баярская групоўка, каб адцягнуць ад сябе нар. гнеў, пусціла чутку, быццам Маскву падпалілі сваякі маладога цара князі Глінскія. Паўстанцы забілі кн. Ю.В.Глінскага і многіх яго набліжаных, разрабавалі двары Глінскіх і інш. асоб, якіх лічылі падпальшчыкамі. Паўстанцы патрабавалі ад Івана IV, які хаваўся ў падмаскоўным с. Вараб’ёва, выдаць астатніх Глінскіх. Выкарыстаўшы рознагалоссі сярод паўстанцаў, урад да 29 чэрв. падавіў паўстанне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭМАТЫ́ЧНАЕ ЧАКА́ННЕ, сярэдняе значэнне,
лікавая характарыстыка выпадковай велічыні X. Абазначаецца MX або EX. Характарызуе размяшчэнне значэнняў велічыні X і роўнае сярэдняму значэнню яе размеркавання. З вялікіх лікаў закона вынікае, што сярэдняе арыфм. значэнне велічыні X пры павелічэнні колькасці выпрабаванняў набліжаецца да MX. Паняцце М.ч. ўзнікла ў 18 ст. ў сувязі з тэорыяй азартных гульняў: калі выйгрышы гульца прымаюць значэнні X1, X2, ..., Xn з імавернасцямі p1, p2, ..., pn, дзе p1 + p2+ ... + pn = 1, то яго чаканы выйгрыш за гульню роўны MX = Xlp1 + X2p2 + ... + Xnpn (адсюль назва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДАВА́Р ((Medawar) Пітэр Браян) (28.2.1915, г. Рыо-дэ-Жанейра, Бразілія — 2.10.1987),
англійскі біёлаг. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1949). Скончыў Оксфардскі ун-т (1939), працаваў у ім. З 1947 праф. Бірмінгемскага, з 1951 — Лонданскага ун-таў. У 1962—71 дырэктар Нац. ін-та мед. даследаванняў у Лондане. Навук. працы па росце і старэнні арганізма, яго рэакцыях на перасадку тканак ( у т. л. імунарэакцыях), трансплантацыйных антыгенах і антылімфацытарных сываратках. Адкрыў з’яву набытай імунаталерантнасці і ўзнавіў яе ў эксперыменце. Нобелеўская прэмія 1960 (разам з Ф.М.Бёрнетам).