1) у старажытных грэкаў 4-гадовы прамежак паміж Алімпійскімі гульнямі. Годам 1-й алімпіяды лічыцца 776 да н.э., з якога пачалі весці спісы пераможцаў гульняў. Каля 264 да н.э. гісторык Тымей упершыню выкарыстаў алімпіяду для летазлічэння. Гэтым метадам карысталіся таксамастараж. гісторыкі Палібій, Дыядор Сіцылійскі і інш. Летазлічэнне па алімпіядзе вялося да адмены Алімпійскіх гульняў (394 н.э.).
2) Тое, што Алімпійскія гульні.
3) Каманднае першынство свету па шахматах ці міжнар. шашках. Сусв. шахматныя алімпіяды праводзяцца з 1927 Міжнар. федэрацыяй шахмат (ФІДЭ), па міжнар. шашках — з 1986 Сусв. федэрацыяй шашак (ФМЖД).
4) У СССР у 1920—40-я г. назва аглядаў, конкурсаў маст. самадзейнасці, нар. творчасці.
5) Спаборніцтвы навучэнцаў у выкананні пэўных заданняў у вызначаных галінах ведаў — алімпіяда па фізіцы, матэматыцы, мове і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБПА́Л,
тэрмічная апрацоўка матэрыялаў з мэтай надання ім неабходных уласцівасцяў ці для ачышчэння ад дамешкаў. Уключае награванне да пэўнай т-ры, вытрымку і ахаладжэнне да пакаёвай т-ры. Суправаджаецца рэакцыямі раскладання (пры апрацоўцы прыроднай сыравіны), акіслення або аднаўлення (пры выгаранні дамешкаў, узаемадзеянні з вугляродам, вадародам ці кіслародам), мінералаўтварэння; фазавымі пераўтварэннямі (частковае плаўленне матэрыялаў, выпарэнне і інш.). Робіцца ў абпальвальных печах у акісляльна-аднаўляльным або нейтральным газавым і цвёрдым асяроддзях, а таксама ў вакууме. Руды і рудныя канцэнтраты абпальваюць перад іх абагачэннем, кавалкаваннем, плаўкай для змены іх фіз. і хім. уласцівасцяў. Сыравіну для буд., вяжучых матэрыялаў (гліна, вапняк, цэментная шыхта), вогнетрывалую цэглу, фарфоравыя і фаянсавыя паўфабрыкаты абпальваюць для атрымання вырабаў пэўнай формы і памераў з неабходнымі ўласцівасцямі, эмалі і фарбы — для нанясення пакрыццяў з ахоўнымі і мастацка-дэкаратыўнымі мэтамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АНА́ЛАЎ» ШКО́ЛА кірунак у гістарыяграфіі, які склаўся ў Францыі вакол заснаванага ў 1929 час. «Annales d’histoire économique et sociale» [«Аналы эканамічнай і сацыяльнай гісторыі»; цяпер «Annales. Ekonomies, sociétés, civilisations» («Аналы. Эканоміка, грамадства, цывілізацыі»)]. Стваральнікі і рэдактары часопіса — франц. гісторыкі М.Блок і Л.Феўр, іх пераемнікі — Ф.Брадэль, Ж.Ле Гоф, Э.Леруа Ладзюры, М.Феро і інш. Прадстаўнікі «Аналаў» школы засяроджваліся на глыбінных працэсах, якія рухаюць гісторыю, пашырылі паняцце сац. гісторыі, разумеючы гіст. чалавека не толькі ў межах яго паліт. паводзін, але і ў звычайным жыцці і сац. псіхалогіі. Разглядаюць гіст. падзею, факт, біяграфію гіст. дзеяча як прызму, праз якую можна больш поўна аднавіць карціну жыцця людзей мінулых эпох; вывучаюць ментальныя працэсы ў грамадстве. У цяперашні час «Аналаў» школа (наз.таксама «новая гіст. навука») — моцны інтэлектуальны рух, які аб’ядноўвае вучоных Францыі, ЗША Англіі, Германіі, Аўстрыі, Італіі, Польшчы і інш. краін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́МНЕЗ (ад грэч. anamnēsis успамін),
сукупнасць звестак аб жыцці хворага і развіцці хваробы, атрыманых апытаннем хворага або з іншых крыніц. Выкарыстоўваецца для ўстанаўлення дыягназу, прагнозу хваробы, выпрацоўкі аптымальных метадаў лячэння і прафілактыкі; адзін з асн. метадаў комплекснага абследавання, вывучэння хворага як асобы, індывідуальнасці; прасцейшы спосаб устанаўлення кантакту паміж хворым і ўрачом. Паводле анамнезу дыягназ хваробы ўстанаўліваецца больш як у 50% выпадкаў. Анамнез хваробы ўключае звесткі аб узнікненні хваробы і цячэнні яе да моманту даследавання, скаргі і адчуванні хворага. Анамнез жыцця ўключае агульныя біягр. звесткі па перыядах жыцця, перанесеныя хваробы, спадчыннасць, сямейнае жыццё, умовы працы і быту, шкодныя звычкі. Асобна вылучаюць фармакалагічны, алергалагічны, экспертна-працоўны анамнез. Пры неабходнасці збіраюць эпідэміялагічны анамнез. Паняцце анамнезу ўжываюць таксамаў ветэрынарыі пры дыягностыцы хвароб свойскіх жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНФІЛА́ДА (франц. enfilade) у архітэктуры, шэраг паслядоўна прылеглых адно да аднаго памяшканняў, дзвярныя праёмы якіх размешчаны на адной восі, што пры адчыненых дзвярах стварае скразную перспектыву ўсіх інтэр’ераў, звязаных у адзіную арх.-пластычную сістэму.
Анфіладная планіроўка ўзнікла ў Стараж. Егіпце. Пашырана ў архітэктуры стыляў рэнесансу, барока і класіцызму. У яе аснове — прынцып стварэння пышна аздобленых інтэр’ераў з эфектам бясконцасці, глыбокай перспектывы арх. прасторы (Гальшанскі палац, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, Жыліцкі палац і інш.). У сучаснай архітэктуры выкарыстоўваецца ў буйных грамадзянскіх збудаваннях, пераважна музейных і выставачных (Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, Палац мастацтваў у Мінску і інш.). Анфіладай называюць таксама шэраг прасторава раскрытых адна да адной плошчаў, якія ўтвараюць сістэму арх. ансамбляў (праспект Ф.Скарыны ў Мінску).
А.М.Кулагін.
Анфілада ў Жыліцкім палацы. Кіраўскі раён Магілёўскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭНТА́НА ((Brentano) Луё) (Людвіг Іозеф; 18.12.1844, г. Ашафенбург, Германія — 9.9.1931),
нямецкі вучоны-эканаміст, адзін з прадстаўнікоў катэдэр-сацыялізму і новай гістарычнай школы. З 1871 праф. у Вроцлаве, Страсбургу, Вене, Лейпцыгу, з 1891 у Мюнхене. Яго навук. даследаванні прысвечаны праблемам рабочага руху, эканам. і сац. палітыкі, эканам. тэорыі. Выступаў супраць вучэння К.Маркса аб прыбавачнай вартасці, класавай барацьбе. Лічыў, што капіталісты таксама зацікаўлены ў павелічэнні заработнай платы рабочых, што супярэчнасці паміж буржуазіяй і пралетарыятам можна ліквідаваць шляхам арганізацыі рэфармісцкіх прафсаюзаў, кааперацыі і фабрычнага заканадаўства. Для практычнага ажыццяўлення сац.-эканам. рэформаў разам са сваімі аднадумцамі ў 1872 стварыў «Саюз сацыяльнай палітыкі».
Тв.:
Рус.пер. — Об отношении заработной платы и рабочего времени к производительности труда. СПб., 1895;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРАКО́ВЫЯ ТЛІ,
насякомыя атрада раўнакрылых падатрада сысучых; шкоднікі буракоў і інш.с.-г. раслін. Найб. пашыраны ва ўсіх раёнах буракасеяння 2 віды: бураковая, або бабовая, тля (Afis fabae) і бураковая каранёвая тля (Pemphigus fuscicornus). Псуюць таксама пасевы бобу, бульбы, шпінату, гарбузоў і інш. раслін, асабліва моцна насеннікі буракоў.
Бураковая тля бывае бяскрылая і крылатая, даўж. 2 мм, чорная з шызым адценнем. Да 17 пакаленняў за год. Высмоктвае сокі з раслін, у выніку лісце скручваецца і завядае, расліна адстае ў росце, зніжаецца ўраджай. Зімуе ў стадыі яец. Бураковая каранёвая тля жаўтавата-белая, даўж. да 2,5 мм. Калоніі тлей жывуць на дробных карэньчыках раслін, якія вянуць, а пры недахопе ў глебе вільгаці гінуць. Цукрыстасць цукр. буракоў зніжаецца на 3—5%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ТАЎТ-АНДРАЙКО́ВІЧ (Марыя Магдалена Эліза) (22.7.1852, в. Баландзічы Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 1933),
бел. жывапісец. Вучылася ў Рызе ў манахаў А.Лізен-Маўэра і М.Адама, у 1875—76 — у Італіі. Чл. Літоўскага т-ва мастакоў у Вільні (1907). З 1881 жыла ў сваім маёнтку Гарнастаевічы (Свіслацкі р-н) і ў Варшаве, дзе выкладала на маст. курсах для жанчын. З-за хваробы вачэй у канцы 1880-х г. спыніла творчую дзейнасць. Працавала пераважна ў гіст. жанры, пісала карціны і на рэліг. сюжэты: «Ян Каханоўскі над астанкамі Уршулі» (1876), «Кардынал Ян Медзічы з Пампеніем Лаэтам на рымскіх раскопках» (1877), «Хрыстос вылечвае сляпога» (1878), «Міласэрнасць каралевы Ядвігі» (1884) і інш. Займалася таксама асветнай дзейнасцю і філантропіяй, адна з першых збіральніц твораў нар. мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАГО́ДСКІЯ КАРУ́НКІ,
від рус. карункаў, плеценых на каклюшках (драўляных палачках); пашыраны ў Валагодскай вобл. Расіі. Плаўная лінія, якая ўтварае ўзор, не перарываецца, не перакрыжоўваецца і выступае ў выглядзе выплеценай тасьмы на фоне тонкай ажурнай «рашоткі». Карункапляценне тут пачало складвацца ў 16—17 ст., як промысел аформілася на пач. 19 ст. У 1968 створана аб’яднанне «Сняжынка». Да 1940-х г. пераважалі мерныя карункі для аздобы бялізны, пазней асн. прадукцыяй сталі адзінкавыя вырабы — посцілкі, сурвэткі, фіранкі з геаметрычным і раслінным узорамі; святочныя дэталі жан. адзення — каўнерыкі, жабо і інш., а таксама унікальныя выставачныя ўзоры. Валагодскія карункі адзначаны ў Парыжы залатым медалём (1925) і «Гран-пры» (1937), залатым медалём у Бруселі (1958).
Літ.:
Попова О.С., Каплан Н.И. Русские художественные промыслы. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛКІ́ ПРАКА́ТНЫЯ,
рабочы орган пракатнага стана, які забяспечвае асноўную аперацыю пракаткі — абцісканне загатоўкі для надання ёй патрэбных памераў і формы.
Ліставыя валкі пракатныя (наз.таксама гладкімі) выкарыстоўваюцца для пракаткі лістоў, палос і стужак, сартавыя — для пракаткі фасоннага (сартавога) металу круглага і квадратнага сячэння, рэек, двухтаўровых бэлек і інш. Бываюць чыгунныя і стальныя (асабліва зносаўстойлівыя робяць з керамічных цвёрдых сплаваў); суцэльналітыя і зборныя. Трываласць і зносаўстойлівасць валкоў пракатных павышаюць легіраваннем, тэрмічнай апрацоўкай, наплаўкай цвёрдых і звышцвёрдых сплаваў і інш. Стальныя валкі пракатныя выкарыстоўваюцца на блюмінгах, слябінгах, абціскных клецях сартавых станаў і на станах халоднай пракаткі.
Валкі пракатныя: а — схемы валкоў блюмінга (1), сартавога (2) і лістапракатнага (3) станаў; б, в — валкі ліставыя і сартавыя (1 — прывадны канец, 2 — шыйкі, 3 — бочка, 4 — выраб: ліставы і двухтаўровы).