ПАЦЁМКІН (Рыгор Аляксандравіч) (24.9.1739, б.в. Чыжова Духаўшчынскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 16.10.1791),
расійскі дзярж. і ваен. дзеяч. Граф (1774), святлейшы князь Таўрычаскі (1783), ген.-фельдмаршал (1784). Вучыўся ў гімназіі Маскоўскага ун-та (1756—60). Служыў у коннай гвардыі (1760—68). Удзельнік дварцовага перавароту, у выніку якога прастол заняла Кацярына II (1762). З 1769 удзельнік рас.-тур. вайны 1768—74 (валанцёр, ген.-маёр, ген.-паручнік), вызначыўся ў многіх бітвах. З 1774 фаварыт Кацярыны П. У тым жа годзе атрымаў тытул графа, званне ген.-аншэфа, пасады чл.Дзярж. савета і віцэ-прэзідэнта (з 1784 прэзідэнт) Ваен. калегіі. З 1776 ген.-губернатар Новарасійскай, Азоўскай і Астраханскай губ. У 1783 далучыў да Расіі Крым. Аддаваў вял. ўвагу каланізацыі стэпаў Паўн. Прычарнамор’я і буд-ву на Чорным м.рас.ваен. і гандл. флатоў, ініцыіраваў заснаванне гарадоў Екацярынаслаў, Херсон, Мікалаеў, Севастопаль. У рас.-тур. вайну 1787—91 камандаваў Екацярынаслаўскай арміяй, якая ў снеж. 1788 ўзяла тур. крэпасць Ачакаў, з 1789 — аб’яднанай Паўд. арміяй. У 1791 вёў у г. Ясы (сталіца Малдаўскага княства) мірныя перагаворы з туркамі (перапынены ў выніку смерці П.). Адзін з найбуйнейшых памешчыкаў Расіі. На Беларусі валодаў у 1774—83 мяст. Дуброўна, з 1776 — Крычаўскай воласцю, дзе былі заснаваны Крычаўская суднаверф і Крычаўскія мануфактуры. Па запрашэнні П. каля Крычава ў с. Задобра ў 1785—87 жыў англ. філосаф І.Бентам. У 1904—05 і 1917 імем П. наз. эскадраны браняносец (з 1907 лінейны карабель) рас. Чарнаморскага флоту, вядомы ўдзелам у рэвалюцыі 1905—07.
Літ.:
О приватной жизни князя Потемкина: Потемкинский праздник. М., 1991;
Лопатин В.С. Потемкин и Суворов. М., 1992;
Иоанн Грозный. Петр Великий. Меншиков. Потемкин. Демидовы: Биогр. очерки. Челябинск, 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАШКО́Ў (Генадзь Пятровіч) (н. 23.3.1948, в. Ліпавічы Чашніцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. паэт і публіцыст. Чл.-кар.Міжнар. Славянскай Акадэміі навук, адукацыі, мастацтваў і культуры (1996). Скончыў БДУ (1971). Працаваў на Бел. радыё, з 1972 у час. «Полымя» (з 1975 адказны сакратар, з 1979 намеснік гал. рэдактара), з 1989 у апараце ЦККПБ, з 1991 нам.гал. рэдактара час. «Тэатральная Беларусь», гал. рэдактар «Цэнтральнай газеты». З 1996 гал. рэдактар выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя». Друкуецца з 1967. У паэт. зб-ках «Кляновік» (1975), «Гравюры дарог» (1981), «Зямлю слухаю» (1983), «Маналог на кастрышчы» (1986), «Люблю, спадзяюся, жыву» (1990) і інш. роздум пра будучыню, гісторыю і культуру роднага краю, сэнс чалавечага існавання, складанасць часу, асэнсаванне ўбачанага ў інш. краінах, заклапочанасць лёсам прыроды, тэма кахання. Паэзіі П. ўласцівы грамадз. пафас, філасафічнасць, асацыятыўнасць, спавядальнасць, разнастайнасць рытміка-інтанацыйных і вобразных сродкаў, багацце моўнай палітры. Лірыка-дакумент. дзённік «Палескія вандроўнікі» (1998) — своеасаблівая падарожная трылогія, жывая гісторыя палескай зямлі, яе людзей, прыроды; дарожныя запісы «Дарога да акіяна» пра Паўд. Карэю. Аўтар кнігі нарысаў «Будзень як свята» (1977), сцэнарыя дакумент. фільма «Я так люблю зямлю...» (паст. 1978) і інш. Піша для дзяцей: зб-кі «Дзяўчынка з блакітным мячыкам» (1986), «Пціч» (1992), «Зорнае поле» (1999). Перакладае з інш. моў. За кнігі паэзіі «Чырвоны жаваранак» (1977, пер. на рус. мову І.Бурсава) і «Дыстанцыя небяспекі» (1979) прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.
Тв.:
Крокі: Вершы, паэма. Мн., 1988;
Журавінавы востраў. Мн., 1998.
Літ.:
Панчанка П. Звонкі і чысты голас // Зб.тв.Мн., 1983. Т. 4;
Хвалей Я. Жаваранак маладой трывогі // Маладосць. 1982. №1;
Марціновіч А. Без заспакоенасці // Там жа. 1984. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕДЫЯТРЫ́Я [грэч. pais
(paidos) дзіця + iatreia лячэнне),
вобласць клінічнай медыцыны, якая вывучае здароўе дзяцей у працэсе развіцця, іх анатомію, фізіялогію, паталогію; распрацоўвае метады прафілактыкі і лячэння дзіцячых хвароб, што пагражаюць іх гарманічнаму развіццю ці ўяўляюць небяспеку для жыцця. Уключае праблемы ўзроставай марфалогіі, біяхіміі, імуналогіі, пытанні, сумежныя з гігіенай дзяцей і падлеткаў, педагогікай. Асн. кірунак П. — прафілактычны. Як навука вылучылася ў 19 ст. Кафедры дзіцячых і хвароб створаны ў Пецярбургу (1865), Маскве (1866), Мінску (1924). Заснавальнік рас. клінічнай П. — Н.Ф.Філатаў. На Беларусі школу П. заснаваў В.А.Лявонаў. Пад яго кіраўніцтвам вывучаліся клініка і метады лячэння эпідэмічнага цэрэбраспінальнага менінгіту, праблемы рэўматызму, туберкулёзу, узбагачэння прадуктаў харчавання мікраэлементамі і інш. У 1932 створана Бел.навук.мед.т-ва дзіцячых урачоў; у 1964 пры Мінскім мед. ін-це — факультэт П. (па ініцыятыве І.Н.Усава). Нефралогію дзіцячага ўзросту вывучаюць Л.Г.Кажарская, А.В.Сукала, Э.К.Капітонава; дзіцячую кардыялогію — Р.Э.Мазо, Л.М.Бяляева; захворванні органаў дыхання — А.С.Левін, М.І.Лягенчанка, Т.М.Вайтовіч; бранхіяльную астму — Т.М.Сукаватых, І.В.Васілеўскі; гематалогію — М.П.Паўлава, гастраэнтэралогію — М.П.Шэйбак; хірургію — АС.Мішараў, У.А.Кацько і інш. Створаны анестэзіялагічна-рэанімацыйная служба, онкагематалагічны цэнтр. Дзейнічае школа неанатолагаў (асаблівасці развіцця дзяцей і лячэнне захворванняў у першыя 28 дзён жыцця). Пытанні П. даследуюцца ў БелНДІ аховы мацярынства і дзяцінства, мед. ін-тах, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАСНЫЯ І ДРУ́ГАСНЫЯ Я́КАСЦІ,
гнасеалагічныя паняцці для адрознення якасцей (уласцівасцей) рэчаў паводле прынцыпу аб’ектыўнасці. Распрацоўваліся ў філасофіі Дж.Лока і інш. прадстаўнікоў зах.-еўрап. навукі 17—18 ст. Вытокі праблемы — у антычнай філасофіі. Дэмакрыт адрозніваў суб’ектыўныя веды «па меркаванні», якія звязаны з пачуццёвым успрыманнем, і веды «па ісціне» — аб’ектыўныя, якія грунтуюцца на мысленні. Пра якасці ў двух сэнсах разважаў Арыстоцель. Больш грунтоўнае ўяўленне аб першасных якасцях у працах Г.Галілея, Р.Дэкарта, Т.Гобса і Р.Бойля. Да першасных якасцей яны аднеслі механіка-геаметрычныя ўласцівасці цел. Лок ужо падзяліў усе якасці на першасныя і другасныя. Паводле яго, першасныя якасці прадметаў не залежаць ад суб’екта, гэта аб’ектыўныя якасці (працягласць, велічыня, фігура, становішча, колькасць і інш.). Другасныя якасці, наадварот, у многім залежаць ад суб’екта (колер, гук, пах, смак, цяпло, холад і інш.). Гэту праблему закраналі Дж.Берклі, Д.Юм, І.Кант і інш. філосафы. Берклі трактаваў яе ў суб’ектыўна-ідэалістычным кірунку; спрабаваў даказаць суб’ектыўнасць і другасных, і першасных якасцей. Юм і Кант таксама адкідалі аб’ектыўнасць першасных якасцей, бо не прызнавалі падабенства адчуванняў да ўласцівасцей знешніх аб’ектаў. Вытлумачаная ў суб’ектыўна-ідэалістычным духу гэта праблема стала перадумовай гнасеалогіі эмпірыякрытыцызму. З пункту гледжання дыялектыкі праблема П. і д.я. вырашальная, паколькі дыялектычны светапогляд зыходзіць з недапушчальнасці іх супрацьпастаўлення. І адны, і другія спасцігаюцца суб’ектам і з’яўляюцца суб’ектыўным вобразам аб’ектыўнай рэчаіснасці.
Літ.:
Беркли Дж. Три разговора между Гиласом и Филонусом: Пер. с англ. // Соч.М., 1978;
Локк Дж. Опыт о человеческом разумении: Пер. с англ. // Соч.М., 1985. Т. 1;
Нарский И. Джон Локк и его теоретическая система // Локк Дж. Соч.М., 1985. Т. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТСА́МА-КІРКЕНЕ́СКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
наступальная аперацыя войск Карэльскага фронту (каманд.ген. арміі, з 26 кастр. Маршал Сав. Саюза К.А.Мерацкоў) і сіл Паўн. флоту (каманд.адм. А.Р.Галаўко) 7—29 кастр. ў Вял.Айч. вайну. Пасля разгрому войск праціўніка на Карэльскім перашыйку і ў Паўд. Карэліі, выхаду з вайны Фінляндыі стварыліся ўмовы для вызвалення Сав. Запаляр’я, якое абаранялі часці ням. 19-га горнастралк. корпуса 20-й горнай арміі (ген.-палк. Л.Рэндуліч). Сав. войскі перавышалі праціўніка па асабовым складзе ў 1,8, па артылерыі — 2,8, па танках — 2,5, па самалётах — у 6,3 раза. Гал. ўдар наносілі войскі 14-й агульнавайск. і 7-й паветр. армій; Паўн. флот выконваў задачы па высадцы марскіх дэсантаў у тыле праціўніка, парушэнні яго водных камунікацый і абароне сваіх водных шляхоў. Раніцай 7 кастр. пасля артыл. падрыхтоўкі войскі 14-й арміі прарвалі тактычную зону абароны праціўніка на фронце да 20 км і глыбінёю да 16 км. Паспяхова дзейнічалі маракі і марскія дэсанты (з 10 па 25 кастр. высадзілі 6 марскіх тактычных дэсантаў). Ужо 15 кастр. войскі фронту вызвалілі г. Петсама (Печанга), 25 — г. Кіркенес (Нарвегія) і да 27 завяршылі наступленне ў Запаляр’і. У выніку П.-К.а. сав. войскі прасунуліся на глыбіню да 150 км. Праціўнік страціў каля 30 тыс. забітымі, 156 караблёў і суднаў, 125 самалётаў. За воінскую доблесць і гераізм 51 часці і злучэнню прысвоены ганаровыя найменні «Печангскіх» і «Кіркенескіх». Сярод удзельнікаў, што вызначыліся ў баях, былі беларусы і ўраджэнцы Беларусі, у т. л.нач. паходнага штаба каманд.Паўн. флотам М.Б.Паўловіч.
Літ.:
Румянцев Н.М. Разгром врага в Заполярье (1941—1944 гг.): Воен.-ист. очерк. М., 1963;
Козлов И.А., Шломин В.С. Краснознаменный Северный флот. 3 изд. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРА́ЦТВА (ад грэч. peiratēs разбойнік, рабаўнік),
затрыманне, рабаванне і інш. гвалтоўныя дзеянні, учыненыя ў адкрытым моры экіпажам прыватнаўласніцкага судна (піратамі), а таксама лятальнага апарата ў адносінах да інш. судна ці лятальнага апарата, супраць асоб і маёмасці, што знаходзіцца на іх борце. Як П. разглядаюцца дзеянні ваен. суднаў і дзярж. лятальных апаратаў, экіпаж якіх учыніў мяцеж. П. адносіцца да злачынстваў міжнар. характару і пытанні барацьбы з ім рэгулююцца Ніокскім пагадненнем (1937), Канвенцыяй ААН аб адкрытым моры (1958), Канвенцыяй ААН па марскім праве (1982).
П. ўзнікла ў антычнасці разам з мараходствам у прыбярэжных раёнах Паўд.Усх. Азіі. Развівалася ў вузлавых пунктах марскіх зносін. У Еўропе вядома з часоў Стараж. Грэцыі, было пашырана ў Міжземным м. (сярэдзіна 1-га тыс. да н.э. — 18 ст.н.э.; тут у старажытнасці П. займаліся грэкі, фінікійцы, егіпцяне, этрускі, карфагеняне, кілікійцы), Паўн. і Балт. морах (з пач.н.э., асабліва ў эпоху вікінгаў), Ла-Маншы. У эпоху Вялікіх геаграфічных адкрыццяў і калан. захопаў П. перамясцілася ў Карыбскае м., уздоўж узбярэжжа Паўн. Амерыкі, Афрыкі, Паўд.-Усх. Азіі, Індыйскі ак.; сярод найб. вядомых піратаў 16 ст. Ф.Дрэйк. У 18—пач. 19 ст. П. найб. пашырана ўздоўж Армузскага праліва і Перс. заліва (арабы) і ў Кіт. моры (японцы). П. ў асн. спынілася ў 2-й пал. 19 ст., але яго выпадкі вядомы і ў 20 ст. (у т. л. у раёне «Бермудскага трохвугольніка»). На морах і акіянах побач з піратамі дзейнічалі карсары, каперы (гл.Каперства), флібусцьеры, буканьеры, рэйдэры. Нягледзячы на матэрыяльныя і чалавечыя страты, якія прычыняла П., яно спрыяла развіццю мараплавання.
Літ.:
Пираты и разбойники: Флибустьеры, корсары. каперы и буканьеры... Мн., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАСТЫ́ЧНЫЯ МА́СЫ, пластмасы, пластыкі,
матэрыялы на аснове палімераў, якія пры фармаванні іх у вырабы знаходзяцца ў вязкацякучым ці высокаэластычным стане, а пры эксплуатацыі — у шклопадобным або аморфна-крышталічным. У састаў П.м. акрамя палімераў уваходзяць напаўняльнікі: цвёрдыя (паводле іх прыроды адрозніваюць арганапласты, азбапластыкі, борапластыкі, вугляродапласты, графітапласты, металапалімеры, шклапластыкі) ці газападобныя (гл.Газанапоўненыя пластыкі), стабілізатары (антыаксіданты, антыпірэны і інш.), пластыфікатары, фарбавальнікі і пігменты. Паводле фіз. і хім. ператварэнняў, што адбываюцца з палімерам пры фармаванні вырабаў падзяляюць на тэрмапласты (найважн. на аснове поліэтылену, полівінілхларыду, полістыролу) і рэактапласты (найб. пашыраны від — фенапласты).
Перапрацоўка рэактапластаў у вырабы адбываецца адначасова з ацвярдзеннем палімераў, пры гэтым пластык страчвае здольнасць пераходзіць у вязкацякучы стан. Пры фармаванні вырабаў з тэрмапластаў матэрыял цвярдзее пры ахаладжэнні расплаву без хім. сшывання макрамалекул і захоўвае здольнасць да шматразовых пераходаў у вязкацякучы стан. П.м. бываюць аднафазнымі (гамагеннымі) і мнагафазнымі (гетэрагеннымі кампазіцыйнымі) матэрыяламі; у гамагенных палімер з’яўляецца асн. кампанентам, які вызначае ўласцівасці матэрыялу, у кампазіцыйных выконвае функцыю дысперсійнага асяроддзя (сувязнага) у адносінах да інш. кампанентаў. Найважн. добрыя якасці П.м.: малая шчыльнасць, нізкі каэф. трэння і малы знос пры эксплуатацыі, высокая хім. ўстойлівасць, выдатныя дыэлектрычныя і аптычныя ўласцівасці, шырокі спектр дэфармацыйна-трываласных уласцівасцей, прывабны знешні выгляд вырабаў. Асн.прамысл. метады перапрацоўкі тэрмапластаў — ліццё пад ціскам, экструзія, вакуум-фармаванне, пнеўмафармаванне; рэактапластаў — прасаванне і ліццё пад ціскам.
Выкарыстоўваюць ва ўсіх галінах прам-сці і сельскай гаспадаркі ў якасці матэрыялаў рознага прызначэння (канстр., ахоўнага, электратэхн., дэкаратыўнага, фрыкцыйнага і інш.). На Беларусі пластмасавыя вырабы выпускае Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў, мінскі завод «Тэрмапласт». Гл. таксама Высокамалекулярныя злучэнні.
Літ.:
Кацнельсон М.Ю., Балаев Г.А. Полимерные материалы: Свойства и применение: Справ. Л., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЦІ́Н (Plōtinos каля 205, Лікопаль, Егіпет — 270),
старажытнагрэчаскі філосаф, паслядоўнік філас. ідэй Платона і заснавальнік неаплатанізму. Вучыўся ў Амонія Сака ў Александрыі. З 244 у Рыме, выкладаў філасофію. На падставе выбраных платонаўскіх тэкстаў распрацаваў уласную сістэму філас. поглядаў, у цэнтры якой паняцце аб неспасціжным і невыразным боскім першаадзіным пачатку ўсяго існага; яго ён называў дабром і параўноўваў з сонцам. Прынцыпу дабра супрацьпастаўляў прынцып зла, што ўвасабляецца ў цёмнай і пазбаўленай выгляду матэрыі, якая служыць ніжэйшай мяжой усёй структуры быцця. Структуру быцця падзяляў паводле крытэрыяў «там» і «тут». У такой форме супрацьпастаўляюцца сапраўды існае, розум у якасці адзінага самаст. стваральніка «першавобразаў», з аднаго боку, і «тутэйшы свет», дзе выступаюць толькі падабенствы, — з другога. Адначасова сцвярджаў, што толькі пачуццёвы космас знаходзіцца ў пэўным месцы, а свет, які спасцігаецца розумам, — усюды. У зямной частцы універсуму пастаянна адбываецца ўзнікненне і знікненне; вечны характар маюць усе праявы зла (узаемазнішчэнне жывёл і людзей, войны, злачынствы і г.д.). Але ў аснове зямнога свету ляжыць разумны план, які ідзе ад бога, а чалавечая душа заўсёды захоўвае магчымасць адысці ад усяго «тутэйшага» і вярнуцца да свайго сапраўднага прызначэння, якое П. бачыў у развіцці духоўных сіл і ўзыходжанні да першаадзінага, г.зн. да бога. У поглядах П. ёсць элементы містычнай дыялектыкі. Яго філас. вучэнне — пачатак апошняга этапа ў працэсе развіцця ант. філасофіі. Фрагментарныя запісы П. пасмяротна выдадзены яго вучнем Парфірыем, які падзяліў іх на 6 аддзелаў, а кожны аддзел — на 9 частак (адсюль назва ўсіх 54 трактатаў П. — «Энеады», г.зн. «Дзевяткі»).
Літ.:
Лосев А.Ф. История античной эстетики: Поздний эллинизм. М., 2000;
Яго ж. словарь античной философии: Избр. ст.М., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ КАДЭ́ЦКІ КО́РПУС,
сярэдняя ваенна-навуч. ўстанова закрытага тыпу ў г. Полацк у 1835—1918. Засн. для падрыхтоўкі да вайск. службы дваранскіх дзяцей з Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай, Віленскай, Гродзенскай і Смаленскай губ. Размяшчаўся ў будынку, дзе раней знаходзіліся Полацкая езуіцкая акадэмія і Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча. Быў разлічаны на 400 навучэнцаў, прымаліся хлопчыкі ва ўзросце 9—11 гадоў. Складаўся з 4 рот (грэнадзёрская, неранжырная, 2 мушкецёрскія), якія ўтваралі батальён. Меў 2 падрыхтоўчыя і 4 агульныя класы, у 1857 уведзены 5-ы агульнаадук. клас і 2-гадовыя спец. класы, пасля заканчэння якіх кадэты атрымлівалі чын афіцэра. Выкладаліся: рус., франц. і ням. мовы, арыфметыка, алгебра, геаграфія, гісторыя, чыстапісанне, маляванне, чарчэнне, закон Божы; у спец. класах дадаткова — тактыка, артылерыя, ваен. гісторыя і фартыфікацыя. У 1859—63 спец. класы падрыхтавалі 172 афіцэры. У 1865 корпус рэарганізаваны ў ваен. гімназію, якая ў 1882 зноў пераўтворана ў кадэцкі корпус з 7-гадовым курсам навучання. У пач. 1-й сусв. вайны эвакуіраваны. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 рэарганізаваны ў гімназію ваен. ведамства. У 1919—20 на базе П.к.к. і інш. эвакуіраваных кадэцкіх карпусоў былі створаны Крымскі (у Арэандзе) і Феадасійскі кадэцкія карпусы. За час існавання П.к.к. падрыхтаваў больш за 3 тыс. афіцэраў. Сярод іх Д.Д.Бохан, браты Кірпічовы і Манцэвічы, Р.І.Кандраценка, Н.Н. і М.Н. Кайгародавы і інш.
Дьяков В.А. Деятели русского и польского освободительного движения в царской армии 1856—1865 гг.: (Биобиблиогр. словарь). М., 1965;
Лукашэвіч А.М. Арганізацыя вучэбнага працэсу ў кадэцкіх карпусах на тэрыторыі Беларусі ў 30-х — пачатку 50-х гг. XIX ст. // Весн. БДУ. Сер. 4. 1998. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́ЛАЦКІ СШЫ́ТАК»,
рукапісны зборнік старадаўняй бел. музыкі 16—17 ст.; яркі ўзор бел. свецкай кантавай культуры. Выклеены з вокладкі уніяцкага служэбніка, набытага ў 1956 б-кай Ягелонскага ун-та ў Кракаве (Польшча). Папера зборніка выраблена паміж 1633—50 (паводле вадзяных знакаў), пераплецены служэбнік да 1680. Напачатку кніга належала уніяцкай царкве ў в. Астрамечава (Брэсцкі р-н). Апісаў зборнік польскі даследчык Е.Голас. «П.с.» уключае больш за 60 вак. і інстр.муз. твораў з выразнымі стылявымі рысамі барока. Сярод іх шматгалосыя канты і псальмы, фрагменты царк. музыкі з лічбаваным басам (для выканання на аргане). Мясцовыя напаўфалькл. традыцыі спалучаюцца ў музыцы з італьян. і франц. ўплывамі. Інтанацыйны строй мелодый грунтуецца на слав. нар.-песенным меласе і тыповых кантавых, часам стэрэатыпізаваных, папеўках і кадэнцыйных зваротах. Сустракаюцца формульныя напевы, якія выконваліся на розныя паэт. тэксты. Стылістыка песенных і танц. твораў блізкая да стылістыкі кантаў і псальмоў. Тэксты рукапісу напісаны на лац., стараслав., старабел. мовах. Для запісу музыкі выкарыстаны 2 натацыі — круглая заходнееўрап. (т.зв. італьянская) для літургічных твораў, круглая італьян. і квадратная «кіеўская» для свецкіх. На аснове зборніка ў Польшчы выдадзена грампласцінка «Песні, танцы і паваны», на супервокладцы якой падкрэслена бел. паходжанне муз. твораў. Некат. творы «П.с.» ўключыў у свой рэпертуар ансамбль старадаўняй музыкі Бел.дзярж. філармоніі «Кантабіле» (які і даў зборніку назву), некалькі кантаў з рэстаўрыраваным бел. тэкстам выконвае маск. камерны хор «Віват». Музыка «П.с.» неаднаразова выконвалася па Бел. тэлебачанні і радыё.
Літ.:
Герасимова-Персидская Н.А. Партесный концерт в истории музыкальной культуры. М., 1983. С.35;
Gołos J. // Nowe spojrzenie na rękopis 10002 BJ. // Muzyka. 1973. № 3;
Касьцюкавец Л. «Полацкі сшытак» // Полацак. 1991. № 8.