ПЛА́ТАЎ (Мацвей Іванавіч) (17.8.1751, станіца Старачаркаская Аксайскага р-на Растоўскай вобл., Расія — 15.1.1818),
расійскі ваен. дзеяч. Вайсковы атаман Данскога казацкага войска (з 1801), ген. ад кавалерыі (1809), граф (1812). Ганаровы д-р права Оксфардскага ун-та (1814). На ваен. службе з 1764. Удзельнік рус.-тур. войнаў 1768—74, 1787—91 і 1806—12, рус.-пруска-франц. вайны 1806—07. У пач. вайны 1812 камандзір «лятучага» корпуса 1-й арміі (у Гродне); адрэзаны ад яе франц. войскамі, далучыўся да 2-й арміі; прыкрываў яе адыход, атрымаў перамогі над напалеонаўскай кавалерыяй у Мірскім баі 1812 і каляв. Раманава (цяпер Леніна Слуцкага р-на). Пасля Смаленскай бітвы ўзначаліў ар’ергард аб’яднанай арміі. У час Барадзінскай бітвы 1812 зрабіў рэйд у тыл праціўніка. Восенню 1812 удзельнічаў у праследаванні адступаючай франц. арміі, у вызваленні Оршы, Талачына, Барысава і інш. Удзельнік замежных паходаў рускай арміі 1813—14.
Літ.:
Астапенко М.П., Левченко В.Г. Атаман Платов: Жизнеописание. М., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕМЯННЫ́Я ГАСПАДА́РКІ, племгасы,
жывёлагадоўчыя гаспадаркі, што маюць высокапрадукц. статак жывёл пэўнай пароды, прыплод ад якога гадуюць на племя. Уключаюць племянныя заводы, саўгасы і фермы, кантрольна-выпрабавальныя станцыі і плем. рэпрадуктары.
Племянныя заводы займаюцца ўдасканаленнем існуючых і вывядзеннем новых парод, забяспечваюць прадпрыемствы каштоўнымі чыстакроўнымі жывёламі. Племянныя саўгасы і фермы разводзяць чыстапародных жывёл для ўласнага статка. На кантрольна-выпрабавальных станцыях ацэньваюць быкоў малочных парод, бараноў, свінаматак па якасці патомства, быкоў мясных парод па ўласнай прадукцыйнасці, праводзяць выпрабаванні парод і ліній свіней на спалучальнасць. Племянныя рэпрадуктары прызначаны для вырошчвання двухпародных свінаматак.
На Беларусі больш за 20 плем. заводаў: па развядзенні чорна-пярэстай малочнай пароды і мясной пароды шарале буйн. раг. жывёлы («Чырвоная зорка» Клецкага, «Карэлічы» Карэліцкага, «Рось» Ваўкавыскага, «Ведрыч» Рэчыцкага, «Прамень» Бярозаўскага і «Дружба» Кобрынскага р-наў); па бел. тыпу буйной белай і чорна-рабой пародах свіней («Нача» Ляхавіцкага, «Рэканструктар» Талачынскага, «Порплішча» Докшыцкага, «Ціманава» Клімавіцкага, «Леніна» Горацкага, імя Дзяржынскага Капыльскага р-наў); конныя заводы («Зарэчча» Смалявіцкага, эксперым. база «Ніва» Лідскага р-наў, Гомельскі, Мсціслаўскі) і інш.Каля 70 плем. саўгасаў і ферм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЯБА́НІЯ (сярэднелац. plebania ад лац. plebs народ),
1) двор святара каталіцкай, рэфарматарскай ці уніяцкай царквы ў Польшчы і на Беларусі. Вядомы з 16 ст. На Беларусі аснову двара, які звычайна размяшчаўся каля храма, складалі жылы дом і гасп. пабудовы (свіран, хлявы, стайня і інш.). Забудова часцей была драўляная (хата 3-камерная) і вырашалася ў традыцыях нар. дойлідства.
Некат. дамы мелі ганкі, галерэі, падчэні на гал. фасадзе (вёскі Ішкалдзь Баранавіцкага, Касцяневічы Вілейскага р-наў, 19 ст.). З канца 19 ст. будавалі П. больш складанай планіровачнай структуры: 2-павярховыя, мураваныя (гарады Мядзел, Глыбокае, Мінск і інш.). Выкарыстоўваліся П. і як своеасаблівыя грамадскія цэнтры (друкарня ў нясвіжскай П., 18 ст.). Сучасныя П. маюць шматфункцыян. залы для сходаў, б-кі, вучэбныя і камп’ютэрныя класы, канцылярыі і інш. (П. ў Смаргоні, 2000, арх. А.Базевіч).
2) У рым.-каталіцкай царкве — адна з назваў царк. прыхода.
С.А.Сергачоў.
Будынак былой плябаніі ў в. Ішкалдзь Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобл. 19 ст.Плябанія (справа) у г. Смаргонь Гродзенскай вобл. 2000. Арх. А.Базевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала са жн. 1941 да кастр. 1942 у г. Полацк і Полацкім р-не пад кіраўніцтвам падп. Віцебскага абкома КП(б)Б і Полацкага райкома КП(б)Б. Аб’ядноўвала 11 груп
(каля 160 чал.): 3 групы ў Полацку (кіраўнікі С.Я.Арцем’еў, П.Ф.Самародкаў, Я.Х.Сташкевіч, С.В.Сухавей),
у вёсках Домнікі (А.М.Філіпаў), Дрэтунь (М.Д.Свірыдзенка), Залессе (К.М.Макараў), Казімірова (Ф.Дз.Максімаў), Палата (П.Ф.Сташкевіч), Пруды (А.Я.Марчанка), Узніцы (П.Я.Кірыленка), Юравічы (Дз.А.Зублеў). Падпольшчыкі распаўсюджвалі лістоўкі, здабывалі зброю і боепрыпасы, разведданыя, ратавалі сав. ваеннапалонных, перапраўлялі людзей у партызаны, праводзілі дыверсіі, у т. л. падарвалі нафтабазу і паравознае дэпо, знішчылі 2 паравозы і 4 вагоны. Група «Бясстрашныя» выратавала ад холаду і голаду дзяцей дзіцячага дома, пераправіла іх у Бельчыцы, потым у партыз. зону. Падпольшчыкі ў маі 1942 удзельнічалі ў стварэнні партыз. атрада, які ў чэрв. разгарнуўся ў 3-ю Бел.партыз. брыгаду. За час дзеяння загінулі 24 падпольшчыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ РАЁН У БССР,
аўтаномная адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1932—37. Створаны 15.3.1932 на базе Койданаўскага раёна як Койданаўскі нацыянальны польскі раён, з 29.6.1932 — Дзяржынскі нацыянальны польскі раён. Арг-цыя раёна была практычнай спробай стварыць форму нац.аўтаноміі для палякаў у БССР у ходзе агульнасаюзнай кампаніі нац.дзярж. будаўніцтва нац. меншасцей. З 1926 у БССР пачалі стварацца польскія нацыянальныя сельсаветы, у 1931 4 такія сельсаветы створаны ў Койданаўскім р-не, у 1932 з 17 яго сельсаветаў было 10 польскіх і 1 яўр.-польскі. У 1932—33 раёну выдадзена 1,5 млн. рублёў (удвая больш, чым звычайным раёнам). Актыўна вялося нац.-культ. будаўніцтва: дзейнічала 135 польскіх школ (усяго ў БССР на 1935), працавалі Дзяржынскі польскі агранамічны тэхнікум, польскі навук. кабінет (пед. вучылішча) у в. Станькава, польскі калгасна-саўгасны тэатр у Дзяржынску, выдавалася газ. «Szturmowiec Dzierżyńszczyzny» («Ударнік Дзяржыншчыны»), У 1935 пагаршэнне сав.-польскіх адносін адбілася і на стаўленні да польск. насельніцтва ў СССР. 31.7.1937 нац. раён скасаваны. Па справе аб скасаванні раёна рэпрэсіям палітычным падверглася каля 250 чал. Шмат жыхароў было дэпартавана (гл.Дэпартацыя). А.І.Валахановіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТАЗА́НАЎ (Якаў Аляксандравіч) (4.2.1881, Масква — 8.8.1945),
расійскі кінарэжысёр; адзін з заснавальнікаў рас. кінематаграфіі. Засл. дз. маст. Расіі (1935). Засл. дз. маст. Узбекістана (1943). У кіно з 1907, першы фільм — «Бахчысарайскі фантан» (1909). Да 1918 паставіў каля 80 фільмаў, у т. л. «Вайна і мір» (з У.Р.Гардзіным; паводле Л.Талстога), «Д’яблы» (паводле Ф.Дастаеўскага; абодва 1915), «Пікавая дама» (1916; паводле А.Пушкіна) і «Айцец Сергій» (1918; паводле Л.Талстога). З 1920 працаваў у Парыжы і Берліне. З 1923 у Расіі. Зняў фільмы: «Аэліта» (1924; паводле А.Талстога), камедыі «Закройшчык з Таржка» (1925), «Працэс аб трох мільёнах» (1926), «Дон Дыега і Пелагея» (1928), «Свята святога Іоргена» (1930), «Насрэдзін у Бухары» (1943). Сярод інш. фільмаў: «Сорак першы» (1927; паводле Б.Лаўранёва), «Белы арол» (1928; паводле апавяд. Л.Андрэева «Губернатар»), «Беспасажніца» (1937; паводле А.Астроўскага), «Салават Юлаеў» (1941), фільм-памфлет «Марыянеткі» (1934) і інш. Яго творчасць вызначалася высокім прафес. майстэрствам, увагай да мастацтва акцёра, увасабленнем лепшых традыцый рус. тэатра і л-ры ў кіно.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАШЛЯКО́Ў (Аляксей Іванавіч) (18.2.1901, с. Галянішчава Сапажкоўскага р-на Разанскай вобл., Расія — 12.12.1973),
савецкі военачальнік. Маршал інж. войск (1961), Герой Сав. Саюза (1945). У арміі з 1920. Скончыў курсы ўдасканалення камсаставу (1931 і 1938), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1951). У 1933—38 служыў у інж. войсках БВА. З вер. 1939 нач.інж. войск 4-й арміі, у складзе якой удзельнічаў у вызв. паходзе сав. войск у Зах. Беларусь (вер. 1939), кіраваў работамі па інж. абсталяванні зах. граніцы СССР, буд-ву Брэсцкага ўмацаванага р-на, рэканструкцыі Дняпроўска-Бугскага канала. У пач.Вял.Айч. вайны арганізоўваў інж. забеспячэнне абароны сав. войск каля Бабруйска і Магілёва, у ліп. 1941 — студз. 1942 нам.нач.інж. ўпраўлення Цэнтр. і Бранскага франтоў. У 1942—45 нам. камандуючага — нач.інж. войск Паўд., Сталінградскага, Данскога, Цэнтр., Бел., 1-га Бел. франтоў. Удзельнічаў у забеспячэнні паспяховага фарсіравання Дняпра, Бярэзіны, Друці і Зах. Буга. Арганізаваў інж. забеспячэнне войск 1-га Бел. фронту ў Вісла-Одэрскай і Берлінскай аперацыях (1945). Пасля вайны на адказных пасадах у інж. войсках, у 1952—65 нач.інж. войск Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУГАЧО́Ў (Емяльян Іванавіч) (каля 1742, б. станіца Зімавейская-на-Доне, цяпер тэр. Валгаградскай вобл., Расія — 21.1.1775),
кіраўнік сялянскай вайны 1773—75. Данскі казак, харунжы (1770). Удзельнік Сямігадовай 1756—63 і рус.-тур. 1768—74 войнаў. У 1771 уцёк ад ваен. службы на р. Церак, там выбраны станічным атаманам. У лют. 1772 арыштаваны, уцёк да старавераў у Ветку на Гомельшчыне, у ліст. — на р. Яік (цяпер Урал), дзе агітаваў казакаў пайсці на вольныя землі за р. Кубань. Арыштаваны, засуджаны на катаргу. У маі 1773 уцёк з казанскага астрога на Яік, дзе паводле дамоўленасці з групай казакоў абвясціў сябе імператарам Пятром III (вер. 1773). Выступаў з утапічнай ідэяй «справядлівага» казацка-сял. царства. У час сял. вайны непісьменны П. паказаў вял. арганізатарскія і ваен. здольнасці. Жорстка распраўляўся з дваранамі і ўсімі, хто не прызнаваў яго імператарам. Пасля канчатковага паражэння ад урадавых войск П. 19.9.1774 схоплены групай сваіх прыбліжаных і неўзабаве выдадзены ўладам. Пакараны смерцю (чвартаваны) ў Маскве.
Літ.:
Буганов В.И. Пугачев. М., 1984.
М.Г.Нікіцін.
Е.І.Пугачоў. З партрэта невядомага мастака. 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЦІ́ЎЛЬ,
горад у Сумскай вобл., на Украіне, на р. Сейм (бас.р. Дняпро), за 24 км ад чыг. станцыі Пуціўль. 19,5 тыс.ж. (1991). Харч. прадпрыемствы. Краязнаўчы музей. Арх. помнікі 16—18 ст.: Малчанскі (16—19 ст.) і Спаскі (17 — пач. 18 ст.) манастыры, царква Міколы Казацкага (18 ст.).
Упершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1146; крэпасць для абароны Кіеўскай Русі ад набегаў полаўцаў. У 2-й пал. 12 ст. цэнтр аднайм. княства. Апісаны ў «Слове аб палку Ігаравым». У 1240 разбураны мангола-татарамі. З 1356 у складзе ВКЛ. У 1500 вял.кн.Іван III Васілевіч далучыў П. да Рус. дзяржавы. У час польскай і шведскай інтэрвенцыі пачатку 17 стагоддзя заняты войскамі Рэчы Паспалітай. Паводле Дэулінскага перамір’я 1618 адышоў да Расіі. У 18 — пач. 20 ст. павятовы горад, з 1769 у Курскай губ. З 1926 у складзе Укр. ССР. З 1932 у Чарнігаўскай, з 1939 у Сумскай абл. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. войскамі (1941—43). Каля П. быў створаны Пуціўльскі партыз. атрад пад камандаваннем С.А.Каўпака.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЧО́ЛЫ, пчаліныя (Apoidea),
надсямейства насякомых атр. перапончатакрылых. 6 сям., каля 30 тыс. відаў. Пашыраны паўсюдна. На Беларусі пераважна трапляюцца П. (андрэна, калет, гілеус, панург і інш.), чмялі. Кормяцца пылком і нектарам раслін. Маюць вял.гасп. значэнне як апыляльнікі раслін. Пчол меданосных разводзяць для атрымання прадуктаў пчалярства.
Даўж. ад 1,5 мм да 5 см, у большасці відаў I—1,5 см. Цела пераважна ўкрыта густымі валаскамі. Ротавы апарат грызуча-ліжучы, у выглядзе хабатка. Многія П. маюць прыстасаванні (збіральны апарат) для збору пылку, напр., густыя валаскі на задніх нагах ці расшыраныя галёнкі і першы членік задняй лапкі і інш. Добра развіты слінныя залозы і валляк. Маюць джала і ядавітыя залозы. Большасць відаў адзіночныя (у гняздзе — самец і самка, якая будуе гняздо і збірае корм для лічынак). У «грамадскіх» П. сям’я (гл.Пчаліная сям’я) складаецца з адной або некалькіх плодных самак. самцоў і мноства бясплодных самак (рабочыя асобіны). Паразітныя П. адкладваюць яйцы на корм, назапашаны інш. насякомымі, выкарыстоўваюць гнёзды П. інш. відаў.