дыферэнцыяцыя людзей, іх груп на сацыяльна няроўныя страты (слаі) у залежнасці ад узроўню даходаў, адукацыі, прафесіі, прэстыжу, удзелу ва ўладных структурах і інш. Дазваляе праводзіць адрозненне паміж тыпамі і формамі сац. няроўнасці, увасобленай у класавай, каставай, саслоўнай структуры грамадства. Тэрмін «С.с.» увёў П.А.Сарокін. Адметныя асаблівасці С.с.: дыферэнцыяцыя людзей у іерархічна аформленыя групы, г.зн. вышэйшыя, сярэднія і ніжэйшыя класы, слаі, страты грамадства; падзел людзей на прывілеяваную меншасць (знаць, багатыя, паліт. эліта і інш.) і ўшчэмленую ў якіх-н. адносінах большасць (бедныя, што не маюць дачынення да ўладных структур і інш.). У працэсе жыццядзейнасці грамадства сац. страты ўвесь час мяняюцца і развіваюцца. У выніку ўзнікае мабільнасць сацыяльная, якая звязана са зменай індывідам ці групай месца ў сац. структуры грамадства, перамяшчэннем іх з аднаго сац. становішча ў іншае.
Літ.:
Бабосов Е.М. Трансформация социальной структуры Беларуси в процессе становления ее государственности // Беларусь на шляху дэмакратызацыі. Мн., 1996;
Гидденс Э. Стратификаиия и классовая структура // Гидденс Э. Социология: Пер. с англ.М., 1999;
Сорокин П.А. Социальная стратификация // Сорокин П.А. Человек. Цивилизация. Общество. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЙСМІ́ЧНАЯ ШКАЛА́,
шкала для ацэнкі інтэнсіўнасці землетрасення. Адрозніваюць С.ш. для ацэнкі энергіі ачагоў землетрасення (шкала магнітуд землетрасенняў або шкала Рыхтэра, дзе магнітуда — умоўная велічыня, прапарцыянальная лагарыфму энергіі, што выпраменьваецца ачагом землетрасення) і для інтэнсіўнасці праяўлення землетрасенняў на паверхні Зямлі (у балах). Аснова для вызначэння інтэнсіўнасці ў 12-бальнай міжнар. шкале (MSK-64) — ступень пашкоджання будынкаў, рэшткавыя дэфармацыі грунту і інш. (гл.табл.).
В.Я.Клюц.
Міжнародная сейсмічная шкала MSK-64
Балы
Характарыстыка інтэнсіўнасці землетрасенняў
1
Ваганні глебы адзначаюцца прыборамі
2
Адчуваюцца ў асобных выпадках людзьмі, якія знаходзяцца ў спакойным стане
3
Адзначаюцца нямногімі людзьмі
4
Адзначаюцца многімі людзьмі. Магчыма бразгатанне шкла
5
Гайданне вісячых прадметаў. Людзі прачынаюцца
6
Лёгкія пашкоджанні ў будынках, тонкія трэшчыны ў тынкоўцы
7
Трэшчыны ў тынкоўцы і адколванне асобных кавалкаў, тонкія трэшчыны ў сценах
8
Вялікія трэшчыны ў сценах, падзенне карнізаў, комінаў
9
У некаторых будынках абвалы: абрушэнне сцен, перакрыццяў, даху
10
Абвалы ў шматлікіх будынках. Трэшчыны ў грунтах шыр.да 1 м
11
Шматлікія трэшчыны на паверхні Зямлі, вял. абвалы ў гарах
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАБЯЛЬЦЫ́Н Дзмітрый Уладзіміравіч (24.11.1892, С.-Пецярбург — 16.11.1990),
расійскі фізік і грамадскі дзеяч, заснавальнік навук. школы па фізіцы атамнага ядра і касм. прамянёў. Акад.АНСССР (1946, чл.-кар. 1939). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Петраградскі ун-т (1915). З 1916 у ВНУ Ленінграда. У 1929—31 працаваў у лабараторыі М.Складоўскай-Кюры. З 1937 у Фіз. ін-це АНСССР (у 1952—72 дырэктар), адначасова ў 1946—60 дырэктар НДІядз. фізікі Маскоўскага ун-та (з 1940 праф.). У 1950—74 старшыня Камітэта па Міжнар. Ленінскіх прэміях. Навук. працы па ядз. фізіцы, фізіцы касм. прамянёў і фізіцы высокіх энергій. Выкарыстаў камеру Вільсана, змешчаную ў магн. поле, для даследаванняў узаемадзеяння γ-квантаў з рэчывам (1924), вынікі якіх пацвердзілі квантавую прыроду святла. Адкрыў наяўнасць у касм. прамянях зараджаных часціц высокіх энергій і паяўленне груп з некалькіх (да 4) генетычна звязаных часціц (т.зв. касм. ліўні; 1927—29), што дало пачатак даследаванню прыроды касм. прамянёў. Залаты медаль імя Ламаносава 1952. Дзярж. прэмія СССР 1951. Ленінская прэмія 1982.
Тв.:
Космические лучи. Л.;
М., 1936;
Парадокс близнецов в теории относительности. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛО́НІМСКІЯ ЗА́МКІ Існавалі ў 13—18 ст. у г.Слонім. Размяшчаліся на левым беразе р. Шчара. Умацаваным цэнтрам сярэдневяковага Слоніма быў Верхні замак, які займаў узвышша памерам 150×200 м. Замкавая пляцоўка мела форму няправільнага прамавугольніка, узвышалася над ракой на 3—4 м, была ахавана ровам шырынёй 15—18 м і глыбінёй каля 8 м. У 14—18 ст. побач з Верхнім размяшчаўся Ніжні замак, які займаў падковападобную пляцоўку, ахоўваўся земляным валам і вадзяным ровам. Нягледзячы на наданне ў 1531 Слоніму магдэбургскага права, ён у адрозненне ад інш. падобных гарадоў ніколі не меў уласна гар. умацаванняў. З ПдЗ горад абкружалі высокія ўзвышшы, што панавалі над усім наваколлем, і ўзвядзенне каля іх падножжа абарончых збудаванняў не мела сэнсу. Аднак на сутыку гандл. шляхоў была размешчана сістэма ўмацавання з цэркваў і кляштараў, якая запірала ўезды-выезды з горада. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 яны ўсё ж не змаглі абараніць у 1655 абязлюдзелы Слонім. Пазней умацаванні С.з. былі адноўлены і праіснавалі да канца 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПО́САБ ВЫТВО́РЧАСЦІ,
гістарычна вызначаны спосаб здабывання матэрыяльных даброт; адзінства матэрыяльных прадукцыйных сіл і грамадскіх вытворчых адносін. Тэрмін «С.в.» ўведзены К.Марксам для абазначэння эканам. асновы грамадства, якая, на яго думку, характарызуе сферу вытв. дзейнасці людзей і вызначае сац., паліт. і духоўныя працэсы іх жыццядзейнасці. Для кожнага С.в. характэрны пэўны ўзровень прадукц. сіл і іх выкарыстання ў прац. працэсе (напр., машынная вытворчасць, створаная ў выніку прамысловага перавароту). Аб’ектыўнае развіццё прадукц. сіл апярэджвае рост вытв. адносін, што з цягам часу пачынае негатыўна адбівацца на тэмпах эканам. развіцця і абумоўлівае неабходнасць змены аднаго С.в. на іншы, больш прагрэсіўны. Адносіны паміж людзьмі ў працэсе вытв-сці набываюць сваё выяўленне ў пэўнай форме ўласнасці (прыватная, дзярж., кааператыўная і інш.), якая і вызначае канкрэтны С.в. У краінах са змешанай эканомікай, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь, адбываецца пераход ад цэнтралізаванай планавай вытв-сці з дзярж. уласнасцю на яе сродкі да сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі з перавагай прыватнай уласнасці, але пры захаванні вядучай ролі дзяржавы ў планаванні эканам. і сац. развіцця краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАЖЫРО́ЎКА,
1) выпрабавальны тэрмін, на які прымаецца работнік для праверкі адпаведнасці яго даручанай рабоце і набыцця неабходных навыкаў. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь С. звычайна не павінна перавышаць 6 месяцаў, а пры прыёме на некваліфікаваную работу — двух тыдняў. Умовы аб выпрабаванні павінны быць пазначаны ў загадзе (распараджэнні) аб прыёме на работу. Калі тэрмін С. скончыўся, а работнік працягвае працаваць, лічыцца, што ён вытрымаў выпрабаванне і залічаны ў штат. С. не ўстанаўліваецца пры прыёме на работу інвалідаў і асоб, якія не дасягнулі 18 гадоў, а таксама маладых рабочых пасля заканчэння прафес.-тэхн.навуч. устаноў і маладых спецыялістаў пасля заканчэння вышэйшых і сярэдніх спец.навуч. устаноў і ў некаторых інш. выпадках, прадугледжаных заканадаўствам.
2) Работа па спецыяльнасці на працягу пэўнага тэрміну (выпрабавальны стаж) для вызначэння магчымасці залічэння на штатную пасаду ў некаторых праваахоўных органах (пракуратуры, адвакатуры, судзе) і ў інш. арг-цыях, мастацкіх калектывах; С. маладых спецыялістаў і работнікаў НДІ і ВНУ для падрыхтоўкі іх данавук. або пед. дзейнасці, выкладчыкаў вышэйшай школы з мэтай павышэння іх кваліфікацыі (з магчымай камандзіроўкай іх за мяжу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́ПЕР-ЭВМ,
клас звышпрадукцыйных электронных вылічальных машын для рашэння складаных задач. Па сваіх магчымасцях параўноўваецца з мозгам чалавека.
Звышвысокая прадукцыйнасць дасягаецца ў асн. за кошт паралельнай архітэктуры: выкарыстання вял. колькасці універсальных і спецыялізаваных працэсараў, паралельнага праграмавання, хуткадзейных звышвялікіх інтэгральных схем. Шматпрацэсарная машына функцыянуе пад кіраўніцтвам адзінай аперацыйнай сістэмы. Хуткадзеянне залежыць ад раўнамернасці загрузкі працэсараў, арганізацыі схемы разлікаў (праграмнага забеспячэння). С.-ЭВМ выкарыстоўваецца для навук. мадэліравання, апрацоўкі вынікаў даследаванняў, фінансавай (напр., банкаўскай) інфармацыі, кіравання чыгункай ці інш.трансп. сістэмай, прагнозу надвор’я, праектавання лятальна-касм. апаратаў, ядз. і хім. рэактараў, рашэння задач газа- і гідрадынамікі, цепла- і масаабмену, энергетыкі, генетыкі чалавека, распазнавання вобразаў і інш.
На Беларусі і ў Расіі паводле праграмы «СКІФ» (галаўныя арг-цыі НДА «Кібернетыка» Нац.АН Беларусі і Ін-т праграмных сістэм Рас.АН) распрацавана С.-ЭВМ з хуткадзеяннем 20 млрд. аперацый з плавальнай коскай за секунду, дзе рэалізавана паралельная архітэктура і шэраг арыгінальных рашэнняў у апаратным і праграмным забеспячэнні, што дае магчымасць павышэння хуткадзеяння да трыльёнаў аперацый за секунду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАМІ́ЗМ (ад лац. Thomas Фама),
кірунак у схаластыцы і каталіцкай тэалогіі, які сфарміраваўся пад уплывам філасофіі Фамы Аквінскага. Характарызуецца імкненнем да рацыянальнага абгрунтавання хрысціянскага веравучэння, арыентаванасцю на філасофію Арыстоцеля ў большай ступені, чым на вучэнне Платона і неаплатонікаў. Гнасеалогія Т. заснавана на перакананні, што сэнс пазнанага шляхам божага адкрыцця павінен знаходзіцца ў згодзе з рацыянальным усведамленнем; у тэалогіі тамісты аддавалі перавагу касмалагічнаму доказу быцця Бога, а не анталагічнаму; антрапалогія Т. базіруецца на вучэнні пра адзінства душы і цела, якому душа надае «субстанцыянальную форму», этыка — на арыстоцелеўскай канцэпцыі дабрачыннасці як сярэдзіны паміж 2 заганамі. Першапачаткова Т. крытыкаваўся з боку прадстаўнікоў аўгусцініянства, якія ў пытаннях веры аддавалі перавагу інтуіцыі, і ў 1277 быў афіцыйна асуджаны ун-тамі Парыжа і Оксфарда. У 14 ст. Т. стаў агульнапрынятай дактрынай дамініканскага ордэна, якую абаранялі Гервей Наталіс, Іаан Капрэол у палеміцы з францысканскімі апанентамі. Пасля кананізацыі Фамы Аквінскага ў 1323 Т. замацаваўся ва ун-тах Парыжа і Кёльна. У 16 ст. Т. стаў пануючым вучэннем у каталіцкім багаслоўі (Ф.Суарэс). У 1879 энцыклікай папы Льва XIII Т. зацверджаны ў якасці каталіцкай дактрыны. Гл. таксама Неатамізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРОХ ЦЕЛ ЗАДА́ЧАў нябеснай механіцы,
задача пра вызначэнне руху 3 цел, якія ўзаемна прыцягваюцца паводле сусветнага прыцягнення закону.
Сфармулявана І.Ньютанам. Л.Эйлер (1767) і Ж.Л.Лагранж (1772) знайшлі класы частковых рашэнняў агульнай (неабмежаванай) Т.ц.з., пры якіх целы адвольных мас рухаюцца па канічных сячэннях аднолькавага выгляду, а ўтвораная імі канфігурацыя ўвесь час падобная да самой сябе — целы застаюцца на адной прамой (калінеарныя эйлеравы рашэнні) ці ўтвараюць роўнастаронні трохвугольнік (трохвугольныя лагранжавы рашэнні). Астр. назіранні пацвердзілі, што гэтыя рашэнні рэалізуюцца ў прыродзе (гл.Траянцы). Агульнае рашэнне неабмежаванай Т.ц.з. знойдзена ў выглядзе бесканечных шэрагаў. З-за іх надзвычай павольнай збежнасці часцей выкарыстоўваюць якасныя ці прыблізныя лікавыя метады рашэння або разглядаюць спрошчаную (абмежаваную) Т.ц.з. Рашэнні розных тыпаў абмежаванай Т.ц.з. знайшлі шматлікія дастасаванні ў тэорыі руху Месяца і планет, дынаміцы касм. палёту.
Літ.:
Рябушко А.П. Движение тел в общей теории относительности. Мн., 1979;
Рой А.Э. Движение по орбитам: Пер. с англ.М., 1981;
Себехей В. Теория орбит: Ограниченная задача трех тел: Пер. с англ.М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫЗЕНГА́ЎЗЫ, фон Тызенгаўзены,
шляхецкі род уласнага герба «Буйвал» у Рэчы Паспалітай. Маюць ням. паходжанне, у пач. 13 ст. прыбылі з Гальштэйна ў Інфлянты. З Т., што жылі ў ВКЛ, найб. вядомы:
Готард Ян (? — 1640), кашталян вендэнскі ў 1621—34, ваявода дорпцкі з 1634. Готард (? — 1669), канонік і суфраган віленскі з 1661, абат гебдоўскі, біскуп-намінат метонскі, біскуп смаленскі з 1667. Юрый (? — 6/7.9.1679), палкоўнік войска ВКЛ, мечнік ВКЛ з 1650. Андрэй (? — 8.2.1673), лоўчы ВКЛ з 1667. Стафан (? — 24.12.1708), падстолі ВКЛ у 1687, ваявода новагародскі з 1689. Ян Стафан (? — 1730), вял. пісар ВКЛ у 1669—1714, ваявода мсціслаўскі з 1714, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1716 і 1720. Міхал Бенядзікт (? — да 12.10.1726), вял. пісар ВКЛ з 1714. Антоній (1733—85), гл.Тызенгаўз А. Канстанцін (3.6.1786, г.п. Жалудок Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. — 16.3.1853), арнітолаг. Аўтар прац «Асновы арніталогіі, або Навукі пра птушак» (1841), «Усеагульная арніталогія, або Апісанне птушак усіх частак свету» (1843—46). Захапляўся жывапісам, быў вучнем Я.Рустэма. У сваім маёнтку ў Паставах стварыў арніталагічны музей, сабраў карцінную галерэю, значную б-ку.