форма дзейнасці, характэрная для жывой структуры на клетачным, тканкавым, органавым і сістэмным узроўнях, а таксама на ўзроўні цэласнага арганізма.
Асн. Ф. жывой структуры на любым узроўні — пастаянны абмен рэчываў і абмен энергіі, з якімі звязаны праявы жыццядзейнасці (рост, развіццё, размнажэнне, харчаванне і інш.). Адаптацыйна-трафічная Ф. органа (сістэмы органаў) — прыстасаванне арганізма да змен умоў існавання шляхам рэгуляцыі абмену рэчываў і ўзбуджальнасці яго органаў і тканак; бар’ерная — Ф. тканак і органаў па ахове арганізма або яго асобных частак ад уздзеяння змен навакольнага асяроддзя і па захаванні адносна пастаяннага складу, фізіка-хім. і біял. уласцівасцей унутр. асяроддзя арганізма; генератыўная — Ф. арганізма па ўзнаўленні сабе падобнага. Парушэнні Ф. праяўляюцца аслабленнем дзейнасці органа або тканкі (гіпафункцыя), павышанай дзейнасцю органа, тканкі, сістэмы арганізма (гіперфункцыя), неадэкватнасцю рэакцыі жывой структуры на ўздзеянне раздражняльнікаў (дысфункцыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЧАЛАВЕ́К І БІЯСФЕ́РА»
(The Man and the Biosphere, MAB),
міжнародная праграма па каардынацыі навук. даследаванняў узаемасувязей паміж чалавекам і навакольным прыродным асяроддзем. Прынята ў 1970 на 16-й сесіі Ген. канферэнцыі ЮНЕСКА як працяг Міжнароднай біялагічнай праграмы. Удзельнічае каля 90 краін, у т. л. Беларусь. Асн. мэта — распрацоўка навук. асновы для рацыянальнага выкарыстання і захавання рэсурсаў біясферы і глабальнага паляпшэння адносін паміж чалавекам і асяроддзем, для прагназіравання магчымых у будучым вынікаў сённяшняй дзейнасці чалавека і павелічэння яго магчымасцей эфектыўна кіраваць прыроднымі рэсурсамі планеты, не змяншаючы іх патэнцыялу. Праграма ўключае асобныя праекты, прысвечаныя вывучэнню ўплыву дзейнасці чалавека (землекарыстанне, інж.-Тэхн. работы, выкарыстанне энергіі) на асн. тыпы біёмаў Зямлі (тундры, лясы, саванны, стэпы, пустыні і інш.); прадугледжвае стварэнне сістэмы біясферных запаведнікаў, у якую з 1978 уваходзіць і Бярэзінскі біясферны запаведнік.
Эмблема міжнароднай праграмы «Чалавек і біясфера».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУРСА́НАЎ Міхаіл Іванавіч (н. 14.9.1949, в. Кісялевічы Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне энергетыкі. Д-ртэхн.н. (2003). Скончыў БПІ (1972). З 1972 у Бел.нац.тэхн. ун-це (з 1988 нам. дэкана). Навук. працы па перадачы эл.энергіі па сетках энергасістэм. Распрацаваў прынцыпы і метады вызначэння і аналізу фактычных і эканамічна абгрунтаваных узроўняў страт электраэнергіі ў эл. сетках, стратэгію кіравання рэжымамі і функцыянаваннем эл. сетак, праграмныя сродкі для аптымізацыі ўмоў іх функцыянавання. Вынікі навук. даследаванняў выкарыстоўваюцца ў энергасістэмах Беларусі і Расіі.
Тв.:
Методология и практика расчетов потерь электроэнергии в электрических сетях энергосистем. Мн., 2000;
Экономически обоснованные уровни потерь электрической энергии в сетях электросистем // Изв. вузов и энергет. объединений СНГ. Энергетика. 2001. № 6;
Современные проблемы определения и анализа потерь электроэнергии в электрических сетях энергосистем и пути их решения // Вестн. БНТУ. 2003. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ДЗЕРНЫ ВЫ́БУХ,
магутны выбух, выкліканы надзвычайна хуткім вылучэннем велізарнай колькасці ядзернай энергіі ў выніку ланцуговай ядзернай рэакцыі дзялення цяжкіх ядраў або тэрмаядзернай рэакцыі сінтэзу. У цэнтры Я.в. развіваюцца вялізныя т-ра (~108К) і ціск (~1012атм.). Рэчыва пераўтвараецца ў плазму і разлятаецца. Утвараюцца асн. паражальныя фактары Я.в.: светлавое выпрамяненне, ударная хваля, пранікальная радыяцыя, радыеактыўны пыл. Магутнасць Я.в. вымяраецца тратылавым эквівалентам (для ядз. бомбаў 1—20 кт, для тэрмаядз. парадку 105—106т).
Могуць выкарыстоўвацца ў ваен. (гл.Ядзерная зброя) і мірных (для буйнамаштабных горных работ, здабычы карысных выкапняў і інш.) мэтах.
Для ажыццяўлення Я.н. ў выніку ланцуговай рэакцыі дзялення неабходна. каб маса падзельнага рэчыва (урану-235, плутонію-239; гл.Ядзернае паліва) перавысіла т. зв. крытычную масу, якая залежыць ад шчыльнасці рэчыва і яго геам. канфігурацыі. Да выбуху сістэма павінна быць падкрытычнай. Пераход у надкрытычны стан ажыццяўляецца хуткім збліжэннем некалькіх кавалкаў падзельнага матэрыялу. Для гэтага выкарыстоўваецца звычайнае выбуховае рэчыва, выбух якога дае высокі (-106атм.) ціск і выклікае сцісканне падзельнага матэрыялу. У тэрмаядз. выбуховым прыстасаванні Я.в. дасягаецца з дапамогай ядз. бомбы дзялення. выбух якой служыць дэтанатарам.
Адрозніваюць Я.в. паветраныя (на вышыні, пры якой святлівая вобласць не дакранаецца да паверхні зямлі, але не вышэй за 10 км), вышынныя (вышэй мяжы трапасферы — вышэй за 10 км), надводныя і надземныя (на паверхні вады або зямлі. або на такой вышыні. калі святлівая вобласць датыкаецца да іх), падводныя і падземныя. Светлавое выпрамяненне Я.в. складаецца з ультрафіялетавых. бачных і інфрачырвоных прамянёў. Крыніца яго — вогненны шар, які для бомбы ў 20 кт праз 0,1 с дасягае радыуса 150 км. т-ры 8000 К. За некалькі секунд свячэння ў эл.-магн. выпрамяненне пераходзіць 10—20% энергіі Я.в., якое выклікае пажары, абвугліванне матэрыялаў, апёкі. Ударная хваля — вынік сціскання паветра або інш. асяроддзя пры расшырэнні вогненнай сферы, распаўсюджваецца са звышгукавой скорасцю. Выклікае разбурэнні наземных збудаванняў. Радыус моцнага паражэння для ядз. бомбы ў 20 кт да 1 км. Пранікальная радыяцыя — магутны паток нейтронаў і гама-выпрамянення. складае каля 1% усёй вылучанай энергіі Я.в. Пры выбуху на вышыні -1 км можа дасягаць паверхні зямлі (атмасфера аслабляе паток удвая на адлегласці 150 м), ствараючы лятальную дозу. На адкрытай паверхні паражае жывыя арганізмы ў радыусе некалькіх кіламетраў, паражэнне людзей прыводзіць да прамянёвай хваробы (гл.Радыяцыя, Іанізавальнае выпрамяненне). Радыеактыўны пыл дзейнічае на арганізм чалавека гэтак жа. як і пранікальная радыяцыя. Разрэджанае нагрэтае паветра, якое нясе радыеактыўныя прадукты Я.в., падымаецца ўверх і праз некалькі мінут дасягае 10—15 км. пасля чаго расплываецца на сотні кіламетраў. Радыеактыўныя часціцы выпадаюць на паверхню зямлі і ўтвараюць т.зв. радыеактыўны след. Пры прыземным Я.в. вогненны шар дакранаецца да паверхні зямлі. падымае ўверх пыл. радыеактыўныя нукліды прыліпаюць да часцінак зямлі і выпадаюць паблізу эпіцэнтра выбуху ў канцэнтрацыі. лятальнай для чалавека. Пры падводным і падземным Я.в. ў цэнтры ўзнікае газавы пузыр высокага ціску, асн. разбурэнні выклікае ўдарная хваля. Першы Я.в. ажыццёўлены ў ЗША у 1945. у СССР у 1949, тэрмаядз. ў 1953. Гл. таксама Ядзерная бомба, Радыеактыўнае забруджванне.
Літ.:
Ядерный взрыв в космосе. на земле и под землей: Пер. с англ.М., 1974: Израэль Ю.А. Мирные ядерные взрывы и окружающая среда. Л., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
каналіза́цыя
(ад лац. canalis = труба)
1) сістэма падземных трубаправодаў для выдалення нечыстот (напр. гарадская к.);
2) размеркаванне электрычнай энергіі паміж асобнымі спажыўцамі;
кабельная к. — сістэма падземных кабельных ліній сувязі (тэлефон, тэлеграф і інш.).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
рэа́ктар
(ад рэ- + лац. actor = які дзейнічае)
апарат або ўстаноўка, якія дзейнічаюць на аснове фізічных або хімічных рэакцый;
атамны р. — устаноўка для атрымання атамнай энергіі, заснаваная на выкарыстанні ланцуговай рэакцыі дзялення атамных ядраў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ВЕТРАРУХАВІ́К,
рухавік, які пераўтварае кінетычную энергію ветру ў мех. энергію вярчальнага вала. Ветрарухавікі бываюць: крыльчатыя (найб. пашыраныя, звычайна з гарыз. воссю вярчэння, каэф. выкарыстання энергіі ветру да 0,48); карусельныя, або ротарныя (пераважна з верт. воссю, каэф. да 0,32); барабанныя. Ветрарухавік з прываднымі механізмамі ўтварае ветраагрэгат. Выкарыстоўваецца ў ветраэнергетычных устаноўках, ветраэлектрычных станцыях, ветраках і інш.
Асн. частка ветрарухавіка — ветракола (барабан з лопасцямі, ротар), якое аўтаматычна ўстанаўліваецца па напрамку ветру хваставым апярэннем. Вярчэнне ветракола праз рэдуктар перадаецца з дапамогай прывадной штангі ніжняму рэдуктару, а ад яго — рабочаму механізму (водападымальніку, генератару і інш.). Адрозніваюць ветрарухавікі: быстраходны (ветракола мае менш як 4 лопасці), сярэдняй быстраходнасці (4—8 лопасцей), ціхаходны (больш за 8). Тэорыю ветрарухавіка распрацаваў у 1912—22 рус. вучоны М.Я.Жукоўскі, развівалі яе У.П.Вятчынкін, А.Г.Уфімцаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІХРАВЫ́Я ТО́КІ, токі Фуко,
замкнутыя эл. токі ў масіўных правадніках, выкліканыя пераменным магн. полем. Напрамак віхравых токаў вызначаецца паводле Ленца правіла. Замыкаюцца віхравыя токі непасрэдна ў праводнай масе з утварэннем віхрападобных контураў і награваюць яе ў адпаведнасці з Джоўля—Ленца законам, што выкарыстоўваецца, напр., для індукцыйнага нагрэву металаў. Узаемадзеянне віхравых токаў з асн.магн. полем прыводзіць у мех. рух (або затарможвае) праводнае цела, што выкарыстоўваецца ў вымяральнай тэхніцы, эл. машынах пераменнага току і інш.
Віхравыя токі выклікаюць скін-эфект (магн. ў магнітаправодах, эл. ў любым правадніку, па якім цячэ пераменны ток), што павялічвае страты энергіі. Для змяншэння страт магнітаправоды вырабляюць з тонкіх лістоў, ізаляваных адзін ад аднаго; выкарыстоўваюць сталь з павышанай колькасцю крэмнію, замяняюць ферамагн. матэрыялы магнітадыэлектрыкамі; высокачастотныя правады вырабляюць пустацелыя або з асобных жыл, ізаляваных адна ад адной.
Віхравыя токі (пункцір) у асяродку шпулі пры павелічэнні току (I): а — суцэльны асяродак; б — пласціністы асяродак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЛЬМГОЛЬЦ (Helmholtz) Герман Людвіг Фердынанд (31.8.1821, г. Патсдам, Германія — 8.9.1894),
нямецкі прыродазнавец. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1868). Вучыўся ў Ваенна-мед. ін-це ў Берліне. Праф. фізіялогіі Кёнігсбергскага (1849—55) і Бонскага (1855—58) ун-таў, у 1871—88 праф. фізікі Берлінскага ун-та, з 1888 дырэктар фізіка-тэхн. ун-та ў Берліне. Навук. працы па фізіцы, біяфізіцы, фізіялогіі і псіхалогіі. Матэматычна абгрунтаваў закон захавання энергіі (1847), даказаў яго ўсеагульны характар. Распрацаваў тэрмадынамічную тэорыю хім. працэсаў, увёў паняцці свабоднай і звязанай энергій. Заклаў асновы тэорыі віхравога руху вадкасцей і анамальнай дысперсіі святла. Прапанаваў тэорыю слыху і зроку чалавека, выявіў і вымераў цеплаўтварэнне ў мышцах (1845—47), вывучыў працэс скарачэння мышцаў (1850—54). Вызначыў скорасць распаўсюджвання нерв. імпульсаў (1850). Сканструяваў шэраг фіз. прылад, распрацаваў колькасныя метады фізіял. даследаванняў.
Літ.:
Лазарев П.П. Гельмгольц. М., 1959;
Лебединский А.В., Франкфурт У.И., Френк А.М. Гельмгольц (1821—1894). М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАВУ́ЗЕЛ,
комплекс гідратэхнічных збудаванняў, тэрытарыяльна аб’яднаных для агульнага нар.-гасп. выкарыстання. Будуюцца на рэках, азёрах, каналах, вадасховішчах і сажалках, у прыбярэжных зонах мораў.
Гідравузлы бываюць: энергетычныя (для пераўтварэння воднай энергіі ў электрычную), воднатранспартныя (для паляпшэння ўмоў суднаходства і лесасплаву), водазаборныя (забяспечваюць паступленне вады для арашэння, водазабеспячэння, рыбнай гаспадаркі і інш.), вадасховішчныя (рэгулююць сцёк), комплексныя (напр., транспартна-энергетычна-водазаборныя); напорныя (плацінныя) і безнапорныя (бесплацінныя); нізканапорныя (напор, або рознасць узроўняў вады верхняга і ніжняга б’ефаў, не перавышае 10 м), сярэдненапорныя (напор 10—40 м) і высоканапорныя (больш за 40 м). Для Беларусі характэрныя нізка- і сярэдненапорныя (да 15 м) Гідравузлы — вадасховішчныя плацінныя і рачныя (а таксама на каналах) пераважна бесплацінныя вадазаборныя.