ПАДО́ЎЖАНЫЯ ЗЫ́ЧНЫЯ, гемінаты,

зычныя, якія вымаўляюцца працяжна ў параўнанні з іх звычайным вымаўленнем у адным і тым жа моўным тэмпе. У бел. мове падаўжэнне ўзнікае ў выніку спалучэння аднолькавых зычных на стыку марфем («з + зываць = ззываць», «ад + даць = аддаць», «камен + ны = каменны», «ран + ні = ранні», падаўжаюцца і цвёрдыя, і мяккія зычныя), а таксама ў выніку асіміляцыі гука «й» папярэднім мяккім зычным «с’», «з’», «ц’», «дз’», «н’», «л’» і цвёрдых «ч», «ж», «ш» (якія раней былі мяккімі) у становішчы паміж галоснымі («кассё», «палоззе», «вецце», «моладдзю», «насенне», «ралля», «сучча», «збожжа», «цішшу»). Артыкуляцыйна і акустычна падаўжэнне выбухных і афрыкат выражаецца ў значным павелічэнні часу змычкі, фрыкатыўных — часу фрыкацыі. П.з. ўвасабляюць 2 фанемы. У адзінкавых словах («ззяць», «сёння») П.з. належаць адной марфеме.

Літ.:

Крывіцкі А.А., Падлужны А.І. Фанетыка беларускай мовы. Мн., 1984;

Беларуская мова: Цяжкія пытанні фанетыкі, арфаграфіі, граматыкі. Мн., 1987.

А.​І.​Падлужны.

т. 11, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛУ́ЧАК (Валянцін Мікалаевіч) (н. 4.9.1909, Масква),

расійскі рэжысёр. Нар. арт. СССР (1974). Скончыў акцёрскі (1929) і рэжысёрскі (1932) факультэты Дзярж. тэатр. эксперым. майстэрні пад кіраўніцтвам У.​Меерхольда. З 1929 акцёр у Т-ры імя Меерхольда. Адзін з заснавальнікаў Дзярж. тэатр. маскоўскай студыі (1940; з 1941 франтавы т-р).

З 1942 узначальваў Т-р Паўн. флоту, з 1945 Маскоўскі гастрольны т-р. З 1950 рэжысёр, у 1957—2000 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра Сатыры. Пастаноўкам характэрны публіцыстычная вастрыня, дынамічныя мажорныя вырашэнні, схільнасць да гіпербалы, сатыры і гратэску: «А ці быў Іван Іванавіч?» Назыма Хікмета, «Містэрыя-Буф» У.​Маякоўскага (абедзве 1957), «Цёркін на тым свеце» А.​Твардоўскага (1966), «Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ (1969), «Рэвізор» М.​Гогаля (1972), «Таблетку пад язык» А.​Макаёнка (1973), «Самазабойца» М.​Эрдмана (1981), «Вішнёвы сад» А.​Чэхава (1983) і інш. Аўтар кн. «На сцэне — Маякоўскі» (1962).

т. 12, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭПРЫ́ЗА (франц. reprise аднаўленне, паўтарэнне),

1) у музыцы — паўтарэнне адной або некалькіх тэм пасля іх развіцця або выкладання новага тэматычнага матэрыялу; адзін з кампазіцыйных сродкаў завяршэння вобразна-тэматычнага развіцця. Прынцып рэпрызнасці ляжыць у аснове большасці тыповых кампазіцыйных схем: 2-часткавай рэпрызнай, 3-часткавай, ронда, санатнай, канцэнтрычнай і інш. У санатнай форме Р. — дакладнае або відазмененае паўтарэнне экспазіцыйнага матэрыялу. Р. можа значна адрознівацца ад экспазіцыі, што абумоўлена вобразным развіццём, зместавай канцэпцыяй твора. Існуюць таксама несапраўдная Р., дзе пач. тэма ўзнаўляецца ў неасноўнай танальнасці, і люстраная Р., у якой выкладзены матэрыял узнаўляецца ў адваротным парадку.

2) На эстрадзе — славесны ці пантамімічны камічны нумар (часам жарт, анекдот), які выконваецца акцёрамі размоўнага жанру, клоунамі (сола, дуэтам, групай).

3) У цырку — хада каня адным і тым жа алюрам; чаргаванне завершаных і звязаных паміж сабой трукаў, пасля якіх ідзе паўза.

Літ.:

Гл. да арт. Форма музычная.

Ю.​Дз.​Златкоўскі (музыка).

т. 14, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭФРА́КТАР (ад лац. refractus пераломлены),

тэлескоп з лінзавым аб’ектывам. Упершыню выкарыстаны Г.Галілеем для астр. назіранняў (1609). Бывае візуальны (складаецца з аб’ектыва і акуляра) і фатаграфічны (мае аб’ектыў і касету з фотапласцінкай). Спалучэнне ў аб’ектыве 2 і болей лінзаў са шкла з рознай аптычнай шчыльнасцю дае магчымасць выправіць сферычную і храматычную аберацыі аб’ектыва. Адносная адтуліна Р. звычайна 1:15 (гл. Святласіла). Раздзяляльная здольнасць Р. тым большая, чым большы дыяметр аб’ектыва, што дае магчымасць вывучаць менш яркія нябесныя целы. Самы вялікі ў свеце Р. (ЗША) мае дыяметр аб’ектыва 1,02 м, Р. Пулкаўскай абсерваторыі — 0,65 м. Невялікія Р. устанаўліваюцца на азімутальнай ці экватарыяльнай манціроўках, буйныя — толькі на экватарыяльнай. Р. шырока выкарыстоўваюцца ў невялікіх візуальных (напр., астраметрычных) інструментах.

Літ.:

Максутов Д.Д. Астрономическая оптика. 2 изд. Л., 1979.

Я.​У.​Чайкоўскі.

Аптычныя схемы рэфрактараў: а — візуальнага; б — фатаграфічнага; 1 — аб’ектыў; 2 — акуляр; 3 — шторка; 4 — фотапласцінка; 5 — касета.

т. 14, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТАСЛА́Ў О́ЛЬГАВІЧ (у хрышчэнні Мікалай; ? —15.2.1164),

князь чарнігаўскі. Сын Алега Святаславіча. У 1136 запрошаны ў Ноўгарад, дзе княжыў з перапынкамі да 1141. Ў 1142 меў нейкую воласць «около Гомья» (Гомеля). У 1146 яму належалі Курск, Ноўгарад-Северскі, Карачаў, Колцеск, Дзедаслаў, але ў тым жа годзе ён выгнаны з Чарнігаўскай і Северскай зямель. У 1147 увайшоў у саюз з Юрыем Далгарукім, з дапамогай яго войск заняў зямлю вяцічаў, пасля вярнуў свае ўладанні. Калі Юрый Далгарукі заняў Кіеў (1149), С.О. атрымаў ад яго «и Случеск, и Клеческ, и вси Дрегвиче» (Слуцк і Клецк з навакольнымі землямі), а каля 1155 — Мазыр. Паводле дагавора 1157 з вял. кіеўскім кн. Ізяславам Давыдавічам атрымаў Чарнігаўскую зямлю, а г. Ноўгарад-Северскі перадаў пляменніку Святаславу Усеваладавічу. Некат. час у яго землях знаходзіўся пазбаўлены ўладанняў полацкі кн. Рагвалод Барысавіч, якому С.О. у 1158 дапамог войскамі вярнуць свае землі.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 14, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕНСО́РНАЕ ВЫХАВА́ННЕ,

мэтанакіраванае развіццё і ўдасканаленне сенсорных працэсаў (адчуванняў, успрымання, уяўленняў). Садзейнічае ўсебаковаму развіццю асобы, пачуццёваму пазнанню; з’яўляецца асновай для разумовага выхавання, фізічнага выхавання, эстэтычнага выхавання. Уключае фарміраванне ўспрымання формы, памеру, прасторавых адносін паміж прадметамі, колеру, развіццё гукавога аналізу мовы, муз. слыху, рухальных адчуванняў і інш. У працэсе С.в. падрыхтоўваецца пераход ад пачуццёвага да рацыянальнага пазнання, ад успрымання да мыслення, фарміруецца аснова для практычнай і інтэлектуальнай дзейнасці. У сувязі з тым, што сенсорныя працэсы найб. інтэнсіўна развіваюцца ў дашкольным дзяцінстве, С.в. — адна з цэнтр. праблем дашкольнай педагогікі (Я.​А.​Каменскі, І.​Г.​Песталоці, Ф.​Фрэбель, М.​Мантэсоры і інш). У раннім і дашкольным дзяцінстве развіццё сенсорных працэсаў цесна звязана з практычнай дзейнасцю, таму найважнейшую ролю ў С.в. адыгрываюць гульні, заняткі маляваннем, лепкай, музыкай, канструяваннем, а таксама славеснае абазначэнне якасцей прадметаў. Развіццё агульных інтэлектуальных здольнасцей чалавека ў значнай ступені абумоўлена асаблівасцямі яго С.в. ў дзяцінстве.

т. 14, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

replica

[ˈreplɪkə]

n.

1) дакла́дная ко́пія карці́ны (малява́ная тым са́мым мастако́м), дубліка́т -а m

2) ко́пія, рэпраду́кцыя f.

John is a replica of his father in looks and voice — Я́нка — ко́пія свайго́ ба́цькі вы́глядам і го́ласам

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

Вы́емка (БРС), вы́емка, вы́ем, вы́емак ’тс’ (Яшк.). Рус. вы́емка, укр. ви́імка. Ад вы́ем (бязафікснага ўтварэння ад выѭти ’выняць’, выиму; гл. Шанскі, 1, В, 222) або непасрэдна з тым жа суфіксам ад асновы цяпер. часу гэтага дзеяслова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Карачу́наваты ’моцна скрыўлены, пакрыўлены, пакручаны (пра дрэва)’ (Нар. лекс.). Прамы дэрыват ад карачун у значэнні ’крывое дрэва’. Папярэдняя лексема гаворыць аб тым, што карачун у гэтым значэнні дэрыват ад koračiti (параўн. рус. корачить ’рабіць крывым, гнуць’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Куко́льнік ’валачобнік’ (Сцяшк. Сл., Сл. паўн.-зах., Жыв. сл., Доўн.-Зап. 1). Да кукобнік ’тс’ (БелСЭ, 2, 569). Гл. кукобіць. Валачобнікі спявалі гаспадарам хаты віншавальныя песні і тым самым прыносілі дабро ў хату, як дамавік *кук.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)