адкало́цца, -калю́ся, -ко́лешся, -ко́лецца; -калі́ся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Аддзяліцца, адпасці ад таго, што колецца, разбіваецца.

Адкалолася ручка ад збана.

2. перан. Парваць сувязь з кім-, чым-н., выйсці са складу якой-н. арганізацыі, групы і пад.

А. ад калектыву.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пра што-н. прышпіленае: аддзяліцца, адпасці.

Брошка адкалолася.

|| незак. адко́лвацца, -аюся, -аешся, -аецца.

|| наз. адко́лванне, -я, н. і адко́л, -у, м. (да 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

над (нада), прыназ. з Т.

1. Ужыв. пры абазначэнні размяшчэння, знаходжання каго-, чаго-н. зверху, паверх каго- ці чаго-н.; у непасрэднай блізкасці да таго, што названа залежным словам.

Туман над возерам.

Нада мной.

Вёска над Прыпяццю.

2. Ужыв. для абазначэння накіраванасці дзеяння на што-н., засяроджанасці на чым-н.

Працаваць над творам.

Сядзець над задачай.

3. У спалучэнні з займеннікам «усе» паказвае на вышэйшае праяўленне ўласцівасцей дадзенага прадмета.

Мароз над усімі маразамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

я́блык, -а, мн. -і, -аў, м.

Плод яблыні.

Летні сорт яблыкаў.

Я. ад яблыні недалёка адкочваецца (прыказка пра таго, хто атрымаў у спадчыну дрэнныя звычкі ад бацькі, маці).

Адамаў яблык — кадык.

Вочны яблык — шарападобнае цела вока.

У яблыкі — з цёмнымі круглымі плямамі на поўсці (пра коней).

Яблыку няма дзе ўпасці — надта цесна.

Яблык разладу (кніжн.) — прычына, прадмет спрэчкі, сваркі, разладу [паводле старажытнага грэчаскага міфа пра кінуты багіняй разладу Эрыдай яблык з надпісам «найпрыгажэйшай» і як з-за гэтага ўзнікла спрэчка паміж багінямі Герай, Афінай і Афрадытай].

|| памянш. я́блычак, -чка, мн. -чкі, -чкаў, м.

|| прым. я́блычны, -ая, -ае.

Я. сок (з яблыкаў).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

недахва́т, ‑у, М ‑ваце, м.

Разм.

1. Адсутнасць дастатковай колькасці каго‑, чаго‑н. Калі вахман і баўэр набілі аскому высокай палітыкай, пайшла звычайная сялянская гутарка пра добрае лета, пра касавіцу, пра недахват мужчынскіх рук... Брыль. Бяскорміца, недахват сена.. прымусілі нас да таго, што за ношку саломы мы павінны былі адрабляць сваім кулакам. Нікановіч.

2. Адсутнасць дастатковых сродкаў на пражыццё, недахоп самага неабходнага; беднасць, нястача. Ведала Ніна, што бойкі, сваркі гэтыя ўсё ад таго, што недахват ва ўсім у хаце, беднасць. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непрыміры́мы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не ідзе на прымірэнне, не дапускае пагаднення. К. Чорны — гэта перш за ўсё непрымірымы змагар з уласніцкім светам. Адамовіч. З гэтага вечара.. [Ігар] стаў непрымірымым ворагам Алеся, хоць і да таго адносіны паміж імі былі нацягнутымі. Сіняўскі. // Уласцівы такому чалавеку. Непрымірымы характар.

2. Такі, што нельга прымірыць. Непрымірымая барацьба. □ Прыгожая, выпеставаная, .. [Эма] выклікала ў мяне толькі пачуццё непрымірымай варожасці... Лупсякоў. У голасе яго гучала непрымірымая мужчынская нянавісць да таго, другога, хто замяніў яго і напэўна выцесніў нават з ўспамінамі. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сёе-то́е, сяго-таго, займ. неазн., н.

Разм. Нямногае, нешта, некаторыя рэчы. Схапіўшы сёе-тое са стала, .. [хлапчукі] даядалі на хаду. Ваданосаў. Праўда, за шмат гадоў работы Бялоцкі нахапаўся сяго-таго з сельскагаспадарчых ведаў. Дуброўскі. [Бацька:] — Старая мне, бачыш, і з верхняга адзення сёе-тое пакінула. Бажко. // Штосьці (які‑н. асобны прадмет, факт, што не жадаюць называць). [Слаўка:] — У нас знойдзецца сёе-тое для атрада. Новікаў. Неяк у нядзелю Андрэй памкнуўся быў схадзіць да Тамаша, распытаць пра сёе-тое, а галоўнае — пра Ганну. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВЕРСА́ЛЬСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1783.

Падпісаны 3.9.1783 у Версалі паміж Вялікабрытаніяй з аднаго боку і Францыяй, Іспаніяй, Нідэрландамі — з другога. Разам з мірным пагадненнем паміж Вялікабрытаніяй і ЗША (гл. Парыжскі мір 1783) завяршыў Вайну за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83, у якой Францыя, Іспанія і Нідэрланды ўдзельнічалі на баку Злучаных Штатаў. Замацаваў папярэднія пагадненні аб міры паміж бакамі. Паводле Версальскага мірнага дагавору Вялікабрытанія ўступіла Францыі в-аў Табага ў Вест-Індыі і Сенегал у Афрыцы, Іспаніі — Фларыду і в-аў Менорка, але атрымала ад Нідэрландаў порт Нагапатынам на Пд Індыі. Акрамя таго, былі пашыраны правы Францыі на рыбалоўства каля берагоў Ньюфаўндленда, скасавана забарона французам будаваць умацаванні ў г. Дзюнкерк.

т. 4, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНІТЫЗА́ЦЫЯ,

сукупнасць працэсаў у зямной кары, у выніку якіх цвёрдыя горныя пароды рознага паходжання ператвараюцца ў граніты. У выніку гранітызацыі адбываецца абагачэнне пярвічных парод крэменязёмам і шчолачнымі металамі (калій, натрый) і вынас з іх жалеза, магнію, кальцыю і інш. кампанентаў. У працэсе гранітызацыі хім. патэнцыял шчолачаў, гліназёму і крэменязёму нарастае, дасягаючы таго ўзроўню, пры якім адбываецца абагачэнне пароды палявым шпатам і далей кварцам з утварэннем гранітаў. Развіваецца пераважна ў глыбінных зонах геасінкліналей пазней гал. фаз складкаўтварэння. Вылучаюць 3 генетычныя тыпы гранітызацыі: метасаматычная, палінгенна-метасаматычная і інфільтрацыйна-анатэктычная. На тэр. СНД шырокае развіццё гранітызацыі прымеркавана да дакембрыйскіх тоўшчаў (Кольскі п-ваў, Расія), Украінскі крышталічны шчыт, Беларуская антэкліза.

У.​Я.​Бардон.

т. 5, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДРЫ́СІ, аль-Ідрысі Абу Абдалах Мухамед ібн Мухамед (1100, г. Сеута, Марока — 1161 або 1165), арабскі географ і падарожнік. Адукацыю атрымаў у Кордаве. Вандраваў па Партугаліі, Францыі, Англіі, М. Азіі. З 1138 жыў у Палерма. На аснове сваіх назіранняў і звестак, атрыманых ад падарожнікаў, купцоў, паломнікаў, у 1154 склаў вял. каляровую карту свету на 70 аркушах (падзяліў Зямлю на 7 кліматаў, 10 частак у кожным клімаце) з суправаджальным тэкстам пад назвай «Забава таго, хто сумуе аб вандроўках па абласцях». Тэр. Беларусі на карце прадстаўлена ў асноўным на аркушы 65-м (паводле класіфікацыі аўтара, 5-я секцыя VII клімату). Пазначаны г. Мінск («Муніска») — першая выява горада на карце. Праца І. з’явілася вяршыняй класічнай араб. картаграфіі.

т. 7, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСЛА́НДСКАЯ МО́ВА,

адна з зах сканд. моў (адносіцца да сканд. моў — паўн. падгрупы германскіх моў). Пашырана ў Ісландыі (афіц. мова), а таксама ў Канадзе і ЗША. Дыялектных адрозненняў амаль няма. У 12—13 ст. фаналагічная сістэма амаль не адрознівалася ад фаналагічнай сістэмы нарвежскай мовы. З таго часу ў І.м. адбыліся значныя фанет. змены (страта насавых галосных, дыфтангізацыя доўгіх галосных, прысутнасць толькі глухіх узрыўных і інш.). У лексіцы мала запазычанняў, новыя паняцці атрымліваюць уласна ісландскае абазначэнне. Пісьменнасць з канца 12 — пач. 13 ст. на лац. аснове. Найб. стараж. помнікі датуюцца 2-й пал. 12 ст., першыя друкаваныя кнігі з’явіліся ў 16 ст.

Літ.:

Стеблин-Каменский М.И. Древнеисландский язык. М., 1955.

А.​М.​Рудэнка.

т. 7, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)