1) аплата, узнагарода за што-н., пакрыццё якіх-н. выдаткаў, страт (напр. грашовая к. за нявыкарыстаны адпачынак);
2) мед. рэакцыя арганізма на пашкоджанне, пакрыццё функцый пашкоджанага органа або тканкі за кошт здаровых органаў і тканак (параўн.дэкампенсацыя);
3) псіх. аднаўленне парушанай раўнавагі псіхічных і псіхафізіялагічных працэсаў праз стварэнне процілегла накіраванай рэакцыі ці імпульсу.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
маніто́рынг
(англ. monitoring, ад лац. monitor = які напамінае)
сістэматычнае назіранне і кантроль за станам зямельнага фонду для своечасовага выяўлення змен, папярэджання і ліквідацыі негатыўных працэсаў і тэндэнцый; складаецца з сістэмы дадзеных аб размеркаванні зямлі па ўладальніках і карыстальніках, прадуктыўнасці зямельных рэсурсаў, дэградацыі глеб, засмечвання зямель і г.д.;
2) збор інфармацыі, звестак у сродках масавай камунікацыі, вядзенне радыёперахвату.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
стабіліза́тар
(фр. stabilisateur, ад лац. stabilis = устойлівы)
1) прылада, апарат або прыстасаванне для аўтаматычнага падтрымання на зададзеным узроўні параметраў розных працэсаў і машын; адзін з сродкаў аўтаматычнага рэгулявання (напр. с. напружання, с. самалёта);
2) прыстасаванне для падтрымання пастаянства якой-н. велічыні;
3) хім. рэчыва, якое павышае ўстойлівасць матэрыялу (пластмасы, гумы і інш.) да якога-н. уздзеяння.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ВАЛЮНТАРЫ́ЗМ (ад лац. voluntas воля),
кірунак у філасофіі, сацыялогіі і псіхалогіі, паводле якога першаасновай існага, вышэйшага прынцыпу быцця і развіцця навакольнага свету з’яўляецца воля. Валюнтарызм ставіць волю на прыярытэтныя пазіцыі ў духоўным быцці як процілеглае рацыяналізму і інтэлектуалізму, якія адстойваюць вызначальную ролю розуму, інтэлекту. Тэрмін «валюнтарызм» увёў у навук. ўжытак ням. сацыёлаг Ф.Цёніс у 1883. Першапачатковыя элементы валюнтарызму выявіліся ў філасофіі Аўгусціна і Іаана Дунса Скота, якія менавіта ў валявых актах бачылі першааснову ўсіх духоўных працэсаў. Падобныя прынцыпы — у вучэнні І.Канта аб першаснасці практычнага розуму над тэарэтычным, І.Фіхтэ аб волі як абсалютным творчым прынцыпе сусвету. Пры гэтым у Канта, Фіхтэ, Ф.Шэлінга, Г.Гегеля воля па сваёй прыродзе разумная, у А.Шапенгаўэра ж, які лічыцца класічным прадстаўніком валюнтарызму, яна набывае трактоўку ірацыяналістычнага першапачатку Сусвету; у яго трактоўцы свядомасць і інтэлект толькі другасныя праявы волі. Э.Гартман сцвярджаў, што воля знаходзіцца ва ўсім і ўсюды дзейнічае несвядома, з чаго вынікала бессэнсоўнасць сусветнага працэсу. Ф.Ніцшэ ў сваёй канцэпцыі зыходзіў з таго, што ўсё жывое, і найперш чалавек, апанавана воляй да ўлады. Тэрмін «валюнтарызм» выкарыстоўваюць і для характарыстыкі сацыяльна-паліт. практыкі, яна не лічыцца з аб’ектыўнымі тэндэнцыямі ці заканамернасцямі гіст. развіцця, а кіруецца суб’ектыўнымі жаданнямі і самавольствам асоб, што прымаюць пэўныя рашэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФСЕ́ТНЫ ДРУК, афсет (англ. offset),
спосаб друкавання, пры якім фарба з друкарскай формы перадаецца пад ціскам на паверхню гумаватканіннага палатна, а з яго на паперу ці інш. матэрыялы. Бывае плоскі (друкарская форма плоская), высокі (друкавальныя элементы формы ўзвышаюцца) і глыбокі (друкавальныя элементы формы паглыбленыя).
Прынцып афсетнага друку прапанаваны ў ЗША (1905) пры стварэнні афсетнай друкарскай машыны. Засн. на выбіральнасці змочвання друкарскай формы фарбамі і вадой, што дасягаецца спец. фізіка-хім. апрацоўкай паверхні формы. У працэсе афсетнага друку форму па чарзе змочваюць вадой і накатваюць фарбы, пасля чаго пад ціскам уводзяць у кантакт з паверхняй гумаватканіннай пласціны, а апошнюю — з паперай ці інш. матэрыялам. Адбываецца двухразовая перадача адлюстравання, папера не ўваходзіць у непасрэдны кантакт з формай, што памяншае знос формы, павялічвае скорасць і паляпшае якасць друкавання. Для афсетнага друку выкарыстоўваюць ратацыйныя (гл.Ратапрынт) і афсетныя друкарскія машыны. З дапамогай афсетнага друку вырабляюць чорна-белую і шматколерную друкарскую прадукцыю. Атрымліваюць пашырэнне заснаваныя на электронных і камп’ютэрных сістэмах спосабы афсетнага друку, якія дазваляюць выключаць шэраг прамежкавых тэхнал.працэсаў у ім з паляпшэннем якасці гатовай прадукцыі і скарачэннем затрат часу на яе выраб.
Схема афсетнага друку: 1 — друкарская форма з валікамі фарбавальнага і ўвільгатняльнага апаратаў! 2 — гумава-тканіннае палатно; 3 — папера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА ЗЯМЕ́ЛЬ,
комплекс дзярж., гасп.-адм. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні, паляпшэнні, мэтанакіраванай змене і рацыянальным выкарыстанні зямельных рэсурсаў як нац. здабытку і найважнейшага кампанента навакольнага асяроддзя; састаўная частка аховы прыроды.
Прадугледжвае вывучэнне прыродных і выкліканых вытв. дзейнасцю чалавека працэсаў трансфармацыі зямель, прагназавання іх вынікаў, вызначэнне кірункаў і мер па ахове глебаў як вядучай праблеме аховы зямель, планаванне экалагічна бяспечнага гасп. выкарыстання зямельных рэсурсаў у мэтах прамысл. і с.-г. вытв-сці, навуковае абгрунтаванне сістэм земляробства, утварэнне сістэмы асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і аб’ектаў, спец. землеахоўнае інж.буд-ва, кантроль за забруджваннем зямель, выкарыстаннем угнаенняў і ядахімікатаў і інш. Ажыццяўляецца праз уключэнне адпаведных палажэнняў у праекты леса- і землеўпарадкавання, горадабудаўніцтва і інш.
На Беларусі ахова зямель — канстытуцыйны абавязак землекарыстальнікаў, канкрэтызаваны і ўвасоблены ў адпаведных нормах і палажэннях зямельнага заканадаўства, а таксама ляснога, воднага і інш. Па асобных пытаннях аховы зямель дзейнічаюць спец. пастановы і нарматыўныя акты. Кантроль за мерапрыемствамі па ахове зямель ажыццяўляе Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя з залучэннем грамадскасці. Праблемы аховы зямель даследуюцца ў Бел.НДІ глебазнаўства і аграхіміі, Бел.рэсп. праектным ін-це па землеўпарадкаванні і інш. Па выніках навук. распрацовак складзена ген. схема выкарыстання зямельных рэсурсаў рэспублікі на бліжэйшую і далёкую перспектыву.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПРАЦО́ЎКА МЕТА́ЛАЎ ЦІ́СКАМ,
сукупнасць тэхнал.працэсаў, у выніку якіх адбываецца пластычная дэфармацыя загатовак без парушэння іх суцэльнасці пад уздзеяннем прыкладзеных вонкавых сіл. Асн. віды апрацоўкі металаў ціскам: пракатка, прасаванне, валачэнне, коўка, штампоўка, гібка; абсталяванне: пракатныя станы, прэсы, валачыльныя станы, молаты, гібачныя машыны.
Апрацоўваюць ціскам большасць металаў і сплаваў, за выключэннем крохкіх (напр., чыгуноў), пераважна ў гарачым стане (пры т-ры больш высокай, чым т-рарэкрышталізацыі). Пасля халоднай апрацоўкі (робіцца звычайна пры пакаёвай т-ры) пластычныя ўласцівасці металаў узнаўляюць адпалам. Часам выкарыстоўваюць і цёплую апрацоўку (пры прамежкавых т-рах). Апрацоўка металаў ціскам дае магчымасць павысіць трываласць, зменшыць шурпатасць паверхні (напр., абкаткай ролікамі) вырабаў, паменшыць расход металу, лягчэй механізуецца і аўтаматызуецца.
Тэорыя апрацоўкі металаў ціскам займаецца вызначэннем намаганняў, што абумоўліваюць пластычнае дэфармаванне; разлікам памераў і формаў загатовак; вывучае заканамернасці пластычнага цячэння металаў, уплыў апрацоўкі металаў ціскам на мех. і фіз. ўласцівасці металаў. Звязана з дасягненнямі фізікі металаў і пластычнасці тэорыі. Заснавана рус. вучоным Дз.К.Чарновым, развіта і выкладзена ў працах рус. і бел. Вучоных С.І.Губкіна, А.І.Цэлікава, А.П.Чакмарова, Г.М.Паўлава, В.П.Севярдэнкі, В.С.Смірнова, В.М.Чачына, А.В.Сцепаненкі і інш. На Беларусі работы ў галіне апрацоўкі металаў ціскам вядуцца ў Фіз.-тэхн. ін-це АН, Бел.політэхн. акадэміі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНЫ РЭЖЫ́М РАСЛІ́Н,
працэс водаабмену паміж раслінамі і навакольным асяроддзем, неабходны для падтрымання іх жыццядзейнасці; частка агульнага абмену рэчываў. Вызначаецца і ажыццяўляецца ў адпаведнасці з генетычна замацаванымі асаблівасцямі ўнутр. будовы і функцыямі раслін (анатама-марфал. структура, відавая і сартавая спецыфіка фізіял. функцый) і знешнімі экалагічнымі ўмовамі (вільготнасць і т-ра глебы і паветра, рэльеф, уласцівасці глебы і інш.). Складаецца з паслядоўных і цесна звязаных працэсаў паступлення вады ў карані раслін з глебы, падымання яе па каранях і сцёблах у лісце і інш. органы, выпарэння лішняй вады лісцем у атмасферу (транспірацыі). Паступленне, перамяшчэнне і выпарэнне вады ў раслінным арганізме складаюць яго водны баланс (суадносіны паміж колькасцю вады, якую расліна атрымлівае і якую траціць за адзін прамежак часу). У розныя гадзіны сутак, а таксама перыяды вегетацыі гэтыя суадносіны неаднолькавыя. Нястача і лішак вады адмоўна адбіваюцца на росце і развіцці раслін. Нармальны стан вышэйшых раслін характарызуецца наяўнасцю невял. воднага дэфіцыту (5—6% ад поўнай вільгаценасычанасці клетак), якому адпавядае найб. высокая інтэнсіўнасць фотасінтэзу. Паводле ўмоў увільгатнення (напр., воднага рэжыму глебы) і прыстасаванняў да яго вылучаюць экалагічныя групы раслін: гідрафіты, гіграфіты, мезафіты, ксерафіты, сукуленты. Водны рэжым раслін уплывае на біял. прадукцыйнасць, колькасць і якасць ураджаю с.-г. раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫВАЦЫ́ЙНЫ АНА́ЛІЗ, радыеактывацыйны аналіз,
метад вызначэння якаснага і колькаснага саставу рэчыва, які грунтуецца на апрамяненні (актывацыі) ат. ядраў і наступным вымярэнні іх радыеактыўнага выпрамянення. Упершыню выкарыстаны венг. хімікамі Дз.Хевешы і Г.Леві (1936).
Актывацыйны аналіз бывае інструментальны (даследаванне другаснага выпрамянення з дапамогай спец. апаратуры без разбурэння пробы) і радыехімічны (хім. раздзяленне радыенуклідаў і вызначэнне актыўнасці кожнага з іх паасобку або ў невял. групе элементаў). Пры актывацыйным аналізе доследны матэрыял пэўны час апрамяняюць ядз. часціцамі, потым вымяраюць энергет. спектр, актыўнасць, перыяд паўраспаду T1/2 радыеізатопа, які ўтварыўся ў выніку апрамянення. Ведаючы T1/2, від радыеактыўных пераўтварэнняў, тып і энергію другаснага выпрамянення, якое суправаджае распад узніклага радыеізатопа, ідэнтыфікуюць зыходны ізатоп. Актыўнасць радыеактыўнага ізатопа пасля апрамянення прама прапарцыянальная колькасці ядраў зыходнага (звычайна стабільнага) ізатопа, што дазваляе правесці колькасны аналіз. Адрозніваюць актывацыйны аналіз нейтронны, на зараджаных часціцах і на жорсткіх гама-квантах. Найб. пашыраны нейтронны актывацыйны аналіз: ядры большасці элементаў лягчэй актывуюцца нейтронамі; розніца ў значэннях эфектыўных сячэнняў ядз. рэакцый на нейтронах забяспечвае высокую выбіральнасць метаду адносна элементаў; мае высокую адчувальнасць (10−7—1010% у залежнасці ад элемента). Актывацыйны аналіз выкарыстоўваецца для аналізу асабліва чыстых рэчываў, кантролю тэхнал.працэсаў, разведкі карысных выкапняў, у крыміналістыцы, археалогіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАБАЛІ́ЗМ (ад грэч. anabolē уздым),
асіміляцыя, сукупнасць хім.працэсаў у жывым арганізме, якія забяспечваюць біял. сінтэз патрэбных для жыцця складаных рэчываў (бялкоў, поліцукрыдаў, тлушчаў, нуклеінавых кіслот і інш.) з больш простых. Накіраваны на ўтварэнне і абнаўленне структурных частак клетак і тканак. Непарыўна звязаны з катабалізмам (процілеглы працэс) і ўтварае з ім хім. аснову прамежкавага абмену рэчываў і абмену энергіі (забяспечвае яе назапашванне) у арганізме. Аўтатрофныя арганізмы (зялёныя расліны і некаторыя грыбы) здольныя ажыццяўляць першасны сінтэз арган. злучэнняў з CO2 з выкарыстаннем вонкавых крыніц энергіі (сонечнага святла, акіслення неарган. рэчываў), гетэратрофныя — толькі за кошт энергіі, якая вызваляецца ў працэсах катабалізму. Колькасць зыходных кампанентаў для біясінтэзу абмежаваная (глюкоза, рыбоза, амінакіслоты, піравінаградная кіслата, гліцэрына, ацэтылкаэнзім анабалізму і інш.). Як правіла, анабалізм забяспечваецца спецыфічным наборам ферментаў і ўключае шэраг аднаўленчых этапаў. У працэсе анабалізму кожная клетка сінтэзуе характэрныя для яе бялкі, вугляводы, тлушчы і інш. злучэнні (напр., мышачныя клеткі сінтэзуюць уласны глікаген і не скарыстоўваюць глікаген печані). У высокаарганізаваных арганізмаў у рэгуляцыі анабалізму на ўзроўні клетачнага абмену рэчываў акрамя ферментаў удзельнічаюць гармоны і інш.біял. актыўныя рэчывы, нерв. сістэма (гл.Нейрагумаральная рэгуляцыя). Многія прыродныя і сінтэтычныя рэчывы (анаболікі) здольныя павышаць узровень анабалізму, іх выкарыстоўваюць для штучнага нарошчвання мышачнай масы цела ў спорце (праблема допінг-кантролю), таксама як лек. сродкі ў тэрапіі хвароб абмену рэчываў.