ЛІ́ДЗІЦЫ (Lidice),

шахцёрскі пасёлак у Чэхіі на З ад Прагі, знішчаны ў 2-ю сусв. вайну; увасабленне нацыянал-сацыялісцкага тэрору на акупіраваных тэрыторыях. Абвінаваціўшы жыхароў Л. ў хаванні байцоў чэхаславацкага руху Супраціўлення, якія здзейснілі замах на пратэктара Чэхаславакіі Р.Гайдрыха, 10.6.1942 ням. паліцэйскія і вайскоўцы поўнасцю разбурылі пасёлак, мужчын, каму больш за 16 гадоў (190—198 чал.), расстралялі, жанчын (195 чал.) дэпартавалі ў канцлагер Равенсбрук, а дзяцей (усяго 98) — у лагер СС на «анямечванне». У 1945 на месцы Л. засн. музей, у 1946 побач адноўлены пасёлак.

т. 9, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІМФАДЭНІ́Т (ад лімфа + грэч. adēn залоза),

запаленне лімфатычных вузлоў у чалавека. Развіваецца як рэакцыя на пападанне ў лімфатычныя вузлы прасцейшых, мікробаў, вірусаў, радзей — іншародных рэчываў. Адрозніваюць Л. востры і хранічны, па прычынным фактары — неспецыфічны і спецыфічны. Часцей сустракаецца Л. востры неспецыфічны як другасная рэакцыя на інфекцыю (ангіна, карыёзныя зубы, фурункулы і інш.). У дзяцей інфекцыя пранікае праз трахеябранхіяльнае дрэва і страўнікава-кішачны тракт. Прыкметы: павышэнне т-ры цела, ламота ў суставах, павелічэнне лімфавузлоў і інш. Хранічны неспецыфічны Л. бывае рэдка, часцей — лімфадэнапатыя. Лячэнне тэрапеўтычнае і хірургічнае.

В.​Я.​Рэбека.

т. 9, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯГЕ́НЧАНКА (Марыя Іванаўна) (н. 28.6.1925, г. Казань, Татарстан),

бел. вучоны ў галіне педыятрыі. Д-р мед. н. (1978), праф. (1979). Засл. ўрач Беларусі (1971). Дачка І.С.Лягенчанкі. Скончыла Мінскі мед. ін-т (1948), у 1951—93 працавала ў ім (у 1972—92 заг. кафедры). Навук. працы па пульманалогіі і кардыялогіі дзяцей ранняга ўзросту.

Тв.:

Реография в диагностике нарушений деятельности системы кровообращения при пневмонии у детей раннего возраста (разам з М.​К.​Асколкавай) // Педиатрия. 1979. № 9;

Состояние сердечно-сосудистой системы при пневмонии у детей раннего возраста // Здравоохранение Белоруссии. 1980. № 7.

т. 9, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛН ((Milne) Ален Александэр) (18.1.1882, Лондан —31.1.1956),

англійскі пісьменнік. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1903). Вядомасць прынеслі зб-кі вершаў і кнігі для дзяцей «Віні-Пух» (1926) і «Домік Пуха» (1928) пра лялечных звяркоў Віні-Пуха, Пятачка, Кенге і Ру. Аўтар камедый, у т. л. «Містэр Пім праходзіць міма» (1919), дэтэктыўнага рамана «Тайна чырвонага дома» (1922), кн. ўспамінаў «Зараз ужо вельмі позна» (1939) і інш. У 1984 Магілёўскі абл. т-р лялек паставіў п’есу «Віні-Пух і ўсе-ўсе-ўсе».

Тв.:

Рус. пер. — Винни-Пух и все-все-все. Мн., 1995.

т. 10, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХАЛЬЧУ́К (Сяргей Апанасавіч) (14.8. 1925, в. Скабін Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 20.7.1995),

бел. пісьменнік. Засл. работнік культ. Беларусі (1972). Скончыў БДУ (1951). З 1951 працаваў у выд-вах «Беларусь», «Мастацкая літаратура» (1972—80). Друкаваўся з 1949. Пісаў для дзяцей. Аўтар аповесці «Сто прыгод за адзін дзень» (1963), зб-каў апавяд. «Паштальён, шырэй крок!» (1968), «Зялёны лісточак» (1974), «Першы след» (1985). На бел. мову пераклаў паасобныя творы В.​Асеевай, Ч.​Айтматава, В.​Біянкі, А.​Вішні, А.​Гайдара, Я.​Дрды, Б.​Жыткова, Р.​Кіплінга, Я.​Пермяка, Л.​Панцялеева, Ю.​Смуула і інш.

т. 10, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІШЭ́ЛЬ ((Michel) Луіза) (29.5.1830, замак Уранкур, Францыя — 10,1.1905),

французская рэвалюцыянерка. Удзельніца паўстанняў 31.10.1870 і 22.1.1871. У перыяд Парыжскай Камуны 1871 чл. Камітэта пільнасці 18-й акругі, змагалася на барыкадах супраць версальцаў. Саслана ў Новую Каледонію, адкрыла школу у г. Нумеа, дзе вучыла дзяцей карэнных жыхароў (канакаў). У 1880 вярнулася ў Францыю, удзельнічала ў рабочым руху, была прыхільніцай П.А.Крапоткіна і прапагандавала ідэі анархізму. У 1890—95 у эміграцыі ў Лондане. Аўтар шэрагу раманаў, п’ес, вершаў.

Літ.:

Лурье А.Я. Портреты деятелей Парижской Коммуны. М., 1956;

Неустроева О. Жизнь Луизы Мишель. М.; Л., 1929.

т. 10, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НА́ША ХА́ТА»,

бел. кнігавыдавецкае таварыства. Існавала з 28.12.1908 да 1911 у Вільні. Арганізатары В.​Бонч-Асмалоўскі, Б.​Даніловіч, І.​Луцкевіч, Я.​Манькоўскі, А.​Уласаў, К.​Цэтэрман. Мела на мэце выданне кніг пра Беларусь на бел. і інш. мовах. У 1909—11 выпусціла творы маст. л-ры: ананімную бел. паэму «Тарас на Парнасе», «Дзед Завала» Ядвігіна Ш., «Дзядзька голад» С.​Віткевіча, «Дым» М.​Канапніцкай, «Архіп і Лявонка» М.​Горкага, падручнік «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я.​Коласа, а таксама навук.-папулярныя кнігі. Спыніла дзейнасць у сувязі з эканам. цяжкасцямі.

А.​С.​Ліс.

т. 11, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКІ́ФАРАЎ (Аляксей Нічыпаравіч) (н. 15.9.1936, в. Шчалбова Віцебскага р-на),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р мед. н., праф. (1996). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1960). З 1966 у Мінскім мед. ін-це. Навук. працы па хірургіі прыроджаных і набытых захворванняў брушной поласці ў дзяцей.

Тв.:

Диагностика и лечение эктопии анального канала (разам з М.​Д.​Левіным, І.​Ф.​Абу-Варда) // Вестн. хирургии. 1990. №8;

Справочник семейного врача: Педиатрия. 2 изд. Мн., 1998 (у сааўт.);

Врожденная непроходимость пищеварительного тракта у детей. Мн., 1998.

А.С.Нікіфараў.

т. 11, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЎЛАВА (Маіна Пятроўна) (н. 29.4.1929, в. Падмішнёўе Шумілінскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне педыятрыі і гематалогіі. Д-р мед. н. (1972), праф. (1976). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1953) і працавала ў ім у 1959—97. Навук. працы па праблемах абмену мікраэлементаў у арганізме, ролі радыеактыўных элементаў у парушэнні метабалізму і развіцці лейкозаў у дзяцей.

Тв.:

Калий-40 в органах больных острым лейкозом // Актуальные проблемы теоретической и клинической медицины. Мн., 1973;

Лейкозы у детей. Мн., 1981;

Руководство по гематологическим болезням у детей. Мн., 1988.

т. 12, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРО́ДЖАНАЯ РАСКО́ЛІНА ПАДНЯБЕ́ННЯ, «воўчая зяпа»,

прыроджаная загана развіцця. Часта спалучаецца з прыроджанай расколінай верхняй губы. У хлопчыкаў бывае ў 1,5 раза часцей, чым у дзяўчынак. Яе развіццю спрыяе ўжыванне цяжарнымі жанчынамі некат. процісутаргавых сродкаў, алкаголю, лішку вітаміну А і інш. Бывае адна- і двухбаковая, праходзіць праз усё паднябенне ці лакалізуецца ў цвёрдым або мяккім паднябенні. Пры навылётных П.р.п. паміж поласцямі рота і носа ёсць шырокае злучэнне, што істотна абцяжарвае смактанне, глытанне і дыханне нованароджаных. У дзяцей з П.р.п. з узростам парушаецца мова, з’яўляецца гугнявасць. Лячэнне хірургічнае.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)