часовая жылая пабудова, вартоўня ці склад у садах, на вял. агародах, у лесе, на сенажаці. Вядомы на Беларусі і Украіне са старажытнасці. Найчасцей будан будавалі ў выглядзе 2-схільных канструкцый з тонкіх жэрдак на 2 слупах-сохах, злучаных уверсе перакладзінай, накрывалі карой, галлём, саломай, сенам. У пач. 20 ст. на Палессі зафіксаваны буданы больш складанай пірамідальнай канструкцыі: васьмігранныя ў плане з 4 слупамі ў цэнтры, якія звязваліся перакладзінамі і служылі асновай нахіленых сцен з плашак або драніц, абкладзеных звонку дзёрнам. Часам ніжнюю частку будана рубілі з бярвён, а над агнішчам (у цэнтры) ставілі 2-схільны дах з дымнікам па баках. Выкарыстоўвалі будан і як часовае жыллё ў перыяд розных нягод, асабліва войнаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУ́ЛЫ (Selachorpha),
надатрад пласцінашчэлепных рыб. Аб’ядноўвае 8 атр., каля 250 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, большасць у трапічных морах, некаторыя ў рэках (Ганг, Амазонка). Найб. старажытныя з рыб, вядомы з сярэдзіны дэвону.
Цела акулы верацёнападобнае, ад 20—30 см у некат. куніцавых (Triakidae) і катранавых (Squalidae) да 20 м (масай да 14 т) у гіганцкай (Cetorhinus maximus) і кітовай (Rhincodon typus). Луска плакоідная. Хваставы плаўнік магутны, гетэрацэркальны. Па баках галавы 5 (зрэдку 6—7) шчэлепных адтулін. Рот ніжні, зубы добра развітыя. Шкілет храстковы, плавальнага пузыра няма. Большасць драпежнікі (асобныя нападаюць на чалавека), некаторыя планктонафагі. Жыва-, яйцажыва- або яйцанараджальныя. Плоднасць ад 2 да 100 эмбрыёнаў. Аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬТА́НКАВЫЯ ПТУ́ШКІ, альтаншчыкі,
буданнікі (Ptilonorhynchidae),
сямейства пеўчых птушак атр. вераб’інападобных. 8 родаў, 18 відаў. Жывуць у трапічных лясах Новай Гвінеі з прылеглымі астравамі і на Пн і У Аўстраліі. Найб.вядомы альтаншчык атласны (Ptilonorhynchus violaceus).
Даўж. 22—40 см. Апярэнне бурае, цёмна-сіняе або фіялетавае. У большасці моцныя дзюба і ногі, кароткі хвост. Многім відам характэрны палавы дымарфізм: самцы прыгажэйшыя за самак. Робяць з галінак і травы своеасаблівыя буданы або альтанкі (адсюль назва) даўж. да 1 м, выш. да 50 см для спароўвання. Пляцоўку перад імі ўпрыгожваюць пер’ем, ракавінамі, бліскучымі каменьчыкамі, насякомымі, кветкамі. Гнёзды на дрэвах, у кладцы 1—3 яйцы. Наседжвае самка. Усёедныя. Здольныя да гукапераймання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХО́НА-ЕНІСЕ́ЙСКІЯ НА́ДПІСЫ,
пісьмовыя помнікі цюркамоўных народаў 7—11 ст. Адкрыты ў канцы 17 — пач. 18 ст. ў вярхоўях Енісея і на р. Архон (Манголія). Дэшыфраваны і прачытаны ў канцы 19 ст. Зроблены т.зв. рунічным пісьмом на скалах, камянях, збудаваннях, асобных рэчах (эпітафіі, гіст.-біягр. тэксты, памятныя надпісы), захаваліся тэксты на паперы (юрыд. дакументы, рэліг. тэксты). Вядомы 7 груп архона-енісейскіх надпісаў: ленска-прыбайкальская (плямёны курыкан), енісейская (Кыргызскі каганат), мангольская (Усх.-цюркскі каганат), алтайская (Зах.-цюркскі каганат), усх.-туркестанская (Уйгурскі каганат у Манголіі), сярэднеазіяцкая (Уйгурская дзяржава ва Усх. Туркестане) і ўсх.-еўрап. (хазары і печанегі).
Да арт.Архона-енісейскія надпісы. Мужчынская надмагільная статуя з рунічным надпісам 10 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́ЙСКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік палацава-паркавай архітэктуры класіцызму. Пабудавана ў 1782 у г.п. Асвея (Верхнядзвінскі р-н Віцебскай вобл.) на паўд. беразе воз. Асвейскае ў б. маёнтку мінскага ваяводы Я.Гільзена (з 1786 належала Шадурскім). Ансамбль уключаў палац (зруйнаваны ў 1-ю сусв. вайну), капліцу, пейзажны парк (пл. 15 га) з аранжарэямі, ставамі, брамай. Цэнтр. частка кампазіцыі — 2-павярховы мураваны палац з паўкруглымі бакавымі крыламі, злучанымі з гал. аб’ёмам аркадамі, якія ўтваралі авальны партэр перад гал.зах. фасадам (вядомы па акварэлі Н.Орды). Аснову кампазіцыі парку складалі курціны на адкрытых палянах, якія пераходзілі ў натуральны лясны масіў з мясц. пародамі дрэў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСЕ́Ц (Helictotrichon),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 60 відаў. Пашыраны ў Еўропе і Азіі, Паўн. і Паўд. Афрыцы, Паўн. Амерыцы. На Беларусі 2 дзікарослыя віды: аўсец пушысты (Helictotrichon pubescens; нар. назва заечы авёс), трапляецца па ўсёй тэрыторыі, расце на сухіх лугах, лясных палянах і ўзлесках, на адхонах, асабліва ўздоўж дарог; аўсец лугавы (Helictotrichon pratense; рэдкі від, вядомы толькі па звестках навук. літаратуры). Лугавыя кармавыя травы.
Шматгадовыя травяністыя расліны звычайна з паўзучымі падземнымі парасткамі або пазбаўлены іх і тады ўтвараюць шчыльныя дзернавінкі. Сцябло круглаватае, прамастойнае, выш. да 120 см. Лісце лінейнае, часам уздоўж складзенае. Каласкі 2—5-кветныя. Ніжняя кветкавая лускавінка з доўгім асцюком. Мяцёлка сціснутая або раскідзістая, нярэдка гронкападобная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́ЧКА (Wieliczka),
горад і бальнеалагічны курорт у Польшчы, у Кракаўскім ваяв.Вядомы з 11 ст., гар. правы з 1290. На Пд ад Кракава, у перадгор’ях Карпат. Мяккі клімат, мінер. воды і аэразольнае паветра саляных падземных вырабатак спрыяльныя для лячэння хвароб органаў руху і апоры, бранхіяльнай астмы і інш. хвароб лёгкіх. Алергалагічны санаторый. Буйны цэнтр адпачынку і міжнар. турызму. Захаваліся сярэдневяковыя касцёлы (у т. л. драўляны 16 ст.), руіны замка караля Казіміра Вялікага (каля 1350, 18 ст., разбураны ў 1945). Саляная шахта (13 ст.) з падземнымі капліцамі (17 ст.), у стараж. частцы якой адзіны ў свеце такога роду Музей кракаўскіх капальняў солі. Саляная шахта ўключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯНО́К САНЕ́ТАЎ,
вершаваны твор з 15 санетаў, адна з цвёрдых страфічных формаў. Кампазіцыйнай асновай вянка санетаў з’яўляецца апошні санет — магістрал. Звычайна ён пішацца раней за іншыя, бо яго радкі ў строгай паслядоўнасці замыкаюць папярэднія санеты: 1-ы санет пачынаецца 1-м і канчаецца 2-м радком магістрала, 2-і адпаведна 2-м і 3-м радком і г.д.; 14-ы санет пачынаецца апошнім і канчаецца 1-м радком магістрала. Вядомы з эпохі барока. Надзвычай складаная форма, якая вымагае дасканалага паэт. майстэрства. Першы бел. вянок санетаў напісаў А.Салавей («Вянок першы», 1958), да гэтай формы звярталіся Н.Гілевіч («Нарач»), Х.Жычка («Абеліск»), А.Сербантовіч («Васілёк», «Курганы»), Я.Сіпакоў («Жанчына») і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГАЗДА́ВА»,
прыватнаўласніцкі герб, якім на Беларусі, Украіне, у Польшчы і Літве карысталіся больш за 200 родаў, у т. л. Гадлеўскія, Корфы, Міцуты, Неміровічы, Падбярэзскія, Пацы, Рымшы, Трызны, Храпавіцкія. У чырвоным полі 2 сярэбраныя лілеі, павернутыя ўверх і ўніз і змацаваныя залатым пярсцёнкам; клейнод — над прылбіцай з каронай выява такіх жа лілей на паўлінавым хвасце (герб «Газдава I»). Існуюць варыянты герба: з 5 страусавымі пёрамі і 2 лілеямі ў клейнодзе («Газдава II»); з 5 страусавымі пёрамі («Газдава III»); з падзеленым на 2 часткі полем, дзе ў верхнім сярэбранага колеру змешчана чорная лілея, а ў ніжнім чорнага колеру — сярэбраная, клейнод — 3 страусавы пёры («Газдава IV»). Герб вядомы з пач. 14 ст.
старэйшы універсітэт Германіі. Засн. ў 1386 у г. Гайдэльберг курфюрстам Рупрэхтам I у складзе 4 традыцыйных для сярэднявечча ф-таў (вольных мастацтваў, багаслоўскі, мед., юрыд.); у 16 ст.ф-т вольных мастацтваў пераўтвораны ў філасофскі. У 15—16 ст.вядомы як цэнтр гуманізму. У канцы 17 ст. спалены французамі. Аднавіў дзейнасць як навуч. і навук. ўстанова пасля 1803 намаганнямі курфюрста Карла Фрыдрыха Бадэнскага. У 19 ст. адна з вядучых навуч. устаноў Германіі. Ф-ты: тэалагічны, філас., юрыд., прыродазнаўчых навук, мед. і інш. У ім працавалі філосафы Г.Гегель, К.Фішэр, хімік Р.Бунзен, фізік Г.Кірхгоф, даследчык прыроды Г.Гельмгольц, гісторык Ф.Шлосер і інш.Б-ка (з 1386).