МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ГІСТО́РЫІ І СТАРАЖЫ́ТНАСЦІ,
навуковая і культ.-асв. арг-цыя ў Мінску ў 1919—25. Утворана 29.6.1919 пры Мінскім пед. ін-це. Ставіла за мэту вывучэнне гісторыі і археалогіі Беларусі, ахову яе помнікаў гісторыі і культуры, стварэнне гісторыка-археал. музея, прапаганду гіст. ведаў сярод насельніцтва. У 1921—23 у т-ва ўваходзіла каля 50 правадз. членаў; у склад праўлення ў розны час уваходзілі: В.Д.Дружчыц, М.М.Гуткоўскі, У.М.Ігнатоўскі, М.І.Каспяровіч, М.В.Мялешка, У.Л.Пічэта (старшыня), І.П.Поляк, А.А.Савіч, А.А.Шлюбскі і інш.; ганаровымі членамі т-ва былі акад. Я.Ф.Карскі, Ф.Ф.Турук, М.А.Янчук і інш. Правяло каля 40 агульных пасяджэнняў, на якіх абмяркоўваліся навук. даклады па гісторыі, культуры, адукацыі, гістарыяграфіі Беларусі і інш. Частка дакладаў апублікавана ў час. «Вольны сцяг», «Працы БДУ», «Вестник Народного комиссариата просвещения», інфармацыю пра пасяджэнні т-ва давала газ. «Савецкая Беларусь». У вер. 1921 т-ва арганізавала археал. раскопкі стараж. курганоў у Заслаўі, супрацоўнічала з Мінскім навук. пед. т-вам, Беларускім вольна-эканамічным таварыствам, з краязнаўчымі арг-цыямі Беларусі і Расіі, у снеж. 1921 удзельнічала ва Усерас. канферэнцыі краязн. т-ваў. У студз. 1922 пры т-ве ўтворана Часовае бюро краязнаўства, у валасныя цэнтры Мінскага пав. разасланы анкеты для збору інфармацыі пра помнікі гісторыі і культуры, старадрукі і архіўныя зборы. Мінскі ін-т нар. адукацыі перадаў т-ву гіст., этнагр. і археал. часткі б. музея Мінскага таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі. У 1923 з-за пераходу большасці членаў у інш. навук. ўстановы (Інбелкульт, БДУ) актыўнасць т-ва зменшылася. З мая 1924 перасталі праводзіць пасяджэнні т-ва, і яно практычна спыніла сваю дзейнасць.
А.М.Гесь, У.В.Ляхоўскі.
т. 10, с. 416
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗУМО́ВАЯ І ФІЗІ́ЧНАЯ ПРА́ЦА,
узаемазвязаныя і ўзаемазалежныя віды мэтанакіраванай дзейнасці людзей у выглядзе затрат інтэлектуальнай, разумовай або фіз. энергіі чалавека ў працэсе стварэння матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей. Падзел працы на разумовую і фіз. адбыўся ў старажытнасці і абумоўлены развіццём прадукц. сіл грамадства, якія дазвалялі невялікаму слою людзей (жрацам, правадырам і інш.) не займацца непасрэдна здабываннем сродкаў для свайго існавання — фіз. працай. У выніку разумовая праца стала прывілеяй асобных сац. слаёў — брахманаў у Стараж. Індыі, свабодных грамадзян у Стараж. Грэцыі і інш. Паводле утапічнай мадэлі ідэальнай дзяржавы Платона, разумовай працай мелі права займацца толькі яе кіраўнікі — філосафы. Супярэчнасць паміж гэтымі відамі працы са старажытнасці мела сац. карані, набыла антрапалагічныя і сац.-псіхал. аспекты і праходзіць праз усю гісторыю чалавецтва, своеасабліва праяўляецца ў розныя гіст. эпохі. Аднак такі падзел працы адыграў і пазітыўную ролю ў развіцці грамадства: вызвалены ад неабходнасці займацца паўсядзённай фіз. працай, пэўны сац. слой людзей атрымаў матэрыяльныя сродкі і магчымасць сканцэнтраваць энергію менавіта на разумовай працы, што дазволіла развіць інтэлект і стварыць складаны і важны прадукт мысліцельнай дзейнасці, які знайшоў увасабленне ў архітэктуры, мастацтве, музыцы, паэзіі і г.д. Самым значным дасягненнем работнікаў разумовай працы сталі навук. веды. У перыяд усталявання рыначных адносін сфарміравалася інтэлігенцыя — сац. слой людзей, разумовая праца для якіх стала прафес. родам заняткаў. Станоўчы ўплыў на развіццё разумовай працы зрабіла прамысл. рэвалюцыя, якая ахапіла прам-сць, сельскую гаспадарку і значна паўплывала на фіз. працу. Найб. дынамічнае развіццё разумовая праца атрымала ў эпоху навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, якая запатрабавала ад чалавека развітога мыслення, глыбокіх навук. ведаў і высокага ўзроўню кваліфікацыі — інтэлектуальнай працы. Праблема суадносін Р. і ф.п. захоўваецца і ў постіндустрыяльным грамадстве.
Т.І.Адула.
т. 13, с. 265
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛО́ГІЯ КУЛЬТУ́РЫ,
галіна сацыялагічнай тэорыі, якая даследуе заканамернасці ўзаемадзеяння грамадства, асобы і культуры. Сутнасць, структурную пабудову, функцыі і тэндэнцыі развіцця культуры разглядае ў сувязі з дынамікай сац. структуры, развіццём сац. ін-таў, сац.-эканам., паліт. і духоўнымі зменамі ў грамадстве. Асн. кірункі даследаванняў С.к. — вызначэнне спецыфікі сац. тыпаў культуры (нар., нац., масавы і элітарны, субкультура і контркультура), іх функцый у грамадстве і асаблівасцей іх узаемадзеяння; характарыстыка функцыянавання культуры ў грамадстве як каштоўнасна-нарматыўнай сістэмы сімвалаў, ідэй, ведаў, узораў паводзін, якая рэгулюе жыццядзейнасць індывідаў і сац. суполак; вызначэнне ўзаемаўплываў культуры і тэхнал., экалагічных і інш. праблем чалавецтва. Тэрмін «С.к.» ўведзены ў 1912 ням. сацыёлагам А.Веберам. Сацыялагічныя даследаванні культуры распачалі К.Маркс, Э.Дзюркгейм, Г.Зімель, вялі М.Вебер, П.А.Сарокін, Т.Парсанс, Р.Мертан, М.Мід, Л.Уайт і інш. Сарокін распрацаваў тэорыю сацыядынамікі культуры, згодна з якой найважн. падзеі ў працэсе гіст. развіцця абумоўлены зменай адной фундаментальнай формы культуры іншай. Парсанс вызначыў аб’ект С.к. як здольнасць культуры служыць у якасці дэтэрмінанты развіцця сац. сістэм, іх структуры і функцый. Мертан выявіў шматбаковую ўзаемасувязь сац. змен у грамадстве і дынамікі норм і каштоўнасцей культуры. На Беларусі даследаванні ў галіне С.к. канцэнтруюцца на праблемах сацыядынамікі культуры, яе развіцця ў кантэксце этнанац. і канфесіянальных асаблівасцей бел. грамадства (Э.К.Дарашэвіч, С.В.Лапіна, В.І.Русецкая і інш.).
Літ.:
Сорокин П.А. Социокультурная динамика // Сорокин П.А. Человек Цивилизация. Общество: Пер. с англ. М., 1990;
Вебер А. К вопросу о социологии государства и культуры: Пер. с нем. // Культурология, XX в.: Антология. М., 1995;
Ионин Л.Г. Социология культуры. М., 1996;
Парсонс Т. Понятие общества: компоненты и их взаимоотношения // Американская социологическая мысль: Тексты: Пер. с англ. М., 1996.
Я.М.Бабосаў.
т. 14, с. 215
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́НЕ́КА (Луцый Аней) (Lucius Annaeus Seneca; каля 4 да н.э., г. Кордава, Іспанія — 65 н.э.),
старажытнарымскі філосаф, пісьменнік і дзярж. дзеяч. У 49—54 выхоўваў Нерона, пасля ўзыходу якога на прастол у 54 аказваў уплыў на праўленне імперыяй. Абвінавачаны Неронам у змове супраць імператара і па яго загадзе скончыў жыццё самагубствам. Філасофія С. эклектычная: заснавана на сінтэзе стаіцызму і вучэнняў Эпікура, кінікаў і інш. У асн. філас. працах «Маральныя лісты да Луцылія», «Аб дабрадзействах», «Аб міласэрнасці» прапанаваў праграму маральнага самаўдасканалення асобы, дасягнення стану незалежнасці ад знешніх абставін. Лічыў, што для дасягнення асабістага шчасця неабходна валодаць маральнай мудрасцю і такімі якасцямі, як пагарда да смерці і ўстрыманне. Прызнаваў наяўнасць дабратворнай божай волі і лічыў пакуты чалавека пры жыцці выпрабаваннямі Бога. Адстойваў ідэю роўнасці ўсіх людзей, у т. л. і рабоў. Верыў у бязмежны прагрэс чалавечых ведаў. У аснове натурфілас. поглядаў С. вучэнні стоікаў пра цялеснасць усяго існага і сусв. пажар як пакаранне за зямное зло. Яго светапогляд адлюстраваны ў 9 трагедыях («Медэя», «Эдып», «Фіест», «Федра», «Геркулес Вар’яцкі», «Агамемнан», «Траянкі», «Фінікіянкі», «Геркулес Этэйскі») на міфалагічныя сюжэты, дзе праводзіў думкі аб згубнасці моцных пачуццяў, вар’яцкім свавольстве дэспатыі, смерці як сродку выратавання ад зямнога зла. Трагедыі С. паўплывалі на далейшае развіццё драматургіі (У.Шэкспір, франц. класіцызм). На Беларусі ідэі С. развівалі Ф.Скарына, М.Гусоўскі, С.Будны, Сімяон Полацкі і інш. Сугучныя С. ідэі выказвалі Г.Каніскі, які прызнаваў магчымасць дасягнення шчаслівага жыцця на зямлі, М.К.Сарбеўскі, С.Лаўксмін, Т.Брылевіч, якія гал. задачу філасофіі бачылі ў фарміраванні высокамаральнай асобы.
Тв.:
Рус. пер. — Трагедии. М., 1991;
Нравственные письма к Луцилию. М., 2000.
Т.І.Адула.
т. 14, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
пра́ктыка
(лац. practica, ад гр. praktikos = дзейны, актыўны)
1) дзейнасць людзей, якая накіравана на пераўтварэнне матэрыяльнага свету;
2) жыццё, рэчаіснасць як галіна праверкі вывадаў тэорыі;
3) замацаванне тэарэтычных ведаў на вытворчасці (напр. педагагічная п. студэнтаў);
4) набыты вопыт у якой-н. галіне дзейнасці (напр. п. выхавання дзяцей);
5) дзейнасць урача або юрыста (напр. адвакат са шматгадовай практыкай).
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
вучо́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Які набыў спецыяльную падрыхтоўку ў галіне якіх‑н. ведаў. Вучоны садавод. // Разм. Пісьменны, адукаваны. Вучоны чалавек. □ [Тата:] — Тут, у школе, народ вучоны, займаецца сур’ёзнай справай. Брыль. // Разм. Дрэсіраваны (пра жывёл). Вучоны мядзведзь. □ Вучоны сабака, які быў у следчых людзей, увесь час нюхаў дарогу ад аграбленага банка. Чорны. // Які атрымаў урок, прыдбаў вопыт у чым‑н.
2. у знач. наз. вучо́ны, ‑ага, м. Кваліфікаваны спецыяліст у якой‑н. галіне навукі; даследчык. Малады вучоны. Выдатны вучоны. □ Міхась Рамановіч скончыў і пажадаў вучоным далейшых поспехаў. Паслядовіч.
3. Які мае адносіны да навукі, звязаны з навукай. Вучонае званне. Вучоная ступень. Вучоны савет.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
здо́льнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць, асаблівасць каго‑н., што праяўляецца ў якой‑н. дзейснасці, учынках і пад.; уменне рабіць што‑н., весці сябе якім‑н. чынам і пад. Здольнасць рухацца. Разумовыя здольнасці. □ Да гэтага ж часу ніхто не ведаў аб ваяцкіх здольнасцях дзеда Талаша. Колас. За гэткія свае здольнасці збіраць і разносіць навіны .. [Тодара] ў вёсцы празвалі Поштай. Крапіва. // Стан, якасць каго‑, чаго‑н., неабходныя для здзяйснення чаго‑н. або выкарыстання якім‑н. чынам. Прапускная здольнасць дарог. Пакупная здольнасць насельніцтва.
2. звычайна мн. (здо́льнасці, ‑ей). Прыродныя схільнасці да занятку чым‑н.; дар, талент. Музычныя здольнасці. Здольнасці да матэматыкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
звы́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
1. Павадка, прывычка. Нельга сказаць, каб не любіў.. [Макоўчык] пагаварыць з таварышамі, але меў звычку ў кожнай гаворцы шукаць нейкі сэнс, пагарджаў пустой балбатнёй. Мележ. Прыйшоўшы дадому,.. [Варвара] па звычцы спынілася ў дзвярах — выцерла ногі аб палавік. Васілевіч. У лесе егер Дзямід ведаў кожны кусцік, кожную птушку, кожнага звера з усімі яго звычкамі і норавамі. В. Вольскі.
2. Разм. Звычай, традыцыя. Нас ветрам прадзьмула дарога. І хоць не хацелі віна, Мы выпілі з нейкага рога, Па звычцы грузінскай — да дна. Калачынскі. У кожным краі свае звычкі. Недзе ж ядуць шампіньёны, а ў нас абыходзяць іх. Кандрусевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
муці́ць, мучу, муціш, муціць; незак., каго-што.
1. Рабіць мутным (у 1 знач.), каламуціць. Мільгалі лускою шчупакі. Здавалася часам, што гэта яны муцілі халодную паводкавую ваду. Пестрак.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Не даваць спакою, непакоіць, трывожыць. Увечары зноў за сцяною гучала песня, зноў муціў мяне непазбыўны сум. Дуброўскі. І душу муціць неспакой, А кожны грук і др[ы]гаценне У сэрцы болем аддаюць. Колас.
3. пераважна безас. Цягнуць на рвоту, быць у стане млосці. Яго муціла ад курэння. □ Назаўтра мяне так муціў голад, што я не ведаў, дзе мне дзецца. Сачанка.
•••
Муціць ваду — тое, што і каламуціць ваду (гл. каламуціць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нагарадзі́ць, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; зак., чаго.
1. Нарабіць многа платоў, перагародак. Нагарадзілі катухоў, ані павярнуцца, ані слова сказаць, бо ўсё скрозь сцяну чуваць. Карпюк.
2. Разм. Наставіць, накідаць у беспарадку вялікую колькасць чаго‑н. У сенцах нешта грукнула і пачулася прыглушанае вохканне: — Хто гэта тут нагарадзіў?.. Ледзь духі не адбіла... Б. Стральцоў.
3. перан. Разм. Нагаварыць, напісаць многа лішняга, непатрэбнага; напляткарыць. [Максім:] — Ты тут нагарадзіў такога, што трэба адразу ўнесці яснасць. Калі ты нас дрэнна разумееш, дык навошта ж распачынаць размовы. Машара. [Іван Пятровіч:] — Не ведаў, Мікалай Барысавіч, што ты такі дробязны чалавек. Пісаць на мяне.. такую лухту. — Сам ты што на мяне нагарадзіў? Пянкрат.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)