антысавецкае выступленне Асобнага Чэхаславацкага корпуса (45 тыс.чал., сфарміраваны восенню 1917 з ваеннапалонных чэхаў і славакаў, якія раней служылі ў аўстра-венг. арміі, для ўдзелу ў 1-й сусв. вайне). Паводле дамоўленасці з краінамі Антанты сав. ўрад у сак. 1918 пачаў перамяшчаць корпус (са студз. 1918 фармальна ў складзе франц. арміі) з Украіны на Д. Усход, каб ён мог праз г. Уладзівасток эвакуіравацца ў Зах. Еўропу. У маі 1918 эшалоны з чэш. і славацкімі вайскоўцамі расцягнуліся ад Паволжа да Уладзівастока. Незадаволеныя патрабаваннямі сав. ўрада здаць зброю і чуткамі пра паварот часткі эшалонаў на г. Архангельск чэхаславацкія часці ў маі 1918 арганізавана паўсталі пад заклікам «Праб’емся ва Уладзівасток сілай». Да вер. 1918 яны з дапамогай мясц. кадэтаў, эсэраў, меншавікоў, казакоў і інш. антыбальшавіцкіх сіл скінулі сав. ўладу на тэр. ад Паволжа да Уладзівастока, спрыялі ўтварэнню Камітэта членаў Устаноўчага сходу, «Часовага сібірскага ўрада», Уфімскай дырэкторыі і інш. Пасля шэрагу паражэнняў ад Чырв. Арміі восенню 1918 і захопу кіраўніцтва белым рухам манархістамі на чале з А.В.Калчаком (ліст. 1918) чэхаславацкія часці ў студз. 1919 зняты чэхаславацкім урадам з фронту і выконвалі ў тыле калчакаўскіх войск ахоўныя функцыі. Паводле дамоўленасці з урадам РСФСР ад 7.2.1920 Чэхаславацкі корпус да вер. 1920 пакінуў тэр. Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ША́БЛЯ (венг. szablya ад szabni рэзаць),
від сякучай або сякуча-колючай халоднай зброі. Складаецца са стальнога клінка з выгнутым лязом, увагнутай спінкай, вастрыём на канцы і эфеса (рукаятка з цемляком і крыжавіны з перакрыжаваннем ваўсх. Ш., або рукаяткі і гарды ў еўрап. Ш.); укладваецца ў ножны. Даўжыня 800—900 мм, шырыня 3—3,5 см. Першапачаткова вядома ў Персіі, Асірыі, Егіпце. У 9 ст. ад хазараў, полаўцаў і печанегаў трапіла на ўсх.-слав. землі; у рус. летапісах згадваецца з 10 ст. На Беларусі пад уплывам польскага і венг.ваен. мастацтва Ш. шырока выкарыстоўвалася з канца 16 ст., калі стала часткай баявога рыштунку лёгкай кавалерыі і ўлюбёнай зброяй шляхты. У 17 ст. шабельнікі ВКЛ сканструявалі «фурдумент» — спец. шчыток, які закрываў кісць рукі. Ш. бел. майстроў, у прыватнасці магілёўскіх, у 17 ст. карысталіся попытам у Польшчы і Расіі. З 18 ст. ў Еўропе і Расіі Ш. была на ўзбраенні лёгкай конніцы і каманднага складу ўсіх родаў войск. У 1881 у рас. арміі заменена шашкай і захавалася толькі ў гвардыі як парадная зброя. У СССР у 1940 уведзена парадная Ш. для генералаў, у 1949 заменена корцікам. Ш. эспадрон (франц. espadon ад ісп. espada шпага), колючая і сякучая зброя ў спарт.фехтаванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАНАМІ́ЧНАЯ КАРТАГРА́ФІЯ,
раздзел картаграфіі, звязаны з сацыяльна-эканамічнай геаграфіяй, эканамічнай геаграфіяй і нар.-гасп. практыкай. Даследуе метады стварэння эканамічных карт і атласаў, распрацоўвае спосабы адлюстравання на картах эканам. з’яў. Выкарыстоўвае прынцыпы і матэрыялы картаграфіі (тапагр. і геагр. аснова карт, метады стварэння карт і спосабы картаграфічнага адлюстравання, картаграфічнай генералізацыі і інш.), сац.-эканам. геаграфіі (змест карт), сац.-эканам. статыстыкі (метады апрацоўкі статыст. матэрыялу).
Тэорыя Э.к. ў СССР мела найб. развіццё ў пач. 1930-х г.ва ўмовах хуткага росту гаспадаркі рэспублік, эканам. раёнаў і галін нар. гаспадаркі (працы М.М.Баранскага, А.І.Праабражэнскага, М.І.Нікішова і інш.). У сучаснай Э.к. важнае значэнне маюць матэм.-картаграфічнае мадэліраванне, аўтаматызацыя і стварэнне адзіных геагр. фондаў даных, матэрыялы касм. здымак і інш.
Пры стварэнні Нац. атласа Беларусі (2002) былі складзены эканам. карты: прам-сці (маштаб 1:2 000 000; уключае размеркаванне прадпрыемстваў прам-сці паводле яе галін на тэр. рэспублікі); асн. галін прам-сці (маштаб 1:2 000 000—1:6 000 000; электраэнергетыка, паліўная, хім. і нафтахім. прам-сць і інш.); знешнегандлёвага абароту (маштаб 1:50 000 000); спецыялізацыі сельскай гаспадаркі (маштаб 1:2 000 000) і інш.
Літ.:
Баранский Н.Н., Преображенский А.И. Экономическая картография. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКСТЭРЫЯРЫЗА́ЦЫЯ (франц. extériorisation выяўленне, праяўленне, ад лац. eksterior вонкавы, знешні),
у псіхалогіі гэта праяўленне ўнутр. псіхічнага жыцця чалавека ў знешніх (знакавых і сац.) формах свайго існавання: разнастайныя пачуцці і думкі і ў штодзённым жыцці кожнага чалавека, і ў творчасці вучоных, пісьменнікаў, дзеячаў мастацтва і інш.Напр., рэалізацыя вынаходнікамі сваіх задум у той ці інш. канструкцыі, выражанай прадметна або графічна; узнаўленне мастакамі ў выглядзе малюнкаў вобразаў, якія ствараюцца першапачаткова ўнутр. позіркам; запіс або графічнае адлюстраванне схем пры вырашэнні вучэбных задач. Э. ажыццяўляецца не толькі на завяршальным этапе дзейнасці, але і ў ходзе яго, у прамежкавых звёнах паміж задумкай і поўнай рэалізацыяй. Як кірунак разумовай дзейнасці Э. процілеглая інтэрыярызацыі — пераходу знешніх практычных дзеянняў ваўнутр. псіхічны план. На арган. ўзаемасувязь абодвух працэсаў упершыню звярнуў увагу Л.С.Выгоцкі. Паводле яго культ.-гіст. тэорыі паводзін, чалавек авалодвае сабой як адной з сіл прыроды, атрымліваючы інфармацыю звонку пры дапамозе сістэмы знакаў, якія ствараюцца культурай; г.зн. усякая сапраўды чалавечая форма псіхікі першапачаткова складваецца са знешняй сац. формы зносін паміж людзьмі, а потым увасабляецца ў працэсах Э. асобнага індывіда. Праблемы Э. распрацоўваюцца ў працах А.М.Лявонцьева, П.Я.Гальперына і інш.
Літ.:
Выготский Л.С. История развития психических функций. М., 1953;
Леонтьев А.Н. Проблемы развития психики. 4 изд. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯДКО́ЎСКІ (Jodkowski) Юзаф (20.12.1890, г. Гродна — 2.1.1950),
бел. і польскі археолаг, нумізмат. Скончыў Гродзенскую гімназію, Маскоўскі археал.ін-т (1912). Працаваў у Румянцаўскім музеі ў Маскве, кансерватарам Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губ. Выступаў за захаванне помнікаў старажытнасці, у т. л. Сынковіцкай царквы-крэпасці, Мірскага замка. Яго намаганнямі захаваны іканастас 17 ст. ў Супраслі, касцёл з фрэскамі ў Гарадзішчы. Разам з В.Шукевічам праводзіў археал. даследаванні ў в. Нача (Воранаўскі р-н), з Ю.Талька-Грынцэвічам — у вёсках Ланкішкі (Воранаўскі р-н) і Дубічы (замак Вітаўта). У 1920 урад Польшчы зацвердзіў яго кіраўніком бюро дзярж. апекі над помнікамі гісторыі і культуры ў Гродне і Гродзенскім пав. Стварыў Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей і быў яго хавальнікам да 1936. Арганізаваў выданне штогодніка «Музей у Гродне» («Muzeum w Grodnie»). З канца 1930-х г. працаваў у Варшаве, з 1944 у Кракаве, з 1945 хавальнік Народнага музея, старшыня Варшаўскага нумізматычнага т-ва, рэдактар час. «Wiadomości numizmatycznoarcheologiczne» («Нумізматычна-археалагічныя ведамасці»). Правёў археал. раскопкі ў Ваўкавыску (1925), на Замкавай Гары ў Гродне (1932—33), дзе выявіў княжацкі церам, рэшткі 2 мураваных храмаў (пазней атрымалі назвы Гродзенская Ніжняя царква і Гродзенская Верхняя царква). У 1935 даследаваў Каложскую царкву, якую датаваў 11 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯКАБІ́НСКІ КЛУБ,
палітычны клуб і масавая грамадская арг-цыя ў Францыі ў перыяд Французскай рэвалюцыі 1789—99. Узнік у чэрв.—кастр. 1789, названы па месцы пасяджэнняў у зале б. бібліятэкі манахаў-дамініканцаў (у Францыі наз. якабінцамі) у Парыжы. Меў шматлікія мясц. секцыі (больш за 44 тыс. ў 1794). Напачатку аб’ядноўваў усіх праціўнікаў феад.-абсалютысцкіх парадкаў пры дамінуючай ролі прыхільнікаў канстытуцыйнай манархіі з ліку ліберальнага дваранства і буйной буржуазіі. Вясной 1790 найб. кансерватыўныя з іх (Э.Ж.Сіес, А.Г.Мірабо, М.Ж.Лафает і інш.) утварылі ўнутры клуба замкнёнае «Таварыства 1789»). У ліп. 1791 у сувязі з паліт. крызісам, выкліканым спробай караля Людовіка XVI уцячы за мяжу, манархісты-канстытуцыяналісты выйшлі з Я.к. і ўтварылі т-вафельянаў. У клубе да восені 1792 панавала групоўка рэспубліканцаў на чале з Ж.П.Брысо, якая пазней атрымала назву жырандыстаў. Пасля звяржэння манархіі (10.8.1792) абвастрыўся канфлікт паміж радыкальнымі групоўкамі Я.к. і жырандыстамі, якія пакінулі клуб у кастр. 1792. З гэтага часу Я.к. — асн.паліт. цэнтр якабінцаў, дзе ў перыяд якабінскай дыктатуры (чэрв. 1793 — ліп. 1794) панавала групоўка М.Ф.М.І.Рабесп’ера і выпрацоўваліся асн. кірункі дзярж. палітыкі. Пасля тэрмідарыянскага перавароту (27—28.7.1794) Я.к. у пач.ліст. 1794 разгромлены «залатой моладдзю» і 12.11.1794 афіцыйна зачынены дэкрэтам Канвента. Спробы аднавіць яго дзейнасць у 1795—96 і 1798—99 спынены Дырэкторыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯПО́НА-КІТА́ЙСКАЯ ВАЙНА́ 1894—95.
Выклікана імкненнем Японіі ўсталявацца ў Карэі і Паўн.-Усх. Кітаі. Падставай вайны паслужыла тое, што Кітай (намінальны сюзерэн Карэі) накіраваў туды ў чэрв. 1894 2,5 тыс. салдат для падаўлення сялянскага паўстання 1893—94. Абвінаваціўшы Кітай у парушэнні ранейшых пагадненняў, Японія ўвяла ў Карэю сваю армію і заняла г. Сеул. У Карэі быў утвораны праяпонскі ўрад, які 27.7.1894 звярнуўся да Японіі за дапамогай. Але ўжо двума днямі раней (25.7.1894) яп. флот (без абвяшчэння вайны) атакаваў у порце Інчхон кіт.ваен.-трансп. судны, у выніку чаго загінула больш за 1 тыс.кіт. салдат. 1.8.1894 Японія афіцыйна абвясціла вайну Кітаю. Ваен.-тэхн. перавага Японіі хутка вызначыла поспехі яе арміі і флоту. У вер. 1894 яп. войскі атрымалі 2 перамогі (каля Пхеньяна і на р. Ялу) і разгарнулі ваен. дзеянні на тэр. Паўн.Усх. Кітая. Да сак. 1895 яп. армія захапіла Ляадунскі п-аў, гарады Вэйхайвэй, Інкоў і наблізілася да сталіцы Маньчжурыі г. Мукдэн. У выніку Кітай вымушаны быў 30.3.1895 падпісаць пагадненне аб перамір’і, а 17.4.1895 — Сіманасекскі дагавор 1895, паводле якога Кітай страціў Ляадунскі п-аў, а-вы Тайвань і Пэнхуледао, адмовіўся ад сюзерэнітэту над Карэяй і выплачваў кантрыбуцыю. Японія ўзмацніла свае пазіцыі ваУсх. Азіі і стала на шлях ваен. экспансіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ТРА,
вёска ў Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Ятранка. Цэнтр сельсавета і адкрытага акц.т-ва. За 33 км ад г. Навагрудак, 205 км ад Гродна, 17 км ад чыг. ст. Наваельня. 267 ж., 128 двароў (2003). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Магіла партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Упершыню ўпамінаецца ў 1554 у ВКЛ як двор Ю.В.Цішковіча (Тышкевіча). У 1562 атрыманы дазвол вял.кн. Жыгімонта II Аўгуста на заснаванне мястэчка, права мець корчмы, праводзіць таргі і кірмашы. У 1761 у Я. заснавана уніяцкая царква Багародзіцы. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Рас. імперыі. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. вёска Пачапаўскай воласці Навагрудскага пав. У 1851 заснавана нар. вучылішча, у якім вучыўся Я.Карскі. У 1897 сяло, 328 ж., 49 двароў, нар. вучылішча, царква, вадзяны млын, 2 крамы, хлебазапасны магазін, карчма. З 1921 у складзе Польшчы, вёска Пачапаўскай гміны Навагрудскага пав., 384 ж., 67 дамоў. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 у Валеўскім р-не, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета, 25.11.1940 у Карэліцкім р-не Баранавіцкай вобл., з 8.1.1954 у Гродзенскай вобл., з 25.12.1962 у Навагрудскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДАНО́ВІЧ Карл Іванавіч (29.11.1864, г. Люцын Віцебскай губ., цяпер г. Лудза, Латвія — 5.6.1947),
расійскі і польскі геолаг і падарожнік. Акад. Польскай АН. З бел. шляхты. Скончыў Горны ін-т у Пецярбургу (1886). У 1886 у Горным дэпартаменце, у 1901—17 — Геалагічным к-це (з 1914 дырэктар), адначасова праф. геалогіі ў Горным ін-це. У сувязі з буд-вам чыгункі ў 1886—88 даследаваў Закаспійскі край. У 1889—91 у складзе экспедыцыі М.Пяўцова даследаваў геал. будову горных ланцугоў Тыбета, Цянь-Шаня, Паміра. У 1892 узначальваў навук. экспедыцыю ваУсх. Сібір, дзе вёў геал. даследаванні ўздоўж мяркуемай трасы Транссібірскай чыгункі. У 1896—1900 даследаваў геал. будову ўзбярэжжа Ахоцкага мора, Камчатку, Ляадунскі п-аў, Аляску, Чукоцкі п-аў, аўтар першай геал. карты гэтага рэгіёна (1901). У 1907—13 вывучаў нафтаносныя пляцоўкі Паўн. Каўказа і ўзбярэжжа Каспійскага мора. Займаўся праблемамі тэктонікі і вулканалогіі, гідрагеал. праблемамі, першы склаў класіфікацыю землетрасенняў. З 1920 у Польшчы, з 1921 у Кракаўскай горнай акадэміі. Вёў геал. даследаванні ў Францыі, Іспаніі, ЗША, Паўн. Афрыцы. З 1938 узначальваў Дзярж.геал.ін-т у Варшаве.
Літ.:
Резанов И.А. По горам и пустыням Азии. Путешествия К.И.Богдановича. М., 1976;
Ярмоленка В.А. Той, хто спазнаў таямніцы Зямлі // Родная прырода. 1998. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЙКА Леанід Вікенцьевіч (н. 1.3.1944, в. Сакаўка Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. гісторык. Д-ргіст.н. (2003). Скончыў БДУ (1970), дзе і працаваў (выкладчык, дацэнт, нам. дэкана гіст. ф-та). З 1981 дырэктар Дома навукі і культуры ў Варшаве, саветнік Пасольства СССР у Польшчы. З 1986 дацэнт, праф. Мінскай Вышэйшай парт. школы (з 1990 Ін-т паліталогіі і сац. кіравання). З 1989 старшыня т-ва «Беларусь—Польшча». З 1993 гал. рэдактар час. «Беларуская мінуўшчына», адначасова з 1996 заг. кафедры дыпламат. і консульскай службы БДУ. Даследуе гісторыю пасляваен. Польшчы і інш. краін Цэнтр. Еўропы, міжнар. адносіны. Адзін з аўтараў і рэдактараў падручнікаў, даведнікаў і навуч. дапаможнікаў «Крыжовы шлях» (1993), «Беларусазнаўства» (1997), «Чыны, рангі, званні. Пратакольнае старшынства ў Беларусі і за мяжой» (1998). «Асновы дыпламатыі. Дыпламатычная служба» (2001), «Гісторыя Беларусі ў кантэксце еўрапейскай цывілізацыі» (2003) і інш.
Тв.:
Мировая социалистическая система: Даты, факты, коммент. Мн., 1986 (разам з В.В.Бянькоўскім);
Испытание на прочность: О-во польско-сов. дружбы: становление и развитие. Мн., 1989;
Испытание властью: Уроки и выводы из деятельности ПОРП. Мн., 1991;
Политическая борьба в Польше (70—80 гг.). Мн., 1995;
Новая социал-демократия. Трансформация левой партии в Польше. Мн., 2001;
Политическое развитие Польши в 70—80-е гг. XX в. Мн., 2002.