уну́траны, ‑ая, ‑ае.
1. Які знаходзіцца, размяшчаецца ўнутры чаго‑н.; проціл. знешні (у 1 знач.). Унутраныя дзверы. Унутраны замок. □ Рашчэня адчыніў шырокае акно свайго кабінета адразу ж, як толькі вынеслі ўнутраную раму. Шамякін. // Які дзейнічае знутры. Трэцяя печ уздрыгвала ад моцных унутраных штуршкоў. Данілевіч. // Звернуты ў сярэдзіну чаго‑н. Унутраная разьба.
2. Які мае адносіны да псіхічнай дзейнасці чалавека, адбываецца ў яго псіхіцы. Некалькі кароткіх хвілін дырэктар перажываў пакутлівую ўнутраную барацьбу. Краўчанка. Гаварыў Слаўка спакойна, роўна, але ў голасе яго адчувалася вялікая ўнутраная сіла. Новікаў.
3. Які ляжыць у аснове чаго‑н., з’яўляецца сутнасцю чаго‑н. Унутраныя супярэчнасці. Унутраная сувязь з’яў. □ [Песня] раскрыла перад гм [Грыневічам] сваю душу, усе зманлівыя таямніцы свайго ўнутранага хараства. Ліс.
4. Які мае адносіны да жыцця, дзейнасці ўнутры дзяржавы, установы, арганізацыі; проціл. знешні (у 3 знач.). Унутраная палітыка. Унутранае становішча краіны. □ У кароткай гутарцы .. [Пракоп] даведаўся аб размеркаванні работы паміж калгаснікамі і аб унутраныя распарадку ў калгасе. Колас.
•••
Рухавік унутранага згарання гл. рухавік.
Унутраная флексія гл. флексія.
Унутраныя хваробы гл. хвароба.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́казацца, ‑кажуся, ‑кажашся, ‑кажацца; зак.
1. Выказаць, выкласці сваю думку, погляды, пачуцці і пад. Хто хоча выказацца? □ Папас разумее, што трэба даць выказацца ўсім, хто жадае, і ён спакойна слухае, занатоўвае што-нішто сабе на паперку. Галавач. // за каго-што або супроць каго-чаго. Выявіць свае адносіны пры абмеркаванні чаго‑н. Выказацца за ўнесеную прапанову.
2. Закончыць выказванне, выказаць усё; выгаварыцца. [Паліна] з прытоенай хітрасцю чакала, што Ніна не стрымаецца, выкажацца перад ёю да канца. Сіўцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ко́нскі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да каня, належыць яму. Конская грыва. Конскія падковы. Конскае ржанне. Конская збруя. □ Своеасаблівы і такі знаёмы Пракопу пах хлява і кепскага стойла востра б’е ў нос. Колас.
2. Разм. Вялікі, моцны. Вялізны, з конскімі сківіцамі мужчына носіць за плячамі вінтоўку, глядзіць спадылба, злосна. Навуменка.
3. Як састаўная частка некаторых батанічных назваў. Конскае шчаўе. Конская цыбуля. Конскі боб.
•••
Конская сіла гл. сіла.
Конскі капітан гл. капітан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ка́зачны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да казкі (у 1 знач.). Казачны сюжэт. Казачная канцоўка.
2. Які існуе толькі ў казках; нерэальны. Казачны горад. Казачныя асілкі. □ Верыцца [Ніне], што ў цемры над ёю, быццам казачны добры дух, заўсёды будзе бабуля — першая, найлепшая, адзіная... Брыль. // перан. Незвычайны, дзівосны, цудоўны. Вестка аб казачнай машыне... умомант абляцела ўсё наваколле. Дадзіёмаў. — Валі, напэўна, падабаецца слухаць казачную музыку Моцарта, Ліста, любавацца на карціны Гроггера і Матэйкі? Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
камандзіро́вачны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да камандзіроўкі (у 2, 3 знач.). Камандзіровачнае пасведчанне.
2. у знач. наз. камандзіро́вачны, ‑ага, м.; камандзіро́вачная, ‑ай, ж. Той (тая), хто знаходзіцца ў камандзіроўцы. Пасажырамі былі найбольш .. інтэлігенты або прадстаўнікі той шырокай, універсальнай цяпер прафесіі, што называюцца камандзіровачнымі. Скрыган.
3. у знач. наз. камандзіро́вачныя, ‑ых, мн. Разм. Грошы, якія выдаюцца на расходы па камандзіроўцы. Студэнты сабраліся па камандзіровачныя, і кожнаму хацелася атрымаць іх хутчэй. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дачыне́нне, ‑я, н.
Сувязь з кім‑, чым‑н., адносіны да каго‑, чаго‑н. Адвярнуўшыся, хлопец убачыў Люську, якая, мабыць, мела нейкае дачыненне да камсамольскага камітэта. Навуменка. Ермаліцкі больш за ўсіх меў дачыненне да касы, і ўсе гэтыя заўвагі да некаторай ступені прымаў і на сябе. Скрыган.
•••
У дачыненні да каго-чаго — ужываецца ў значэнні прыназоўніка, які паказвае накіраванасць дзеяння. — А ў тваіх словах у дачыненні да мяне і да маіх ідэалаў няма нічога жандарскага? Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жано́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да жанчыны, жанчын. Жаночая праца. // Які належыць жанчыне. Жаночы твар. Жаночыя рукі. // Прызначаны для жанчын. Жаночы абутак. // Уласцівы жанчыне, які адрознівае жанчыну. Жаночы пол. Жаночая пяшчотнасць. // Які складаецца з жанчын. Жаночая брыгада.
2. Які адносіцца да асобіны, асобы жаночага полу, характарызуе яго. Жаночая палавая клетка. Жаночыя кветкі ў раслін.
•••
Жаночае пытанне гл. пытанне.
Жаночая рыфма гл. рыфма.
Жаночы род гл. род.
Жаночыя хваробы гл. хвароба.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нача́льніцкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да начальніка, належыць начальніку. Стаялі афіцэры, выцягнутыя ў струнку, чакалі начальніцкага загаду. Лынькоў. У той жа самы момант салдат.. раптам махнуў рукою і пабег у начальніцкі вагон. Чорны.
2. Поўны важнасці, строгасці; уладны. Сядзіць .. [Скок] з начальніцкім выглядам за перапэцканым у чарніла крываногім сталом і старанна хукае на пячатку, быццам яна замерзла. Сяркоў. Пан Крулеўскі гаварыў цяпер па-польску, і ў голасе чуўся халодны, .. начальніцкі тон. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пааба́пал, прыназ. і прысл.
1. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «паабапал» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца для ўказання на размяшчэнне па абодва бакі чаго‑н. На гарызонце ў ружовым мроіве паказалася вёска, а паабапал яе серабрыліся сінія лясы. Алешка. Тут, паабапал шляху з прысадамі старых ясакараў і ліп, да вайны размяшчаліся ўсе грамадскія будоўлі: сельсавет, бальніца, школа, клуб, сельмаг. Шамякін.
2. прысл. Па абодва бакі. [Мужчыны] увайшлі ў калідор, у якім паабапал было многа дзвярэй. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паліцэ́йскі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да паліцыі, належыць паліцыі; які ажыццяўляецца паліцыяй. Паліцэйскі ўчастак. Паліцэйскі нагляд. □ Следам Сілцы наведалі паліцэйскія стражнікі. Пачаліся арышты, расправы, экзекуцыі. Гартны. Недалёка ад маста стаяла паліцэйская машына. Зуб.
2. у знач. наз. паліцэ́йскі, ‑ага, м. Чалавек, які служыць у паліцыі, ніжні чын паліцыі. Над нашымі галовамі ціўкалі кулі, чуваць былі крыкі паліцэйскіх. Анісаў.
3. Які апіраецца на паліцыю, ажыццяўляе ўладу з дапамогай паліцыі. Паліцэйская дзяржава.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)