1. Калыхацца, ківацца з боку ў бок. [Зыбін] слухаў лагодны, супакойлівы шум зялёных вершалін соснаў, што плаўна хісталіся над ім.Мележ.А .. [збожжа] рознымі колерамі гарыць, да пояса кланяецца — хістаецца ў бакі...Каваль.// Дрыжаць, мігаць (пра агонь, святло і пад.). Белае полымя дрыгацела, хісталася, падымалася і ападала, і вось-вось, здавалася, пагасне.Колас.Туман дыміўся вечаровы, Між дрэў Хістаўся маладзік.Скурко.
2. Ківацца пры хадзьбе з боку ў бок. Як макаўка ад ветру на градзе, Хістаецца дзіцё ва ўсе бакі: Памкнецца крок ступіць — і тут жа ўпадзе, Які ж для ўсіх ты, першы крок, цяжкі!Непачаловіч.Знябыўся, пахудзеў [Пятрусь], рана яго разгнаілася, без сну і яды хістаецца, а не кінуў яе [Ганны] палякам.Нікановіч.// Калыхацца, калывацца ў бакі ў час руху. Воз хістаўся і рыпеў па выбоістай дарозе.Лупсякоў.Вагон гушкаўся, уздрыгваў, хістаўся ў бакі.Васілёнак.
3. Ківацца ў выніку нетрывалага, ненадзейнага прымацавання да чаго‑н., умацавання ў што‑н. або ў выніку трухлявасці і пад. Пад акном ад падлогі чарнелі два вянцы, гнілі; сям-там высыпаў грыбок.. Гніль лезла і вышэй, падтачыла падаконнік, — ён хістаўся пад локцямі ў Аркадзя.Пташнікаў.А зубы ў хлопцаў ад сцюжы ды без вітамінаў хістаюцца, крывавяць і баляць.Грахоўскі.//перан. Траціць ранейшае значэнне, сілу, устойлівасць. Польскі трон хістаўся пад напорам знаці, А яе не турак, дык швед калашмаціў.Бажко.
4.перан. Быць у нерашучасці; вагацца. Нейкі момант.. [Васіль] хістаўся: гаварыць Януку ўсё, як ёсць, ці не гаварыць?Кулакоўскі.Так, пакуль прыедзе бацька, усё будзе ўжо зроблена, і яму не будзе магчымасці ні думаць, ні сумнявацца, ні хістацца.Краўчанка.
5. Быць няўстойлівым, непастаянным; мяняцца. Цэны хістаюцца. Тэмпература паветра хістаецца ад 13 да 18°.
6.Зал.да хістаць (у 1, 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цярпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; незак.
1.што і без дап. Мужна, стойка пераносіць фізічныя і маральныя пакуты. [Нявіднага] мучыла прага, але ён цярпеў.Колас.Досыць рыбакі цярпелі, Галадалі рыбакі!Танк.Купала сваёй паэзіяй узнімаў настрой у людзей, што цярпелі нягоды ваеннага часу.Рамановіч.
2.што. Перажываць, зносіць, адчуваць (боль, пакуты і пад.). Цярпець здзекі. □ Свой абавязак маткі ціха Выконвае жанчына-парадзіха, Хоць і цярпіць вялізарныя мукі.Крапіва.Кабеты не стрымаліся, заплакалі ды ўслед за Ганнай уголас: — А божачка, ён [Сымон] сапраўды невінаваты, за што ж яму пакуту цярпець?Лынькоў.//адчаго. Несці страты; атрымліваць пашкоджанні ад чаго‑н.; псавацца. Культурныя расліны нярэдка цярпяць ад недахопу вады. □ Аднак не ўсе пароды аднолькава паддаюцца шкоднаму ўплыву газаў. Ясень, ліпа і елка вельмі моцна цярпяць ад іх, а дуб, таполя або клён больш устойлівыя.Гавеман.
3.каго-што. Мірыцца з наяўнасцю, існаваннем каго‑, чаго‑н.; пагаджацца з кім‑, чым‑н. Мо другім разам, каб на канцэрце былі адны студэнты, дык яго б зусім сагналі са сцэны, але з ветлівасці, з павагі да гасцей .. цярпелі і Блізнюка.Сабаленка.— Далей цярпець такое становішча нельга, — сказаў .. [Анатоль Хацятоўскі].«ЛіМ».//(звычайназадмоўем «не»). Не любіць, не выносіць каго‑, чаго‑н. Віка, якая ўвесь час не цярпела інтэнданта за яго страх,.. цяпер свядома кінула яму свой выклік.Вітка.Міхаська страшэнна не цярпеў шчыкоткі.Якімовіч.//(звычайназадмоўем «не»). Не дапускаць наяўнасці чаго‑н. (пра неадушаўлёныя прадметы). Паэзія не цярпіць празмерна адцягненага ўяўлення аб рэчах.Бярозкін.
Цярпець страту — траціць, губляць што‑н., мець выдаткі, страты.
Цярпець холад і голад — цярпець нястачы, жыць у беднасці і галечы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЛЬНЫЯ ЎРАЎНЕ́ННІ,
ураўненні, якія змяшчаюць невядомыя функцыі, іх вытворныя любых парадкаў і незалежныя пераменныя. Уведзены ў матэматыку І.Ньютанам і Г.Лейбніцам. Іх сістэматычнае вывучэнне пачаў Л.Эйлер. У 19 ст. Д.ў. сталі самастойнай матэм. дысцыплінай. Заснавальнікі сучаснай тэорыі Д.у. — А.М.Ляпуноў, У.А.Сцяклоў і інш.
Змена масы m радыеактыўнага рэчыва з каэфіцыентам распаду k за прамежак часу dt выражаецца Д.у. dm = kmdt (1). Тэмпература U = U(x, y, z), што ўстанавілася ў кожным пункце (x, y, z) цела, на мяжы якога падтрымліваецца зададзены цеплавы рэжым, задавальняе Д.ў.
(2).
Д.ў. віду (1) — звычайнае Д.ў. (змяшчае функцыю аднаго пераменнага), віду (2) — Д.ў. ў частковых вытворных (змяшчае вытворныя невядомай функцыі па розных пераменных). Парадак Д.ў. вызначаецца вытворнай самага высокага парадку ў гэтым ураўненні Кожнае Д.ў. вызначае адразу цэлую сям’ю рашэнняў, залежную ад лікавых ці функцыянальных параметраў; яно выражае некаторы агульны закон, якому падпарадкоўваецца мноства канкрэтных працэсаў. Для вылучэння асобнага працэсу задаюць дадатковыя ўмовы, найчасцей — краявыя (пачатковыя і гранічныя). Для рашэння (1) задаецца пачатковае значэнне — маса m(0) = m0. Рашэнне (2) вызначаецца, напр., гранічнымі значэннямі — размеркаваннем тэмпературы на паверхні цела. Звычайнае лінейнае Д.ў. або сістэму гэтых Д.у. увядзеннем дапаможнай функцыі можна запісаць у выглядзе x′ = P(t)x + φ(t), дзе P — матрыца каэфіцыентаў, φ — вектар свабодных членаў, x = x(t) — вектар-функцыя. Калі Y — квадратычная матрыца, якая складаецца з незалежных рашэнняў адпаведнай аднароднай сістэмы (φ ≡ 0), а x* — адно з рашэнняў прыведзенага Д.ў., тады ўсе яго рашэнні дае формула x = x* + Yc, дзе c — адвольны пастаянны вектар. У шэрагу выпадкаў, напр. пры пастаяннай P, пабудова x* і Y зводзіцца да алгебраічных аперацый і інтэгравання. Існуюць і нелінейныя Д.ў., якія рашаюцца з дапамогай канечнага ліку прасцейшых аналітычных аперацый. Напр., калі My′= Mx′ тады ўсе рашэнні M(x,y)dx + N(x,y)dy = 0 дае формула ∫M(x,y)dx + N(x,y)dy = c, дзе c — адвольная пастаянная. Калі Д.ў. зададзена з дапамогай аналітычных функцый, тады рашэнне выяўляецца таксама аналітычнай функцыяй, раскладаецца ў ступенны рад каля кожнага неасаблівага пункта і знаходзіцца метадам неакрэсленых каэфіцыентаў. Вызначэнне рашэння Д.ў. ці сістэмы Д.у. x′ = 𝑓(t,x) з зададзенай пачатковай умовай x(t0) = x0 раўназначнае рашэнню інтэгральных ураўненняў тыпу:
(3). Калі 𝑓 неперарыўная функцыя, то (3) мае хоць бы адно рашэнне. Калі, акрамя гэтага, неперарыўная 𝑓′x, то рашэнне (3) адзінае і яго можна знайсці з дапамогай ітэрацый. Метад ітэрацый разам з метадам раздзялення пераменных, з метадам малога параметра і інш. ўжываецца і пры рашэнні Д.ў. з частковымі вытворнымі. Прыбліжанае рашэнне Д.ў. атрымліваюць, замяняючы ў Д.у. вытворныя адносінамі прырашчэнняў і пераходзячы да ўраўненняў у канечных рознасцях. Тэорыя Д.ў. выкарыстоўваецца ў варыяцыйным злічэнні, у тэорыі аптымальных працэсаў, у тэорыі кіравання рухам і ў большасці раздзелаў прыкладной матэматыкі. Вывучэнне краявых задач для Д.у. з частковымі вытворнымі — гал. частка матэм. фізікі.
На Беларусі развіццё тэорыі Д.у. звязана з імем М.П.Яругіна; распрацоўка новых раздзелаў тэорыі Д.у., арыентаваных на тэорыю кіравання, пачата ў 1966 Я.А.Барбашыным. Даследаванні па Д.у. вядуцца ў Ін-це матэматыкі Нац.АН Беларусі, БДУ і інш. (І.В.Гайшун, М.А.Ізобаў, Э.І.Груда, Ф.М.Кірылава, В.І.Карзюк і інш.). У Мінску выдаецца міжнар. навуковы час.«Дифференциальные уравнения».
Літ.:
Еругин Н.П. Книга для чтения по общему курсу дифференциальных уравнений. 3 изд. Мн., 1979;
Яго ж. Линейные системы обыкновенных дифференциальных уравнений с периодическими и квазипериодическими коэффициентами. Мн., 1963;
Барбашин Е.А. Введение в теорию устойчивости. М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫБАЛО́ЎНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
прылады і прыстасаванні для лоўлі рыбы ў морах, азёрах, рэках і інш. вадаёмах. Сучасныя Р.п. вырабляюцца з палімерных матэрыялаў і розных метал. сплаваў. Паводле прынцыпу дзеяння падзяляюць на сеткавыя (аб’ячэйвальныя, пасткі-лабірынты, адцэджвальныя), кручковыя і ўсмоктвальныя.
Аб’ячэйвальныя сеткавыяР.п. (жаберныя сеткі) заблытваюць рыбу ў вочках сеткавага палатна. Сеткі падзяляюцца на стаўныя і плаўныя (свабодна плаваюць у тоўшчы вады). Сеткавыя пасткі-лабірынты ўжываюцца для адлову рыб, якія мігрыруюць. Складаюцца з камер для ўтрымання і назапашвання ўлову, уваходнага прыстасавання (дазваляе рыбе лёгка зайсці ў пастку і перашкаджае яе выхаду) і накіравальных крылаў. Адцэджвальныя сеткавыяР.п. затрымліваюць рыбу, адцэджваючы ваду праз вочкі сеткі. Да іх належаць тралы, закідныя, абкідныя, донныя невады і інш. Кручковыя Р.п. падзяляюцца на самалоўныя і прынадныя. У самалоўных востры кручок утыкаецца ў цела рыбы пры сутыкненні. Прынадныя разлічаны на тое, што рыба праглыне кручок разам з прынадай. УсмоктвальныяР.п. (рыбапомпы) ужываюцца пераважна для здабычы чародных марскіх відаў рыб, часцей у комплексе з крыніцамі святла ці электратоку, якія здольны штучна канцэнтраваць чараду рыб.
Бел. традыц.Р.п. падзяляюць на невады, сеткі, стаўныя і рухомыя пасткі, кручковыя снасці, ударныя прылады. Група невадоў аб’ядноўвае зімовыя невады, падвалокі (летнія невады), мутнікі (донныя невады), брэдні. Усе яны ўяўляюць сабой сеткавую сцяну з адкрытым сеткавым мяшком пасярэдзіне. Рыба, трапіўшы ў іх, нібы адцэджваецца ад вады. Блізкія да іх паводле прынцыпу лоўлі, але без сеткавага мяшка латы і крыгі. Сярод сетак найб. пашыраны адна- і трохсценныя (трыгубіцы). Іх устанаўлівалі на пэўны часу вадаёмах, сплаўлялі па цячэнні ракі або, перагарадзіўшы частку вадаёма, заганялі ў сетку рыбу спец. шастом — баўтом. У лоўлі рыбы стаўнымі пасткамі (езы, венцеры, мярэжы) выкарыстоўвалі натуральнае імкненне рыбы знайсці праход пры сустрэчы на сваім шляху перашкоды. У праёмах езаў і паасобку размяшчалі паплавы і нярэжкі (сеткавыя мяшкі на шастах), нераты, бучы; пад струмень вады, што біў з адтуліны ў плаціне вадзянога млына, падстаўлялі мяшок, нацягнуты на квадратную раму — ват. Рыбу, якая імкнулася да свежай вады з-за недахопу кіслароду ў замёрзлым вадаёме, лавілі ў палонках з дапамогай каробак і скрыпак. Рухомыя пасткі вызначаліся адсутнасцю ў іх перагародак, што перашкаджала выхаду рыбы. Таму, каб зберагчы ўлоў, пасткі хутка паднімалі з вады наверх. Волакам рыбачылі, сплаўляючы яго па цячэнні ракі; браданам (сеткавы мяшок, прымацаваны да двух шастоў, злучаных паміж сабой планкай) лавілі ўброд і з лодкі; таптухамі, кломлямі, сакамі рыбачылі ўброд. Хапунамі, падсакамі вычэрпвалі рыбу з вады, з наставак выбіралі рукамі. З прынадных кручковых снасцей найб. пашыраны паплаўковыя і донныя вуды, перамёты, старожні, снасці для лоўлі самоў, з імітацыйных — блісні, дарожкі, матылі, дракі. Ударнымі прыладамі рыбу нанізвалі на востры наканечнік (восці), падчэплівалі яе знізу круком (багром), аглушалі ўдарам па лёдзе дубінай, драўлянымі цуркай (чакухай), молатам, абухом сякеры. Як правіла, Р.п. выраблялі самі рыбаловы, зрэдку набывалі сеткавае палатно ў сеткавязальшчыкаў. Некат. снасці або іх тыпы былі характэрны для пэўных рэгіёнаў: для Палесся — паплавы, катцы, каробкі, нярэжкі, кломлі, таптухі на абручах, браданы, нераты ў форме поўнага конуса, матылі, чакухі; для Паазер’я — зімовыя невады, мутнікі, стаўныя аднасценныя сеткі, нераты ў форме паўконуса, блісні, дракі, багры; для Падняпроўя — трыгубіцы, скрыпкі, седжы, волакі без шастоў, брэдні з планкамі ў крылах. З традыц.Р.п.у сучасным прамысл. рыбалоўстве ўжываюць невады, сеткі, мярэжы, а ў аматарска-спартыўным — вуды, дарожкі, матылі, старажні, перамёты, блісні, падсакі. Папулярнымі сталі спінінгі. З’явіліся новыя тыпы вуд.
І.М.Браім (рыбалоўныя прылады на Беларусі).
Т.М.Шаўцова.
Да арт.Рыбалоўныя прылады. Расклад венцера з лодкі.Да арт.Рыбалоўныя прылады. Ват.Да арт.Рыбалоўныя прылады. Старажня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭО́РЫЯ АРХІТЭКТУ́РЫ,
сукупнасць навук. ведаў, якія даюць цэласнае ўяўленне пра законы і заканамернасці фарміравання арх. асяроддзя. Вылучаюцца: агульная Т.а.; прыкладныя тэорыі горадабудаўніцтва; прыкладныя Т.а. Агульная Т.а. азначае канцэптуальны падыход да фарміравання прасторы; вызначае вядучыя прынцыпы арганізацыі прасторы: абумоўленасць, сістэмнасць, комплекснасць, бесперапыннасць; распрацоўвае метады вызначэння складу матэрыяльных элементаў, што напаўняюць зоны. Прыкладныя тэорыі горадабудаўніцтва — тэорыі цэнтр. месцаў, палярызацыі прастораў на рэгіянальным і гар. узроўні, «парогаў» і дынамізму ў развіцці гарадоў. Прыкладныя Т.а. ўключаюць тэорыі эвалюцыі арх. уяўленняў, шматвектарнасці зыходных перадумоў фарміравання тэарэт. канцэпцый, экалагічнай бяспекі чалавека, матэм. упарадкаванасці, колеравай упарадкаванасці арх. асяроддзя. Тэорыя эвалюцыі арх. уяўленняў як феномен культ. памяці дазваляе асэнсаваць назапашаны вопыт і выкарыстаць яго ў арх. практыцы. Тэорыя шматвектарнасці зыходных перадумоў фарміравання тэарэт. канцэпцый дазваляе разглядаць арх. формаўтварэнне як вынік дзейнасці, якая ацэньваецца спажыўцом эмацыянальна і рацыянальна. Аптымальнасць прапанаванага вырашэння вызначаецца пазітыўнасцю комплекснай рэакцыі — візуальнай, тактыльнай, кінетычнай. У гэтай тэорыі найб. поўна рэалізуецца прынцып гуманістычнай накіраванасці, бо аснова гэтых рэакцый — біясацыяльная, эмацыянальная, міфатворчая сутнасць чалавека. Тэорыя экалагічнай бяспекі чалавека ў арх. асяроддзі — найб. актуальная тэорыя сучаснага этапу развіцця архітэктуры. У дадатак да дэтальна распрацаваных урбаэкалогіяй метадаў і сродкаў аховы навакольнага асяроддзя яна ўключае метады арх.-экалагічнага праектавання аб’ёмных аб’ектаў. Тэорыя матэм. упарадкаванасці арх. асяроддзя дазваляе матэм. спосабамі выявіць сістэмныя ўласцівасці арх. аб’ектаў, пазначыць характарыстыкі і ўласцівасці геам. прастораў, выкарыстоўваць матэм. аналагавыя сістэмы ў рэжыме мадэліравання арх. формы. Фрактальная геаметрыя забяспечвае сістэмныя ўласцівасці арх. аб’ектаў з дапамогай базавых фракталаў, каскаду самападобных фігур і ўвядзення каэфіцыента самападобнасці. Тэорыя колеравай упарадкаванасці арх. асяроддзя пазначае шляхі выкарыстання колеру для выяўлення цэласнасці арх. аб’екта, яго ўнутр. структуры, самадастатковасці. Увядзенне цэнтраў колеравай актыўнасці дазваляе зафіксаваць элементы метасістэмы, паслядоўнае выкарыстанне тыпаў колеравых гармоній — выявіць характар узаемасувязі паміж элементамі колерасістэмы.
На Беларусі тэарэт. даследаванні вядуцца з 1920-х г. (аналітычныя працы М.Каспяровіча, М.Шчакаціхіна і інш.). Яны дазволілі ў пасляваен. час выявіць заканамернасці развіцця горадабудаўніцтва, абгрунтаваць перыядызацыю гіст. шляху фарміравання бел. архітэктуры (працы А.П.Воінава, А.А.Воінава, М.Кацара, У.Чантурыі, Ю.Ягорава і інш.). Тэарэт. асновы вырашэння тэр. арганізацыі Беларусі, развіцця гарадоў і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў распрацавалі Я.Заслаўскі, І.Іода, У.Кароль, Г.Патаеў, І.Сітнікава, А.Сардараў, А.Яршоў і інш.Тэарэт. абгрунтаванне рацыянальных прынцыпаў забудовы сельскіх населеных месцаў распрацоўвалі А.Балыка, А.Кудзіненка, І.Малкоў, У.Сакалоўскі. Асновы аптымізацыі арх. сродкамі функцыян.-тэхнал. працэсаў асобных тыпаў грамадскіх будынкаў адлюстраваны ў працах В.Аладава, С.Філімонава, І.Равуцкай, В.Саннікавай і інш. З канца 1960-х г. пашыраецца даследаванне нар. дойлідства (А.Лакотка, С.Сергачоў, У.Трацэўскі, Г.Лаўрэцкі, В.Марозаў, Т.Хадыка, В.Чарнатаў, Т.Чарняўская і інш.), што дазволіла вылучыць бел. архітэктуру як самаст. галіну слав. дойлідства. Даследуецца развіццё Т.а. замежных краін (Н.Кожар). Вынікі тэарэт. даследаванняў Я.Аграновіч-Панамаровай, В.Анікіна, А.Сычовай, К.Хачатранц і інш. спрыялі станаўленню творчых прыёмаў майстроў бел. архітэктуры, арганізацыі навуч. працэсу на арх. ф-це Бел.нац.тэхн. ун-та і падрыхтоўцы падручнікаў і навуч. дапаможнікаў па сац. асновах архітэктуры, забудове населеных месцаў, ландшафтнай архітэктуры, каларыстыцы, інтэр’ерах грамадскіх будынкаў і інш. Сучасны перыяд развіцця Т.а. звязаны з неабходнасцю стварэння асновы для прыярытэтных кірункаў прыкладных даследаванняў па ўдакладненні нарматыўнай базы буд-ва, аптымізацыі жыллёвага асяроддзя, рэканструкцыі фонду жылых і грамадскіх будынкаў (Г.Баранец, Г.Гаўрыкава, Н.Лазоўская, А.Мазанік, Ю.Малыка, Г.Палянская, Т.Рак, Ю.Чантурыя і інш.).
Літ.:
Проблемы современной теории архитектуры. М., 1973;
Иодо И.А. Основы градостроительства: Теория, методология. Мн., 1983;
Пономарева Е.С. Цвет в интерьере. Мн., 1984;
Теория композиции в советской архитектуре. М., 1986;
Эко У. Отсутствующая структура: Пер. с итал. СПб., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСО́ (Rousseau) Жан Жак (28.6.1712, г. Жэнева, Швейцарыя — 2.7.1778),
французскі філосаф, паліт. мысліцель, тэарэтык мастацтва, пісьменнік, педагог, кампазітар. З сям’і рамесніка-гадзіншчыка, сістэматычнай адукацыі не атрымаў. Вандраваў па розных краінах Еўропы. З 1741 у Парыжы. Супрацоўнічаў у «Энцыклапедыі» Д.Дзідро і Ж.Л.Д’Аламбера. З 1762 у эміграцыі. У 1770 вярнуўся ў Парыж, памёр у галечы і адзіноце. У 1791 перапахаваны ў Пантэоне. У пытаннях светапогляду стаяў на пазіцыях дэізму і дуалізму: прызнаваў нястворанасць і аб’ектыўнасць існавання матэрыі і ў той жа час сцвярджаў, што існуе Бог як сусв. воля, розум і крыніца дабра. Чалавек, паводле Р., складаецца са смяротнага цела і нематэрыяльнай бессмяротнай душы. У тэорыі пазнання абсалютызаваў сенсуалізм, пачуцці разглядаў як першасную форму духоўнай дзейнасці. У працы «Разважанні пра паходжанне і асновы няроўнасці паміж людзьмі» (1755) адзначаў, што няроўнасць паміж беднымі і багатымі ў спалучэнні з няроўнасцю пануючых і падуладных, разбурэнне натуральнай цэласнасці і гарманічнасці чалавечага жыцця складаюць аснову цывілізацыі няроўнасці. Гал. перадумовай дасягнення рэальнай свабоды лічыў роўнасць не толькі паліт., але і маёмасную; яе павінна ахоўваць дзяржава, не дапускаючы палярызацыі багацця і галечы. У аснове яго сац.-паліт. поглядаў канцэпцыя грамадскага дагавору, якая базіруецца на прызнанні свабоды чалавека і нар. суверэнітэту («Аб грамадзянскім дагаворы, або Прынцыпы палітычнага права», 1762). Ідэалам дзярж. ўладкавання лічыў дэмакр. рэспубліку, заснаваную на ўсеагульнай роўнасці. У кнізе «Эміль, або Аб выхаванні» (1762), якая спалучае філас.-пед. трактат і раман, Р. распрацаваў гуманіст. канцэпцыю педагогікі, паводле якой гал. задачай выхавання з’яўляецца фарміраванне чалавека і грамадзяніна шляхам развіцця прыродных задаткаў і здольнасцей без выкарыстання насілля над яго асобай. Асноўным уэстэт. канцэпцыі Р. з’яўляецца праблема суадносін мастацтва і маралі. Ідэалам мастацтва лічыў нар. відовішчы, якія праслаўляюць патрыят. ўчынкі, вучаць велікадушнасці і справядлівасці. Гал. яго літ. твор — раман «Юлія, або Новая Элаіза» (1761), дзе паказаны бунт дзяўчыны-дваранкі супраць асноў кансерватыўна-саслоўнай маралі, сцвярджаецца свабода натуральнага пачуцця кахання, не скаванага ўмоўнасцямі цывілізацыі. Гэты раман стаў пачаткам літ. кірунку сентыменталізму; некаторыя даследчыкі адносяць яго творчасць да першавытокаў рамантызму. Высокая каштоўнасць жыцця, чалавечай годнасці і гонару, значэнне грамадскай дзейнасці з усімі яе недахопамі і калізіямі — у цэнтры аўтабіягр. кнігі «Споведзь» (1766—69). Аўтар паэм «Сад у Шармет» (1736), «Пасланне да Парызо» (1742), «Алея Сільвіі» (1746), драм. твораў «Нарцыс» (1733), «Ваеннапалонныя» (1743), «Пігмаліён» (1770), лібрэта і музыкі да опер і інш.
На Беларусі творы Р. вядомы з апошняй трэці 18 ст. Найперш гэта яго праца «Меркаванні аб спосабе праўлення ў Польшчы і аб праекце яго змянення, складзеным у красавіку 1772 г.», у якой адлюстравана цяжкае становішча сялян у Польшчы, Літве і Беларусі, асуджалася прыгонніцтва, а ў якасці бліжэйшай практычнай меры прапаноўвалася сац. вызваленне сялян усіх правінцый Рэчы Паспалітай. Бел. асветнікі Ф.Карпінскі, І.Сакольскі падтрымлівалі ідэю Р. аб непрымальнасці дэспатызму і выступалі за ахову чалавецтва ад любой яго формы, аднак яны цалкам выключалі магчымасць рэкамендаванага Р. звароту цывілізаваных народаў да першабытнага «натуральнага стану». А.Тызенгаўз развіваў ідэі Р. пра неабходнасць устанаўлення цвёрдай законнасці ў дзяржаве і забеспячэння неабходных патрэб усяго насельніцтва; ён прапаноўваў Р. пасяліцца ў Гродне або Белавежскай пушчы. Т.Млоцкі, І.М.Яленскі, як і Р., прызнавалі ўнутр. права людзей вызваліцца ад ярма, калі ўзнікнуць адпаведныя абставіны, лічылі крытэрыем справядлівасці грамадскіх адносін прынцып шчасця большасці людзей. І.Страйноўскі абвяшчаў прынцып роўнасці людзей і лічыў, што ніхто не мае права пазбавіць чалавека яго натуральнай свабоды; ён павінен абараняць ад насілля свае ўласнасць і свабоду. Ідэямі народаўладдзя, неабходнасці «натуральнага парадку», справядлівасці і цярпімасці, асуджэння дэспатызму, хлусні і насілля прасякнуты творы П.К.Бжастоўскага, М.Вольскага, І.Лялевеля, І.І.Ю.Л.Храптовіча, Ю.Ясінскага і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. соч. Т. 1—3. М., 1961;
Педагогические сочинения. Т. 1—2. М., 1981;
Об общественном договоре: Трактаты. М., 1998.
Літ.:
Асмус В.Ф. Жан-Жак Руссо. М., 1962;
Дорошевич Э.К. Философия эпохи просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;
Верцман И.Е. Жан-Жак Руссо. 2 изд. М., 1976;
Занадворова Т.Л. Жан-Жак Руссо: Худож. метод. Традиции. Екатеринбург, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАЎЧЭ́НКА Тарас Рыгоравіч (9.3.1814, в. Морынцы Звянігародскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна — 10.3.1861),
украінскі пісьменнік, мастак, рэвалюцыянер-дэмакрат; заснавальнік новай укр. л-ры і нац.літ. мовы. Вучыўся ў Пецярб.АМу К.Брулова (1838—45). Як дваровы П.В.Энгельгарта жыў у Вільні (1829—31), потым у Пецярбургу. У 1838 з дапамогай Брулова, В.Жукоўскага і інш. выкуплены з прыгону. З 1845 працаваў у Кіеўскай археаграфічнай камісіі. За ўдзел у тайным Кірыла-Мяфодзіеўскім таварыстве арыштаваны і аддадзены ў салдаты (1847—57). Пасля ссылкі (з 1858) жыў у Пецярбургу. Прыхільнік рэв. шляху ліквідацыі прыгонніцтва, яднання слав. народаў у барацьбе за сац. і нац. вызваленне. Пісаць пачаў каля 1836—37. Выдаў зб. «Кабзар» (1840). Творы Ш. прасякнуты любоўю да радзімы, напісаны нар. мовай, вызначаюцца блізкасцю да фальклору, разнастайнасцю рытмаў, меладычнасцю. У ранняй яго творчасці (вершы, балады, паэмы «Кацярына», 1838, «Гайдамакі», 1841; драма «Назар Стадоля», 1843, і інш.) спалучэнне рамантызму з рэаліст. тэндэнцыямі. У паэме «Наймічка» (1845) стварыў яркі драм. вобраз жанчыны-маці. У паэмах «Сон» (1844), «Каўказ», «Ератык» (абедзве 1845), «Неафіты» (1857), цыклах «У каземаце» (1847), «Цары» (1848), паэзіі перыяду ссылкі, аповесцях «Княгіня» (1853), «Музыка» (1855) і інш.рэв. і антыпрыгонніцкія матывы. Аўтар паэм «Сляпая» (1842), «Князёўна» (1847), «Марына» (1848), «Юродзівы» (1857), «Марыя» (1859), балады «Сурочаная» (1837), трыпціха «Доля», «Муза», «Слава» (1858), аповесцей «Варнак» (1845), «Няшчасны», «Капітанша», «Блізняты» (усе 1855), «Мастак» (1856), «Прагулка з задавальненнем і не без маралі» (1856—58). Многія вершы Ш. сталі нар. песнямі.
Ш. — заснавальнік рэаліст. кірунку ва ўкр.выяўл. мастацтве. Майстар партрэта, гіст. і жанравых кампазіцый, ілюстрацый, натурных замалёвак, афортаў («Аўтапартрэт», 1840—41; «Кацярына», 1842; серыя афортаў «Жывапісная Украіна», выд. 1844, і інш.). За працы ў галіне гравюры атрымаў званне акадэміка (1860). Яго маст. спадчына прасякнута народнасцю, сац. накіраванасцю, гуманіст. пафасам. У 1969 устаноўлена Дзярж. прэмія Украіны імя Ш.
З Беларуссю Ш. ўпершыню пазнаёміўся ў час паездкі ў ліку дваровых з Украіны ў Вільню (1829); ён праязджаў праз Беларусь з Пецярбурга на Украіну ў 1843, потым з Кіева ў Пецярбург у 1847. Быў знаёмы з польскім і бел. мастаком Б.Залескім, літаратарамі Я.Баршчэўскім, Р.Друцкім-Падбярэскім, скульптарам М.Мікешыным. Цікавіўся бел. л-рай і фальклорам, успамінаў пра Беларусь у сваім «Дзённіку» (нап. 1857—58). Пра жыццё прыгонных беларусаў пісаў у аповесці «Музыка». Многія творы Ш. ўвайшлі ў бел. фальклор, сталі нар. песнямі. Яго паэзія паўплывала на творчасць Ф.Багушэвіча, А.Гурыновіча, Я.Лучыны і інш. Сувязям Ш. з Беларуссю прысвечаны арт. «Тарас Шаўчэнка і беларусы» Р.Зямкевіча (1911). Паэтыку Ш. даследаваў М.Багдановіч (арт. «Памяці Т.Р.Шаўчэнкі», «Краса і сіла: Спроба даследавання верша Т.Р.Шаўчэнкі», абодва 1914), перакладаў яго вершы на рус. мову. Ш. прысвяцілі свае творы бел. паэты (зб. «У вянок Т.Р.Шаўчэнку», 1939). Творчасць Ш. даследавалі і даследуюць С.Александровіч, В.Івашын, А.Мальдзіс, Э.Мартынава. На бел. мову яго творы пераклалі М.Аўрамчык, Р.Барадулін, П.Броўка, З.Бядуля, Н.Гілевіч, П.Глебка, С.Грахоўскі, С.Законнікаў, В.Зуёнак, М.Клімковіч, Я.Колас, К.Крапіва, А.Куляшоў, Я.Купала, Н.Мацяш, Я.Сіпакоў, Х.Чарнышэвіч.
Тв.:
Повне зібрання творів. Т. 1—6. Київ, 1963—64;
Бел.пер. — Наймічка. Мн., 1940;
Выбраныя вершы і паэмы. Мн., 1948;
Кабзар. 2 выд.Мн., 1952;
Кацярына. Мн., 1964;
Вершы. Паэмы. Мн., 1989;
Рус.пер. — Соч.Т. 1—4. М., 1977.
Літ.:
Ткаченко М.М. Літопис життя і творчості Т.Г.Шевченка. Київ, 1961;
Касіян В.І. Мистецтво Тараса Шевченка. Київ, 1963;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДЗЯНСКАЕ ПРАЦЭСУАЛЬНАЕ ПРАВА
Усав.часнавук. даследаванні грамадз.-працэсуальнага характару ў БССР былі састаўной часткай сав.грамадз.-працэсуальнай навукі. З канца 1960-х г. на аснове даследаванняў і тэарэт. канцэпцый вучоных-працэсуалістаў юрыд. ф-та БДУ пачала складвацца бел. працэсуальная школа. Яе фарміраванне звязана з імем С.В.Курылёва, які даследаваў праблемы права на судовую абарону, апублікаваў манаграфію «Асновы тэорыі даказвання ў савецкім правасуддзі» (1969). Пад яго кіраўніцтвам праводзіліся даследаванні прынцыпу дыспазітыўнасці і пытанняў прававога становішча бакоў уграмадз. працэсе (Л.М.Арлова), працэсуальнай эканоміі ў сав.грамадз. працэсуальным праве (В.В.Ціхановіч).
У 1980-я г. фундаментальныя даследаванні праблем выкарыстання крыміналістыкі і крыміналістычнай тактыкі ў грамадз. працэсе і судаводстве правёў В.Г.Ціхіня. Распрацоўваліся пытанні: грамадз. працэсуальных адносін, статуса бакоў, прыроды судовых пастаноў, міравых пагадненняў і інш. (М.Р.Юркевіч); удзелу пракурора ў грамадз. працэсе і разбору грамадз. спраў (Ю.І.Лутчанка); гісторыі грамадз. працэсу Беларусі (І.А.Юхо, І.М.Казей); удзелу ў грамадз. працэсе дзярж. органаў, грамадскіх аб’яднанняў і грамадзян у абарону правоў інш. асоб, асобага вядзення, натарыяту (Т.А.Бялова); паняцця відаў судаводства, прававой прыроды вядзення па справах, што ўзніклі з адм.-прававых адносін, выканаўчага вядзення і інш. (І.М.Калядка); прынцыпаў грамадз. працэсу, касацыйнага вядзення, разгляду спраў удзярж. арбітражы (В.В.Ціхановіч); пазасудовага і судовага ўстанаўлення бацькоўства, міжнар.грамадз. працэсу і інш. (Г.У.Якаўлева). На кафедры грамадз. працэсу і прац. права праведзены даследаванні: судаводства паводле скаргаў на пастановы па справах аб адм. правапарушэннях (І.М.Калядка), удзелу адваката ў даказванні па грамадз. справах (Я.Б.Клейн), рэчавых доказаў уграмадз. працэсе (А.П.Пятроў), удзелу пракурора ў пераглядзе судовых пастаноў, якія набылі законную сілу (В.С.Камянкоў), прыватных вызначэнняў суда (Л.І.Васілеўскі), удзелу грамадскіх арг-цый і аб’яднанняў, прац. калектываў уграмадз. працэсе (В.Р.Галаванаў), праблем судовага ўстанаўлення бацькоўства (Г.У.Якаўлева). Выдадзены навуч. дапаможнікі «Грамадзянскі працэс БССР» (ч. 1—4, 1979—82), «Практыкум па грамадзянскаму працэсу БССР» (1984), «Навукова-практычны каментарый да Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Беларускай ССР» (1989).
З 1990-х г. вучоныя-працэсуалісты распрацоўваюць праблемы ўдзелу пракурора ў гасп. працэсе (І.Э.Мартыненка), абароны правоў і інтарэсаў непаўналетніх уграмадз. судаводстве (А.М.Здрок), асаблівасці разгляду спраў аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі ў грамадз. і гасп. судаводстве (В.М.Герасімовіч), праблемы прызнання несапраўднымі актаў дзярж. і інш. органаў угасп. судах (І.І.Верхаводка), рэалізацыі прынцыпаў спаборнасці ў грамадз. судаводстве (Т.С.Таранава), працэсуальных асаблівасцей судовай абароны жыллёвых правоў (Н.У.Казлоўская), працэсуальных асаблівасцей разгляду спраў угасп. судах першай і касацыйнай інстанцый (В.У.Жандараў), логіка-тэарэт. асноў структуры і сродкаў даказвання па грамадз. справах (С.С.Сокал) пісьмовых доказаў (Ж.В.Хацук), становішча бакоў уграмадз. працэсе (І.Ю.Кірвель). Выдадзены дапаможнікі «Каментарый да Гаспадарчага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь» (1999), падручнікі «Грамадзянскі працэс. Агульная частка» (2000), «Грамадзянскі працэс. Асаблівая частка» (2002), «Грамадзянскі працэс» В.Г.Ціхіні (т. 1—2, 2002—03), навучальныя дапаможнікі «Практыкум па грамадзянскаму працэсу» (2000), «Практыкум па гаспадарчаму працэсу» (2002). Фундаментальнае даследаванне прававых гарантый абароны інтарэсаў юрыдычных асоб і грамадзян угасп. працэсе праведзена В.С.Камянковым. У межах дзярж. праграмы «Прававая дзяржава» даследуюцца праблемы эфектыўнасці ажыццяўлення і абароны права як гарантыі стварэння прававой дзяржавы, працягваецца падрыхтоўка сумесна з суддзямі Вярх. суда навук.-практычнага каментарыя да Грамадз. працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, падручнікаў па гасп. працэсе.
Літ.:
Курылев С.В. Основы теории доказывания в советском правосудии. Мн., 1969;
Орлова Л.М. Права сторон в гражданском процессе. Мн., 1973;
Тихиня В.Г. Теоретические проблемы применения данных криминалистики в гражданском судопроизводстве. Мн., 1983;
Тихиня В.Г., Тихонович В.В. Конституция БССР и принципы судебной защиты гражданских прав.Мн., 1980;
Каменков В.С. Защита интересов юридических лиц и граждан в хозяйственном (арбитражном) процессе: На основе Хоз. процессуал. кодекса Респ. Беларусь и Арбитраж. процессуал. кодекса Рос. Федерации. Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЎРАЛОГІЯ
Першыя на Беларусі даследаванні па неўралогіі праведзены М.Б.Кролем, які ў 1923 узначальваў кафедру нервовых хвароб пры мед. факультэце БДУ і створаны ў 1924 Бел.ін-т фізіятэрапіі (цяпер НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі). Вучні Кроля (І.А.Бейлін, Д.А.Маркаў, Г.С.Марголін, І.Л.Саснавік, М.А.Хазанаў) зрабілі значны ўклад у неўралагічную навуку. У 1930-я г. даследаваліся этыялогія і тапічная дыягностыка захворванняў нервовай сістэмы, лакалізацыя функцый у кары галаўнога мозга, нейрасіфіліс, эпідэмічны энцэфаліт. Маркаў прапанаваў праводзіць дыягностыку захворванняў нервовай сістэмы шляхам хронакасіметрыі і ўпершыню ў 1941 апісаў клешчавы энцэфаліт на Беларусі.
У пасляваенны час вывучаліся прычыны ўзнікнення, механізмы развіцця, дыягностыка, лячэнне і прафілактыка рассеянага склерозу і інш. дэміэлінізавальных захворванняў нервовай сістэмы (Х.Л.Бельман, Я.Я.Гардзееў, М.М.Корын, А.Л.Леановіч, Маркаў, Г.К.Недзьведзь, А.М.Філіповіч), нейраінфекцый і поліяміэліту (В.І.Вацякоў, І.І.Протас, Э.У.Фельдман, Хазанаў), клешчавога і герпетычнага энцэфалітаў (Вацякоў, Протас), сасудзістых захворванняў нервовай сістэмы (І.П.Антонаў, С.Дзм.Бяздуцік, Л.С.Гіткіна, В.У.Еўсцігнееў, А.М.Мацеша, У.І.Савіч, А.Я.Сямак, В.Б.Шалькевіч). Упершыню ў СССР былі прапанаваны новыя метады дыягностыкі і хірургічнага лячэння анеўрызм сасудаў галаўнога мозга (Ф.В.Аляшкевіч, Э.І.Злотнік, А.Ф.Смеяновіч). Распрацавана аўтаімунная канцэпцыя астэахандрозу пазваночніка і яго клінічных праяў (Антонаў, Б.У.Дрывоцінаў), прапанаваны новыя спосабы дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі вертэбрагенных і інш. захворванняў перыферычнай нервовай сістэмы (Антонаў, Дрывоцінаў, В.Я.Латышава, Я.А.Луп’ян, Недзьведзь, У.У.Панамароў, М.Ф.Філіповіч), цыстыцэркозу галаўнога мозга (Антонаў), эпілепсіі (Маркаў, Г.Г.Шанько), міястэніі (А.М.Панамарова). Апісана новая форма спадчыннай паталогіі, якая праяўляецца парушэннем росту валасоў і пазногцяў (С.В.Хадасоўская). Вывучаны характар вестыбулярных парушэнняў пры рознай неўралагічнай паталогіі (С.А.Ліхачоў, І.А.Склют), клінічныя праявы нейраартапедычных і нейраэндакрынных расстройстваў (Дрывоцінаў, М.З.Клябанаў, А.У.Руцкі, Шанько), распрацавана кібернетычная сістэма дыягностыкі і прагназіравання найб. пашыраных захворванняў нервовай сістэмы (Дрывоцінаў, М.С.Місюк, Сямак) і інш. Пад кіраўніцтвам Я.Ф.Лунца і Э.П.Цітаўца праведзена серыя эксперыментальных даследаванняў па вывучэнні патафізіялагічных і біяхімічных механізмаў гіпаксіі галаўнога мозга і інш. неўралагічных расстройстваў. Самастойнай галіной неўралогіі з’яўляецца дзіцячая неўралогія. Даследаванні па ёй праводзяцца з 1970. У 1980 заснавана кафедра дзіцячай неўралогіі пры Бел.мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі (заг. Шанько). Станаўленню дзіцячай неўралогіі садзейнічалі М.А.Хазанаў і К.Г.Юрацкая. Даследуюцца асаблівасці клінікі, ранняй дыягностыкі і лячэння ў дзіцячым узросце эпілепсіі, гіперкінезаў, сасудзістых захворванняў мозга, хвароб перыферычнай нервовай сістэмы, паталогіі нервовай сістэмы ў нованароджаных. Праблемы неўралогіі разглядаюцца ў шэрагу манаграфій, навучальных і даведачных дапаможніках, у т. л. першых уСССР 3-томнай «Неўралогіі дзіцячага ўзросту» і «Энцыклапедыі дзіцячага неўролага» (пад рэдакцыяй Шанько). Асноўнымі навукова-практычнымі і навучальнымі ўстановамі па неўралогіі з’яўляюцца НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, кафедры неўралогіі ў Бел.мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі, Бел., Віцебскім, Гродзенскім мед. ун-тах і Гомельскім мед. ін-це.
Літ.:
Антонов И.П., Шанько Г.Г. Гиперкинезы у детей. Мн., 1975;
Марков Д.А., Леонович А.Л. Рассеянный склероз. М., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКІ РУХ НА БЕЛАРУ́СІў Вялікую Айчынную вайну,
узброеная барацьба нар. мас супраць ням. фашыстаў на часова акупіраванай імі тэрыторыі.
Падрыхтоўка да партыз. барацьбы на выпадак нападу фаш. Германіі пачалася ў 1930-я г. Яна ўключала стварэнне заканспіраванай сеткі дыверсійных груп, дыверсантаў-адзіночак у гарадах і на чыгунках на З ад лініі ўмацаваных раёнаў, арганізацыю і падрыхтоўку манеўраных партыз. атрадаў і груп, забеспячэнне іх сродкамі сувязі і інш. матэрыяламі, неабходнымі для барацьбы і жыцця ва ўмовах варожага тылу. На Беларусі падрыхтоўкай да партыз. дзеянняў займаліся парт. органы і камандуючы войскамі БВА Е.П.Убарэвіч. Былі створаны Бабруйскі, Барысаўскі, Мазырскі, Мінскі, Полацкі, Слуцкі партыз. атрады (300—500 чал. кожны) з людзей, якія прайшлі спец. навучанне ў закрытых школах. На чале кожнага атрада быў штаб з вопытных кіраўнікоў (камандзіры К.П.Арлоўскі, С.А.Ваўпшасаў, В.З.Корж, С.А.Макарэвіч, А.М.Рабцэвіч, А.К.Спрогіс). Для кожнага атрада ў лясах былі закладзены базы зброі, боепрыпасаў, амуніцыі, харчавання, у т. л. 50 тыс. вінтовак, 150 ручных кулямётаў. У гарадах і на буйных чыг. вузлах былі створаны падп. дыверсійныя групы. Аднак у выніку неабгрунтаваных рэпрэсій у 1937—38 многія падрыхтаваныя партыз. камандзіры і ваен. спецыялісты былі знішчаны (уцалелі тыя, хто на той час знаходзіўся на вайне ў Іспаніі), атрады расфарміраваны, ліквідаваны ўсе базы зброі і боепрыпасаў. Гэтыя страты для абараназдольнасці краіны выявіліся ў пач.Вял.Айч. вайны.
Упач. вайны асн. работа па арганізацыі падп. і партыз. барацьбы вялася ва ўмовах жорсткага акупацыйнага рэжыму пры адсутнасці падрыхтаваных кадраў і вопыту барацьбы, што вылілася напачатку ў вял. страты сярод патрыётаў. Асн. задачы партыз. барацьбы былі выкладзены ў дырэктыве СНКСССР і ЦКВКП(б) ад 29.6.1941 аб стварэнні ў захопленых ворагам раёнах партыз. а радаў і дыверсійных груп, разгортванні партыз. вайны, у т. л. падрыву мастоў, дарог, парушэння тэлефоннай і тэлеграфнай сувязі, падпальвання складоў і інш.ЦККП(б)Бу дырэктыве ад 1.7.1941 «Аб разгортванні партызанскай вайны ў тыле ворага» даў канкрэтныя ўказанні па формах арганізацыі, сродках сувязі і мерах канспірацыі, стварэнні невыносных умоў для захопнікаў, зрыве ўсіх іх мерапрыемстваў. Для арганізацыі падполля і партыз. руху ЦК і абкомы КЛ(б)Б пакінулі на месцах 1250 камуністаў, стваралі абл. і раённыя парт. к-ты, цэнтры, тройкі і інш.; усяго накіравалі ў 1941 на акупіраваную тэр. Беларусі каля 8 тыс. камуністаў. Асн. арганізацыйнай і баявой адзінкай партыз. сіл быў партызанскі атрад. Ужо 6.8.1941 камандзірам партыз. атрадаў Ц.П.Бумажкову і Ф.І.Паўлоўскаму першым з сав. партызан было прысвоена званне Героя Сав. Саюза. У перыяд станаўлення партыз. рух перажыў значныя цяжкасці, асабліва зімой 1941—42: не хапала зброі, боепрыпасаў, медыкаментаў. У 1942 ЦККП(б)Б накіраваў на тэр. акупіраванай Беларусі 14 партыз. атрадаў і 92 арганізатарскія групы (2600 чал.), падрыхтаваныя на спец. курсах (гл.Асобы беларускі збор). Кадры для партыз. руху і падполля рыхтавалі таксама ў спец. школах падрыўнікоў, радыстаў, сувязных, разведчыкаў. У 1942 імі падрыхтавана і накіравана ў тыл ворага 175 дыверсійных груп (2077 чал.). Разгортванне партыз. руху выклікала ўтварэнне розных партызанскіх фарміраванняў. Устудз. 1942 створаны першы партызанскі гарнізон Паўлоўскага ў Акцябрскім р-не, украс. 1942 — першыя партыз. брыгады, асобна дзейнічалі 258 атрадаў (гл. карту). Амаль усе брыгады падтрымлівалі радыёсувязь з ЦККП(б)Б, Беларускім штабам партызанскага руху (БШПР) і іх аператыўнымі групамі пры ваен. саветах франтоў. У маі 1942 для цэнтралізацыі кіраўніцтва баявымі партыз. сіламі створаны Цэнтральны штаб партызанскага руху (ЦШПР) пры Стаўцы Вярх. Галоўнакамандавання на чале з П.К.Панамарэнкам. Пад яго кіраўніцтвам дзейнічалі рэсп. і абл. штабы у т. л.БШПР З мэтай паляпшэння аператыўнага кіраўніцтва баявымі дзеяннямі партыз. фарміраванняў, каардынацыі іх дзеянняў з сав. войскамі былі створаны і прыкамандзіраваны да ваен. саветаў 1, 2, 3-га Бел. і 1-га Прыбалт. франтоў аператыўныя групы БШПР. Гэта дазволіла скіраваць барацьбу партызан на максімальную дапамогу Чырв. Арміі, узмацніць удары па тылах ворага, асабліва па чыг. магістралях. У маі 1942 ЦККП(б)Б зацвердзіў адзіны тэкст Прысягі беларускага партызана. З восені 1942 партыз. рух набыў маштабны характар. Далейшыя задачы барацьбы ў варожым тыле вызначылі: нарада кіраўнікоў парт. падполля, камандзіраў і камісараў партыз. атрадаў і злучэнняў, скліканая ЦКВКП(б)у Маскве (канец жн. — пач.вер. 1942); загад наркома абароны «Аб задачах партызанскага руху» (5.9.1942); 5-ы пленум ЦККП(б)Б (26—28.2.1943) з удзелам сакратароў падп. абкомаў і райкомаў КП(б)Б, камандзіраў і камісараў партыз. брыгад і атрадаў. Пленум намеціў праграму дзеянняў партызан, разгледзеў формы арганізацыі партыз. руху. Учэрв. 1943 ЦК КЛ(б)Б прыняў пастанову «Аб мерапрыемствах па далейшым разгортванні партызанскага руху ў заходніх абласцях Беларусі» і накіраваў упарт. арг-цыі пісьмо «Аб ваенна-палітычных задачах работы ў заходніх абласцях БССР». З мэтай выканання гэтых задач з усх. абласцей узах. накіроўваліся вопытныя парт. работнікі і арганізатары партыз. руху, партыз. атрады і брыгады. БШПР правёў раянаванне партыз. сіл — размеркаванне атрадаў і брыгад па абласцях і раёнах. Гэта прадугледжвала перабазіраванне шэрагу брыгад у менш насычаныя партыз. сіламі раёны. Барацьба партызан вялася мэтанакіравана, актыўна і арганізавана, мела манеўраны і наступальны характар, узгаднялася з дзеяннямі Чырв. Арміі. Грандыёзныя маштабы набылі баявыя дзеянні партызан учас«рэйкавай вайны». Сярод партызан былі такія майстры падрыўной справы, як Ф.А.Бачыла, М.В.Гойшык, Б.М.Дзмітрыеў, П.І.Кавалёў, П.І.Кажушка, А.Ф.Колесава, Ф.П.Котчанка, Ф.Я.Кухараў, Э.В.Лаўрыновіч, А.С.Лукашэвіч, Ф.А.Малышаў, У.А.Парахневіч, Р.А.Такуеў, М.Тапівалдыеў. Партызаны кантралявалі многія шашэйныя і амаль усе грунтавыя дарогі, сарвалі спробы акупац. улад выкарыстаць для ваен. перавозу рэкі Бярэзіну, Дняпро, Зах. Дзвіну, Прыпяць, Сож, вывелі са строю Дняпроўска-Бугскі канал (гл.Дняпроўска-Бугская аперацыя 1943). Важнейшым відам барацьбы партызан быў разгром варожых гарнізонаў. На канец 1943 60% акупіраванай тэр. Беларусі ўтрымлівалі і кантралявалі партызаны (гл.Партызанскія зоны). Вял. значэнне ў баявой дзейнасці партызан адыгрывала партыз. разведка. Для забеспячэння перавозак і сувязі з сав. тылам дзейнічалі 41 партыз. аэрадром і 83 пляцоўкі для прыёму парашутыстаў і грузаў. За час акупацыі сав. лётчыкі зрабілі 5945 вылетаў і даставілі ў тыл ворага 2403,4 т розных грузаў, 2626 чал., вывезлі ў сав. тыл каля 9 тыс.чал., у т. л. дзяцей і цяжкапараненых. Важную ролю ў мабілізацыі партызан і насельніцтва на барацьбу з ворагам, актывізацыю баявых дзеянняў адыгрывалі масава-паліт. работа, друкаваныя выданні (гл.Друк падпольны), партызанская мастацкая самадзейнасць, канцэрты бел. артыстаў Л.П.Александроўскай, Р.В.Млодак, Дз.А.Арлова, П.С.Малчанава, І.М.Балоціна, Бел. ансамбля песні і танца і інш., якія трансліравала з сав. тылу радыёстанцыя «Савецкая Беларусь». З набліжэннем Чырв. Арміі партызаны вызвалялі асобныя нас. пункты, праводзілі баявыя аперацыі на чыг. магістралях, узаемадзейнічалі з партызанамі суседніх рэспублік (гл. ў арт.Музей баявой садружнасці беларускіх, рускіх, латышскіх і літоўскіх партызан, Музей савецка-польскай баявой садружнасці). Упартыз. руху Беларусі прымалі ўдзел антыфашысты з краін Зах. Еўропы: балгары, венгры, немцы, славакі, французы, чэхі і інш. З найб. сілай разгарнуліся баявыя дзеянні партызан учасБеларускай аперацыі 1944, у ходзе якой яны знішчылі больш за 15 тыс. і ўзялі ў палон каля 17 тыс. варожых салдат і афіцэраў. Напярэдадні наступлення Чырв. Арміі ў ноч на 20.6.1944 партызаны падарвалі больш за 40 тыс.чыг. рэек, 29 чэрв. яшчэ 20 тыс., што парушыла работу аператыўнага тылу ворага, 144 партыз. брыгады і 80 асобных атрадаў перашкаджалі адступленню варожых войск, захоплівалі і ўтрымлівалі да падыходу Чырв. Арміі зручныя пазіцыі, пераправы, плацдармы, вызвалілі райцэнтры Капыль, Старобін, Узда, Рудзенск, Куранец, Астравец, Ілья, Відзы, Свір, Івянец, Карэлічы, Любча, чыг. станцыі Будслаў, Княгінін, Гудагай і інш., з часцямі Чырв. Арміі — Слуцк, Барысаў, Вілейку, Мінск, Пінск, Асіповічы, Клічаў, Любань, Докшыцы, Лагойск, Смалявічы, Стоўбцы, Чэрвень, Нясвіж, Маладзечна, Навагрудак, Ліду, Лунінец, Плешчаніцы, Капаткевічы, Івацэвічы і інш.; удзельнічалі ў ліквідацыі акружаных сіл праціўніка, дапамагалі Чырв. Арміі разведданымі. За час вайны ў партыз. руху прымала ўдзел больш за 374 тыс.чал., больш за 400 тыс.чал. складаў скрыты партыз. рэзерв. Свае дасягненні партызаны спалучалі з дзейнасцю патрыятычнага падполля ў нас. пунктах. Па падліках БШПР за 3 гады барацьбы партызаны падарвалі і пусцілі пад адхон варожыя 11 128 эшалонаў, 34 бронепаязды, разграмілі 29 чыг. станцый, 948 штабоў і гарнізонаў, падарвалі і знішчылі каля 19 тыс. аўтамашын, больш за 5,5 тыс. мастоў, разбурылі больш за 7 тыс.км тэлефонна-тэлеграфных ліній, збілі ў паветры і спалілі на аэрадромах 305 самалётаў, падбілі 1355 танкаў і бронемашын, знішчылі 438 гармат і 939 ваен. складоў, забілі і паранілі сотні тысяч гітлераўцаў і іх памагатых; захапілі 85 гармат, 278 мінамётаў, 1874 кулямёты, 20 917 вінтовак і аўтаматаў. Страты партызан склалі 44 791 чал.Партыз. рух падрываў і разладжваў тыл ням.-фаш. войск, прымушаў весці барацьбу на 2 франты. З мэтай ліквідацыі партыз. руху і пагрозы сваім войскам у тыле акупанты правялі больш за 140 карных аперацый. Зімой 1943 — вясной 1944 гітлераўскае камандаванне кінула супраць партызан да 11 дывізій вермахта, у 1-й пал. 1944—18 дывізій, у т. л. каля 8 ахоўных. Пасля вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у Мінску адбыўся партызанскі парад 1944. Больш за 180 тыс.бел. партызан уліліся ў Чырв. Армію, з іх 13 чал. сталі Героямі Сав. Саюза, 14 — поўнымі кавалерамі ордэна Славы. Па маштабах, паліт. і ваен. выніках партыз. рух на Беларусі набыў значэнне важнага ваенна-паліт. фактара. Самаадданая барацьба партызан і падпольшчыкаў атрымала ўсенар. прызнанне. Каля 130 тыс. з іх узнагароджаны ордэнамі і медалямі, 87 прысвоена званне Героя Сав. Саюза.
СПІС ДА КАРТЫ
Дыслакацыя партызанскіх злучэнняў, брыгад і асобных атрадаў на акупіраванай тэрыторыі Беларусі (чэрвень 1941 г. — ліпень 1944 г.)
Партызанскія брыгады
Баранавіцкая вобл. 1. 1-я Баранавіцкая, 2. 1-я Беларуская кавалерыйская, 3. 18-я імя Фрунзе, 4. 19-я імя Молатава, 5. 20-я імя Грызадубавай, 6. «25 год БССР», 7. «За Савецкую Беларусь», 8. імя Аляксандра Неўскага, 9. імя Варашылава, 10. імя Дзяржынскага, 11. імя Жукава. 12. імя Кірава, 13. імя Ленінскага камсамола, 14. імя Панамарэнкі, 15. імя Ракасоўскага, 16. імя Сталіна, 17. імя Суворава, 18. імя Чапаева, 19. імя Чкалава, 20. імя Шчорса, 21. «Камсамолец», 22. Ленінская, 23. «Няўлоўныя», 24. «Перамога», 25. «Першамайская», 26. «Уперад».
Беластоцкая вобл. 27. імя Аляксандра Неўскага, 28. імя Кастуся Каліноўскага, 9. імя Панамарэнкі, 30. імя Чапаева, 31. «У імя Радзімы».
Брэсцкая вобл. 32. 8-я, 33. 99-я імя Гуляева, 34. 150-я імя Языковіча, 35. «За Радзіму» імя Флегантава, 36. імя Дзяржынскага, 37. імя Леніна, 38. імя Панамарэнкі, 39. імя Свярдлова, 40. імя Сталіна, 41. імя Чапаева, 42. «Савецкая Беларусь».
Вілейская вобл. 43. 1-я імя Суворава, 44. 2-я імя Суворава, 45. 4-я Беларуская, 46. «За Радзіму», 47. 4-я «За Савецкую Беларусь», 48. імя Будзённага, 49. імя Варашылава, 50. імя Гастэлы, 51. імя Даватара, 52. імя Жукава, 53. імя Калініна, 54. імя Кутузава, 55. імя Леніна, 56. імя Ракасоўскага, 57. імя Фрунзе, 58. імя ЦККП(б)Б, 59. «Кастрычнік», 60. «Спартак».
Віцебская вобл. 61. 1-я Беларуская, 62. 1-я Беларуская (2-га складу), 63. 1-я Віцебская, 64. 1-я Віцебская (2-га складу), 65. 1-я Дрысенская, 66. 1-я імя Заслонава, 67. 1-я Смаленская, 68. 2-я Беларуская імя Панамарэнкі, 69. 2-я Беларуская імя Панамарэнкі (2-га складу), 70. 2-я Дрысенская, 71. 2-я імя Заслонава, 72. 2-я Ушацкая імя Панамарэнкі, 73. 3-я Беларуская, 74. 16-я Смаленская, 75. Асвейская імя Фрунзе, 76. Багушэўская, 77. Багушэўская (2-га складу), 78. «Граза», 79. Гудкова, 80. «За Савецкую Беларусь», 81. імя Варашылава, 82. імя ВЛКСМ, 83. імя Данукалава, 84. імя Кароткіна, 85. імя Кутузава, 86. імя Леніна, 87. імя Чапаева, 88. імя Чырванасцяжнага Ленінскага камсамола, 89. Крыўскага, 90. Лепельская імя Сталіна, 91. Лёзненская, 92. Расонская імя Сталіна, 93. Сенненская, 94. Чашніцкая «Дубава», 95. полк Смаленскі.
Гомельская вобл. 96. 1-я Буда-Кашалёўская, 97. 1-я Гомельская, 98. 8-я Рагачоўская, 99. 10-я Журавіцкая, 100. «Бальшавік», 101. Добрушская імя Сталіна, 102. «Жалязняк», 103. імя Панамарэнкі, 104. імя Чапаева, 105. імя Шчорса, 106. Лоеўская «За Радзіму», 107. «Мсцівец», 108. Рэчыцкая імя Варашылава, 109. «Уперад», 110. полк 225-ы.
Магілёўская вобл. 111. 1-я, 112. 1-я Асіповіцкая, 113. 1-я Бабруйская, 114. 1-я Клічаўская, 115. 2-я Клічаўская, 116. 3-я, 117. 3-я Бярэзінская, 118. 4-я Клічаўская, 119. 5-я, 120. 5-я Клічаўская, 121. 5-я Клятнянская, 122. 6-я Магілёўская, 123. 8-я Круглянская, 124. 9-я імя Кірава, 125. 9-я Кіраўская, 126. 11-я Быхаўская, 127. 13-я Касцюковіцкая, 128. 14-я Цемналеская, 129. 17-я, 130. 435-я, 131. 47-я «Перамога», 132. 61-я, 133. 115-я Горацкая, 134. 120-я, 135. 130-я «Помста», 136. 760-я імя Беразоўскага, 137. «Звязда», 138. «Чэкіст», 139. полк 15-ы, 140. полк 113-ы, 141. полк 121-ы імя Касаева, 142. полк 122-і «За Радзіму», 143. полк 152-і, 144. полк 277-ы, 145. полк 425-ы, 146. полк 537-ы, 147. полк 600-ы, 148. полк 810-ы, 149. полк «Трынаццаць».
Мінская вобл. 150. 1-я Антыфашысцкая, 151. 1-я Мінская, 152. 2-я Мінская, 153. 3-я Мінская імя Будзённага, 154. 12-я кавалерыйская імя Сталіна, 155. 25-я імя Панамарэнкі, 156. 27-я імя Чапаева, 157. 32-я імя Калініна, 158. 37-я імя Пархоменкі, 159. 64-я імя Чкалава, 160. 95-я імя Фрунзе, 161. 100-я імя Кірава, 162. 101-я імя Аляксандра Неўскага, 163. 121-я імя Брагіна, 164. 161-я імя Катоўскага, 165. 200-я імя Ракасоўскага, 166. 225-я імя Суворава, 167. 258-я імя Куйбышава, 168. 300-я імя Варашылава, 169. «Беларусь», 170. «Буравеснік», 171. «Дзядзькі Колі», 172. «Жалязняк», 173. «За Савецкую Беларусь», 174. імя Варашылава, 175. імя газеты «Правда», 176. імя Калініна, 177. імя Калініна, 178. імя Кірава, 179. імя Кірава, 180. імя Панамарэнкі, 181. імя Шчорса, 182. Лагойская «Бальшавік», 183. «Народныя мсціўцы» імя Варанянскага, 184. Нікіціна, 185. «Полымя», 186. «Разгром», 187. «Смерць фашызму, 188. «Стары», 189. «Чырвоны сцяг», 190. «Штурмавая».
Палеская вобл. 191. 2-я Калінкавіцкая, 192. 27-я Нараўлянская, 193. 37-я Ельская, 194. 50-я Жыткавіцкая, 195. 99-я Калінкавіцкая, 196. 100-я Глуская, 197. 101-я Даманавіцкая, 198. 123-я імя 25-годдзя БССР, 199. 125-я Капаткевіцкая, 200. 130-я Петрыкаўская, 201. 210-я Капаткевіцкая, 202. 225-я, 203. Васілевіцкая імя Панамарэнкі, 204. Лельчыцкая, 205. Мазырская імя Аляксандра Неўскага.
Пінская вобл. 206. імя Будзённага, 207. імя Кірава, 208. імя Куйбышава, 209. імя Леніна, 210. імя Молатава, 211. Пінская, 212. «Савецкая Беларусь», 213. полк 208-ы імя Сталіна.
Партызанскія атрады
Баранавіцкая вобл. 214. 21-ы, 215. 125-ы імя Сталіна, 216. 200-ы, 217. 620-ы Дука, 218. 620-ы імя Чапаева, 219. Алыбіна, 220. «Гвардыя», 221. «Громава», 222. Дзенісенкі, 223. імя Жданава, 224. імя Калініна, 225. імя Кірава, 226. імя Кутузава, 227. імя Ленінскага камсамола, 228. Картухіна, 229. «Наватары», 230. Свентаржыцкага, 231. Семянцова, 232. «Слаўны», 233. Сухарукага, 234. Шчарбіны.
Беластоцкая вобл. 235. 550-ы, 236. «Баявы» імя Дунаева, 237. «Вест», 238. «За Радзіму», 239. імя Багдана Хмяльніцкага, 240. імя Будзённага, 241. імя Дзяржынскага, 242. імя Жукава, 243. імя Калініна.
Брэсцкая вобл. 244. 113-ы, 245. 345-ы, 246. 347-ы. 247 Глазінава, 248. «За Радзіму», 249. імя Будзённага, 250. імя Бярэнчыка, 251. імя Валькова, 252. імя Варашылава, 253. імя Варашылава, 254. імя Катоўскага, 255. імя Катоўскага (2-га складу), 256. імя Кірава, 257. імя Кутузава, 258. імя Сталіна, 259. імя Тэльмана, 260. імя Тэльмана, 261. імя Фрунзе, 262. імя Чапаева, 263. імя Чарнака, 264. імя Шчорса, 265. Казлова, 266. Кірылы Іванавіча, 267. Маларыцкі, 268. Манахава, 269. «Паддубнага», 270. «Старшыны», 271. «Сцяг», 272. Топкіна, 273. «Хадакі», 274. «Чэкіст».
Вілейская вобл. 275. Агітацыйны імя Горкага, 276. «Баец», 277. «Баявы», 278. імя Катоўскага, 279. імя Панамарэнкі, 280. імя Сталіна, 282. «Спартак», 282. Суслава, 283. «Трэція».