кірунак у англа-амерыканскай філасофіі пач. 20 ст. Сфарміраваўся пад уплывам шатландскай школы, філасофіі Ф.Брэнтана, А.Мейнанга (Аўстрыя), ранняга Б.Раселаяк рэакцыя на суб’ектыўны ідэалізм прагматызму і аб’ектыўны ідэалізм англ.неагегельянства. Тэарэтыка-пазнавальныя прынцыпы сфармуляваны англ. філосафам Дж.Мурам у арт. «Абвяржэнне ідэалізму» (1903) і развіты ў ЗША Р.Перы, У.Монтэгю, У.Марвінам, Э.Сполдынгам, У.Піткінам, Э.Холтам («Праграма і першая платформа шасці рэалістаў», 1910). У тэорыі пазнання Н. сцвярджае, што пазнавальны аб’ект можа непасрэдна «ўваходзіць» у свядомасць суб’екта, але пры гэтым не залежыць ад пазнання ў адносінах свайго існавання і прыроды («тэорыя іманентнасці незалежнага»). У анталогіі прызнае 2 формы аб’ектыўнага існавання: прасторава-часавую або толькі часавую (уласціва адпаведна фіз. і псіхічным з’явам і аб’ектам) і ідэальнае існаванне па-за прасторай і часам (агульныя паняцці і матэм. аб’екты), а таксама незалежнасць рэчаў ад тых адносін, у якія яны ўступаюць («тэорыя знешніх адносін»), «Касмалагічны» кірунак Н. прадстаўлены тэорыяй «эмерджментнай эвалюцыі» С.Александэра (Вялікабрытанія), «філасофіяй працэсу» А.Уайтхеда, халізмам Я.Смэтса. У 1930-х г. Н. страціў уплыў; на змену яму прыйшоў крытычны рэалізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́НЫ (ад польск. pogon жгут, шнур),
наплечныя знакі адрознення на форменным адзенні ваеннаслужачых і некат. катэгорый служачых. Паказваюць персанальныя званні, а ў ваеннаслужачых таксама прыналежнасць да віду ўзбр. сіл (роду войск, спец. войск, службаў). Правобразам П. былі метал. пласціны, якія прыкрывалі плечы кавалерыстаў ад шабельных удараў. У пач. 18 ст. замест іх з’явіліся П. як знакі адрознення, якія спачатку насілі толькі на адным (левым) плячы, потым на двух плячах. У арміях ВКЛ і Расіі П. ўведзены ў сярэдзіне 18 ст., ва Узбр. Сілах СССР — у 1943. Захаваліся ва Узбр. Сілах і інш. сілавых структурах (КДБ, МУС) Рэспублікі Беларусь.
Пагоны афіцэраў і прапаршчыкаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь: да параднай формы адзення (1 — палкоўнік, 2 — падпалкоўнік); да штодзённай формы адзення (3 — маёр, 4 — капітан, 5 — старшы лейтэнант, 6 — лейтэнант); да палявой формы адзення (7 — малодшы лейтэнант, 8 — старшы прапаршчык, 9 — прапаршчык).Пагоны салдат і сяржантаў, якія праходзяць службу па кантракце, курсантаў ваенна-навучальных устаноў, ваеннаслужачых тэрміновай службы Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь: да параднай формы адзення (1 — старшына, 2 — курсант—старшы сяржант); да штодзённай формы адзення (3 — сяржант, 4 — курсант—малодшы сяржант); да палявой формы адзення (5 — яфрэйтар, 6 — радавы, 7 — курсант).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́МЯЦЬу вылічальнай тэхніцы,
функцыянальная частка вылічальнай машыны для запісу, захоўвання і счытвання інфармацыі. Ствараецца на базе розных запамінальных прыстасаванняў. Асн. элементы: носьбіт інфармацыі, блок кіравання (выконвае пошук месца на носьбіце, запісвае і счытвае інфармацыю) і канал сувязі П. з інш. блокамі ЭВМ. Асн. параметры: аб’ём і час доступу для запісу ці счытвання інфармацыі.
П. сучасных ЭВМ мае шматступеньчатую іерархічную структуру. што забяспечвае спалучэнне вял. ёмістасці і высокага хуткадзеяння. У іерархію П. ўваходзяць: знешняя П. вял. ёмістасці на аптычных дысках, магнітных дысках, барабанах, стужках і інш.; унутраная, ці аператыўная П. (мае адносна невял. аб’ём і вял. хуткадзеянне); звышаператыўная П. (кэш-П., П. неадкладнага доступу, мае час доступу, значна меншы за час доступу да аператыўнай П., і служыць буферам паміж працэсарам і аператыўнай П.); рэгістры — запамінальныя прыстасаванні аб’ёмам 1 слова ў розных блоках працэсара; пастаянная П. (доўгачасовая, аднабаковая) для захоўвання канстант, падпраграм і мікрапраграм; буферная П. як прамежкавае звяно паміж запамінальнымі прыстасаваннямі розных узроўняў ЭВМ. Пры праграмаванні складаных задач аперацыйная сістэма забяспечвае рэжым віртуальнай П., калі П. падзяляецца на асобныя старонкі і кожнаму карыстальніку аддаецца адвольны аб’ём П., незалежны ад рэальнага аб’ёму асн. П. ЭВМ і абмежаваны толькі разраднасцю адрасоў у камандах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ ЗАКО́Н ТЭРМАДЫНА́МІКІ,
закон захавання энергіі ў цеплавых працэсах; адзін з асн. законаў тэрмадынамікі. Паводле П.з.т. Q = ∆U + A, дзе Q — колькасць цеплаты, падведзенай да сістэмы, ∆U — змена ўнутр. энергіі сістэмы, A — работа, якую выконвае сістэма супраць знешніх уздзеянняў.
Сфармуляваны ў сярэдзіне 19 ст. на падставе даследаванняў Ю.Р.Маера, Дж.П.Джоўля і Г.Гельмгольца. З П.з.т. вынікае, што тэрмадынамічная сістэма можа выконваць работу толькі за кошт сваёй унутр. энергіі ці за кошт якой-н. інш. крыніцы энергіі (A = Q − ∆U). Таму П.з.т. часам фармулююць як немагчымасць існавання (стварэння) вечнага рухавіка 1-га роду, які мог бы выконваць работу без выкарыстання якіх-н. крыніц энергіі. П.з.т. сцвярджае, што U з’яўляецца функцыяй стану, а Q і A — функцыямі працэсу. Кожны стан тэрмадынамічнай сістэмы характарызуецца пэўным значэннем унутр. энергіі U, значэнні якой (у адрозненне ад значэнняў велічынь Q і A) не залежаць ад працэсаў, за кошт якіх сістэма пераходзіць з аднаго стану ў другі. Гэта дазваляе вызначыць ураўненне стану сістэмы і вядзе да залежнасці значэнняў цеплаёмістасці і выкананай работы ад характару працэсу. Гл. таксама Другі закон тэрмадынамікі, Энергіі захавання закон.
Літ.:
Гельфер Я.М. История и методология термодинамики и статистической физики. 2 изд. М., 1981. С. 131—147.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭФАРМІ́ЗМ (ад лац. praeformo загадзя ўтвараю),
вучэнне пра наяўнасць у палавых клетках арганізмаў матэрыяльных структур, якія прадвызначаюць развіццё зародка і прыкметы арганізма, што з яго ўтвараецца. Мікраскапісты 17 ст. (А.Левенгук, М.Мальпігі і інш.) лічылі, што зародак знаходзіцца ў яйцы (авізм) або семені (анімалькулізм) у сфарміраваным стане, а ў працэсе развіцця адбываецца толькі павелічэнне ў памерах празрыстых, раней нябачных тканак (вучэнне аб прэфармацыі). У 2-й пал. 18 ст. пад уплывам даных аб парушэннях развіцця, аб спадчыннасці бацькоўскіх індывід. прыкмет, здольнасці арганізма да рэгенерацыі пачало пераважаць вучэнне аб развіцці арганізмаў як шэрагу паслядоўных новаўтварэнняў (эпігенез). У канцы 19 ст. паявілася гіпатэтычная тэорыя спадчыннасці на аснове ведаў аб індывідуальнасці храмасом і іх ролі ў працэсах апладнення і спадчыннасці, якая яшчэ мела прэфармісцкі характар. З узнікненнем генетыкі гіпотэза набыла навуковае абгрунтаванне. У сярэдзіне 20 ст. выяўленне хім. прыроды генаў, механізмаў захавання і перадачы спадчыннай інфармацыі спыніла існаванне прэфармісцкіх уяўленняў у біялогіі. Сучасная матэрыяліст. тэорыя арган. развіцця ўлічвае ролю прэфарміраваных структур (генома) і надае важнае значэнне фактарам навакольнага асяроддзя, якія спрыяюць рэалізацыі генет. інфармацыі.
Літ.:
История биологии с древнейших времен до начала XX в. М., 1972. Воронцов Н.Н. Развитие эволюционных идей в биологии. М., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАЧКІ́ Ў ВАДУ́,
спаборніцтвы сярод мужчын і жанчын па скачках з вышкі і трампліна ў ваду. Складаюцца з серый абавязковых і адвольных скачкоў з трампліна (выш. 1 і 3 м) і вышкі (5, 7,5 і 10 м). Існуюць 6 афіц. катэгорый скачкоў: з пярэдняй стойкі ўперад і назад, з задняй стойкі ўперад і назад, з вінтамі і са стойкі на руках (толькі з вышак). Скачкі ацэньваюцца па 10-бальнай шкале.
Як від спорту ўзніклі ў сярэдзіне 19 ст. ў Германіі. У праграме Алімп. гульняў з 1904 (мужчыны) і 1912 (жанчыны). 1-ы чэмпіянат Еўропы праведзены ў 1926, 1-ы чэмпіянат свету — у 1973. Найб. пашыраны ў Германіі, ЗША, Італіі, Кітаі, Мексіцы, Расіі, Францыі, Швецыі і інш.
На Беларусі першыя афіц. спаборніцтвы праведзены ў 1935. Зборная каманда Беларусі — бронз. прызёр чэмпіянату СССР (1977); мужчынская зборная — сярэбраны прызёр Кубка Еўропы (1995). Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся У.Алейнік, А.Партноў, С.Аляксеева — бронз. прызёр чэмпіянатаў Еўропы (1989, 1995); А.Касянкоў — бронз. прызёр XXI Алімп. гульняў (1976) і чэмпіянату Еўропы (1977); М.Міхайлін — сярэбраны прызёр чэмпіянату свету (1975); А.Семянюк — чэмпіён Еўропы (1991).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЛЕРА́НТНАСЦЬ (ад лац. tolerantia цярпенне),
цярпімасць асобнага індывіда або супольнасці людзей да прадстаўнікоў інш. канфесій, паліт. партый, грамадскіх арганізацый, а таксама да іншадумства, чужых поглядаў, вераванняў і паводзін. Звычайна складваецца на працягу многіх гадоў у працэсе сацыялізацыі асобы пад уплывам сац. фактараў, грамадска-паліт. працэсаў, асаблівасцей этнакульт. развіцця, канфесіянальнай сітуацыі і г.д. Вызначаецца здольнасцю адначасова адзначаць станоўчыя і адмоўныя бакі псіхалогіі, паводзін чалавека ці груп людзей. Т. — важная прыкмета агульнай і паліт. культуры, неабходны элемент грамадз. супольнасці і прававой дзяржавы, дэмакратыі і гуманізму, ідэалагічнага і паліт.плюралізму. Яе разглядаюць як неабходную ўмову паспяховага вырашэння разнастайных асабістых і грамадскіх праблем шляхам узаемнага ўліку інтарэсаў, пошуку згоды і магчымых кампрамісаў. Праявы неталерантных адносін найчасцей выкліканы неспрыяльнымі сац.-эканам., грамадска-паліт. абставінамі. пагаршэннем умоў для ўсебаковага развіцця нац. культур і моў. Тыповы прыклад недастатковай Т. — непрыняцце пэўных ідэй, меркаванняў толькі таму, што яны выказаны непрафесіяналамі. У палітыцы Т. азначае цярпімае стаўленне да апазіцыі. Для ментальнасці і нацыянальнага характару беларусаў характэрны этнакульт. і рэліг. Т., аб чым сведчаць адсутнасць на бел. землях вострых, крывавых канфліктаў на этн. і канфесіянальнай глебе, працяглае мірнае суіснаванне нац. супольнасцей, канфесій, плённае ўзаемадзеянне розных нар. традыцый, звычаяў, абрадаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУ́НКЦЫЯў матэматыцы,
адно з асн. паняццяў, якое выражае залежнасць адных пераменных велічынь ад другіх. Тэрмінам «Ф.» пераважна карыстаюцца ў дачыненні да абазначэння лікавых суадносін, у астатніх выпадках — спец. тэрмінамі (адлюстраванне, пераўтварэнне, аператар, функцыянал, вектар-функцыя і інш.).
У найпрасцейшым выпадку, калі велічыні — сапраўдныя лікі, Ф. вызначаецца як адпаведнасць ліку y зададзенаму ліку x, што абазначаецца y = f(x), дзе x — незалежная пераменная (аргумент), y — залежная пераменная (функцыя). Калі кожнаму значэнню аргумента x адпавядае толькі 1 значэнне y, то такая Ф. наз. адназначнай, калі некалькі — мнагазначнай. Аналагічна разглядаецца Ф. 2 ці больш пераменных. Ф. можа быць зададзена аналітычна (з дапамогай 1 ці больш формул), дзе ўстаноўлены выліч. аперацыі над x для атрымання значэння y. Вобласцю вызначэння Ф. лічыцца сукупнасць значэнняў x, для якіх дапушчальнае выкананне аперацый, прыведзеных у формулах. Часам Ф. задаецца на словах, напр., функцыя Дзірыхле роўная 1, калі x — рацыянальны лік, і роўная 0, калі x — ірацыянальны лік. Пашыраны таксама графічны (гл.Графік, Графічныя вылічэнні) і таблічны (гл.Табліцы матэматычныя) спосабы задання Ф. Гл. таксама Адваротная функцыя, Манатонная функцыя, Неперарыўная функцыя, Няяўная функцыя, Перыядычная функцыя, Разрыўныя функцыі, Спецыяльныя функцыі, Элементарныя функцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШУ́МПЕТЭР (Schumpeter) Іозеф (8.2.1883, г. Тршэшць, Чэхія — 18.1.1950),
аўстрыйскі і амерыканскі эканаміст і сацыёлаг. Скончыў Венскі ун-т. У 1919—20 міністр фінансаў Аўстр. рэспублікі. З 1925 праф. Бонскага, з 1932 Гарвардскага ун-таў. Асн. працы: «Тэорыя эканамічнага развіцця» (1912), «Дзелавыя цыклы» (1939), «Капіталізм, сацыялізм і дэмакратыя» (1942). Эканам. аналіз грамадства спалучаў з сацыялагічным. Распрацаваў канцэпцыю эканам. дынамікі і цыклаў, дзе вырашальную ролю ў эканам. развіцці адводзіў прадпрымальніцтву, якое трактаваў як дзейнасць, што робіць стаўку на асабістую ініцыятыву. На аснове аналізу кругаабароту капіталу вылучыў асаблівую прадпрымальніцкую функцыю, якая заключаецца ў ажыццяўленні арганізац.-гасп. інавацыі, «новых камбінацыйных фактараў вытворчасці». Прадпрымальнікі, на яго думку, не ўтвараюць асобнай прафесіі ці класа, а адрозніваюцца толькі прадпрымальніцкай функцыяй, якая рэалізуецца з мэтай атрымання прыбытку. Вылучыў 3 мэтавыя моманты ў дзейнасці прадпрымальніка: патрэбнасць у панаванні, уладзе, уплыве; воля да перамогі, імкненне да поспеху ў барацьбе з сапернікамі і з самім сабой; радасць творчасці, якую дае самаст. вядзенне спраў. Сцвярджаў, што прадпрымальнік — асн. суб’ект, цэнтр.сац. механізм эканам. развіцця ў грамадстве рыначнага тыпу, але прыйшоў да высновы пра непазбежнасць паступовай трансфармацыі прыватнапрадпрымальніцкага капіталізму ў эканам. сістэму, развіццё якой будзе рэгулявацца і накіроўвацца дзяржавай.
расійскі кампазітар, піяніст, музычна-грамадскі дзеяч. Нар.арт.СССР (1981). Чл.-кар. Баварскай акадэміі прыгожых мастацтваў (1976). Ганаровы чл.АМ ГДР (1983). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1955; кл. кампазіцыі Ю.А.Шапорына, кл.фп. Я.У.Фліера). Працуе ў розных жанрах. Узбагаціў выразныя магчымасці музыкі, стварыў новы тып вак.-інстр. твораў, увёў прыёмы нар. манеры спеваў у акад. жанры. Дасягненні ў галіне муз.т-ра звязаны з увасабленнем рус.літ. класікі. Сярод твораў: оперы «Не толькі каханне» (паст. 1961), «Мёртвыя душы» (паст. 1977), балеты «Канёк-гарбунок» (паст. 1960), «Кармэн-сюіта» (паст. 1967, паводле оперы «Кармэн» Ж.Бізэ; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі паст. 1974), «Ганна Карэніна» (паст. 1972), 2 сімфоніі (1958, 1965), «Камерная сюіта» для камернага аркестра (1961; у т-ры оперы і балета Беларусі паст.аднайм. балет, 1974), канцэрты для аркестра, творы для фп., хары, музыка да спектакляў драм.т-ра, кінафільмаў, у т. л. «Нармандыя — Нёман», і інш. Выступае якмуз. крытык. Дзярж. прэмія СССР 1972. Ленінская прэмія 1984. Дзярж. прэмія Расіі 1992.
Літ.:
Тараканов М. Творчество Родиона Щедрина. М., 1980;
Прохорова И. Родион Щедрин: Начало пути. М., 1989.