КАЗАКО́Ў (Мацвей Фёдаравіч) (1738, Масква — 7.11.1812),
рускі архітэктар, адзін з заснавальнікаў рус. класіцызму. Вучыўся ў арх. школе Дз.Ухтамскага (1751—60). Упершыню ў Расіі распрацаваў і ажыццявіў канструкцыі купалоў вял. дыяметра для палацавых і грамадскіх збудаванняў. Сярод работ: Сенат (1776—87), ун-т (1782—93, пасля пажару 1812 перабудаваны Дз.Жылярдзі), Галіцынская бальніца (1796—1801), дамы-сядзібы Дзямідава (1779—91), Губіна (1790-я г.), цэрквы Піліпа Мітрапаліта (1777—88), Ушэсця (1790—93) — усе ў Маскве. У пабудовах рамант. кірунку пакідаў класічную аснову, для аздаблення фасадаў выкарыстоўваў дэкар. элементы стараж.-рус. архітэктуры (Пятроўскі палац у Маскве, 1775—82; цяпер Ваенна-паветр. акадэмія). Выдатны майстар інтэр’ера: зала шляхетнага сходу, Круглая зала ў будынку Сената, «залатыя пакоі» дома Дзямідава. У 1800—04 кіраваў складаннем планаў Масквы, стварыў серыі арх. альбомаў. Працаваў таксама ў графіцы. У 1792 арганізаваў арх. школу пры Экспедыцыі крамлёўскага будаўніцтва.
Літ.:
Власюк А.И., Каплун А.И., Кипарисова А.А.Казаков. М., 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАКО́Ў (Юрый Паўлавіч) (8.8.1927, Масква — 29.11.1982),
рускі пісьменнік. Скончыў муз. вучылішча імя Гнесіных (1951), Літ.ін-т імя М.Горкага (1958). Друкаваўся з 1952. Выдаў зб-кі апавяданняў «Манька» (1958), «На паўстанку» (1959), «Па дарозе» (1961), «Блакітнае і зялёнае» (1963), «Пах хлеба» (1965), «Двое ў снежні» (1966), «Восень у дубовых лясах» (1969), «У сне ты горка плакаў» (1977), «Аленевы рогі» (1980) і інш. К. — паслядоўнік традыцый рус. класічнай прозы. Яго апавяданні вылучаюцца эмацыянальнасцю, стройнасцю, псіхал. насычаным пейзажам, спалучэннем лірыка-рамант. пачатку з жорсткім рэалізмам. Асн. тэмы твораў — вернасць доўгу і свайму прызначэнню, здзіўленне перад загадкай жыцця (кн. нарысаў пра памораў «Паўночны дзённік», 1961, навелы пра жывёл). Выступіў у абарону Салаўкоў. Аўтар кніг для дзяцей. На бел. мову паасобныя творы К. пераклаў А.Жук.
Тв.:
Избранное. М., 1985;
Две ночи. М., 1986;
Бел.пер. — Арктур — гончы сабака. Мн., 1976.
Літ.:
Кузьмичев И.С. Юрий Казаков: Набросок портрета. Л., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́Ў (Іван Іванавіч) (22.4.1779, Масква — 11.2.1840),
рускі паэт, перакладчык. Друкаваўся з 1821. Аўтар зб-каў «Вершы» (1828), «Збор вершаў» (ч. 1—2, 1833, 3-е выд. 1840). Сябраваў з А.Пушкіным, В.Жукоўскім, П.Вяземскім, дзекабрыстамі. Поспех К. прынесла рамант.-сентыментальная паэма «Чарнец» (1825), напісаная ў форме лірычнай споведзі маладога манаха. У гіст. паэме «Княгіня Наталля Барысаўна Далгарукая» (1824—27) асн. ўвагу перанёс з грамадз. ідэй на рэліг. і інтымныя перажыванні гераіні. Змрочны рамант.-містычны каларыт у яго баладах («Тайна», «Вар’ятка», «Адплыццё віцязя»). Звяртаўся да раманса («Венецыянская ноч», «Вячэрні звон», пер. з Т.Мура), песні. На тэксты К. пісалі музыку М.Глінка, А.Даргамыжскі, А.Аляб’еў і інш. На рус. мову пераклаў асобныя творы Дж.Байрана, А.Міцкевіча, Дантэ, Ф.Петраркі, Т.Таса, Л.Арыёста, А.Шэнье, П.Мерымэ, Р.Бёрнса і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАЙДО́ВІЧ (Канстанцін Фёдаравіч) (1.6.1792, г. Ялец Ліпецкай вобл., Расія — 1.5.1832),
рускі гісторык, археограф, філолаг, даследчык бел. мовы. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1825). Скончыў Маскоўскі ун-т (1810). Працаваў выкладчыкам гімназіі, з 1817 у архіве Мін-ва замежных спраў. У 1813 на вайск. пасадзе знаходзіўся ў Беларусі, вывучаў мову і побыт беларусаў. З 1815 прымаў удзел у Румянцаўскім гуртку, збіраў і даследаваў стараж.ўсх.-слав. помнікі. У 1817—18 разам з П.М.Строевым адшукаў «Ізборнік Святаслава 1070», выдаў творы К.Тураўскага ў «Помніках расійскай славеснасці XII ст.» (1821). Выявіў і апісаў старадрукі Ф.Скарыны, І.Фёдарава, П.Мсціслаўца. Даследаваў «Слова аб палку Ігаравым» і адстойваў яго стараж. паходжанне. Склаў кароткі слоўнік бел. мовы і апублікаваў яго ў працы «Пра беларускую гаворку» (1822). Найб. вядомыя яго творы «Іаан Экзарх Балгарскі» (1824), «Дакладнае апісанне славяна-расійскіх рукапісаў, якія зберагаюцца... у б-цы... Ф.А.Талстога» (1825, з Строевым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІГН (Уладзімір Людвігавіч) (літ.псеўд.Дзедлаў; 27.1.1856, г. Тамбоў, Расія — 16.6.1908),
рускі пісьменнік. Сын Л.І.Паўлоўскай. З 1860 амаль увесь час жыў на Беларусі ў вёсках Дзедлава і Фёдараўка (Рагачоўскі р-н Гомельскай вобл). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1882). Аўтар апавяданняў, рэцэнзій і нарысаў, якія друкаваў у газ. «Неделя», час. «Русское богатство», «Наблюдатель», «Вестник Европы» і інш. Падарожнічаў па Італіі, Егіпце, Сірыі, Турцыі, Расіі, уражанні склалі зб-кі «Прыгоды і ўражанні ў Італіі і Егіпце. Нататкі пра Турцыю», «Здалёк. Лісты з дарогі» (абодва 1887), «Вакол Расіі. Партрэты і пейзажы» (1895). У 1892—1904 перапісваўся і сустракаўся з А.Чэхавым. У аповесці «Сашачка» (1892) канфлікт народнікаў-васьмідзесятнікаў з народнікамі-шасцідзесятнікамі. Аўтар зб-каў «Мы. Эцюды» (1889; аўтабіягр.), «Лірычныя апавяданні» (1902), «Проста апавяданні» (1904), кн. «Кіеўскі Уладзімірскі сабор і яго мастацкія творцы» (1901), «Школьныя ўспаміны» (1902). У цыклах нарысаў «Аблава (Беларускія сілуэты)» (1878), «Перасяленцы і новыя мясціны» (1894), «Панарама Сібіры» (1900) з любоўю і павагай пісаў пра Беларусь, сялян-беларусаў. Памёр у Рагачове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЮ́ЕЎ Мікалай Аляксеевіч [22.10.1884, в. Каштугі (?) Выцегарскага р-на Валагодскай вобл., Расія — паміж 23 і 25.10.1937], рускіпаэт. Друкаваўся з 1904. Першыя зб-кі «Сосен перазвон» і «Брацкія песні» (абодва 1912) вытрыманы ў стылі раскольніцкіх песнапенняў, духоўных вершаў, апокрыфаў. Быў блізкі да сімвалістаў, узначальваў т.зв. «новасялянскую» плынь у рус. л-ры (С.Ясенін, А.Шыраевец, С.Клычкоў і інш.), паўплываў на раннюю творчасць Ясеніна. Архаічная па форме паэзія К. (зб-кі «Лясныя былі», 1913; «Мірскія думы», 1916; «Песнаслоў», кн. 1—2, 1919; «Ільвіны хлеб», 1922; «Хата і поле», 1928; паэмы «Пагарэльшчына», выд. 1987; «Песня пра Вялікую Маці», выд. 1991; і інш.) прасякнута сял. патрыярхальна-рэліг. настроямі, непрыхільным стаўленнем да горада і культуры індустр. Захаду. Ёй уласцівы нар.міфалагічная сімволіка, містыка-рамантычная інтэрпрэтацыя рус.нац. характару. У 1934 арыштаваны і сасланы ў Нарымскі край. Расстраляны. Рэабілітаваны пасмяротна. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў У.Свяжынскі.
Тв.:
Стихотворения и поэмы. Архангельск, 1986;
Избранное. М., 1988;
Песнослов: Стихотворения, поэмы. Петрозаводск, 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЭ́РАЛ (Carroll) Льюіс [сапр.Доджсан
(Dodgson) Чарлз Латуідж; 27.1.1832, Дэрсберы, каля г. Уорынгтан, Вялікабрытанія — 14.1.1898], англійскі пісьменнік, матэматык. Скончыў каледж у Оксфардзе. У 1855—81 праф. матэматыкі Оксфардскага ун-та. У 1861 прыняў сан дыякана. У 1867 наведаў Расію, напісаў «Рускі дзённік». Найб. вядомы яго казачныя аповесці «Аліса ў краіне цудаў» (1865) і «Праз люстэрка» (1871). У паэтыцы аповесцяў, пабудаваных на снах Алісы, дамінуюць прынцыпы «бяссэнсіцы» і інтэлектуальнай гульні; для іх характэрна спалучэнне гратэску, гумару з літ. алюзіямі і запазычаннямі. Аўтар паэт.кн. «Паляванне буркуна» (1876),
рамана «Сільві і Бруна» (ч. 1—2, 1889—93), зб-каў вершаў, загадак, шматлікіх прац па матэматыцы і логіцы. Пакінуў багатую эпісталярную спадчыну (98 721 ліст).
Тв.:
Рус. пер — Алиса в Стране чудес;
Алиса в Зазеркалье. М., 1991;
Логическая игра. М., 1991.
Літ.:
Демурова Н.М. Льюис Кэрролл. М 1979;
Падни Дж. Льюис Кэрролл и его мир: Пер. с англ.М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРДО́ЎЦАЎ, Мардовец,
Данііл Лукіч (19.12.1830, г.п. Данілаўка Валгаградскай вобл., Расія — 23.6.1905), рускі і ўкраінскі пісьменнік, гісторык. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1854). У 1850—70-я г. супрацоўнічаў у часопісах «Русское слово», «Отечественные записки», «Дело». Першы маст. твор — рамант. паэма «Казакі і мора» (1854, выд. 1859). Аўтар гіст. раманаў «Новыя рускія людзі» (1868), «Адзнака часу» (1869), «Дванаццаты год» (1879), «Салавецкае сядзенне», «Цар і гетман» (абодва 1880), «Пан Вялікі Ноўгарад», «Сагайдачны» (абодва 1882), «Цар Пётр і правіцельніца Соф’я» (1885), «За чые грахі?» (1890), «Замураваная царыца» (1891), «Пагібель Іерусаліма» (1897); публіцыстычных і навук. прац па гісторыі «Самазванцы і панізовая вольніца» (1867), «Гайдамачына» (т. 1—2, 1870), «Напярэдадні волі» (1872, выд. 1889), «Рускія жанчыны новага часу» (ч. 1—3, 1874) і інш. Пісаў нарысы, фельетоны, успаміны («З мінуўшчыны і перажытага», 1902).
Тв.:
Соч.Т. 1—2. М., 1991.
Літ.:
Момот В.С. Д.Л.Мордовцев: Очерк жизни и творчества. Ростов н/Д, 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР «РУСКІ БАЛЕ́Т».
Створаны ў 1981 як Ансамбль Класічнага балета Маскоўскай абл. філармоніі; з 1984 наз. Ансамбль «Маскоўскі балет», з 1988 сучасная назва. Маст. кіраўнікі І.Ціхамірнава (з 1981), В.Гардзееў (з 1984). У рэпертуары класічныя, у т. л.рус., балеты «Жызэль» А.Адана, «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага, «Дон Кіхот» і «Баядэрка» Л.Мінкуса, карціны і фрагменты з балетаў «Пахіта» Э.Дэльдэвеза, «Сільфіда» Ж.Шнейцгофера, «Эсмеральда» Ц.Пуні, «Шчаўкунок» Чайкоўскага, «Вальпургіева ноч» з оперы «Фауст» Ш.Гуно; 1-актовыя балеты «Нечаканыя манеўры, або Вяселле з генералам» на муз. Дж.Расіні, «Тэатр Карабаса» на муз. І.Штрауса, «Карціны, якія ажылі» на муз. І.С.Баха, Г.Ф.Гендэля і В.А.Моцарта, а таксама канцэртныя нумары «Паганіні» на муз. Гендэля, «Мужчыны і жанчына» на муз. Г.Свірыдава, «Мелодыя кахання» на нар. аргенцінскую музыку (усе ў паст. Гардзеева). Сярод салістаў: С.Анкудзінаў, М.Багданава, К.Дурнеў, Я.Казанцава, А.Казлоў, І.Лузганава, А.Рабаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЙ (Леў Аляксандравіч) (25.2.1822, Масква — 28.5.1862),
рускіпаэт. Скончыў Царскасельскі ліцэй (1841). Служыў чыноўнікам, з 1852 у адстаўцы. Друкаваўся з 1840. Ранняя яго творчасць дэкларавала ідэал мастацтва, свабоднага ад грамадскай надзённасці. Паступова паэт наблізіўся да грамадз. лірыкі (верш «Вечавы звон», апубл. ананімна 1858, распаўсюджваўся ў спісах). Вершам у стылі нар. песень, на ант. і біблейскія тэмы, інтымнай лірыцы ўласцівы шчырасць пачуцця, уменне перадаць складаныя рухі душы. Значную ролю ў развіцці рус. драматургіі адыгралі яго гіст. драмы ў вершах «Царская нявеста» (1849), «Пскавіцянка» (1860), на сюжэты якіх М.Рымскі-Корсакаў стварыў аднайм. оперы. Аўтар паэмы «Юдзіф» (1855), паэт. пералажэнняў «Песні песняў» (цыкл «Яўрэйскія песні», 1849—60), «Слова аб палку Ігаравым» (1841—50), нарысаў, апавяданняў. Перакладаў на рус. мову творы Г.Гейнэ, У.Шэкспіра, І.В.Гётэ, П.Беранжэ, Дж.Байрана, А.Міцкевіча, Анакрэонта, Т.Шаўчэнкі і інш. Многія вершы М. пакладзены на музыку М.Глінкай, П.Чайкоўскім, А.Барадзіным, М.Мусаргскім, С.Рахманінавым і інш.