парода курэй мяснога кірунку прадукцыйнасці. Выведзена ў Вялікабрытаніі (графства Корнуал) у 19 ст. скрыжаваннем мясц. байцовых курэй старой англ. пароды, пароды азіль і малайскіх. Выкарыстоўваюць у гібрыдызацыі з курамі інш. мясных і мяса-яечных парод для атрымання помесных куранят-бройлераў, якіх гадуюць на мяса. На Беларусі племянная работа з корнішамі вядзецца на племптушказаводзе «Слуцкі» Мінскай вобл.
Тулава масіўнае, з шырокімі грудзямі і плячамі, звужаецца да хваста. Галава кароткая, шырокая, з кароткай дзюбай і стручкападобным грэбенем. Ногі тоўстыя, сярэдняй даўж., шырока расстаўлены. Хвост кароткі, звіслы. Апярэнне бліскучае, часцей белае, трапляецца таксама цёмнае, чырв., палевае. Жывая маса дарослых пеўняў 4,5—5 кг, курэй 3—3,5 кг. Яйцаноскасць 110—130 і больш яец за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЬЧАТЫ ШАЎКАПРА́Д (Malacosoma neustria),
кольчаты коканапрад, матылёк сям. коканапрадаў. Пашыраны ў Еўразіі, на Беларусі звычайны від. Жывуць у лясах, садах, вусені — калоніямі ўнутры або на паверхні павуцінных гнёздаў паміж галін і на ствалах.
У матылька размах крылаў да 42 мм у самак і 32 мм у самцоў. Колер крылаў карычнева-жоўты з цёмнай папярочнай паласой. Вусень даўж. да 55 мм, блакітнавата-шэры, з белымі і аранжавымі палосамі на спіне і блакітнымі на баках. Вусені аб’ядаюць лісце, бутоны, кветкі. Акукліваюцца паміж лісця і ў расколінах кары. Самкі ў сярэдзіне лета адкладваюць да 400 яец у выглядзе кальца вакол тонкіх галінак (адсюль назва). Шкоднікі семечкавых і костачкавых пладовых культур і лясных парод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫНІ́ЦА,
сканцэнтраваны прыродны выхад падземных вод на зямную паверхню на сушы або пад вадой. Утварэнне К. звязана з перасячэннем ваданосных гарызонтаў адмоўнымі формамі рэльефу (рачнымі далінамі, лагчынамі, ярамі і інш.), геолага-структурнымі асаблівасцямі мясцовасці (трэшчыны, тэктанічныя парушэнні і інш.), фільтрацыйнай неаднароднасцю водазмяшчальных парод. Падзяляюцца: па напрамку руху падземных вод да іх выхаду на паверхню і гідрадынамічных асаблівасцях на сыходныя (жыўленне грунтавымі безнапорнымі водамі) і ўзыходныя (жыўленне артэзіянскімі напорнымі водамі); паводле характару рэжыму — на пастаянна, сезонна і рытмічна дзеючыя; залежна ад саставу — на прэсныя і мінеральныя; па т-ры — на кіпячыя, гарачыя, цёплыя і халодныя. Штучныя К. ўтвараюцца ў выніку інжынерна-гасп. дзейнасці (К. ніжніх б’ефаў плацін, зваротныя К. на масівах арашэння, К., звязаныя з узвядзеннем фундаментаў будынкаў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРДЗЮ́ЧНЫЯ АВЕ́ЧКІ,
парода грубашэрсных і паўгрубашэрсных авечак мяса-сальнага тыпу, якія маюць тлушчавыя адклады на крыжы (курдзюк). Паходзяць ад дзікага барана аргалі (архара). Пашыраны ў Казахстане, Цэнтр. Азіі, на Аравійскім п-ве, у Паўн. Афрыцы. Асн. пароды — гісарская, джайдара, сараджынская, таджыкская, адыльбаеўская і інш. Прыдатныя для гадоўлі ў раёнах пустынь і паўпустынь. Непатрабавальныя да кармоў, здольныя рабіць вял. пераходы.
Маса самцоў да 180 кг, самак да 130 кг. Маса курдзюка да 30 кг. Галава падоўжаная, гарбаносая. Вушы доўгія, часта звіслыя Хвост кароткі. Большасці парод уласціва высокая мясная прадукцыйнасць. Шэрсная прадукцыйнасць нізкая — 2—2,2 кг. Воўна неаднародная, выкарыстоўваецца для вырабу грубага сукна, дываноў, валенага абутку і інш. 3 малака гатуюць брынзу, айран, сыры. Плоднасць 105—120 ягнят на 100 матак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАПО́ЛЬСКАЕ ЎЗВЫ́ШША (Wyżyna Małopolska),
пояс нагор’яў на Пд Польшчы. Цягнецца ў субшыротным напрамку ад рэк Одра і Просна на З да водападзелу паміж рэкамі Вепш і Буг на У. Пл. каля 36 тыс.км². Выш. пераважна да 200—300 м, у цэнтр. і ўсх. частках больш за 400 м, найб. 612 м (г. Лысіца ў Свентакшыскіх гарах). Паводле геал. будовы і рэльефу падзяляецца на ўзвышшы Заходне-, Сярэдне- і Усходне-Малапольскае. Складзена з карбанатных парод (вапнякі, мел, апока, гіпс), сланцаў і пясчанікаў. Пашыраны карст (пячора Рай). Карысныя выкапні: каменны вугаль, руды цынку і волава, мінер. воды. Урадлівыя глебы, развітыя на лёсах, выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы. Участкі букавых і мяшаных лясоў. Нац. паркі: Айцоўскі, Растачанскі, Свентакшыскі. Турызм, цэнтры адпачынку і лячэння (мінер. воды).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРЫНО́СЫ (ісп. merinos),
пароды танкарунных авечак з вельмі тонкай белай воўнаю найвышэйшай якасці. Радзіма — Зах. Азія (вядомы за некалькі стагоддзяў да н.э). Гадуюць у большасці краін свету, найб. у Аўстраліі. На Беларусь завезены ў канцы 18 ст.
Па памерах належаць да сярэдніх і буйных парод. Маса бараноў 80—100 (да 180) кг, матак 40—60 (да 100) кг. Скура са складкамі на шыі. У самцоў большасці М. добра развітыя рогі. Руно штапельнай будовы. Воўна аднародная, з мяккіх пуховых валокнаў таўшчынёй 15—25 мкм (60—80-й якасці) з характэрнай звілістасцю. Кірункі прадукцыйнасці: воўнавы (сучасныя высокапрадукцыйныя пароды: азербайджанскі горны мерынос, грозненская парода, стаўрапольская парода, сальская і інш.) і воўнава-мясны (асканійская парода, савецкі мерынос, алтайская, каўказская, якіх абмежавана гадуюць на Беларусі, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВАЙ СІБІ́РЫ ГО́РЫ,
горная краіна на Пд Сібіры, якая ўключае Алтай, Салаірскі краж, Кузнецкі Алатау, Зах. і Усх.Саяны, горы Тывы, Прыбайкалля, Забайкалля, Станавы хрыбет, а таксама міжгорныя катлавіны: Кузнецкая, Мінусінская, Тувінская, Таджынская і інш.Пл. каля 1,6 млн.км². Горы складзены пераважна з пратэразойскіх і ніжнепалеазойскіх парод. Ва ўтварэнні рэльефу вял. ролю адыгралі мезакайназойскія і найноўшыя тэктанічныя рухі. Пераважае сярэднягорны (800—2000 м) рэльеф; для асобных хрыбтоў і масіваў характэрны высакагорны рэльеф і сучаснае зледзяненне; у перыферычнай ч. — нізкагор’і (300—800 м). Найвышэйшы пункт — г. Бялуха (4506 м). Высокая сейсмічнасць. Радовішчы руд каляровых і рэдкіх металаў, каменнага вугалю, азбесту. На схілах горна-таежныя лістоўнічныя і цемнахвойныя лясы, вышэй за 2000—2500 м — горныя тундры і альпійскія лугі; у міжгорных катлавінах стэпы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭ́КАС (франц. précoce ад лац. praecox ранні, скараспелы),
парода танкарунных скараспелых авечак мяса-воўнавага кірунку. Выведзена ў Францыі ў 19 ст. скрыжаваннем англ. мясных парод з рамбулье, пазней у Германіі. Гадуюць у краінах Еўропы, ЗША. На Беларусі невял. статкі чыстапародных жывёл ёсць у Іванаўскім і Брэсцкім р-нах Брэсцкай вобл.
Жывёлы буйныя, моцнай канстытуцыі. Маткі бязрогія, бараны бязрогія і з рагамі. Маса бараноў каля 100 (найб. да 150), матак каля 60 кг. Воўна белая, даўж. каля 7 см. Гадавы настрыг з бараноў 7—8 (да 11,7), з матак 4,4—4,8 кг. Выхад чыстай воўны 45—50%. Плоднасць 120—130 ягнят на 100 матак. Скараспелыя жывёлы, у 6—7 месяцаў маса да 45—50 кг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯСЧА́НІК, пескавік,
асадкавая горная парода з зерняў пяску, сцэментаваных гліністым, карбанатным, крамяністым, жалезістым і інш. матэрыялам. Паводле памераў зерняў і мінер. саставу вылучаюць тыя ж разнавіднасці, што і сярод пяскоў. Вылучаюць таксама аркозы, граўвакі (П. з мінералаў і абломкаў асн. вывергнутых парод, пераважна эфузіўных) і туфагенныя П. (утрымліваюць піракластычны матэрыял да 50%). Паводле ступені звязанасці вылучаюць П. слаба-, сярэдне- і моцнасцэментаваныя. Шчыльнасць 2,25—2,67 г/см³, порыстасць 0,69—6,7%, мяжа трываласці на сцісканне 30—266 МПа. Пры метамарфізме П. пераўтвараецца ў кварцыт. Шырока выкарыстоўваецца ў буд-ве (вытв-сць друзу, жвіру; як бутавы камень, сценавы і абліцовачны матэрыял), як абразіў. Кварцавы П. ідзе на выраб вогнетрывалай дынасавай цэглы, шкла, кіслотатрывалых матэрыялаў. Гл. таксама Абломкавыя горныя пароды, Псаміты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСАДАПАСА́ДАЧНАЯ МАШЫ́НА,
машына для пасадкі ў адкрыты грунт расады гароднінных, тэхн. (тытунь), эфіраалейных культур, чаранкоў пладова-ягадных культур і вусоў суніцы. Бываюць навясныя і прычапныя, 2-, 4- і 6-радковыя.
Маюць пасадачныя секцыі (апараты), сашнікі, каткі, паліўную сістэму, механізм прывода, стэлажы для расады і інш. У працэсе работы Р.м. ўтварае ў глебе баразну, падае ў яе расаду і ваду, закрывае каранёвую частку глебай і ўшчыльняе яе вакол расліны. Пашыраны 6-радковыя Р.м. з шырынёй захопу да 4,2 м. Для пасадкі сеянцаў і саджанцаў дрэвавых і хмызняковых парод выкарыстоўваюць лесапасадачныя машыны.