МАГНА́Т (ад сярэднелац. magnatus багаты, знатны чалавек),
у феадальную эпоху буйны землеўладальнік, прадстаўнік радавітай знаці ў некаторых краінах Еўропы, асабліва ў Польшчы, ВКЛ і Венгрыі. У ВКЛ М. валодалі вял. зямельнымі латыфундыямі з гарадамі, мястэчкамі і тысячамі прыгонных сялян. Некаторыя з іх (напр., Радзівілы, Сапегі) мелі ўласныя войскі і крэпасці.
Выкарыстоўваючы свой уплыў і багацце, М. Рэчы Паспалітай займалі ў ёй вышэйшыя дзярж. пасады і фактычна кіравалі дзяржавай. У 1567 на Беларусі было 29 М., кожны з якіх меў больш за 1000 сял. «дымоў» (гаспадарак). У пераносным сэнсе слова «М.» выкарыстоўваецца ў дачыненні да буйных прадстаўнікоў прамысл. і фін. капіталу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАФТО́НГ (ад мана... + грэч. phthongos гук),
галосны, які характарызуецца артыкуляцыйнай і акустычнай аднароднасцю, г.зн. стацыянарным становішчам органаў, што артыкулююць гук, і стацыянарнымі частотамі фармант, чым адрозніваецца ад дыфтонга і трыфтонга. Аднароднасць М. адносная: артыкуляцыйны ўклад і фармантна-часавая структура галоснага залежаць ад акаляючых яго зычных. Так, уплыў мяккіх зычных на суседнія галосныя выражаецца ў тым, што пасля мяккіх зычных пераходны ўчастак любога галоснага мае частотныя характарыстыкі фармант, блізкія да характарыстык галоснага [і]. Бел. М. [а] паміж мяккіх зычных набывае асабліва неаднароднае (дыфтангічнае) гучанне. У сістэме галосных розных моў М. сустракаюцца часцей за дыфтонгі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я ЗМЕ́І (Hydrophiidae),
сямейства ядавітых змей. 16 родаў, больш за 50 відаў (паводле інш. звестак каля 100). Пашыраны ў трапічных водах Індыйскага і Ціхага акіянаў.
Даўж. да 2,75 м. Задняя частка тулава і кароткі хвост веслападобна сціснуты з бакоў. Галава маленькая, укрыта буйнымі шчыткамі. Могуць доўга знаходзіцца пад вадой, засвойваюць раствораны ў вадзе кісларод праз слізістую абалонку ротавай поласці. Парныя ядавітыя зубы знаходзяцца на верхняй сківіцы. Яд больш таксічны, чым у наземных змей, асабліва для халаднакроўных (рыбы і інш.). Кормяцца пераважна рыбай. Большасць відаў яйцажывародныя; нараджаюць 1—2 дзіцяняці ў вадзе, некат. — на сушы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАЛІ́ЧНЫХ КАНСТРУ́КЦЫЙ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
падгаліна прам-сці машынабудавання і металаапрацоўкі, што выпускае маласерыйныя або адзінкавыя віды вырабаў вял. памераў з металу (металічныя канструкцыі). Найб. шырока такая прадукцыя выкарыстоўваецца ў будаўніцтве, асабліва пры ўзвядзенні лёгкіх часовых збудаванняў, вырабе вентыляцыйных і цеплавых сістэм. На Беларусі падгаліна аб’ядноўвае 7 прадпрыемстваў, у т. л. 3 з-ды металаканструкцый (у Віцебску, Гомелі, Магілёве) спецыялізуюцца па вырабе металаканструкцый для с.-г.буд-ва (нестандартызаванае абсталяванне для ферм і жывёлагадоўчых комплексаў і інш.). У Мінску працуюць арэндныя прадпрыемствы «Доследны завод металаканструкцый» і па праектаванні буд.метал. канструкцый «Белпраектстальканструкцыя», у г. Маладзечна — з-д лёгкіх металаканструкцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХАНІЗА́ЦЫЯвытворчасці,
замена ручной працы машыннай, асабліва ў складаных і працаёмкіх працэсах. Адрозніваюць частковую М. (асобныя ручныя аперацыі выконваюць машыны або механізмы), комплексную (ахоплівае ўвесь комплекс работ па выкананні закончанага працэсу або стварэння пэўнага вырабу, пры гэтым работнік кіруе комплексам машын) і якасна больш высокую ступень М. — аўтаматызацыю (машынамі кіруюць механізмы, работнік наладжвае і кантралюе вытв. працэс; гл.Аўтаматызацыя вытворчасці). Ручная праца можа захоўвацца на асобных непрацаёмкіх аперацыях, механізацыя якіх не ўплывае на аблягчэнне працы і з’яўляецца эканамічна немэтазгоднай. М. спрыяе вызваленню чалавека ад выканання цяжкіх работ, росту прадукцыйнасці працы, якасці прадукцыі, павышэнню кваліфікацыі рабочых і ўзроўню арганізацыі вытворчасці. Сацыяльна-эканам. вынікі М. абумоўліваюцца спосабам вытворчасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДЗЕ́Я,
успрыманне будучыні, калі жаданае або неабходнае бачыцца як рэальнасць, якая павінна здзейсніцца. Фарміруецца ў выніку пазнання аб’ектыўных прычын, ад якіх залежаць чаканыя падзеі, або на аснове назапашанага суб’ектыўнага эмацыянальнага вопыту (перажыванне радасці, няпоспеху і да т.п.). У прадказанні магчымага развіцця падзей Н. адыгрывае ролю ўнутр. рэгулятара дзейнасці, які дапамагае чалавеку вызначаць яе вынікі і мэтазгоднасць, адлюстроўвае жыццёвыя спадзяванні асобы і грамадства. У этыцы хрысціянства Н. (асабліва на пасмяротную ўзнагароду) разам з верай і любоўю належыць да гал. дабрачыннасцей, выяўляе Ідэю перакананасці ў справядлівасці і міласэрнасці божай. Гарантам рэліг. Н. лічыцца Хрыстос, а сродкамі яе ажыццяўлення — малітва і прытрымліванне запаведзей аб шчасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕДАНО́ШАНАЕ ДЗІЦЯ́,
дзіця, што нарадзілася заўчасна (22—38 тыдняў цяжарнасці).
У Н.д. тонкая, у складкі скура, на твары маршчыністая, слаба развітыя пазногці, мяккія вушныя ракавіны (усяго больш за 50 прыкмет). Мае фізіял. асаблівасці — аслабленае дыханне. вяласць, санлівасць, зніжаны імунітэт, тэрмалабільнасць і інш., у выніку — схільнасць да захворванняў. У першыя гады жыцця можа адставаць у фіз. і псіх. развіцці ў залежнасці ад ступені неданошанасці. Вылучаюць групу глыбока Н.д. (500—1000), сярод якіх асабліва высокія паказчыкі захваральнасці і смяротнасці. Выходжванне Н.д. ажыццяўляецца ў мед. апаратах (кувезах) у спец. установах. Мерапрыемствы па прафілактыцы праводзяцца ў дародавы перыяд (антэнатальная ахова плода). Гл. таксама Невыношванне цяжарнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІМФАЛІ́ДЫ (Nymphalidae),
сямейства насякомых атр. матылёў. Самае шматлікае і пашыранае сярод дзённых матылёў. Больш за 2 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, асабліва разнастайныя ў тропіках. На Беларусі 36 відаў (4 падсям., 11 родаў); шырока вядомы крапіўніцы. пераліўніцы, перламутраўкі, шашачніцы і інш. Трапляюцца на лугах, лясных палянах, узлесках, садах, парках.
Размах крылаў да 18 см (на Беларусі — да 7 см). Афарбоўка пераважна яркая, стракатая. Вусікі булавападобныя або расшыраныя на канцы Пярэднія ногі ўкарочаныя, без кіпцюркоў. Вусені ўкрыты шыпападобнымі скуранымі вырастамі. Кормяцца лісцем дрэў, кустоў, травяністых раслін. Кукалкі вуглаватыя, часта з метал. бляскам, звісаюць уніз галавой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВІЧ (А.) (сапр.Ціхановіч ці Цэхановіч),
бел. пісьменнік пач. 20 ст. Па адукацыі ўрач. Працаваў у г. Новачаркаск (Расія). Аўтар апавяданняў «У дому лепей» (1911) пра цягу селяніна да роднай зямлі і «Амерыканец» (1912), герой якога вярнуўся з Амерыкі і хоча перайначыць жыццё бел. мужыка на лепшы лад. Гэтыя творы высока ацэнены Я.Купалам (арт. «Агляд кніг», 1913), які падкрэсліваў іх прастату і шчырасць, уменне «нязначным спосабам падсунуць чытачу маральную навучку, паказаць добрую незавілую сцежку к лепшаму жыццю», і М.Багдановічам, які ў арт. «За тры гады» (1913) адзначыў, што «асабліва вызначаецца Новіч, каторы першы паспрабаваў напісаць вялікую рэч прозай па-беларуску».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ДЗЕВЫ МЁД,
салодкая густая клейкая вадкасць, у якую пчолы ператвараюць мядовую расу і падзь. Колер ад светла-бурштынавага (з піхты і некат. інш.) да амаль чорнага (з лісцевых дрэў і елак); мае слабы водар і непрыемны гаркаваты ці кіслы прысмак. Больш вязкі (у 2—3 разы) за кветачны мёд, мае менш вады (у сярэднім 16,7%) і інвертных цукроў — глюкозы і фруктозы (66,5%), больш алігацукрыдаў (у т. л. цукрозы 4%), дэкстрынаў (10,3%), азоцістых рэчываў (у т. л. бялковых 0,8%), мінер. і арган. кіслот. Часта змяшаны з кветачным мёдам. Таксічны для пчол, асабліва ў час зімоўкі (можа прыводзіць да гібелі цэлых сем’яў). Моцны інгібітар бактэрый. Для чалавека бясшкодны.