МІГРА́ЦЫІ ЖЫВЁЛ,

заканамерныя перамяшчэнні жывёл на значныя адлегласці, што выклікаюцца істотнымі зменамі ўмоў існавання або звязаны з цыкламі антагенезу, найб. значныя і экалагічна ўсеабдымныя формы адаптацыі арганізмаў, фізіялагічна абумоўленыя фотаперыядычнасцю і інш. Адрозніваюць рэгулярныя (перыядычныя) і нерэгулярныя (неперыядычныя) М.ж. Рэгулярныя бываюць сутачныя (звязаныя са зменай асветленасці, вільготнасці, т-ры, пошукам корму) і сезонныя (перамяшчэнні да месцаў кармлення, зімоўкі, лінькі, размнажэння, спячкі і інш.). Нерэгулярныя М.ж. (вымушаныя вандроўкі) абумоўліваюцца ўзнікненнем незвычайных абставін: засухі, паводкі, пажару, масавага размнажэння віду ці змены экалагічных умоў; маюць важнае значэнне ў расшырэнні арэала віду. Нерэгулярныя, з вял. інтэрваламі, высяленні жывёл па-за межы радзімы наз. эміграцыямі ці інвазіямі (напр., у амялушак, крыжадзюбаў); іх разглядаюць як пачатковы этап фарміравання міграцый. Адрозніваюць М.ж. гарызантальныя (на сушы, у вадзе) і вертыкальныя (у гарах, тоўшчы вады, глебы, па ярусах расліннасці), актыўныя (пры дапамозе органаў перамяшчэння) і пасіўныя (перанос воднымі цячэннямі, паветр. плынямі). Напрамкі М.ж., т.зв. міграцыйныя шляхі, вывучаюць з дапамогай мечання жывёл, кальцавання птушак і інш. Неабходная ўмова міграцый — наяўнасць біял. пачуцця часу, здольнасць жывёл вызначаць напрамак руху (біянавігацыя) пры дапамозе фіксацыі месцазнаходжання Сонца, Месяца, зорак, струменяў паветра, цячэнняў вады, характэрных рыс ландшафтаў, геахім. і акустычных асаблівасцей асяроддзя або напрамкаў магн. поля.

У млекакормячых найб. далёкія міграцыі характэрныя для дзікіх паўн. аленяў, кажаноў, кітоў, маржоў, цюленяў. Мясц. сезонныя міграцыі з адных біятопаў у другія робяць грызуны, драпежнікі, зубры, ласі і інш. Нерэгулярныя міграцыі адзначаны для андатры, вавёркі, вадзяной палёўкі, пацукоў і інш. Больш за інш. перамяшчаюцца птушкі (пералёты птушак найб. вывучаны). У земнаводных і паўзуноў міграцыйныя паводзіны выяўлены слаба, за выключэннем марскіх чарапах (зялёныя чарапахі пераадольваюць адлегласці да 2 тыс. км) і марскіх змей. Бясхвостыя амфібіі (рапухі) і хвастатыя (трытоны) робяць сезонныя міграцыі да месцаў размнажэння на адлегласць да 5 км. У рыб адбываюцца зімавальныя, кармавыя і нераставыя міграцыі. Для прахадных рыб характэрны нераставыя міграцыі: катадромныя (з прэсных вадаёмаў у мора, напр., у вугра еўрапейскага) і анадромныя (з мора ў рэкі — у асятровых, ласасёвых, селядцовых). На Беларусі мясц. зімавальныя і нераставыя міграцыі робяць лешч, падуст, плотка, сазан, сом, стронга ручаёвая і інш. У насякомых 2 асн. тыпы міграцый: неперыядычныя — перамяшчэнне вял. колькасці асобін, якое звязана з рассяленнем віду (пералёты саранчы, матыля данаіды), перыядычныя (сезонныя або сутачныя) — з аднаго біятопа ў другі ці ўнутры аднаго біятопа: вады, глебы, паветра, расліннага покрыва, паразітаў у целе або на целе гаспадара (лічынкі двухкрылых, жукоў і інш.). Сезонныя міграцыі робяць божыя кароўкі, каларадскія жукі, клапы-чарапашкі і інш. У водных беспазваночных найб. паказальныя вертыкальныя сезонныя і сутачныя міграцыі, якія звязаны з асветленасцю, салёнасцю і аэрацыяй вады, т-рай (напр., дафнія, лептадора, лімнакалянус, мізіда і інш., асабліва планктонныя арганізмы).

Літ.:

Электрические и акустические поля рыб: Сб. М., 1973;

Блон Ж. Великие кочевья: Пер. с фр. М., 1975;

Клаудсли-Томпсон Дж. Миграция животных: Пер. с англ. М., 1982.

т. 10, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛІТАРЫ́ЗМ (ад лац. militaris ваенны),

сістэма палітычных, эканамічных і ідэалагічных сродкаў, арыентаваных на нарошчванне ваен. моцы дзяржавы, стварэнне ваен.-паліт. блокаў, узмацненне ў грамадстве ролі ўзбр. сіл, ваен,прамысл. комплексаў (ВПК) і звязаных з імі ін-таў і арг-цый.

Як сацыяльная з’ява М. узнік ва ўмовах пераходу першабытнаабшчыннага ладу ў рабаўладальніцкі. З цягам часу паліт., эканам. і інш. грамадскія адносіны ўсё больш замацоўваліся насіллем, у т. л. ўзброеным, расло значэнне мілітарысцкай палітыкі ў міжнар. адносінах (тэрмін «М.» з’явіўся ў сярэдзіне 19 ст.). Мілітарысцкая палітыка шэрагу дзяржаў прывяла ў 20 ст. да 2 сусв. і больш як 300 лакальных войнаў, у час якіх загінула каля 100 млн. чал. Да 1970-х г. у выніку гонкі ўзбраенняў ядзерныя арсеналы вядучых дзяржаў свету шматразова перасягнулі т.зв. ўзровень «непрымальнай шкоды» (сукупная ядзерная магутнасць 400 Мт дастатковая для знішчэння ​1/3 насельніцтва і ​1/2 прамысл. патэнцыялу буйной краіны). Новая стратэг. сітуацыя, якая атрымала назву «ўзаемнага гарантаванага знішчэння», а таксама шэраг інш. вынікаў мілітарызацыі, звязаных гал. чынам з узмацненнем яе негатыўных сац. бакоў (разбурэнне эканомікі, ускладненне экалагічных праблем, пагроза псіхіцы чалавека і інш.) прымусілі найб. моцныя ядзерныя дзяржавы да заключэння шэрагу пагадненняў (дагавораў) пра абмежаванне стратэг. наступальных узбраенняў, сістэм проціракетнай абароны і інш., а таксама па папярэджванні развіцця М. ў грамадстве. У сучасных умовах ядро М. ў большасці дзяржаў складаюць іх узбр. сілы з адпаведнай інфраструктурай, базай камплектавання, сістэмай кіравання і ідэалаг. забеспячэння. Суб’ектамі мілітарызацыі з’яўляюцца таксама ваен.-паліт. блокі і іх органы кіравання. Важным звяном М. з’яўляюцца навук. і даследчыя цэнтры, грамадскія арг-цыі, якія дзейнічаюць у інтарэсах ВПК, і інш. М. ўласціва гонка ўзбраенняў, рост ваен. бюджэтаў, нарошчванне ваен. прысутнасці па-за межамі сваіх краін, стварэнне і пашырэнне ваен.-паліт. блокаў, агрэсіўныя паводзіны ў адносінах да інш. дзяржаў, а таксама ўзмацненне ўплыву ВПК на эканоміку, палітыку, ідэалогію, выкарыстанне ўзбр. сіл у інтарэсах груповак, якім належыць улада, і інш. М. з’яўляецца апорнай базай аўтарытарных і таталітарных паліт. рэжымаў.

Да пач. 1990-х г. у сувязі з шэрагам геапалітычных фактараў (ваен.-паліт. процістаянне СССР і ЗША і інш.), а таксама з прычыны вываду шэрагу часцей, злучэнняў і аб’яднанняў Узбр. Сіл СССР з Германіі, Польшчы, Венгрыі і Чэхаславакіі ў зах. рэгіёны СССР мілітарызацыя тэр. Беларусі значна павялічылася. Пасля атрымання незалежнасці Рэспубліка Беларусь пачала раззбраенне, канверсію, рэфармаванне Узбр. Сіл і ваенна-прамысл. комплексу. Упершыню ў сусв. гісторыі бяз’ядзерны статус атрымала краіна, на тэр. якой знаходзіўся вял. ядзерны арсенал і значны патэнцыял М.

Літ.:

Рыбкин Е.И. Война и политика в современную эпоху. М., 1973;

Денисов В.В. Социология насилия. М., 1975;

Космическое оружие: Дилемма безопасности. М., 1986;

История войн. Т. 1—3. Ростов н/Д, 1997;

Каурин М.И. Наш ориентир — профессионалы // Армия. 1996. № 1.

Р.Ч.Лянькевіч, В.М.Пташнік.

т. 10, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МУЖЫ́ЦКАЯ ПРА́ЎДА»

(«Mużyckaia praūda»),

нелегальная рэв.-дэмакр., першая беларускамоўная газета (друкавалася лацінкаю). Выдавалася ў 1862—63 на Гродзеншчыне (апошні нумар, відаць, надрукаваны ў Вільні) К.Каліноўскім з Ф.Ражанскім, С.Сангіным (Сонгіным), В.Урублеўскім. Мела невял. фармат у выглядзе лісткоў і значны тыраж. Выйшла 7 нумароў: № 1—6 (ліп.снеж. 1862), № 7 (чэрв. 1863); кожны нумар падпісваўся псеўданімам «Яська—гаспадар з-пад Вільні». Захаваліся асобныя нумары-перадрукі (№ 5 і 7), пра што сведчаць пэўныя адрозненні ў тэксце і шрыфце. Распаўсюджвалася па ўсёй Беларусі, у Польшчы, Літве, Латвіі, а таксама ў паўн.-зах. рэгіёнах Расіі. Вызначалася вострай сац. прапагандысцка-агітацыйнай накіраванасцю. Артыкулы пабудаваны ў форме гутаркі, сваім зместам нагадвалі творы тагачаснай рус. л-ры рэв.-дэмакр. кірунку. Разглядала пераважна пытанні зямлі і волі, паліт. і сац.-эканам. няроўнасці, нац. самастойнасці. Праводзіла ідэю ўсеагульнай узбр. барацьбы за лепшае жыццё, вызначала яе шляхі, сцвярджала, што «...мы пазналі, дзе сіла і праўда, і будзем ведаць, як рабіць трэба, каб дастаць зямлю і свабоду. Возьмемся, дзецюкі, за рукі і дзяржымся разам!» (№ 1). Паслядоўна выступала з крытыкай антынар. царскага маніфеста 1861, адзначала, што «ніякай у ім няма праўды, няма з яго для нас ніякай карысці» (№ 1). Выкрываючы грабежніцкі характар сял. рэформы 1861, адзначала, што народу патрэбны не маніфест, а рэальная воля, і не тая, «якую цар схоча даці, но якую мы самі, мужыкі, паміж сабою зробімо» (№ 3). Адстойвала права бел. народа самастойна вырашаць свой лёс, атрымліваць адукацыю, выдаваць падручнікі на роднай мове. Закранала пытанні існавання розных канфесій, больш прыхільна ставілася да уніяцтва, з асуджэннем — да праваслаўя, якое выражала інтарэсы царскіх улад (№ 6). Выказвала негатыўныя адносіны да тагачаснай сістэмы рэкруцкіх павіннасцей тэрмінам у 25 гадоў. Асобныя пытанні (паходжанне прыгоннага права, існаванне канфесій) трактаваліся ў газеце спрошчана, аднабакова. Мова «М.п.» глыбока народная, эмацыянальна-вобразная, насычаная фалькл. сімволікай, маст. тропамі (эпітэтамі, метафарамі, параўнаннямі), узбагачаная новымі лексемамі і паняццямі; у ёй вытокі публіцыстычнага жанру, што пачынаў развівацца ў новай бел. л-ры.

Публ.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988; К.Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988; Жыві ў свабодзе: Кн. пра Каліноўскага. Мн., 1996; Каліноўскі К.: За нашую вольнасць: Тв., дак. Мн., 1999.

Літ.:

Лушчыцкі І.Н. Нарысы па гісторыі грамадска-палітычнай і філасофскай думкі ў Беларусі ў другой палавіне XIX ст. Мн., 1958;

Смирнов А.Ф. «Мужицкая правда» // Восстание 1863 г. и русско-польские революционные связи 60-х гг. М., 1960;

Цікоцкі М.Я. З гісторыі беларускай журналістыкі XIX ст. Мн., 1960;

Баршчэўскі А. Агляд публіцыстычна-літаратурнай спадчыны Кастуся Каліноўскага //Навукова-літаратурны зборнік і беларускі каляндар 1961. Беласток, 1960;

Кісялёў Г. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;

Маляўка М.А. Аб ідэйна-тэматычным і структурным адзінстве «Мужыцкай праўды» //Беларуская літаратура. Мн., 1979. Вып. 7;

Шалькевич В.Ф. Кастусь Калиновский: Стр. биогр. Мн., 1988;

Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1—2. 2 выд. Мн., 1989;

Станкевіч А. Кастусь Каліноўскі: «Мужыцкая праўда» і ідэя незалежнасці Беларусі. Вільня, 1933.

С.В.Говін.

т. 11, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́І МУЗЫ́ЧНЫЯ.

Збіраюць, захоўваюць, вывучаюць, экспануюць і публікуюць помнікі муз. культуры. Падзяляюцца на музеі муз. інструментаў, муз.-мемарыяльныя, муз.-гіст., муз.-тэатр., мяшанага тыпу. Маюць калекцыі муз. інструментаў, фоназапісаў, акустычных прыстасаванняў, -старадаўніх і рэдкіх рукапісаў і публікацый, аўтографаў і інш. Муз. аддзелы існуюць таксама ў многіх гіст., маст., тэатр. музеях, пры буйных муз., тэатр. і навуч. установах.

Муз. калекцыі існуюць у Еўропе з 16 ст. Вядомы калекцыі старадаўніх муз. інструментаў у Антверпене (Бельгія), Крэмоне (музей А.Страдывары), Мілане, Неапалі, Фларэнцыі (усе Італія), Жэневе, Базелі (Швейцарыя); калекцыі муз. інструментаў народаў свету — у Бруселі, Парыжы, Капенгагене, Берліне, Познані (Польшча), Стакгольме, Лісабоне; музей арганаў і муз. машын у Тэрсфардзе (Вялікабрытанія), міжнар. музей валынак у Гіёне (Іспанія); гісторыі еўрап. муз інструментаў у Тронхейме (Нарвегія), Брытанскі музей фп. ў г. Брэнтфард, а таксама многія калекцыі муз. інструментаў у Германіі, ЗША, на Кубе, у Канадзе, Эквадоры, Аргенціне, Бразіліі і інш. У краінах Азіі і Афрыкі муз. інструменты экспануюцца звычайна ў нац. музеях. Асноўныя мемар. М.м. і даследчыя цэнтры: І.С.Баха (Айзенах, Арнштат, Лейпцыг; Германія), В.Беліні (Катанія, Італія), Г.Берліёза (Ла-Кот-Сент-Андрэ, Францыя), Л.Бетховена (Бон, Вена), Р.Вагнера (Айзенах, Байройт, Германія; Люцэрн, Швейцарыя), І.Гайдна (Вена, Айзенштат, Рораў; Аўстрыя), Г.Ф.Гендэля (Гале, Германія), Э.Грыга (Трольхаўген, Нарвегія), А.Дворжака (Прага, Нелагазевес, Чэхія), С.Дзягілева (Венецыя, Італія), Ф Ліста (Веймар, Германія), В.А.Моцарта (Зальцбург, Вена, Аўстрыя; Аўгсбург, Германія; Прага), І.Стравінскага (Венецыя). Найбуйнейшыя еўрап. муз.-тэатр. музеі — у т-рах «Ла Скала», «Ковент-Гардэн». У Расіі буйнейшыя калекцыі муз. інструментаў — Калекцыя унікальных муз. інструментаў (Масква, 1919), збор муз. інструментаў Санкт-Пецярбургскай дзярж. тэатр. акадэміі (1940), калекцыя муз. інструментаў Дзярж. цэнтр. музея муз. культуры імя Глінкі (Масква, 1943) і інш. Асн. мемар. музеі: Дамы-музеі П.Чайкоўскага (г. Клін Маскоўскай вобл., г. Воткінск, Удмурцкая Рэспубліка), Музейкватэра А.Скрабіна (Масква), Літ.-мемар. музей А.Пушкіна і Чайкоўскага (г. Каменка Чаркаскай вобл.), Дом-музей (г Ціхвін Ленінградскай вобл.) і Музей-кватэра (С.-Пецярбург) М.Рымскага-Корсакава, Музей-сядзіба М.Мусаргскага (в. Навумава Пскоўскай вобл.), Музей-кватэра (С.-Пецярбург) і Дом-музей (Масква) Ф.Шаляпіна, Дзярж. цэнтр. музей муз. культуры імя Глінкі і Музей-сядзіба Глінкі (с. Наваспаскае Смаленскай вобл.), Мемар. музей С.Рахманінава (с. Іванаўка Тамбоўскай вобл.) і інш. Муз.-тэатр. музеі існуюць пры Вял. т-ры ў Маскве, Марыінскім, т-ры оперы і балета імя М.Мусаргскага ў С.-Пецярбургу і інш.

На Беларусі матэрыялы па гісторыі муз. культуры захоўваюцца і экспануюцца ў Музеі старажытнабеларускай культуры ІМЭФ Нац. АН Беларусі, Дзярж. музеі гісторыі тэатр. і муз. культуры Рэспублікі Беларусь, Музеі беларускага народнага мастацтва ў в. Раўбічы Мінскага р-на, Сядзібе-музеі С.Манюшкі (в. Убель Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.), Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі (дзярж. калекцыя унікальных смычковых інструментаў), у архіўных установах і б-ках. Перыядычна наладжваюцца выстаўкі муз. інструментаў (Віцебск, Мінск, Браслаў, выстаўка званоў у Гродне і інш.).

Т.А.Цітова.

т. 11, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНА-ВЫЗВАЛЕ́НЧАЯ ВАЙНА́ КІТА́ЙСКАГА НАРО́ДА СУ́ПРАЦЬ ЯПО́НСКІХ ЗАХО́ПНІКАЎ 1937—45.

Пачалася 7.7.1937 у адказ на ўварванне яп. войск з мэтай захопу тэр. Кітая. Вайне папярэднічала акупацыя Японіяй у 1931—36 Маньчжурыі і шэрагу раёнаў Паўн. Кітая. Яп. мілітарысты імкнуліся ператварыць Кітай у залежную ад іх дзяржаву і разлічвалі на хуткую яго капітуляцыю. Аднак Нац. кіт. ўрад на чале з Чан Кайшы адхіліў патрабаванні Японіі, зрабіў стаўку на зацягванне вайны і звярнуўся па дапамогу да інш. дзяржаў. У жн.-вер. 1937 аформіўся саюз паміж гаміньданам і Камуністычнай партыяй Кітая (КПК), узбр. сілы якой былі ператвораны ў 8-ю і Новую 4-ю арміі ў складзе нац. узбр. сіл краіны. Значная перавага ва ўзбраенні і тэхніцы дазволіла яп. арміі захапіць Пекін і Цяньцзінь (ліп. 1937), Шанхай (ліст. 1937), сталіцу Кітая г. Нанкін (снеж. 1937), гарады Гуанчжоў і Ухань (кастр. 1938). Адчувальную дапамогу Кітаю зброяй і ваен. тэхнікай аказаў СССР. Супраць яп. войск змагаліся сав. лётчыкі-добраахвотнікі, у т. л. беларусы А.С.Благавешчанскі, С.І.Грыцавец і інш.; ва ўзбр. сілах Кітая працавала больш за 3500 сав. ваен. спецыялістаў. Не здолеўшы дамагчыся капітуляцыі Кітая, яп. ўрад у ліст. 1938 спыніў наступальныя дзеянні і засяродзіў увагу на «асваенні» захопленых раёнаў. У сак. 1940 з мясц. калабарацыяністаў японцы стварылі ў Нанкіне т.зв. Цэнтр. нац. ўрад Кітая на чале з Ван Цзінвэем. У гэты час у тыле яп. войск актыўныя дзеянні разгарнулі 8-я і Новая 4-я арміі. Яны занялі шэраг вызваленых раёнаў, якія да 1941 ахоплівалі тэр. з насельніцтвам каля 100 млн. чал., правялі шэраг ваен. аперацый супраць яп. войск, у т. л. «бітву ста палкоў». У адказ яп. войскі перайшлі ў наступленне на вызваленыя раёны і скарацілі іх плошчу ўдвая. Пасля нападзення ў снеж. 1941 Японіі на ЗША урад Кітая 9.12.1941 афіцыйна абвясціў вайну Японіі. Ён атрымліваў ваен. дапамогу ад ЗША і Вялікабрытаніі, але арміі Нац. ўрада і КПК вялі сябе пасіўна. Пасля паражэнняў Японіі на Ціхім акіяне, яп. армія, імкнучыся ператварыць Кітай у надзвычайную базу для вядзення працяглай вайны, аднавіла ў сак. 1944 актыўныя наступальныя дзеянні. Да 1945 яна захапіла вял. тэрыторыі ў Паўд. Кітаі і стварыла сухапутны калідор аж да Індакітая. 9.8.1945 паводле рашэнняў Крымскай канферэнцыі 1945 СССР уступіў у вайну з Японіяй. У ходзе Маньчжурскай аперацыі 1945 быў вызвалены Паўн.-Усх. Кітай і ліквідавана Квантунская армія. 9.9.1945 прадстаўнікі Нац. кіт. ўрада і Японіі падпісалі ў Нанкіне акт пра капітуляцыю яп. войск.

Літ.:

Сапожников Б.Г. Китайский фронт во второй мировой войне. М., 1971;

По дорогам Китая, 1937—1945: Воспоминания. М., 1989;

История Китая. М., 1998;

Дембицкий Н.П., Пэн Сюньхоу Великодушие против фанатизма // Воен.-ист. журн. 1998. № 4.

В.У.Адзярыха.

Да арт. Нацыянальна-вызваленчая вайна кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—15. Воіны кітайскай арміі ў час бою за г. Чандэ. Лістапад 1943.

т. 11, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАГЕ́НАВАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), неаген (ад неа... + грэч. genos нараджэнне, узрост),

2-я сістэма кайназойскай эратэмы (групы), адпавядае 2-му перыяду кайназойскай эры гісторыі Зямлі. Назву даў аўстр. геолаг М.Гёрнес у 1853. У стратыграфічнай шкале размяшчаецца пасля палеагенавай сістэмы (перыяду) і папярэднічае антрапагенавай сістэме (перыяду). Удакладненыя храналагічныя рамкі сістэмы 23,8—1,77 млн. г. назад. Падзяляецца на 2 аддзелы — міяцэнавы аддзел (эпоха) 23,8—5,32 млн. г. назад і пліяцэнавы аддзел (эпоха) 5,32—1,77 млн. г. назад.

У неагене аформіліся сучасныя абрысы сушы і мора, завяршылася гораўтварэнне Альпійскай геасінклінальнай вобласці, узніклі сучасныя астраўныя дугі. Хуткі рост гор суправаджаўся складка- і шар’яжаўтварэннем, вулканічнай дзейнасцю, глабальнымі ваганнямі ўзроўню акіяна. Гэтыя працэсы вызначалі пахаладанне клімату і расшырэнне зледзянення Антарктыды пераважна ў 2-й пал. неагену. Ваганні клімату мелі выразны рытмічны характар (у міяцэне прыкладна з 3,7 млн. гадоў). У раннім міяцэне — моцнае пацяпленне і гумідызацыя клімату Зямлі, максімум якіх адбыўся 17—15 млн. г. назад. Потым узмацнілася тэндэнцыя да пахаладання і арыдызацыі клімату, у 1-й пал. пліяцэну з’явіліся покрыўныя ледавікі ў Паўн. паўшар’і. Зніжэнне т-р выклікала дыферэнцыяцыю ландшафтных зон, якія да канца пліяцэну занялі блізкае да сучаснага становішча. На фарміраванне прыродных умоў Еўропы меў уплыў цёплы акіян Тэціс і звязаны з ім вялізны кантынентальны марскі басейн Паратэціс на Пд сучаснай Еўропы, якія з сярэдняга міяцэну пачалі распадацца, утварыўшы Міжземнае мора, Азова-Чарнаморскі і Каспійскі басейны. Да канца неагену сфарміраваліся сучасныя рысы рэльефу і гідраграфічнай сеткі Зямлі. Адклады неагену трапляюцца на ўсіх кантынентах (пясчана-гліністая, маласавая, наземна-вулканагенная фармацыі) і на дне акіянаў (пясчана-гліністая, карбанатна-абломкавая, біягенная і эвапарытавая фармацыі); уключаюць радовішчы нафты, бурага вугалю, лігнітаў, радзей каменнага вугалю. Есць радовішчы серы, каменнай солі, баксітаў, россыпы рэдкіх металаў, а таксама бентанітавых і палыгарскітавых глін, алунітаў, каалінітаў, галузітаў, буд. матэрыялаў, керамічнай і цэментнай сыравіны, ртуці, волава, свінцу, цынку і інш. У раслінным свеце на сушы панавалі вышэйшыя расліны: пакрытанасенныя і голанасенныя. Ва ўмераных шыротах (у т. л. на тэр. Беларусі) асноўным кампанентам лясной расліннасці былі лістападныя дрэвы. У жывёльным свеце з’явіліся хобатныя, коневыя, бавіды і інш.; адбылося адасабленне сярод прыматаў сям. гамінідаў і роду рамапітэк (14 млн. г. назад), які даў першага прамога продка сучаснага чалавека.

На Беларусі ў міяцэне вылучаны 2 надгарызонты: брынёўскі (уключае смалярскі і букчанскі гарызонты) і антопальскі (бурноскі, лозскі, дзятомлінскі і асоцкі гарызонты), пліяцэн адпавядае калочынскаму надгарызонту (з холмецкім і дварэцкім гарызонтамі). Адклады Н.с.(п.) прадстаўлены кантынентальнымі фацыямі рачнога, азёрнага і балотнага генезісу, займаюць значныя плошчы на Палессі. Месцамі выходзяць на паверхню. Магутнасць адкладаў у Падляска-Брэсцкай упадзіне да 36 м, Прыпяцкім прагіне да 60 м. Пераважаюць кварцавыя пяскі, алеўрыты і гліны (з перавагай каалініту, монтмарыланіту), сярод якіх трапляюцца праслоі і лінзы бурага вугалю. Распрацоўваюцца радовішчы тугаплаўкіх і вогнетрывалых глін, шкловых пяскоў, разведаны радовішчы бурага вугалю (Жыткавіцкае, Брынёўскае і Тонежскае).

Літ.:

Стратиграфия СССР Неогеновая система. Полутома 1—2. М., 1986.

Т.В.Якубоўская.

т. 11, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОВАДЗЯВО́ЧЫ МАНАСТЫ́Р, Багародзіца-Смаленскі манастыр, манастыр Прачыстай Маці Божай Адзігітрыі,

архітэктурны комплекс 16—17 ст. у Маскве. Засн. ў 1524 як жаночы вял. кн. маскоўскім Васілём III у гонар захопу Смаленска ў 1514. Размяшчаўся на шляху з Масквы ў ВКЛ і быў часткай абарончага пояса маскоўскіх манастыроў — Данскога, Данілава, Сіманава і інш. У 16—17 ст. у манастыр пастрыгаліся жанчыны з царскай і знатных баярскіх сем’яў; у ім жылі ўдава сына Івана IV Грознага царэвіча Івана, сястра Пятра I царэўна Соф’я і яго першая жонка Еўдакія Лапухіна, удава цара Фёдара Іванавіча Ірына Фёдараўна Гадунова. У 1610—12 Н.м. абрабаваны і захоплены войскамі Рэчы Паспалітай. У 1655 сюды пераведзены манашкі Аршанскага Куцеінскага Успенскага манастыра. Найб. росквіт Н.м. прыпадае на часы праўлення царэўны Соф’і Аляксееўны (1682—89; пазней яна была зняволена ў манастыр Пятром I). У 1724 тут абсталяваны шпіталь для салдат і афіцэраў рус. арміі, прытулак для падкідышаў жан. полу. Н.м. быў адным з найб. буйных землеўласнікаў: у канцы 17 ст. валодаў 36 сёламі, у 1744 меў каля 15 тыс. прыгонных сялян мужчынскага полу. У 1763 у ім 136 манашак, у канцы 19 ст. — больш за 200.

Тэр. Н.м. абкружана цаглянымі сценамі (канец 17 ст.) з 12 вежамі. Асн. будынкі (сабор, званіца, трапезная) пастаўлены ў адну лінію і ўтвараюць маляўнічую панараму. Ансамбль пачаў фарміравацца з буд-вам Смаленскага сабора (1524—25, размалёўкі 16 і 17 ст.). Выдатны помнік дэкар.-прыкладнога мастацтва — 5-ярусны разны іканастас сабора (1683—85) з 84 калонкамі з расл. і геам. арнаментам, выкананы 50 рэзчыкамі-беларусамі пад кіраўніцтвам В.Андрэева і 13 «станочнікамі» на чале з К.Міхайлавым і С.Зіноўевым. Залачэнне выканана 16 бел. майстрамі на чале з Д.Залатаровым. Астатнія пабудовы (пераважна 17 ст.) — у стылі нарышкінскага барока: трапезная з царквой Ушэсця (1685—87), 6-ярусная васьмівугольная званіца (1689—90), Праабражэнская і Пакроўская надбрамныя цэрквы і прылеглыя да іх Лапухінскія і Марыінскія палаты (усе 1683—88). У 1922 Н.м. закрыты, у ім створаны «Музей разняволення жанчыны», з 1934 — філіял Гіст. музея. Частка памяшканняў была адведзена пад кватэры. У 1943 у Н.м. адкрыты Маскоўскія багаслоўскія курсы, у 1944 — багаслоўскі ін-т. З 1980 у ім знаходзілася рэзідэнцыя мітрапаліта круціцкага і каломенскага. У саборы пахаваны жанчыны царскага роду, княгіні (Галіцыны, Адоеўскія і інш.), баярыні (Дашкавы і інш.). На тэр. Н.м. знаходзіцца некропаль; у 1927 было 2811 пахаванняў з надмагільнымі плітамі ці помнікамі. У 1930-я г. большасць магіл разбурана. Захавалася каля 100 помнікаў, у т. л. паэту Дз.Давыдаву, пісьменнікам М.Загоскіну, І.Лажэчнікаву, гісторыкам М.Пагодзіну, С.Салаўёву і інш. З 1994 манастыр дзейнічае як жаночы. Іл. гл. таксама да арт. Беларуская рэзь.

Літ.:

Абецедарский Л. Белорусы в Москве XVII в.: Из истории рус.-бел. связей. Мн.. 1957;

Новодевичий монастырь: [Путеводитель]. М., 1988;

Бураков Ю.Н. Под сенью монастырей московских. М., 1991.

Г.В.Прыбытка.

Новадзявочы манастыр у Маскве.

т. 11, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВАЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ ПАЛІ́ТЫКА (нэп),

цыкл мерапрыемстваў Сав. дзяржавы па выхаду з эканам. крызісу пасля грамадзянскай вайны 1918—20. Прынята вясной 1921 X з’ездам РКП(б); названа «новай» у адрозненне ад палітыкі «ваеннага камунізму». Была разлічана на аднаўленне нар. гаспадаркі і наступны пераход да сацыялізму. Гал. змест: замена харчразвёрсткі харчпадаткам у вёсцы, выкарыстанне рынку, розных форм уласнасці, прыцягненне замежнага капіталу (канцэсіі), правядзенне грашовай рэформы 1922—24 (рубель быў абвешчаны канверсаванай валютай). Правядзенне нэпа пачалося ў надзвычай неспрыяльных умовах. У 1920 прадукцыя буйной прам-сці ў параўнанні з 1913 паменшылася ў 5 разоў, тэкстыльнай — амаль у 18. Валавая прадукцыя земляробства складала 64%, а жывёлагадоўлі — 72% ад узроўню 1913. На транспарце панаваў хаос, фактычна не працавалі пошта, сувязь, былі парушаны ці разарваны традыц. эканам. сувязі. На Беларусі становішча абцяжарвалася шматгадовым прыфрантавым становішчам, ваен. разбурэннямі, фактычным падзелам краіны на часткі (паміж РСФСР і Польшчай); большасць прамысл. прадпрыемстваў не працавала, валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі складала крыху больш за палову даваеннай. Цяжкае эканам. становішча ўзмацнялася масавым паліт. і крымін. бандытызмам.

Былі ўведзены грашовы падатак і абавязковыя збожжанарыхтоўкі па ўстаноўленых дзяржавай цвёрдых цэнах. У сельскай гаспадарцы ў час нэпа дапускалася арэнда зямлі, наём рабочай сілы, свабода выбару форм землекарыстання, фарміравалася сістэма крэдытаў і кааперацыі. У галіне фінансаў прадугледжвалася фарміраванне бюджэту, кантроль за грашовай эмісіяй; у кастр. 1921 створаны Дзярж. банк, у 1922—23 праведзена дэнамінацыя дзярж. грашовых знакаў (саўзнакаў). Нэп прадугледжваў легалізацыю гандлю, пашырэнне прыватнай ініцыятывы, дазваляліся абмен, купля і продаж с.-г. прадукцыі ў губернях, якія выканалі харчразвёрстку, быў дазволены прыватны гандаль, развівалася спажывецкая кааперацыя. Вынікі нэпа ў хуткім часе сталі адчувальнымі. У 1925 сельская гаспадарка ў асн. дасягнула даваен. ўзроўню. У 1926 кошт усёй валавой прадукцыі ў даваен. ацэнцы склаў 384,8 млн. руб. і перавысіў сярэднегадавыя паказчыкі 1911—13 на 9,8%. У 1926/27 гасп. г. завяршыўся працэс аднаўлення прам-сці рэспублікі. Гал. рэгулятарам эканам. дзейнасці стаў рынак. У 1922/23 на долю прыватніка прыпадала 90% усіх гандл. прадпрыемстваў і 85% тавараабароту. Пераадольвалася інфляцыя, умацоўвалася грашовая сістэма. У 1921—27 былі адменены працоўная павіннасць, натуральная аплата, рабілася спроба ажывіць работу Саветаў, праведзена адм.-тэр. рэформа. Для Беларусі яна азначала 2 узбуйненні (у 1924 і ў 1926).

Вынікі ажыццяўлення нэпа нельга ацаніць адназначна. Дзякуючы намаганням усіх слаёў насельніцтва эканоміка краіны дасягнула даваен. ўзроўню 1913. Аднак ні прам-сць, ні сельская гаспадарка не змаглі стварыць сабе рынкаў расшыранай вытв-сці. Па меры таго як нэп ставіў усё больш цяжкія пытанні не толькі ў вырашэнні эканам. праблем, a і перад паліт. сістэмай, усё часцей узнікалі тэндэнцыі да яго згортвання, што і адбылося ў канцы 1920 — пач. 1930-х гг.

Літ.:

Белорусская ССР в цифрах: К 10-летию существования БССР, 1919—1929. Мн., 1929;

Эканамічная гісторыя Беларусі. 2 выд. Мн., 1996;

Бяспалая М.А. Беларуская вёска ў першыя гады нэпа (1921—1923 гг.). Мн., 1999.

М.А.Бяспалая.

т. 11, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПААЛЕ́Й ЦЫЁН (Рабочыя Сіёна),

палітычныя партыі і міжнар. т-вы сацыял-сіянісцкага кірунку, якія з пач. 20 ст. да пач. 1930-х г. дзейнічалі ў шэрагу краін, у т. л. ў Расіі. Іх дзеячы ўспрынялі асобныя тэарэт. палажэнні марксізму (напр., пра вядучую ролю рабочага класа), але пераважна пашыралі ідэі сіянізму сярод яўр. рабочых, дробных гандляроў і інтэлігенцыі. Найб. поўна ідэалогія і палітыка П.Ц. ўвасоблена ў дзейнасці Яўр. с.-д. рабочай партыі (ЯСДРП, засн. ў 1906 у Расіі). У 1907 у г Гаага (Нідэрланды) утвораны Сусв. яўр. сацыяліст. рабочы саюз П.Ц., куды акрамя рас. ЯСДРП увайшлі аднайм. партыі ЗША, Аўстра-Венгрыі, Палесціны, Вялікабрытаніі, Румыніі. Фактычна паалейцыянізм выступіў як міжнар. левасіянісцкая плынь. ЯСДРП разглядала сіянізм як гіст. неабходнасць і мела на мэце стварэнне яўр. пралет. дзяржавы ў Палесціне, дамагалася нац.-паліт. аўтаноміі для тых народаў Расіі, якія, на яе думку, не выспелі для самаст. дзярж. існавання. У рэвалюцыю 1905—07 тактыка ЯСРДП супадала з меншавіцкай, у 1-ю сусв. вайну яна выступала з антываен. пазіцый, прапагандавала сіянізм, заклікала яўр. працоўных да эміграцыі ў Палесціну, каб будаваць там сацыялізм. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 ЯСДРП падтрымлівала Часовы ўрад. На Беларусі арг-цыі П.Ц. з пач. 20 ст. існавалі ў Мінску, Бабруйску, Баранавічах, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Оршы і інш. гарадах. П.Ц. уваходзіў у створаны ў маі 1917 Савет нац. сацыяліст. партый Расіі. Летам 1917 прадстаўнікі П.Ц. абраны ў гар. думы Віцебска, Гомеля, Мінска, Оршы. ЯСДРП варожа сустрэла Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917. У сак. 1918 прадстаўнікі ЯСДРП увайшлі ў склад Рады БНР, аднак былі сярод тых, хто ўстрымаўся пры галасаванні за 3-ю Устаўную грамату, што абвяшчала незалежнасць Беларусі. Пратэстуючы супраць прагерм. арыентацыі большасці Рады БНР, прадстаўнікі П.Ц. ў крас. 1918 разам з інш. яўр. сацыялістамі, эсэрамі і меншавікамі выйшлі з яе складу. У жн. 1919 на канферэнцыі ў Гомелі ЯСДРП раскалолася. Левыя паалейцыяністы арганізавалі Яўр. камуніст. партыю (ЯКП), якая разам з ёй падобнымі партыямі ў жн. 1920 стварыла Сусв. яўр. камуніст. саюз П.Ц. Мэтай ЯКП было стварэнне ў Палесціне яўр. камуніст. дзяржавы. Яна не была прынята ў Камуністычны Інтэрнацыянал, але выкарыстоўвала яго механізм для накіравання ў Палесціну каланістаў — прыхільнікаў П.Ц. У снеж. 1922 ЯКП самаліквідавалася, ч. яе членаў уступіла ў РКП(б), іншыя ўліліся ў ЯСДРП, якая ў 1923 перайменавалася ў Яўр. камуніст. рабочую партыю (ЯКРП) і фактычна працягвала сіянісцкую прапаганду. У 1928 ЯКРП у СССР ліквідавана. У 1920—30-я г. паалейцыянісцкія партыі дзейнічалі ў Польшчы, у т. л. ў Зах. Беларусі. У 1932 на канфер. ў Данцыгу (цяпер Гданьск, Польшча) Сусв. саюз яўр. рабочых П.Ц. і інш. яўр. сацыял-сіянісцкія арг-цыі злучыліся ў Сусв. саюз сіяністаў-сацыялістаў. Ідэалогія П.Ц. садзейнічала фарміраванню сацыял-сіянісцкіх партый, якія цяпер дзейнічаюць у Ізраілі.

Літ.:

Дадиани Л.Я. Критика идеологии и политики социал-сионизма М., 1986.

У.Я.Камякоў.

т. 11, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕАЗО́ЙСКАЯ ЭРАТЭ́МА (Э́РА), палеазой (ад палеа... + грэч. zoē жыццё),

першая пасля пратэразою (дакембрыю) эратэма агульнай стратыграфічнай шкалы адкладаў зямной кары фанеразою; папярэднічае мезазойскай эратэме (эры) і адпавядае палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Вылучана ў 1837 англ. геолагам А.Седжвікам. Падзяляецца на кембрыйскую, ардовікскую, сілурыйскую, дэвонскую, каменнавугальную і пермскую сістэмы (перыяды; гл. адпаведныя арт.). Пачалася 570 млн. г. назад, доўжылася каля 340 млн. гадоў.

Утвораныя ў дапалеазойскі час платформы ў Паўн. (Кіт.-Карэйская, Паўн.-Амерыканская, Сібірская, Усх.-Еўрапейская) і Паўд. (Антарктычная, Аравійская, Афрыканская, Аўстралійская, Індастанская, Паўд.-Амерыканская) паўшар’ях існавалі на працягу палеазойскай эры. Яны неаднаразова апускаліся і заліваліся морамі, у якіх намнажаліся марскія асадкі; на кантынентах фарміраваліся чырванаколерныя пароды, у паглыбленнях — вугляносныя тоўшчы (Данбас, Рурскі бас. і інш.) і эвапарытавыя ўтварэнні (Перадуральскі прагін і інш.). На працягу палеазою адбываліся вял. тэктанічныя рухі, якія суправаджаліся інтэнсіўным вулканізмам і гораўтварэннем (каледонская складкавасць, герцынская складкавасць). У канцы палеазою паўн. платформы ўтварылі суперкантынент Лаўразію, паўд.Гандвану, якія раздзяляліся акіянам Тэціс.

У арган. свеце на пачатку эры з’явіліся жывёльныя арганізмы з цвёрдым мінералізаваным шкілетам, у кембрыі — археацыяты, трылабіты, беззамковыя брахіяподы, у ардовіку—сілуры — грапталіты, імшанкі, наўтыліды, канадонтаносьбіты; у дэвоне — ганіятыты, гастраподы, замковыя брахіяподы, каралы; у карбоне—пермі — фарамініферы, пеліцыподы і інш. З пазваночных, асабліва ў дэвоне, шырока вядомы рыбы, у карбоне—пермі — разнастайныя земнаводныя. Істотныя змены адбыліся і ў раслінным свеце: у кембрыі—ардовіку пераважалі водарасці, у сілуры з’явіліся першыя расліны сушы (псілафіты), у дэвоне — мохападобныя, прапапараці, членістасцябловыя. Каменнавугальны перыяд характарызуецца росквітам дрэвападобных раслін (асн. крын ша намнажэння вугалю), пермскі — пашырэннем хвойных, з’яўленнем цыкадавых і гінгкавых. З адкладамі эратэмы звязаны багацейшыя радовішчы каменнага вугалю, нафты, мінер. солей, фасфарытаў, жал. руд, медзі, золата і інш.

На Беларусі вядомы ўтварэнні ўсіх перыядаў палеазойскай эры. Адклады сістэм: кембрыйскай (гліны, пясчанікі, алеўраліты, магутнасцю да 430 м), ардовікскай (вапнякі, даламіты, мергелі, гліны, магутнасцю да 150 м) і сілурыйскай (арганагенныя вапнякі, мергелі, гліны, магутнасцю да 630 м) пашыраны ў Брэсцкай ўпадзіне і на паўд. схілах Балтыйскай сінеклізы; дэвонскай (вапнякі, даламіты, мергелі, гліны, пясчанікі, гіпсы, ангідрыты, каменная і калійныя солі, вулканагенныя ўтварэнні, ніжнедэвонскія магутнасцю да 80 м, сярэднедэвонскія да 200 м і верхнедэвонскія да 3000—3500 м) пашыраны ў Прыпяцкім прагіне, Аршанскай і месцамі ў Брэсцкай упадзінах, на Жлобінскай і Латвійскай седлавінах, усх. схілах Бел. антэклізы; каменнавугальнай (пясчанікі, гліны, глініста-мергельныя пароды з праслоямі вапнякоў, даламітаў, бурых вуглёў, магутнасцю ад некалькіх метраў да 1000 м) пашыраны ў Прыпяцкім прагіне, на крайнім ПдЗ Валынскай монакліналі; пермскай (чырванаколерныя пясчанікі, гліны, даламіты, гіпсы і інш., магутнасцю 30—500 м) пашыраны ў Прыпяцкім прагіне, Брэсцкай упадзіне, на паўд. схілах Балтыйскай сінеклізы. Да адкладаў палеазою прымеркаваны радовішчы нафты, каменнай і калійных солей, даламітаў, гаручых сланцаў, даўсаніту, пітных і мінеральных вод, расолаў.

Літ.:

Кузнецов С.С. Историческая геология. М., 1962;

Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981.

С.А.Кручак.

т. 11, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)