КО́НГА (Congo),

Рэспубліка Конга (République du Congo), дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы, на Пн і Пд ад экватара. Выцягнута з Пн на Пд уздоўж правых берагоў рэк Конга і Убангі. Мяжуе на Пн з Цэнтр.-афр. Рэспублікай і Камерунам, на У і Пд з Дэмакр. Рэспублікай Конга, на Пд з Анголай (паўанклаў Кабінда), на З з Габонам, на ПдЗ абмываецца Атлантычным ак. Пл. 342 тыс. км². Нас. 2,7 млн. чал. (1997). Дзярж. мова — французская. Сталіца — г. Бразавіль. Краіна падзяляецца на 9 абласцей і аўт. акругу Бразавіль. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 жн.).

Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя, зацверджаная на рэферэндуме ў 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму парламенту (Палата прадстаўнікоў і Сенат), які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам. прызначаным прэзідэнтам ад партыі, што атрымала большасць галасоў на парламенцкіх выбарах.

Прырода. У рэльефе дамінуюць плато і невысокія (да 1040 м) горы на Пд, плоскія алювіяльныя раўніны на Пн. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, калійная соль, свінцовыя, цынкавыя, медныя руды, невял. радовішчы фасфарытаў, золата, алмазаў, жалезных, алавяных, вальфрамавых руд. Клімат гарачы, на Пн экватарыяльны, пастаянна вільготны з 2 максімумамі ападкаў (сак.—май, верасень—лістапад), на Пд субэкватарыяльны з сухім сезонам (чэрв.—верасень). Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (крас., радзей сак.) 24—27 °C, самага халоднага (ліп., радзей жн.) 20—25 °C. Ападкаў 1500—2000 мм за год, па крайнім Пд 1200—1300 мм. Рачная сетка густая і мнагаводная. Рака Конга і яе гап. правыя прытокі Убангі, Санга, Ліквала, Аліма суднаходныя; на Пд бас. р. Квілу. Значныя запасы гідраэнергіі. У расліннасці пераважаюць вільготныя экватарыяльныя і лістападна-вечназялёныя субэкватарыяльныя лясы (каля 50% тэр.). Пераважна на Пд — другасныя высакатраўныя саванны (каля 40% тэр.). Жывёльны свет: малпы, леапарды, пантэры, на Пн сланы, у рэках бегемоты і кракадзілы. Нац. парк Адзала, некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. Амаль усё належыць да моўнай групы банту. На Пд жывуць народы падгрупы конга (баконга, басунды, бакуньі, бавілі, байомбе і інш.; каля 50% насельніцтва краіны). У сярэдняй ч. народ тэке (17%) і блізкія да яго народы. На Пн найб. шматлікі народ мбошы (12%). У трапічных лясах плямёны пігмеяў (каля 25 тыс. чал.). У гарадах невял. групы еўрапейцаў, пераважна французаў. Сярод вернікаў пераважаюць хрысціяне (50%, гал. ч. католікі) і прыхільнікі мясц. культаў (48%). Сярэднегадавы прырост 2,8% (1990—95). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва каля 8 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 50 чал. на 1 км²) заселены Пд краіны. У гарадах 59% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс. ж., 1995): Бразавіль — 1004, Пуэнт-Нуар — каля 300. У сельскай гаспадарцы занята 49% працаздольных, у прам-сці — 15%, у сферы абслугоўвання — 36%.

Гаспадарка. У валавым унутр. прадукце (2,6 млрд. дол., 1996) характэрны адносна высокая доля прам-сці (44%) і сферы абслугоўвання (46%) і нізкая доля сельскай гаспадаркі (10%). Штогадовы даход на 1 чал. каля 1000 дол. ЗША. Аснова эканомікі — нафтаздабыўная і лясная прам-сць, значныя паступленні ад транзітнага гандлю і перавозак. Сельская гаспадарка малапрадукцыйная. Апрацаваныя землі і шматгадовыя насаджэнні займаюць каля 610 тыс. га. Пераважаюць дробныя сялянскія гаспадаркі (0,5—2 га), ёсць дзярж. фермы. Пашырана лядна-агнявая сістэма земляробства. Асн. харч. культуры: маніёк (штогадовы збор 600—1000 тыс. т), батат, ямс, тара, бананы, проса, рыс, кукуруза; тэхнічныя: цукр. трыснёг, арахіс, алейная пальма, тытунь. Плантацыі гевеі. На экспарт вырошчваюць невял. колькасць какавы, кавы, бананаў, цытрусавых, ананасаў. Жывёлагадоўля развіта слаба, пераважна на Пд, дзе ёсць раёны рэдкастойных лясоў і саваннаў, свабодных ад мухі цэцэ. Пагалоўе (тыс. галоў, 1994): буйн. раг. жывёлы — каля 100, авечак і коз — каля 300, свіней — каля 50. Птушкагадоўля. Марское і рачное рыбалоўства (35 тыс. т, 1993). Паляўніцтва і збіральніцтва, у т. л. пладоў дзікарослай алейнай пальмы. У прамысловасці гал. роля належыць здабычы нафты (15,7 млн. т, 1997); у асн. распрацоўваюцца радовішчы на шэльфе. Здабываюць таксама калійную соль (на Пн ад г. Пуэнт-Нуар), прыродны газ, жалезныя, свінцова-цынкавыя, алавяныя і медныя руды, золата, алмазы. Вытв-сць электраэнергіі 440 млн. кВт∙гадз (1995), пераважна на ГЭС. Развіта лясная прам-сць і дрэваапрацоўка, асабліва вытв-сць піламатэрыялаў і фанеры, больш за 20 лесапільных і фанерных з-даў. Нарыхтоўка драўніны — больш за 600 тыс. м³ (1996), гал. чынам дрэвы акуме, лімба, чырвонае і інш. Лесараспрацоўкі вядуцца пераважна каля чыгунак і суднаходных рэк на Пд краіны. Харчасмакавая прам-сць: вытв-сць цукру (Нкайі), піва і прахаладжальных напіткаў (Бразавіль, Пуэнт-Нуар), пальмавага і арахісавага алеяў, тытунёвых вырабаў (Бразавіль), рыбных кансерваў (Пуэнт-Нуар), мукі, хлебапрадуктаў, кавы і інш. Працуюць прадпрыемствы буд. матэрыялаў (цэментны з-д у Лутэтэ), нафтаперапрацоўчы з-д (Пуэнт-Нуар). Хім. прам-сць прадстаўлена вытв-сцю фарбаў, мыла, інсектыцыдаў, пластмасавых, парфумерных і касметычных вырабаў. У Бразавілі і Пуэнт-Нуары вытв-сць невял. суднаў, металаканструкцый, шкла, прадпрыемствы тэкстыльнай, швейнай, гарбарна-абутковай, запалкавай прам-сці. Развіты саматужныя промыслы, у т. л. разьба па дрэве, маст. кераміка. Транспарт пераважна чыгуначны і ўнутр. водны. Даўж. чыгунак 806 км. Гал. лінія Бразавіль—Пуэнт-Нуар (517 км). Суднаходных водных шляхоў каля 2,5 тыс. км. Гал. рачны порт Бразавіль. Агульная працягласць аўтадарог 15 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём каля 1,5 тыс. км. Знешнія сувязі пераважна марскім транспартам. Гал. порт Пуэнт-Нуар, праз яго ідзе транзітны гандаль Цэнтр.афр. Рэспублікі, Чада, паўн.-ўсх. раёнаў Габона. У К. больш за 50 аэрапортаў і пасадачных пляцовак, у т. л. міжнар. аэрапорты ў Бразавілі і Пуэнт-Нуары. У 1995 экспарт склаў 670 млн. дол., імпарт — 559 млн. дол. У экспарце пераважае нафта (каля 90% па кошце), меншае значэнне маюць піламатэрыялы, фанера, кава, какава, цукар, у імпарце — металы, машыны і абсталяванне, угнаенні, харч. прадукты і інш. Асн. гандл. партнёры: Францыя (25% экспарту і 50% імпарту), ЗША (адпаведна 40 і 7%), Італія, Германія. Грашовая адзінка — афрыканскі франк.

Гісторыя. Найб. старажытным насельніцтвам на тэр. К. былі плямёны пігмеяў. У пач. н. э. тут пасяліліся плямёны банту, якія займаліся земляробствам і рамёствамі. У 16—19 ст. на тэр. К. існавала дзярж. ўтварэнне Лаанга (на ўзбярэжжы). Першыя еўрапейцы з’явіліся ў К. ў 1482, пазней К. стала адным з гал. раёнаў гандлю рабамі. У 1880 кіраўнік франц. экспедыцыі П. дэ Браза навязаў правадыру народнасці батэке дагавор аб франц. пратэктараце, заснаваў умацаваны пост Нкуна (цяпер г. Бразавіль). Берлінская канферэнцыя 1884—85 вызначыла межы франц. уладанняў у бас. р. Конга і была створана калонія Франц. К. (у 1903 перайменавана ў Сярэдняе К.). З 1910 у складзе федэрацыі Франц. Экватарыяльная Афрыка. У жн. 1940 К. адна з першых сярод франц. калоній падтрымала рух «Свабодная Францыя». З 1946 К. — заморская тэр. Францыі, з 28.11. 1958 — аўт. рэспубліка К. ў складзе Франц. супольнасці.

15.8.1960 абвешчана незалежнасць К. Першым яе прэзідэнтам у снеж. 1959 выбраны кіраўнік Дэмакр. саюза абароны афр. інтарэсаў Ф.​Юлу, які аб’яднаў пераважна прадстаўнікоў народа баконга. Празаходні курс рэжыму, карупцыя, цяжкае эканам. становішча сталі прычынай масавых пратэстаў у 1963, пад націскам якіх Юлу падаў у адстаўку. Прэзідэнтам стаў палк. А.​Масамба-Дэба, пад кіраўніцтвам якога быў створаны Нац. Рэв. рух (НРР з 1974 адзіная легальная партыя краіны). У 1966 абвешчаны курс на пабудову ў К. сацыяліст. грамадства. Намаганні Масамба-Дэба ўсталяваць рэжым асабістай улады прывялі да выступлення арміі ў ліп. — жн. 1968, у выніку чаго ўлада перайшла да Нац. савета рэвалюцыі на чале з М.Нгуабі (з 1969 прэзідэнт). У снеж. 1969 адбыўся 1-ы з’езд Кангалезскай партыі працы (КПП, пераемніца НРР), а краіна перайменавана ў Нар. Рэспубліку К. Былі ўсталяваны цесныя сувязі з СССР і інш. сацыяліст. краінамі. Пасля забойства Нгуабі (1977) прыпынена дзейнасць канстытуцыі, створаны ваен. к-т КПП на чале з Ж.​Іомбі-Апанга. У крас. 1979 прынята новая канстытуцыя, прэзідэнтам выбраны Д.​Сасу-Нгеса, які захаваў сувязі з сацыяліст. краінамі і палепшыў адносіны з краінамі Захаду, што паспрыяла хуткаму эканам. росту К. З сярэдзіны 1980-х г. эканам. цяжкасці паглыбіліся. Пачалася паступовая лібералізацыя ўнутр. палітыкі. У 1990 КПП адышла ад марксісцкай ідэалогіі і прыняла с.-д. праграму, у студз. 1991 уведзена шматпартыйнасць. На першых шматпартыйных выбарах у Нац. Асамблею ў маі 1992 перамог Панафр. саюз за сац. дэмакратыю, кіраўнік якога П.​Лісуба ў жн. 1992 выбраны прэзідэнтам К. Адначасова Сасу-Нгеса захаваў узбр. атрады, спроба раззброіць якія прывяла да грамадз. вайны ў маі—жн. 1997. Пры падтрымцы Анголы прэзідэнтам краіны зноў стаў Сасу-Нгеса. К. — член ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства. Дзейнічаюць Панафр. саюз за сац. дэмакратыю, Аб’яднанне за дэмакратыю і развіццё, Аб’яднанне за дэмакратыю і сац. прагрэс, Кангалезскі рух за дэмакратыю і інтэгральнае развіццё, Кангалезская партыя працы, Кангалезская прафс. канфедэрацыя і інш.

Асвета. Сістэма адукацыі К. ўключае дашкольныя дзіцячыя ўстановы (іх сетка развіта слаба), пач., сярэднія і прафес.-тэхн. школы, -ВНУ. Усе навуч. ўстановы дзяржаўныя, школа аддзелена ад царквы. Пач. школа для дзяцей з 6-гадовага ўзросту, тэрмін навучання 6 гадоў. Сярэдняя школа 7-гадовая, мае 2 цыклы; 1-ы (4-гадовы) — няпоўная абавязковая сярэдняя школа, 2-і — поўная сярэдняя (ліцэй, 3 гады навучання). У ліцэі вучні размяркоўваюцца па аддзяленнях (8 профіляў). Па выніках экзаменаў выпускнікам ліцэя прысвойваецца званне бакалаўра, якое дае права працаваць у пач. школе. Прафес,тэхн. падрыхтоўка вядзецца на базе пач. школы ў 2-гадовых цэнтрах пач. прафес. падрыхтоўкі і ў 4-гадовых калежах тэхн. адукацыі, паспяховае заканчэнне якіх дае магчымасць працягваць навучанне ў тэхн. ліцэі з 3-гадовым курсам павучання. Пасля заканчэння яго і здачы экзаменаў на званне бакалаўра па тэхн. спецыяльнасці выпускнікі могуць паступаць у ВНУ адпаведнага профілю. У сістэму вышэйшай адукацыі ўваходзяць Бразавільскі ун-т (засн. ў 1961 як цэнтр вышэйшай адукацыі, з 1971 ун-т), ін-ты і вышэйшыя школы. Навук. даследаванні праводзяць н.-д. цэнтры і ін-ты, у т. л. Нац. цэнтр пед. даследаванняў і дакументацыі. У 1965 у Бразавілі адкрыты Нац. музей, пры якім працуюць архіў і б-ка.

Літ.:

Думнов Д.И. Народная Республика Конго. М., 1977;

Орлова А.С. История государства Конго (XVI—XVII вв.). М., 1968;

Елисеев В.И. По джунглям Конго 2 изд. М., 1992.

Герб і сцяг Конга (Рэспубліка Конга).
Да арт. Конга (РК). Рака Конга каля г. Бразавіль.
Да арт. Конга (РК). Здабыча калійных солей.

т. 8, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з ліп. 1941 да ліп. 1944 у Мінску і яго наваколлі. Узнікла і развівалася па ініцыятыве камуністаў, камсамольцаў, рабочых, ІТР, студэнтаў, прадстаўнікоў інтэлігенцыі. Станоўчую ролю ў стварэнні падп. груп і арг-цый адыграла дзейнасць Л.Я.Адзінцова, У.С.Амельянюка, І.​Дз.​Будаева, С.​І.​Зайца, І.К.Кавалёва, Дз.А.Караткевіча, А.​Л.​Коцікава, Ф.С.Кузняцова, С.​В.​Сержановіча, І.​Г.​Сцяпуры, б. вайскоўцаў Я.​К.​Горыцы, П.​П.​Суравягіна. У ліку першых утварыліся групы на чыг. вузле (А.​Дз.​Балашоў, Ф.​К.​Жавалёў, І.​І.​Івашчонак, Кузняцоў, В.​С.​Купрыянава, К.​А.​Паўлечка, Сцяпура і інш.), у раёне Камароўкі (С.К. і У.​С.​Амельянюкі, В.С.Жудро, Заяц, А.​В.​Каліноўскі, А.​П.​Макаранка, І.​М.​Цімчук, М.А.Шугаеў), ў Кастрычніцкім раёне з б. работнікаў рэсп. канторы Белнафтазбыту (К.​Дз.​Грыгор’еў, А.​Л.​Зубкоўскі, І.П.Жазінец, В.К.Нікіфараў, Г.М.Сямёнаў і інш.), з выкладчыкаў і студэнтаў юрыд. ін-та (М.Ф.Малаковіч, М.Б.Осіпава, А.​А.​Сакалова). Падполле фарміравалася ва ўмовах жорсткага акупацыйнага рэжыму. Патрыёты вялі агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі газеты, што паступалі з тылу, выводзілі са строю абсталяванне на вытворчасці, зрывалі мерапрыемствы акупац. улад. Восенню 1941 пры актыўным удзеле ўпаўнаважанага ЦК КП(б)Б І.​К.​Кавалёва створаны Мінскі падп. гарком КП(б)Б і Ваен. савет партыз. руху (ВСПР). У склад гаркома ўваходзілі Кавалёў (сакратар), Грыгор’еў, Жудро, Заяц, Казінец, Коцікаў, Нікіфараў, І.​І.​Рогаў, Сямёнаў. Стварэнне гаркома завяршыла аб’яднанне падп. груп і арг-цый горада ў адно арганізац. цэлае. У кастр.—снеж. 1941 гарком даў жыццё першым на Міншчыне партыз. атрадам «Дзядзькі Васі», Сяргеева, Пакроўскага. Па яго заданнях збіраліся звесткі пра размяшчэнне ў горадзе і наваколлі ваен. аб’ектаў, штабоў, складоў, бензабаз ворага, наладжваліся сувязі з надзейнымі людзьмі на перыферыі, арганізоўваліся ўладкаванне б. ваеннаслужачых на работу, матэрыяльная дапамога падпольшчыкам. Найб. важныя звесткі перапраўляліся ў партыз. атрады, адтуль — за лінію фронту. У пач. 1942 ВСПР аб’ядноўваў больш за 300 чал., ажыццяўляў кантакты з партыз. атрадамі, што дзейнічалі ў Дзяржынскім, Заслаўскім, Лагойскім, Плешчаніцкім і Рудзенскім р-нах; з яго ўдзелам створана некалькі атрадаў, куды савет накіроўваў камандзіраў і палітработнікаў. У канцы 1941 гарком і ВСПР арганізавалі першую падп. друкарню, дзе выпускаўся перыяд. лісток «Вестник Родины», зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі; у маі 1942 выйшаў 1-ы нумар падп. газ. «Звязда» (рэд. У.​Амельянюк, 2—4-га нумароў — Я.​М.​Савіцкая). У 1941 у Мінску і наваколлі дзейнічала каля 50 падп. груп і арг-цый (больш за 2 тыс. чал.): на Балотнай станцыі, плодаагародніннай базе № 1, цагельным з-дзе № 1, ст. Мінск-Таварная, у гаражы Мінгаруправы, у в. Прылепы, група студэнтаў і выкладчыкаў юрыд. ін-та, у паравозным дэпо, на вагонарамонтным з-дзе, на ЦЭЦ-2, Старажоўскай хлебапякарні, цагельных з-дах № 2 і 3, на Грушаўскім пасёлку, цвіковым з-дзе, у інфекц. бальніцы, «Вера», на гарбарным і станкабуд. з-дах, у медпункце і на чыг. ст. Мінск-Пасажырскі, у Доме друку, Доме ўрада, на Пугачоўскім зав., у аптэцы № 1, на піўзаводзе, на чыг. вузле, у в. Ліпкі, ваен. гарадку Сцяпянка, у раёне вуліц Калгаснай, Маладзечанскай, Саўгаснай і Старавіленскай, на хлебзаводзе «Аўтамат», у друкарні Дома друку, на малочным з-дзе, хімфармзаводзе, на дрожджа-патачным з-дзе, «Красворд», на мэблевай ф-цы па вул. Апанскага, група настаўнікаў, на складзе бухгалтарскіх бланкаў, група Лагойскага падп. райкома КП(б)Б, у раёне вуліц Р.​Люксембург і К.​Лібкнехта, на радыёзаводзе, у гаражы гаруправы, «Каўказ», медработнікаў, арг-цыя «Андруша». У складзе М.п.п. з ліп. 1941 дзейнічала камсам.-маладзёжнае падполле (кіраўнік С.​А.​Благаразумаў), створанае гаркомам КП(б)Б і структурнымі органамі ЛКСМБ: на радыёзаводзе, вагонарамонтным, гарбарным, цвіковым з-дах, на Балотнай станцыі, на чыг. вузле, арг-цыя «Андруша» (больш за 60 чал.). У снеж. 1942 пасля арышту і пакарання смерцю Благаразумава Мінскі падп. міжрайком ЛКСМБ стварыў Мінскі падп. гарком ЛКСМБ (дыслацыраваўся ў Заслаўскім р-не), які праз сувязных узначаліў маладзёжны падп. рух у Мінску. У першыя месяцы пасля стварэння гета (19.7.1941) яго вязні стварылі «дзесяткі» і інш. групы, якія адыгралі важную ролю ў наладжванні сувязі з гар. падполлем, арганізацыі матэрыяльнай і фінансавай дапамогі падполлю і партызанам, зборы сакрэтнай інфармацыі, перапраўцы вязняў у партызаны.

Гарком і ВСПР сваю дзейнасць накіроўвалі ў адпаведнасці з падзеямі на фронце: у снеж. 1941, у час бітвы пад Масквой, група падпольшчыкаў учыніла дыверсію, у выніку якой на 10 дзён спыніўся рух ням. эшалонаў на фронт; на ЦЭЦ-2 зрывалі падачу электраэнергіі на ваен. аб’екты ворага (выводзілі са строю абсталяванне, зацягвалі яго рамонт, сапсавалі прылады гал. пульта). Недастатковая канспірацыя ў арганізацыі некаторых аперацый прывяла ў сак. 1942 да арышту і гібелі кіраўнікоў (П.​І.​Антохін, Рогаў) і многіх членаў ВСПР і да спынення дзейнасці гэтай арг-цыі. У сак.—крас. ахвярамі ням. рэпрэсій сталі члены арг-цый і груп падполля, вязні гета. Пасля катаванняў 7.5.1942 публічна пакараны смерцю 28 кіраўнікоў і актывістаў, у т. л. чл. гаркома Казінец, Заяц, Сямёнаў, расстраляны 251 падпольшчык. Але актыўная барацьба з акупантамі працягвалася. У пач. мая на канспіратыўнай кватэры М.П.Дразда адбылася нарада актыву падполля з 14 чал., на якой вырашаліся пытанні ўдасканалення арганізац. структуры і канспірацыі падполля. У склад гаркома давыбраны У.​Амельянюк (пасля яго гібелі К.І.Хмялеўскі) і Караткевіч, выйшаў са складу Грыгор’еў Былі створаны 5 падп. гар. райкомаў КП(б)Б: Варашылаўскі (сакратар Шугаеў), Кастрычніцкі (Хмялеўскі, з вер. М.К.Каржанеўскі), Сталінскі (Н.Я.Герасіменка), Тэльманаўскі (раён гета, М.Л.Гебелеў), Чыгуначны (Коцікаў, з вер. І.І.Матусевіч). Пад кіраўніцтвам і пры ўдзеле гаркома адноўлена і пашырана сетка падп. арг-цый. З удзелам падпольшчыкаў да 1943 створана каля 20 партыз. атрадаў, брыгады «Дзядзькі Колі», «Стары», «Штурмавая». У выніку прапагандысцкай работы падпольшчыкаў 357 чал. з укр. ахоўных батальёнаў, больш за 150 салдат-антыфашыстаў (бельгійцы, немцы, палякі, сербы, славакі і інш.) перайшлі да партызан. Падпольшчыкі сістэматычна адпраўлялі партызанам зброю, выбуховыя прылады, радыёпрыёмнікі, пішучыя машынкі, паперу, соль, вопратку, бінты і інш., у т. л. члены падп. арг-цыі на Грушаўскім пас. і хлебазаводзе «Аўтамат» адвезлі брыгадзе Нікіціна машыну з хлебам; з хімзавода ў 11 атрадаў перадалі медыкаменты і перавязачныя матэрыялы; з гарбарнага з-да тром атрадам — больш за 100 кажухоў, футравых безрукавак, некалькі соцень аўчынных шапак, рукавіц, 13 шавецкіх машын; са станкабуд. з-да вывозілі сакрэтную тэхн. дакументацыю; па заданні гаркома ў бюро пропускаў гар. камісарыята каля 2 гадоў працаваў З.​З.​Гала, які забяспечваў нелегалаў бланкамі пропускаў, узорамі ням. пячатак, подпісаў, папярэджваў пра аблавы і інш. карныя мерапрыемствы акупантаў; прафесар Я.У.Клумаў разам з інш. медыкамі лячыў параненых патрыётаў, забяспечваў падполле і партызан медыкаментамі, хірург. інструментам, поўнасцю абсталяваў 2 партыз. шпіталі. Ва ўзаемадзеянні з партызанамі падпольшчыкі правялі шэраг дыверсій у авіямайстэрнях, на станкабуд. і хіміка-фармацэўтычным з-дах, чыг. вузле, прыводзілі ў непрыгоднасць на складах акупантаў харч. прадукты, парушалі тэлефонную сувязь і інш. Пад уплывам гаркома дзейнічалі Дзяржынскае патрыятычнае падполле, Тарасава-Ратамскае патрыятычнае падполле. У канцы 1942 — пач. 1943 пасля жорсткіх допытаў загінулі сакратар гаркома Кавалёў, чл. гаркома Караткевіч, Хмялеўскі, Нікіфараў, сакратары гаррайкомаў Герасіменка, Каржанеўскі, Матусевіч, Шугаеў, шмат актывістаў падполля. З вер. 1942 (час арышту кіраўнікоў падполля) да вер. 1943 у Мінску не існавала адзінага падп. кіруючага цэнтра. Партызаны выходзілі на падполле праз сувязных. У крас. 1943 акупанты правялі карную аперацыю «Чароўная флейта», у адказ на якую падпольшчыкі ўчынілі шэраг дыверсій на прадпрыемствах горада. У час Курскай бітвы 1943 чыгуначнікі затрымалі і пашкодзілі 155 паравозаў. Пасля вял. страт у антыфаш. руху Мінска ў 1943 ЦК КП(б)Б, падп. Мінскі абком, Мінскі і Слуцкі міжрайкомы, Барысаўскі міжрайпартцэнтр, Дзяржынскі, Заслаўскі, Лагойскі, Мінскі, Рудзенскі, Смалявіцкі, Чэрвеньскі райкомы, камандаванне партыз. фарміраванняў, што былі звязаны з М.п.п., прынялі дадатковыя меры для працягу антыфаш. барацьбы. 29.9.1943 ЦК КП(б)Б зацвердзіў прапанову Мінскага падп. абкома пра стварэнне Мінскага падп. гаркома КП(б)Б (сакратары С.​К.​Ляшчэня, Г.​М.​Машкоў, І.​П.​Паромчык, базіраваўся ў партыз. зоне пры спецатрадзе НКДБ СССР «Мясцовыя»), які накіроўваў дзейнасць падполля ў горадзе праз спец. партыз. сувязных. 22.9.1943 падпольшчыцы А.Р.Мазанік, Осіпава, Н.​В.​Траян здзейснілі падрыхтаванае падполлем знішчэнне ген. камісара Беларусі В.​Кубэ. Восенню 1943 акупанты правялі ў горадзе новыя карныя мерапрыемствы, у т. л. амаль поўнасцю знішчылі гета. Да канца 1943 сетка падп. утварэнняў ахапіла амаль увесь горад. Узніклі падп. групы на хлебазаводзе «Аўтамат», у Кастрычніцкім р-не, чыг. упраўленні па вул. Апанскага, на вул. Грушаўскай, з работнікаў грабянёвай ф-кі, гаруправы, хлебазавода № 1, Бел. тэатра, на чыг. вузле, «Першыя», «Суседзі», «Чацвёртыя», «Родныя», «Юрый», «Мсцівец», «Актыўныя», «Артур», арг-цыі «Танюша» на радыёзаводзе, вул. Грунтавая, «Зубілкін», «Галя», «Тамара», «Таццяна», «Роберт», «Адам», «Крылоў», «Вырві вока», «Віктар», «Уладзімір». Толькі ў 1944 у горадзе было зарэгістравана больш за 60 дыверсій, учыненых падпольшчыкамі. За час акупацыі ў горадзе дзейнічала больш за 90 падп. груп і арг-цый (6355 чал.), існавала больш за 200 канспіратыўных кватэр; падпольшчыкі правялі больш за 1500 баявых аперацый. У перыяд адступлення захопнікаў падпольшчыкі перашкаджалі ім у знішчэнні прамысл. і адм. будынкаў, вывазе і знішчэнні нарабаванай маёмасці і харч. прадуктаў. За гераізм і мужнасць у барацьбе супраць ням.-фаш. акупацыі У.​С.​Амельянюку, І.​П.​Казінцу, Я.​У.​Клумаву, І.​К.​Кабушкіну, М.​А.​Кедышку, А.​Р.​Мазанік, М.​Б.​Осіпавай, Н.​В.​Траян прысвоена званне Героя Сав. Саюза, каля 600 чал. узнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР. 26.6.1974 Мінску нададзена ганаровае званне «Горад-герой». Імёнамі падпольшчыкаў Адзінцова, Амельянюка, Гала, Герасіменкі, Дразда, Жудро, І.​К.​Кабушкіна, Кавалёва, Казінца, Караткевіча, Каржанеўскага, М.​А.​Кедышкі, Клумава, А.​М.​Ляўкова, Матусевіча, Сямёнава, Хмялеўскага, В.​Д.​Шацько названы вуліцы Мінска. Месцы, звязаныя з дзейнасцю падполля і гібеллю падпольшчыкаў, адзначаны мемар. знакамі.

Літ.:

О партийном подполье в Минске в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944 гг.). Мн., 1961;

Савицкая Я.М. Бойцы подпольного фронта. Мн., 1982;

В непокоренном Минске: Док. и материалы о подпол. борьбе сов. патриотов в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944). Мн., 1987;

Лещеня С.К. С паролем горкома. 2 изд. Мн., 1988;

Доморад К.И. Партийное подполье и партизанское движение в Минской области, 1941—1944. Мн., 1992;

Мінскае антыфашысцкае падполле. Мн., 1995.

Я.​І.​Бараноўскі, І.​М.​Ігнаценка.

Да арт. Мінскае патрыятычнае падполле. Помнік падпольшчыкам у Цэнтральным скверы.
Да арт. Мінскае патрыятычнае падполле. Мемарыяльная дошка на вул. Караля.

т. 10, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

М’Я́НМА, Саюз М’янма (П’ідаўнзу м’янманайнган),

дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, на ПнЗ п-ва Індакітай. Мяжуе на З з Бангладэш і Індыяй, на У з Кітаем, Лаосам, Тайландам. На Пд абмываецца Бенгальскім зал. і Алдаманскім м. Пл. 676,6 тыс. км². Нас. 48,1 млн. чал. (1999). Дзярж. мова — м’янма (бірманская). Сталіца — г. Янгон (Рангун). Падзяляецца на 14 адм. адзінак (7 нац. аўтаномных і 7 адм. абласцей). Нац. свята — Дзень незалежнасці (4 студз.).

Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Да правядзення парламенцкіх выбараў уладу ў краіне ажыццяўляе Дзярж. савет міру і парадку, старшыня якога займае пасады кіраўніка дзяржавы, прэм’ер-міністра і міністра абароны.

Прырода. Пераважае горны рэльеф. У цэнтр. ч. — падоўжнае паніжэнне з р. Іравадзі, якое ў восевай ч. занята раўнінай, на Пд — нізіннай дэльтай. На З сістэма сярэдневысокіх, глыбока парэзаных складкавых гор; гал. хрыбты Пакхайн (на Пн) і Ракхайн (на Пд). На крайняй Пн горы да 5881 м (г. Кхакабаразі). На У Шанскае нагор’е з чаргаваннем горных хрыбтоў (выш. каля 1,5 тыс. м) і катлавін. Бываюць землетрасенні. На тэр. М. адкрыты і разведаны радовішчы нафты, прыроднага газу, каменнага вугалю, руд нікелю, вальфраму, волава, медзі, свінцу, жалеза, сурмы, золата, каштоўных і вырабных камянёў (рубін, жадэіт, сапфір, ювелірная шпінель) і інш. Клімат субэкватарыяльнага пояса. на Пд з мусонным рэжымам ападкаў, на Пн пераходны да субтрапічнага. У раўнінных раёнах сярэдняя т-ра студз. на Пд каля 20—25 °C, на Пн 13—15 °C, найб. горача ў сак.—крас. (30—32 °C). Ападкаў у гарах да 2000—3000 мм, месцамі да 5000 мм, ва ўнутр. катлавінах 500—1000 мм за год. Чэрв.—кастр. — перыяд дажджоў. Рэкі мнагаводныя, выкарыстоўваюцца на арашэнне. Галоўныя: Іравадзі (найб. прыток Чындуін), Салуін, Каладан, Сітаўн. Больш як палавіна тэр. пад лесам. На нізінах і ў перадгор’ях пальмы, фікусы, бамбук. вышэй — каштоўныя пароды (цік, сал), у цэнтр. раёнах — лістападныя лясы, саванны. Жывёльны свет багаты і разнастайны: сланы, тыгры, насарогі, леапарды, шакалы, гімалайскі і малайскі мядзведзі, малпы, куніцы. Шмат птушак, насякомых. На тэр. М. — рэзерваты Підаўн, Шуэдаўн і інш.

Насельніцтва. Каля 75% складаюць м’янма (бірманцы), народ тыбета-бірманскай моўнай групы, да якой у М. належаць карэны (больш за 3,5 млн. чал.), чыны (каля 0,9 млн.), качыны (каля 0,7 млн.), кая (каля 150 тыс.); да тайскай моўнай групы адносяцца шаны (больш за 3 млн. чал.), да аўстраазіяцкай сям’і — моны (каля 0,7 млн.). На Пд і ў буйных гарадах — каля 0,5 млн. выхадцаў з Індыі і Бангладэш, 0,4 млн. кітайцаў. Сярод вернікаў пераважаюць будысты (каля 90%); мусульман 4%, хрысціян і індуістаў — па 1,5%. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,65%. Сярэдняя шчыльн. каля 71 чал. на 1 км². Большасць насельніцтва сканцэнтравана ў даліне і дэльце Іравадзі, дзе шчыльн. дасягае 1000 чал. на 1 км². Павышаная шчыльн. на марскім узбярэжжы, рэдкая — у горных і лясных раёнах (1—5 чал. на 1 км²). У гарадах 26% насельніцтва. Найб. горад Янгон — 3873 тыс. ж. (1998). Каля 400—500 тыс. ж. у гарадах Мандалай, Басейн, Малам’яйн, М’ей. У сельскай гаспадарцы занята 67% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 10%, астатнія — у абслуговых галінах.

Гісторыя. Чалавек на тэр. М. вядомы з ніжняга палеаліту. З 9 ст. тут пасяліліся плямёны бірманцаў (м’янма). Яны стварылі дзяржаву Паган, якая дасягнула росквіту ў 11—13 ст. У канцы 13 ст. Паган разгромлены манголамі (гл. Мангольскія заваяванні) і распаўся. У сярэдзіне 18 ст. адбылося аб’яднанне краіны пад уладай дынастыі Канбаўн. У выніку англа-бірманскіх войнаў (1824—26, 1852—53, 1885) М. заваявана Вялікабрытаніяй. У 1886—1937 — у складзе Брыт. Індыі, з 1937 — асобная калонія (англ. — Бірма). У 1942—45 акупіравана яп. войскамі, барацьбу супраць якіх узначаліла створаная ў 1944 Антыфашысцкая ліга народнай свабоды (АЛНС) на чале з Аун Санам. У маі 1945 вызвалена ў выніку ўзбр. паўстання на чале з АЛНС пры падтрымцы брыт. войск. На парламенцкіх выбарах 1947 перамагла АЛНС, яе лідэр У Ну стаў прэм’ер-міністрам краіны.

4.1.1948 абвешчаны незалежны Бірманскі саюз. Унутрыпаліт. становішча краіны было няўстойлівым з-за вострай барацьбы паміж паліт. партыямі, грамадз. вайны супраць камуністаў і нац. меншасцей на ўскраінах М. 2.3.1962 вайскоўцы скінулі ўрад У Ну. Новы ўрад на чале з Не Вінам прыняў праграму «Бірманскі шлях да сацыялізму» і абвясціў сацыяліст. арыентацыю краіны. Была створана адзіная легальная партыя — Бірманская партыя сацыяліст. праграмы. У 1974 прынята новая канстытуцыя, краіна атрымала назву Бірманскі Сацыяліст. Саюз. Курс на сацыяліст. арыентацыю ў 1960—80-я г. скончыўся правалам. У выніку масавых нар. выступленняў у сак.—жніўні 1988 Не Він падаў у адстаўку. 18.9.1988 адбыўся ваен. пераварот і ўлада перайшла да Дзярж. савета па аднаўленні законнасці і парадку (ДСАЗП; з ліст. 1997 — Дзярж. савет міру і развіцця) на чале з ген. Тан Шве. З 1989 краіна наз. Саюз М. На выбарах 1990 80% месцаў у парламенце заваявала гал. апазіцыйная арг-цыя — Нац. ліга за дэмакратыю (НЛД) на чале з Аун Сан Су Чжы. ДСАЗП адмовіўся перадаць уладу парламенту і арыштаваў лідэраў апазіцыі. У студз. 1993 ён стварыў Нац. канстытуцыйную канферэнцыю (НКК) для распрацоўкі новай канстытуцыі. У 1995 прадстаўнікі НЛД выйшлі з НКК і стварылі Парламенцкі прадстаўнічы к-т дэпутатаў, выбраных у 1990. Частка дэпутатаў на чале з Сейн Лвінам стварыла за мяжой «Нацыянальны кааліцыйны ўрад».

М. — чл. ААН (з 1948), Арг-цыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі (АСЕАН, з 1997). Дыпламат. адносіны паміж Саюзам М. і Рэспублікай Беларусь устаноўлены 22.9.1999. Дзейнічаюць паліт. арг-цыі: Нац. ліга за дэмакратыю, Партыя нац. адзінства.

Гаспадарка. М. — агр. краіна з цэнтралізаваным планаваннем эканомікі. Даход на 1 чал. адзін з самых нізкіх у свеце, не перавышае 250—300 дол. ЗША за год. Праведзена агр. рэформа, створаны дзярж. сектар (буйныя прамысл. прадпрыемствы, чыг., унутр. водны і паветр. транспарт, цэнтр. банк і інш.); дзяржава кантралюе знешні гандаль і крэдытна-фін. сістэму. У дзярж. і каап. сектарах ствараецца больш за 50% валавога ўнутр. прадукту. Сельская гаспадарка разам з лясной і рыбалоўствам дае каля 60% нац. даходу. Пад с.-г. ўгоддзямі 15% тэр. (больш за 10 млн. га). Арашаецца каля 2 млн. га, з некаторых участкаў збіраюць 2 і больш ураджаяў за год. Асн. частку прадукцыі даюць дробныя гаспадаркі (да 3—4 га). Гал. с.-г. раёны — даліна і дэльта р. Іравадзі, марское ўзбярэжжа. Збор (тыс. т, 1995): рысу — 20 100 (гал. с.-г. культура, займае больш за палавіну с.-г. зямель), кукурузы — 275, пшаніцы — 147, проса — 150, арахісу — 501, кунжуту — 966. Цукр. трыснягу сабрана 2,2 млн. т, агародніны — 2,2 млн. т, фруктаў (цытрусавыя, бананы, ананасы, манга) — 1 млн. т. Вырошчваюць таксама батат, маніёк, бавоўнік, джут, тытунь, сланечнік, перац, каву, чай, каўчуканосы. М. — буйнейшы ў свеце вытворца опіуму-сырцу (больш за 2,5 тыс. т штогод). Больш за 80% усіх пасеваў рысу — у ніжняй ч. даліны Іравадзі і яе дэльце. У больш засушлівай ч. даліны вырошчваюць проса, кукурузу, бабовыя, кунжут, арахіс, бавоўнік, сланечнік, на Шанскім нагор’і — пшаніцу, цытрусавыя, чай, батат, маніёк, на ўзбярэжжы — каўчуканосы і какосавую пальму. Жывёлагадоўля развіта слаба, буйн. раг. жывёлу і буйвалаў выкарыстоўваюць як цяглавую сілу. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 10,5, буйвалаў 2,3, свіней 3,5, коз 1,3, авечак 0,37. У сельскай і лясной гаспадарцы выкарыстоўваюць прыручаных сланоў (каля 1 тыс.). Пашавая жывёла гадоўля найб. развіта на Шанскім нагор’і. Вытв-сць (1995, тыс. т): малака кароў і буйваліц 548, свініны 102, ялавічыны і цяляціны 92. Развіта птушкагадоўля, у 1997 было 33 млн. курэй. Пашырана марское і рачное рыбалоўства, у 1997 вылаўлена 830,3 тыс. т рыбы. Здабыча жэмчугу. Лясная гаспадарка займае самаст. месца ў эканоміцы краіны. Нарыхтоўваецца драўніна ціку (каля 70% сусв. прадукцыі), а таксама інш. цвёрдых лісцевых парод. Развіты гарнарудная і апрацоўчая прам-сць. Здабываюць (1995) нафту — каля 1 млн. т, прыродны газ — 1,9 млрд. м³, каменны вугаль — 48 тыс. т, руды цынку, свінцу, вальфраму, волава, медзі і інш., каштоўныя і вырабныя камяні. У 1996 атрымана 3,8 млрд. кВт∙гадз электраэнергіі. Электрастанцыі працуюць пераважна на прыродным газе ў найб. гарадах, ёсць ГЭС на горных рэках. Гал. галіны апрацоўчай прам-сці — харч. (рысаачышчальная, рыбаперапр., алейная, цукр., тытунёвая) і тэкст. (вытв-сць шаўковых і баваўняных тканін, джутавых вырабаў). Ёсць свінцова-цынкавы камбінат, 2 нафтаперапр. з-ды (агульная магутнасць 1 млн. т), металургічны з-д (выпускае штогод 50—100 тыс. т сталі), прадпрыемствы суднабудаўнічыя і суднарамонтныя, трактара-, аўта- і велазборачныя, па вытв-сці азотных угнаенняў і фармацэўтычных тавараў, цэм. і цагельныя з-ды. Працуюць лесапільні, прадпрыемствы па вырабе абутку, запалак, цэлюлозы і паперы. Развіта саматужная вытв-сць с.-г. прылад, мэблі, посуду, тканін, лакіраваных і плеценых вырабаў, прадметаў будыйскага культу, разьбярства па дрэве, слановай косці і серабру. Больш за палавіну прамысл. прадукцыі вырабляецца ў г. Янгон. Транспарт унутр. водны, чыг., аўтамаб., марскі. Працягласць унутр. водных шляхоў больш за 8 тыс. км. Гал. трансп. артэрыя — р. Іравадзі і яе прыток Чындуін, суднаходныя таксама ніжнія цячэнні рэк Салуін і Каладан. Даўж. чыгункі 5060 км. Асн. лініі ў даліне р. Іравадзі, злучаюць унутр. раёны з марскімі партамі. Аўтадарог 27 тыс. км. У краіне 35 тыс. легкавых аўтамабіляў, 34 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Марскі транспарт абслугоўвае знешнія сувязі, пашыраны кабатажныя перавозкі. Гал. парты: Янгон, Басейн, Малам’яйн, Сітуэ. Гал. ўнутр. порт і трансп. вузел Мандалай. 19 аэрапортаў, міжнар. аэрапорты каля Янгона і Мандалая. У 1996 экспарт склаў 1,1 млрд. дол., імпарт — 2 млрд. дол. М. экспартуе драўніну і піламатэрыялы, рыс, каўчук, каштоўныя і вырабныя камяні, канцэнтраты і руды каляровых металаў, імпартуе машыны і абсталяванне, хімікаты, спажывецкія тавары. Гал. гандл. партнёры: Кітай, Японія, Сінгапур, Інданезія. Грашовая адзінка — к’ят (чжа або джа).

Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС і ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў (нар. паліцыя і нар. міліцыя). Агульная колькасць (1999) больш за 0,5 млн. чал., у т. л. 429 тыс. чал. у рэгулярных узбр. сілах. Вярх. галоўнакамандуючы — старшыня Дзярж. савета міру і парадку. Камплектаванне паводле прызыву. У сухап. войсках больш за 400 тыс. чал., 235 танкаў, 270 бронетранспарцёраў, 250 гармат і інш. У ВПС 9 тыс. чал., 91 баявы самалёт, 18 баявых верталётаў. У ВМС каля 20 тыс. чал., у т. л. 800 чал. у марской пяхоце, 7 баявых караблёў (5 дэсантных), 63 катэры, у т. л. 3 ракетныя.

Літ.:

Можейко И.В., Узянов АН. История Бирмы (Краткий очерк). М., 1973.

М.​С.​Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​М.​Пісараў (гісторыя), Р.​Ч.​Лянькевіч (узбр. сілы).

Герб і сцяг М’янмы.
Да арт. М’янма: 1 — ландшафт у цэнтральнай частцы М’янмы; 2 — ірыгацыйная сістэма Чэмоўтау.
Да арт. М’янма. Пагада Шуэдагоўн (Шведагон) у Рангуне. 14 ст., неаднаразова перабудаваная да 18 ст.

т. 11, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЫГЕ́Я, Рэспубліка Адыгея,

у складзе Рас. Федэрацыі. Пл. 7,6 тыс. км². Нас. 426 тыс. чал. (1987), гарадскога 51%; адыгейцы, рускія, украінцы і інш. Сталіца — г. Майкоп.

Прырода. Адыгея размешчана ў паўн.-зах. ч. Каўказа на левабярэжжы рэк Кубань і Лаба; паўн. ч. — на Прыкубанскай раўніне, парэзанай далінамі рэк і лагчынамі, паўд. ч. — на перадгор’ях і схілах В.​Каўказа (выш. да 3238 м, г. Чугуш). Ёсць прыродны газ, буд. матэрыялы, мінер. крыніцы. Клімат умерана кантынентальны, цёплы. Сярэдняя т-ра студз. каля -2 °C, ліп. 22 °C. Ападкаў каля 700 мм за год. Безмарозны перыяд 180 дзён. Рэкі бас. Кубані (Лаба, Белая, Пшыш, Псекупс). Вадасховішчы: Краснадарскае, Шапсугскае, Акцябрскае і інш. На б. ч. тэр. — чарназёмы, пашыраны каштанавыя глебы, у гарах — шэрыя і бурыя лясныя. Шыракалістыя лясы перадгор’яў займаюць ​2/5 тэрыторыі, у гарах піхта, елка, хвоя. Водзяцца зубр, серна, каўказскі алень, казуля, дзік, буры мядзведзь, выдра, барсук, ліс і інш. У Адыгеі асн. ч. Каўказскага запаведніка.

Гісторыя. Звесткі пра стараж. чалавека на тэр. Адыгеі адносяць да палеаліту. Продкі адыгаў згадваюцца ў пісьмовых крыніцах з сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. З 4 ст. н.э. адыгі апрача жывёлагадоўлі і земляробства займаліся ганчарствам, кавальствам, ювелірным і інш. рамёствамі, падтрымлівалі гандлёвыя сувязі з народамі Каўказа, Крыма, з Іранам і Візантыяй, з генуэзскімі гарадамі-калоніямі, што існавалі да 15 ст. на марскім узбярэжжы Адыгеі. Прыблізна з 13 ст. з зах.-адыгейскіх плямёнаў пачала складвацца адыгейская народнасць. У 13 ст. Адыгея заваявана Залатой Ардой. З 16 ст. на землі Адыгеі спусташальныя набегі рабілі тур. султаны і крымскія ханы. Яны бралі вял. палон, насаджалі іслам, што прымусіла адыгейцаў шукаць абароны ў Расіі. У 1555—57 Адыгея далучана да Расіі. З крас. 1917 на тэр. Адыгеі пашыралася ўлада Кубанскай рады. У студз. 1918 абвешчана сав. ўлада, з мая тэр. Адыгеі ў складзе Кубана-Чарнаморскай сав. рэспублікі, з ліп. — Паўночна-Каўказскай савецкай рэспублікі. Восенню 1918 Адыгея занята войскамі Добраахвотніцкай арміі, кіравалася адміністрацыяй Дзянікіна ўрада. У сак. 1920 адноўлена сав. ўлада. 27.7.1922 утворана Чэркеская (Адыгейская) аўт. вобласць, 24 жн. перайменавана ў Адыгейскую (Чэркескую), з ліп. 1928 — у Адыгейскую аўт. вобласць; адм. ц. — г. Краснадар, з 1936 — г. Майкоп. З 1937 аўт. вобласць у складзе Краснадарскага краю. У 1991 абвешчана Рэспубліка Адыгея ў складзе Рас. Федэрацыі.

Гаспадарка. Вядучыя галіны прам-сці: харч. (кансервавая, маслабойная, мясная, цукр., эфіраалейная, чайная і інш.); машынабуд. (станкабудаванне); лясная і дрэваапр. (вытв-сць мэблі, цэлюлозы, кардону). Газаздабыўная прам-сць. Асн. прамысл. цэнтр — Майкоп. Пасевы збожжавых (пшаніца, кукуруза, рыс) і тэхнічных (сланечнік, цукр. буракі, тытунь) культур. Вырошчваюць агародніну, бахчавыя, бульбу, кармавыя культуры. Вінаградарства і пладаводства. У жывёлагадоўлі вядучае месца займае развядзенне буйн. раг. жывёлы. Птушкагадоўля. Пчалярства. Суднаходства па р. Кубань. Аўтамаб. траса Майкоп — Дагамыс. Зах. ч. перасякае чыгунка Краснадар—Новарасійск.

Культура. У 1992 у Адыгеі 204 дашкольныя дзіцячыя ўстановы (21,6 тыс. дзяцей), 165 агульнаадук. школ (62,7 тыс. вучняў, больш за 5 тыс. настаўнікаў), 10 ПТВ (4,5 тыс. навучэнцаў), 6 сярэдніх спец. навуч. устаноў (7 тыс. навучэнцаў); Адыгейскі пед. ін-т (больш за 5 тыс. студэнтаў), 177 б-к. Гісторыка-краязнаўчы музей у Майкопе.

Выходзяць газеты «Адыгэ макъ» («Голас Адыга»), «Адыгейская правда» і інш.

Нар. паэзія адыгейцаў уключае паданні пра нартаў, гераічныя, ваенна-гіст. песні, песні-галашэнні, калыханкі, паляўнічыя, працоўныя, лірычныя, вясельныя і інш. Развіццё адыгейскай л-ры звязана са стварэннем у 1918 пісьменства і друку на адыгейскай мове. Першыя поспехі звязаны з імёнамі І.​Цэя, М.​Паранука, А.​Хаткова, Т.​Керашава. У 1930-я г. зроблены першыя запісы песень нар. ашуга Цуга Тэўчэжа і створаных ім паэм. У пасляваенны час плённа працавалі А.​Еўтых, А.​Гадагатль, Ю.​Тлюстэн, Дж.​Джагупаў, І.​Машбаш, Х.​Ашынаў і інш. Развіццю адыгейскай л-ры ў 1970—90-я г. спрыяла творчасць М.​Тхаркаха, Е.​Мамія, К.​Кумпілава, Н.​Куека, П.​Кашубаева, Т.​Чамокава і інш.

Найб. стараж. помнікі на тэр. Адыгеі (дальмены, наскальныя выявы, залатыя і сярэбраныя пасудзіны і фігуркі т.зв. майкопскай культуры) адносяцца да мезаліту і бронзавага веку. Да ранняга жал. веку належаць ювелірныя вырабы «звярынага стылю», кераміка, рэшткі абарончых і культавых збудаванняў. З даўніх часоў пашырана прыкладное мастацтва (залатое шыццё, разьба па дрэве і камені, лямцавыя дываны і інш.). У 1950 у Майкопе створана абл. маст.-вытв. майстэрні Краснадарскага аддз. маст. фонду Расіі.

Музыка адыгейцаў мае шэраг самабытных адметных рысаў. У яе аснове дыятанічныя лады, 2-дольная метрыка, у архаічных жанрах — нерэгулярна пераменная метрыка, мноства трыёляў, сінкопаў і інш. Сярод песенных жанраў працоўныя і абрадавыя песні. Танцы: зафак, ісламей, зыгатлат, удж-турыту, удж-хурай, зекакаш. Сярод інструментаў: флейта камыль, гармонік пшынэ, драўляная трашчотка пхачыч, струнна-смычковы апепшын. Найб. вядомыя кампазітары: У.​Тхабісімаў, А.​Нехай, Г.​Самогава, М.​Бесіджаў, Г.​Чыч, Дж.​Натха, Ч. і В.​Анзарокавы. У Адыгеі працуюць (1988): Ансамбль нар. танца (Майкоп), філармонія, муз.-пед. ф-т Адыгейскага пед. ін-та, вучылішча мастацтваў, муз. школы.

Вытокі тэатр. мастацтва Адыгеі ў стараж. нар. эпасе, жартоўных сцэнках, якія ўваходзілі ў бытавыя, святочныя і працоўныя абрады. Першы нац. тэатр. калектыў — Адыгейскі абл. калгасна-саўгасны тэатр (1936). У 1941 у Майкопе створаны абл. драм. т-р імя А.​С.​Пушкіна (рус. і адыгейская трупы). У рэпертуары п’есы нац., рус., замежных драматургаў.

т. 1, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРМА́НСКАЯ ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ РЭСПУ́БЛІКА (Deutsche Demokratische Republik, ГДР),

дзяржава ў Цэнтр. Еўропе ў 1949—90. Пл. 108 333 км², нас. 16,64 млн. чал. (1985). Сталіца — г. Берлін (Усходні). Уключала сучасныя землі ФРГ: Берлін (часткова), Брандэнбург, Мекленбург-Пярэдняя Памеранія, Саксонія, Саксонія-Ангальт, Цюрынгія. Узнікла ва ўмовах «халоднай вайны» на тэр. Усх. Германіі, што знаходзілася ў сав. зоне акупацыі, пасля таго, як на зах.-герм. землях была ўтворана ФРГ (вер. 1949). Абвешчана 7.10.1949 Ням. нар. саветам (створаны ў выніку дзейнасці Нямецкага народнага кангрэса), які прыняў рэсп. канстытуцыю (праект зацверджаны 30.5.1949) і канстытуіраваўся як часовая Нар. палата (парламент). 10.10.1949 сав. ваен. адміністрацыя абвясціла пра перадачу функцый кіравання ўладам ГДР. 11.10.1949 прэзідэнтам краіны выбраны В.Пік, урад узначаліў О.Гротэваль. 6.7.1950 у г. Гёрліц падпісана пагадненне з Польшчай аб прызнанні міждзярж. граніцы па лініі Одэр—Нейсе. У ходзе 2-гадовага плана (1949—50) у асноўным адноўлена гаспадарка краіны. Гэтаму садзейнічалі эканам. дапамога СССР і ўступленне ГДР у 1950 у Савет Эканамічнай Узаемадапамогі (СЭУ). На II канферэнцыі кіруючай леваарыентаванай Сацыяліст. адзінай партыі Германіі (САПГ; створана ў 1946) прынята праграма пабудовы сацыялізму на ўзор СССР. У 1952 праведзена адм. рэформа: замест 5 зямель створаны 14 новых акруг. Фарсіраванне эканам. працэсаў адм. метадамі з боку САПГ (у т. л. павышэнне рабочых нормаў пры фактычным памяншэнні ўзроўню зарплаты) выклікалі дэманстрацыі пратэсту рабочых у шэрагу буйных гарадоў і паўстанне 17.6.1953 у Берліне, якое ліквідавалі сав. войскі і ўлады ГДР. Пасля ўваходжання ФРГ у НАТО ГДР уступіла ў Арг-цыю Варшаўскага дагавора (гл. Варшаўскі дагавор 1955), падпісала 20.9.1955 Дзярж. дагавор з СССР аб прызнанні поўнага суверэнітэту краіны і скасаванні пасады сав. вярхоўнага камісара, у 1957 — пагадненне пра ўмовы часовага знаходжання сав. войск на тэр. ГДР. У 1956 пачата фарміраванне Нац. нар. арміі, у 1962 уведзены ўсеагульны воінскі абавязак. Ва ўмовах эскалацыі «халоднай вайны» ў жн. 1961 улады ГДР закрылі мяжу з Зах. Берлінам і пабудавалі Берлінскую сцяну. На плебісцыце 6.4.1968 прынята новая канстытуцыя, паводле якой замацавана кіруючая роля САПГ. З 1971 пры новым кіраўніцтве САПГ на чале з Э.Хонекерам (з 1976 і кіраўнік дзяржавы) ва ўласнасць дзяржавы канчаткова перайшлі прыватныя і напаўдзяржаўныя прамысл. прадпрыемствы і рамесныя кааператывы, узмоцнена роля цэнтр. органаў кіравання і планавання нар. гаспадаркі, створаны буйныя прамысл. і аграпрамысл. камбінаты, праводзілася сац. палітыка з ухілам на вырашэнне жыллёвай праблемы і павышэнне даходаў насельніцтва. Ва ўмовах разрадкі міжнар. напружанасці пачалася нармалізацыя адносін паміж дзвюма герм. дзяржавамі (у канцы 1972 падпісаны Дагавор аб асновах адносін паміж ГДР і ФРГ), што садзейнічала міжнар. прызнанню ГДР, якую раней прызнавалі пераважна краіны сацыяліст. лагера (да 1989 устаноўлены дыпламат. адносіны са 135 дзяржавамі). У 1973 ГДР і ФРГ прыняты ў ААН. У 1974 у канстытуцыю ГДР унесена палажэнне аб узнікненні ў краіне асобнай «сацыяліст. ням. нацыі», што здымала пытанне аб герм. адзінстве. Паводле канстытуцыйных змен і дапаўненняў 1974 САПГ атрымала яшчэ большыя ўладныя паўнамоцтвы, значна павялічылася колькасць членаў партыі (больш за 2 млн.), Дэмакр. блок партый і масавых арг-цый налічваў каля 350 тыс. чл. (створаны ў 1945). Да канца 1970-х г. у эканоміцы ГДР адбыліся значныя зрухі (краіна ўвайшла ў лік 10 найб. прамыслова развітых дзяржаў свету), па ўзроўні жыцця яе насельніцтва займала вядучае месца сярод краін — членаў СЭУ. Да пач. 1980-х г. эканоміка ГДР вычарпала экстэнсіўныя магчымасці свайго развіцця, таму эканам. стратэгія кіраўніцтва краіны прадугледжвала жорсткую эканомію і рэсурсазберажэнне, стымуляванне навук.-тэхн. прагрэсу, больш актыўную інтэграцыю ў межах СЭУ. Пазнейшыя эканам. цяжкасці (зніжэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва, павелічэнне знешняга доўгу з 10 млрд. дол. у 1981 да 21 млрд. у 2-й пал. 1980-х г.) суправаджаліся ростам напружанасці і апазіц. настрояў у грамадстве. У час святкавання 40-годдзя ГДР у Берліне, Дрэздэне, Лейпцыгу і інш. гарадах прайшлі масавыя дэманстрацыі з патрабаваннем рэформаў. У гэтых умовах адбылася адстаўка Хонекера і перадача ўлады Э.​Крэнцу. Пасля дэмантажу Берлінскай сцяны (9.11.1989) распаўся Дэмакр. блок, узніклі новыя паліт. партыі і рухі (каля 100), быў сфарміраваны кааліцыйны ўрад на чале з Г.​Модравам. Зноў актуальнай стала ідэя аб’яднання Германіі. Урад Модрава прапанаваў план паступовага стварэння канфедэратыўнай дзяржавы з наступным зліццём. Большасць паліт. партый і рухаў падтрымалі план канцлера ФРГ Г.Коля (хуткае аб’яднанне Германіі на аснове канстытуцыі ФРГ). У пач. 1990 САПГ перайменавана ў Партыю дэмакр. сацыялізму. На выбарах у Нар. палату ў сак. 1990 перамог блок кансерватыўных партый на чале з Хрысц.-дэмакр. саюзам. У крас. сфарміраваны новы кааліцыйны ўрад на чале з Л. дэ Мезьерам. 1.7.1990 набыў сілу Дагавор аб эканам., валютным і сац. саюзе паміж ГДР і ФРГ. У вер. падпісаны Дагавор аб аб’яднанні Германіі (да яго набыцця сілы Нар. палата ўнесла змены ў канстытуцыю ГДР, быў зменены адм.-тэр. падзел краіны). 12.9.1990 прадстаўнікі ГДР, ФРГ, ЗША, СССР, Вялікабрытаніі і Францыі падпісалі Дагавор аб канчатковым урэгуляванні адносна Германіі. ГДР спыніла членства ў Варшаўскім дагаворы і СЭУ. 3.10.1990 у Берліне адбыліся ўрачыстасці з нагоды набыцця сілы апошняга дагавора (у цяперашняй ФРГ 3 кастр. святкуецца як нац. свята — Дзень ням. адзінства).

Літ.:

Дернберг С. Краткая история ГДР: Пер. с нем. 2 изд. М., 1971;

История Германской Демократической Республики, 1949—1979. 2 изд. М., 1979;

Потапов А.В. Кризис ГДР в 80-х годах и объединение Германии // Новая и новейшая история. 1991. № 5.

В.​М.​Пісараў.

т. 5, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕСО́ТА (Lesotho),

Каралеўства Лесота (сесута ’Muso oa Lesotho, англ. Kingdom of Lesotho), краіна на Пд Афрыкі, анклаў на тэр. Паўд.-Афр. Рэспублікі (ПАР). Пл. 30,35 тыс. км². Нас. 2007,8 тыс. чал. (1997). Дзярж. мова — сесута і англійская. Сталіца — г. Масеру. Краіна падзяляецца на 10 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (4 кастрычніка).

Дзяржаўны лад. Л. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1993. Кіраўнік дзяржавы — кароль. Вышэйшы заканад. орган — парламент, які складаецца з Сената (верхняя палата) і Нац. Асамблеі (ніжняя палата). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Большую частку краіны займае базальтавае нагор’е Басута, выш. 2000—3000 м, парэзанае глыбокімі далінамі рэк. На У і Пд яго абмяжоўваюць Драконавы горы (г. Тхабана-Нтленьяна, 3482 м), на Пн — горы Малуты (г. Шампейн-Касл, 3276 м). Карысныя выкапні: алмазы, буд. матэрыялы. Клімат рэзка кантынентальны субтрапічны. Сярэдняя т-ра на нагор’і студз. 25 °C, ліп. 15 °C. Зімой бываюць замаразкі, у гарах выпадае снег. Ападкаў за год у гарах на У каля 1000 мм, на астатняй тэрыторыі каля 700—500 мм. Гал. рака Аранжавая з прытокам Каледан. Пераважае сухая стэпавая расліннасць, у гарах — сухалюбныя хмызнякі, альпійскія лугі. Нац. парк Сехлабатэбе.

Насельніцтва. 99,7% складае народ басута. Ёсць еўрапейцы (каля 1,6 тыс.) і выхадцы з краін Азіі (каля 0,8 тыс.). Сярод вернікаў пераважаюць хрысціяне (80%, католікі і пратэстанты), астатнія вызнаюць традыцыйныя мясц. вераванні. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 2,4%. Сярэдняя шчыльн. 66,1 чал. на 1 км². Большая шчыльнасць на З і ў цэнтры краіны. У гарадах жыве 23% насельніцтва. У г. Масеру 400,2 тыс. ж. (1995). У сельскай гаспадарцы занята 86,2% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 7%. Сезонна (ад 6 да 9 месяцаў за год) 60% мужчын працуе на шахтах і фермах ПАР.

Гісторыя. Старажытнымі насельнікамі Л. былі бушмены і кой-коіны (гатэнтоты), якіх у 17 ст. выцеснілі плямёны басута з групы банту. У пач. 19 ст. адзін з правадыроў басута Машэш I аб’яднаў разрозненыя плямёны ў адзіную дзяржаву. Пад пагрозай заваявання бурамі ён заключыў у 1868 з Вялікабрытаніяй дагавор аб пратэктараце. У 1871—84 Л. ў складзе брыт. Капскай калоніі, з 1884 пратэктарат Басуталенд. У 1952 створаны Афр. кангрэс Басуталенда (з 1959 партыя кангрэса Басута, ПКБ), цесна звязаны з Афрыканскім нацыянальным кангрэсам, у 1959 — Нац. партыя Басута (НПБ), якая адлюстроўвала інтарэсы племянных вярхоў. Паводле канстытуцыі 1965 Л. атрымала ўнутр. самакіраванне. На першых усеагульных парламенцкіх выбарах у 1965 перамагла НПБ, яе лідэр Л.​Джонатан стаў прэм’ер-міністрам урада.

4.10.1966 абвешчана незалежнасць Басуталенда, які атрымаў назву каралеўства Л. (кароль Машэш II). Пасля перамогі ПКБ на парламенцкіх выбарах у студз. 1970 Джонатан ануляваў іх вынікі і ўвёў надзвычайнае становішча (адменена ў 1973). У выніку перавароту ў студз. 1986 улада перайшла да Ваен. савета, які забараніў усе паліт. партыі, а ў 1990 скінуў караля Машэша II і абвясціў каралём яго сына Летсі III. Пасля перавароту ў крас. 1991 дзейнасць паліт. партый адноўлена. На парламенцкіх выбарах у сак. 1993 перамагла ПКБ, а яе кіраўнік Н.​Махеле стаў прэм’ер-міністрам. Л. — чл. Садружнасці, ААН (з 1966), Арг-цыі афр. адзінства. Дзейнічаюць Партыя кангрэса Басута, Нац. партыя Басута, Партыя свабоды Марэматлу.

Гаспадарка. Л. — агр. краіна, у ліку 25 найменш эканамічна развітых краін свету. Знаходзіцца ў поўнай эканам. залежнасці да ПАР. Валавы нац. прадукт на душу насельніцтва складае каля 580 дол. за год. Сельская гаспадарка дае каля 80% даходу краіны, прам-сць — каля 10%. Пад с.-г. ўгоддзямі 2,3 млн. га (76% тэрыторыі), пераважаюць натуральныя лугі і паша (каля 2 млн. га). Апрацоўваецца каля 300 тыс. га зямлі. Пераважаюць дробныя натуральныя і паўнатуральныя сялянскія гаспадаркі на абшчынных землях. На рынак паступае толькі частка прадукцыі — воўна і высакаякасны махер. Найб. развіта жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — 640, авечак — 1500, коз — 1000; ёсць коні, мулы, аслы. Вырошчваюць кукурузу (займае палавіну пасяўной плошчы), сорга, пшаніцу, ячмень, агародніну. Значныя пасевы гароху і фасолі. З тэхн. культур вырошчваюць джут. У перадгор’ях цэнтр. ч. краіны развіта земляробства, у гарах — адгонна-пашавая жывёлагадоўля. У горных раёнах пашырана тэраснае земляробства. У нязначнай ступені развіты горназдабыўная і апрацоўчая прам-сць; здабыча алмазаў (каля 50 тыс. каратаў у год, значна вагаецца ў асобныя гады, кантралюецца канцэрнам «Дэ Бірс», ПАР), буд. матэрыялаў. Уся электраэнергія паступае з ПАР. Вядзецца апрацоўка воўны і скур, вытв-сць махеру, тканін, дываноў, адзення і абутку. Шмат дробных паўсаматужных прадпрыемстваў харч. прам-сці. Транспарт пераважна аўтамабільны. Аўтадарог 5,2 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 2,1 тыс. км. Адзінае чыг. адгалінаванне (1,6 км) звязвае г. Масеру з чыгункамі ПАР.

У г. Масеру міжнар. аэрапорт. Гандл. баланс адмоўны. У 1992 экспарт склаў 109 млн. дол., імпарт — 964 млн. долараў. Краіна экспартуе воўну, махер, буйн. раг. жывёлу, скуры, імпартуе харч. і прамысл. тавары, паліва і інш. Асноўны гандл. партнёр — ПАР (42% экспарту і 94% імпарту). Дадатковыя крыніцы даходаў насельніцтва — сезонная работа ў ПАР (каля 40% даходу краіны) і замежны турызм (штогод краіну наведвае каля 200 тыс. турыстаў пераважна з ПАР). Л. атрымлівае дапамогу і субсідыі ад міжнар. арг-цый і асобных краін. Грашовая адзінка — лоці.

І.​В.​Загарэц (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Лесота.
Да арт. Лесота. Вёска басута.

т. 9, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎСТА́ННЕ 1830—31 у Польшчы, Беларусі і Літве, Лістападаўскае паўстанне,

нацыянальна-вызваленчае паўстанне за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772. Выклікана парушэннямі з боку царызму аўтаноміі Каралеўства Польскага і польскай канстытуцыі 1815, паступовай ліквідацыяй дзяржаўнасці і аўтаноміі Польшчы, намаганнем шляхты Беларусі і Літвы аднавіць дзяржаўнасць і свае паліт. правы кіравання ў незалежнай дзяржаве, што раней выявілася ў праектах аўтаноміі ВКЛ у складзе Рас. імперыі, у т. л. ў праекце аўтаноміі М.​К.​Агінскага. Падрыхтавана тайнымі арг-цыямі, у т. л. Патрыятычным таварыствам і Таварыствам падхарунжых. Пачалося ў Варшаве ў ноч на 29.11.1830. Паўстанцаў падтрымалі жыхары Варшавы і польскія вайск. часці. 30.11.1830 паўстанцы авалодалі Варшавай. Рас. войскі вымушаны былі адступіць з Варшавы, а да пач. снеж. 1830 — і з Польшчы; значная частка іх сканцэнтравалася на Беларусі. У Варшаве быў сфарміраваны Часовы ўрад, у склад якога ўвайшоў і прадстаўнік дэмакр. сіл І.Лялевель, але з 5.12.1830 да 17.1.1831 улада была перададзена вайск. дыктатару ген. Ю.​Хлапіцкаму. 20.12.1830 польскі сейм апублікаваў «Маніфест польскага народа», у якім абвясціў мэты П. і заклікаў насельніцтва далучыцца да яго. На Беларусь, Літву і Украіну былі накіраваны эмісары, каб узняць там паўстанне. Па ініцыятыве Лялевеля ў Варшаве быў заснаваны клуб з прадстаўнікоў шляхты і інтэлігенцыі Беларусі, Літвы і Украіны («Клуб злучаных братоў»), які звярнуўся ў сейм з заявай пра далучэнне бел., літ. і ўкр. зямель да паўстання. Лялевель і інш. шляхецкія рэвалюцыянеры выступалі за надзяленне сялян зямлёй і паляпшэнне іх становішча. 13.12.1830 рас. ўрад абвясціў ваеннае становішча ў Зах. Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне.

У студз.—лютым 1831 на Беларусі і Літве быў створаны падпольны Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт, у якім пераважалі кансерватыўныя элементы. К-т падтрымліваў сувязі з Варшавай і павятовымі к-тамі Беларусі і Літвы. Аднак у цэлым палітыка Віленскага к-та была нерашучай. У сак.—крас. 1831 паўстанне ахапіла Ашмянскі, Браслаўскі, Віленскі, Дзісенскі, Свянцянскі пав., у кожным з іх ствараліся ўрады (к-ты), якія праводзілі рэкруцкі набор у войска. Усяго ў гэтых паветах было каля 10 тыс. паўстанцаў. У крас.—маі 1831 каля Глыбокага адбыліся баі. Да канца мая 1831 у Віленскай і Мінскай губ. П. было задушана, але яно працягвалася ў Гродзенскай губ., што перашкаджала рас. войскам наступаць на Польшчу. У Польшчы дыктатура Хлапіцкага 18.1.1831 заменена кансерватыўным нац. урадам кн. А.​Чартарыйскага. Рас. армія пад камандаваннем ген.-фельдмаршала І.Дзібіча-Забалканскага ўвайшла на тэр. Польшчы, але ў бітвах пад Сточакам, Ваўрам і 25.2.1831 пад Грохавам польскае войска спыніла наступленне рас. арміі. Контрнаступленне польск. войска вынікаў не дало. 26.5.1831 у бітве пад Астралэнкай яно панесла значныя страты. У маі 1831 з Варшавы на тэр. Гродзенскай губ. прыбыў атрад ген. Д.​Хлапоўскага (820 чал.). У пач. чэрв. 1831 ён злучыўся ў Літве з мясц. атрадамі і 12-тыс. корпусам ген. А.​Гелгуда (гл. ў арт. Гелгуды), які стаў галоўнакамандуючым у Літве і Беларусі. Пры яго штабе быў створаны часовы цэнтр. ўрад. 19.6.1831 корпус Гелгуда падышоў да Вільні, на Панарскіх узгорках адбыўся бой. 26-тысячнае рас. войска нанесла паражэнне аб’яднаным сілам паўстанцаў, якія адступілі і ў сярэдзіне ліп. перайшлі прускую граніцу і склалі зброю. Толькі ген. Г.Дэмбінскі з 4-тыс. корпусам адступіў у Польшчу. Пры набліжэнні корпуса Дэмбінскага ў Навагрудскім і Слонімскім пав. пачалося П. пад кіраўніцтвам шляхецкага павятовага маршалка Я.Кашыца, які ўзначаліў атрад у 400 чал. У чэрв.—ліп. 1831 паўстанцкія ачагі ўзніклі ў Пінскім, Мазырскім, Рэчыцкім, Навагрудскім пав., а таксама на тэр. Магілёўскай і Віцебскай губ. У жн. 1831 П. на Беларусі і Літве пацярпела паражэнне, хоць асобныя атрады Зах. Беларусі дзейнічалі і ў верасні. У канцы ліп. 1831 новы камандуючы рас. арміяй у Польшчы ген. І.Ф.Паскевіч сканцэнтраваў войскі на Пн Польшчы і пачаў наступленне ад Пултуска да Плоцка. Пад Торунем рас. войска пераправілася цераз Віслу. У Варшаве быў утвораны новы кансерватыўны ўрад на чале з ген. Я.​Крукавецкім. Аднак і ён не здолеў арганізаваць абарону сталіцы. 6—7.9.1831 рас. войскі штурмавалі Варшаву і занялі яе зах. прадмесце — Волю. У ноч на 8 вер. была падпісана капітуляцыя Варшавы. Баі на тэр. Польшчы працягваліся ў вер. і кастр. 1831. Большасць польскіх вайск. атрадаў перайшла праз прускую і аўстр. граніцу і была інтэрніравана.

Пасля П. царскі ўрад скасаваў канстытуцыю 1815 і ўвёў Арганічны статут Каралеўства Польскага, які пазбаўляў Польшчу дзяржаўнасці і аўтаноміі. Указам ад 19.10.1831 на Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне пачаўся разбор шляхты і перавод значнай яе часткі ў аднадворцы. У 1832 створаны Асобы Камітэт па справах заходніх губерняў, скасавана дзеянне Статута ВКЛ 1588 (25.8.1840). Закрыты Віленскі ун-т (1832). Пачалося закрыццё каталіцкіх кляштараў і уніяцкіх манастыроў. Праведзена ліквідацыя уніяцкай царквы (гл. Полацкі царкоўны сабор 1839).

Літ.:

Смит Ф. История польского восстания и войны 1830—1831 гг. Т. 2. СПб., 1863;

Шпілеўскі І.Т., Бабровіч Л.А. Сінхраністычная табліца падзей паўстання на Беларусі, Літве і Польшчы ў 1830—1831 гг. // Наш край. 1929. № 10;

Sokołowski A. Dzieje powstania listopadowego. Wiedeń, 1907;

A.Z. Wojna na Litwie w roku 1831. Kraków, 1913;

Tokarz W. Wojna polsko-rosyjska 1830 і 1831. Warszawa, 1994.

А.​П.​Грыцкевіч.

Да арт. Паўстанне 1830—31. Сутыкненне паўстанцаў з царскімі войскамі. Гравюра.

т. 12, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭПАТРЫЯ́ЦЫЯ (ад позналац. repatriatio вяртанне на радзіму),

вяртанне ў краіну паходжання ці грамадзянства асоб, якія апынуліся па-за яе межамі ў выніку розных сац.-эканам. і паліт. абставін з аднаўленнем у правах грамадзянства. Р. ажыццяўляецца звычайна на аснове міжнар. дагавораў. У пазадагаворным выпадку яе магчымасць павінна прадугледжвацца законамі зацікаўленай дзяржавы. Р., звязаная са зменай (набыццём) грамадзянства, можа быць разнавіднасцю аптацыі. Асабліва шырокія маштабы Р. набыла ў першыя гады пасля 2-й сусв. вайны.

На Беларусі першы значны працэс Р. адбываўся пасля заканчэння 1-й сусв. вайны, калі на радзіму (у БССР і Зах. Беларусь) вярнулася каля мільёна бежанцаў і ваеннапалонных; толькі ў Зах. Беларусь у 1919—24 вярнулася каля 700 тыс. беларусаў. У 1920-я г. Р. ажыццяўлялася таксама ў форме рээміграцыі прадстаўнікоў бел. паліт. эміграцыі, якія вярталіся ў БССР у сувязі з амністыяй, абвешчанай у 1923. Пасля 2-й сусв. вайны ў БССР разгортвалася 2-я шырокая хваля Р. З эвакуіраваных у пач. Вял. Айч. вайны ва ўсх. раёны СССР каля 1,5 млн. чал. толькі кожны 3-і вярнуўся на Беларусь. Да канца Вял. Айч. вайны на тэр. Германіі і яе саюзнікаў знаходзілася 10 181 тыс. грамадзян СССР, у т. л. 5 662 тыс. мірнага насельніцтва і 4 552 тыс. ваеннапалонных. З Беларусі ў гады вайны было вывезена на прымусовую працу ў Германію каля 399 тыс. чал. На пач. 1946 з іх вярнулася на радзіму каля 200 тыс. чал. У кастр. 1944 пры СНК СССР створана Цэнтр. ўпраўленне па справах Р.; аддзелы Р. існавалі пры СНК РСФСР, Украіны, Беларусі, Малдавіі, Эстоніі, Літвы і Латвіі. Сав. ўрад быў зацікаўлены ў найб. поўнай і хутчэйшай Р. сваіх грамадзян, як па эканам., так і па палітыка-ідэалаг. прычынах. Пераважная большасць сав. перамешчаных асоб шчыра жадалі вяртання ў СССР. 22.5.1945 прадстаўнікі ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі падпісалі прапанаваны сав. урадам дакумент, які замацоўваў прынцыпы абавязковай Р. сав. грамадзян. У сав. зоне акупацыі Германіі ў выніку агітацыі і прымусу Р. ажыццяўлялася фарсіраванымі тэмпамі. У лагерах для бежанцаў і перамешчаных асоб у зонах акупацыі зах. саюзнікаў працавалі сав. рэпатрыяцыйныя місіі з супрацоўнікаў дзяржбяспекі, у выніку чаго частка бежанцаў насуперак уласнай волі накіроўвалася ў лагеры сав. зоны. На 1.3.1946 рэпатрыіравана 4 199 тыс. сав. грамадзян, у т. л. 520 672 беларусы (385 896 цывільных і 134 776 ваеннапалонных). Да іх варта дадаць і 241 тыс. т.зв. унутрана перамешчаных асоб (асобы, якія не былі за мяжой і перамяшчаліся ўнутры СССР). У 1946—52 у СССР вярнуліся яшчэ 104 893 рэпатрыянты. Большасць з іх вернута з краін, дзе знаходзіліся сав. войскі. Паводле Указа Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 14.6.1946 «Аб аднаўленні ў грамадзянстве СССР падданых былой Расійскай імперыі, а таксама асоб, якія страцілі савецкае грамадзянства» і інш. прававых актаў 1945—47, беларусы і ўкраінцы, што жылі на тэр. даваен. Польшчы, атрымалі права на набыццё сав. грамадзянства, і тысячы выхадцаў з Беларусі прынялі яго. Асн. маса рэпатрыянтаў праходзіла праверку і фільтрацыю ў франтавых і армейскіх лагерах, зборна-перасыльных пунктах Наркамата абароны, праверачна-фільтрацыйных пунктах (ПФП) НКУС. Выяўленыя злачынныя элементы і падазроныя асобы накіроўваліся для больш сур’ёзнай праверкі ў спец. лагеры НКУС і папраўча-працоўныя лагеры ГУЛАГа. У 1944—45 праз ПФП прайшлі 230 635 украінцаў, 155 499 рускіх, 81 846 беларусаў, 28 727 малдаван, а таксама прадстаўнікі інш. нацыянальнасцей. Мясц. органы НКУС—НКДБ праводзілі праверку рэпатрыянтаў, якія прыбывалі да месца жыхарства. На 20.11.1945 у Беларусі было арыштавана 1112 рэпатрыянтаў. Перыяд масавай Р. завяршыўся ў 1946. У наступныя гады яна рэзка пайшла на спад. Паводле нац. складу рэпатрыянтаў 1949—50 было: украінцаў 33,4%, рускіх 28,4%, малдаван 5,2%, беларусаў 5%, літоўцаў 5%, латышоў 3%. Да 1952 па лініі органаў Р. ў СССР вярнулася больш за 4,3 млн. сав. грамадзян. Агульная колькасць сав. грамадзян, якія ў выніку вайны апынуліся за мяжой і потым вярнуліся ў СССР, ацэньваецца ў 4,5 млн. чал. Акрамя гэтага, на чэрв. 1948 у СССР рэпатрыіравалася 106 835 чал., якія самі ці іх продкі эмігрыравалі з царскай або сав. Расіі. 2710 такіх рээмігрантаў з Францыі было расселена на Беларусі. На сак. 1949 спец. 6-гадовае пасяленне адбывалі 5432 беларусы, што служылі ў гады вайны ў Рус. вызв. арміі Уласава, нац. легіёнах, паліцыі. У 1944—48 у выніку падпісання пагаднення паміж урадам БССР і Польскім к-там нац. вызвалення ад 9.9.1944 аб эвакуацыі бел. насельніцтва з тэр. Польшчы і польскіх грамадзян з тэр. БССР адбылася ўзаемная Р. жыхароў Беларусі і Польшчы. У гэты час 36 тыс. беларусаў пераехалі ў БССР, 274 тыс. асоб, якія запісаліся палякамі, перасяліліся ў Польшчу. У 1950—60-я г. Р. адбывалася ў форме невял. рээміграцыі з зах. краін. У 1953—55 з Францыі і Аргенціны вярнулася каля 200 беларусаў. Да 1964 прыбыло каля 10—15 тыс. аргенцінскіх беларусаў, аднак пазней амаль палова з іх зноў пакінула Беларусь, расчараваная ў рэчаіснасці сав. грамадства. Пасля распаду СССР (снеж. 1991) і стварэння новых незалежных дзяржаў, у якіх апынулася 2130 тыс. беларусаў, частка з іх вярнулася на Беларусь. Гл. таксама Бежанцы, Дыяспара.

Літ.:

Снапкоўскі У.Е. Знешнепалітычная дзейнасць Беларусі, 1944—1953 гг. Мн., 1997;

Земсков В.Н. Репатриация советских граждан и их дальнейшая судьба (1944—1956 гг.) // Социол. исслед. 1995. № 5—6.

У.​Е.​Снапкоўскі.

т. 14, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎСТА́ННЕ 1794 у Польшчы, Беларусі і Літве,

нацыянальна-вызваленчае паўстанне супраць акупацыі Расіяй і Прусіяй часткі тэр. Рэчы Паспалітай, за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772, далейшае правядзенне рэформ Чатырохгадовага сейма 1788—92. Паўстанне падрыхтавана тайнымі патрыят. арг-цыямі, якія аб’ядноўвалі прагрэс. колы шляхты і мяшчан, эмігранцкім цэнтрам у Саксоніі (Дрэздэн, Лейпцыг) у складзе Г.Калантая, І., С. і Я. Патоцкіх, С.​Малахоўскага, К.​Сапегі і інш. Кіраўніком (начальнікам) паўстання і галоўнакамандуючым нац. ўзбр. сіламі прызначаны Т.Касцюшка. Падрыхтоўкай паўстання ў Варшаве кіраваў ген.-м. І.​Дзялынскі, у Вільні — палк. Я.Ясінскі. Удзельнікі паўстання падзяляліся на 2 групоўкі: памяркоўных прыхільнікаў рэформ 1788—92 і радыкалаў («якабінцаў»; гл. «Віленскія якабінцы»), якія імкнуліся ўзняць усенар. паўстанне і правесці радыкальныя рэформы на ўзор Вял. франц. рэвалюцыі пад лозунгам «Свабода, роўнасць і братэрства». Паўстанне пачалося 12.3.1794, калі брыгадзір польск. войска А.​Мадалінскі адмовіўся выконваць загад урада аб скарачэнні 1-й Велікапольскай брыгады і разам з войскам накіраваўся ў Кракаў, дзе быў прызначаны пачатак паўстання. 24 сак. ў Кракаве Касцюшка абвясціў Акт паўстання, паводле якога ён атрымліваў найвышэйшую ўладу і пасаду галоўнакамандуючага. Быў створаны рэв. ўрад — Найвышэйшая нацыянальная рада, мясц. органы ўлады — парадкавыя камісіі ваяводстваў і паветаў, якія складаліся са шляхты і мяшчан. 4 крас. пад Рацлавіцамі (каля Кракава) паўстанцы разбілі 2 калоны рас. войска (гл. Рацлавіцкая бітва 1794). У гэтай бітве ўдзельнічалі касінеры (сяляне, узброеныя косамі, замацаванымі тарчма на дрэўках). Паўстанне ахапіла Сандамірскае, Люблінскае, Мазавецкае ваяв., Холмскую зямлю. 17—18 крас. яно перамагло ў Варшаве. 7 мая Касцюшка выдаў Паланецкі універсал, паводле якога сялянам давалася на пэўных умовах асабістая свабода.

На Беларусі і Літве паўстанне пачалося з выступленняў часцей войска ВКЛ 16 крас. ў г. Шаўлі (Шаўляй, Літва), у ноч на 23 крас. — у Вільні, дзе частка рас. войска была ўзята ў палон, частка адступіла. 24 крас. ў Вільні абвешчаны Акт паўстання, створаны рэв. ўрад — Найвышэйшая літоўская рада на чале з Ясінскім. У раду ўвайшлі пераважна прадстаўнікі левага крыла шляхецка-бурж. блока і прадстаўнікі асобных тэр. ВКЛ. Гал. кіраўніком паўстання Найвышэйшая літ. рада прызнала Касцюшку. Яна выступіла з больш радыкальнымі лозунгамі, чым кіраўніцтва паўстання ў Польшчы. Выдавалася рэв. «Gazeta narodowa Wileńska» («Віленская нацыянальная газета»). У пачатку паўстанне мела поспех. Яго падтрымалі сяляне, да якіх у пракламацыях па-беларуску звяртаўся Ясінскі, абяцаючы адмену прыгоннага права. Гэта выклікала незадавальненне Касцюшкі, які лічыў, што радыкальная палітыка можа адштурхнуць ад паўстання шырокія колы шляхты. 28 крас. ў Гродне створана мясц. кіраванне — парадкавая камісія. У крас.—маі паўстанцы ўзялі ўладу ў Брэсце, Ваўкавыску, Слоніме, Навагрудку, Ашмянах, Кобрыне, Лідзе, Браславе, у Жамойці. Рас. войскі вымушаны былі адступіць за мяжу 1793 — да Мінска, Нясвіжа, Пінска. Найвышэйшая літ. рада абвясціла Ясінскага галоўнакамандуючым узбр. сіламі ВКЛ, яму прысвоена званне ген.-лейтэнанта. У маі 1794 Ясінскі вёў баі, каб ліквідаваць пагрозу Вільні з усходу, 7 мая яго дывізія нанесла паражэнне рас. войску каля в. Паляны (непадалёк ад г. Ашмяны). У гэтай бітве ўдзельнічала да 5 тыс. сялян з сякерамі, косамі, віламі, коп’ямі. У гэты час абвастрыліся адносіны паміж кіраўнікамі паўстання. Пад націскам кансерватыўных колаў Касцюшка 4 чэрв. адхіліў ад кіраўніцтва паўстаннем на Беларусі і Літве Ясінскага як радыкала. Замест яго галоўнакамандуючым прызначаны ген.-лейт. М.​Вяльгорскі. Загадам Касцюшкі Найвышэйшая літ. рада распушчана і 10 чэрв. створана больш памяркоўная Цэнтральная дэпутацыя Вялікага княства Літоўскага. Найвышэйшая нац. рада ў Варшаве ўзяла пад свой кантроль кіраўніцтва паўстаннем у Літве і Беларусі, чым скавала ініцыятыву мясц. кіраўнікоў. 12—16 чэрв. М.​К.​Агінскі спрабаваў глыбокім рэйдам узняць паўстанне ў Мінскай губ. Яго атрад прайшоў праз Валожын і Івянец, але ў бітве пад Вішневам быў разбіты. У жн. Агінскі з новым атрадам рушыў праз Браслаўшчыну на Дынабург (Даўгаўпілс, Латвія), каб адцягнуць ад Вільні рас. войскі. У 2-й пал. жніўня 3-тыс. атрад палк. С.Грабоўскага правёў новы рэйд у Мінскую губ., але 4 вер. разбіты ў Любанскім баі 1794. Рас. камандаванне кінула на Вільню 3 карпусы. 11 жн. горад быў акружаны і пасля бою 12 жн. капітуляваў. Войска ВКЛ адступіла да Гродна, куды пераехалі і паўстанцкія ўлады. На дапамогу рас. арміі выступіла пруская армія. 6 чэрв. пад Шчакацінамі (на Пн ад Кракава) корпус Касцюшкі пацярпеў паражэнне ад аб’яднанай рас.-прускай арміі, Кракаў быў здадзены. Аўстрыя ўвяла свае войскі ў Люблінскае ваяв. З Украіны быў накіраваны корпус ген.-аншэфа А.​В.​Суворава, які ў Крупчыцкім баі 1794 разбіў корпус ген.-м. К.​Серакоўскага. 19 вер. пад Цярэспалем войскі Суворава разбілі атрады Серакоўскага і ген.-м. К.​Князевіча. 10 кастр. ў Мацяёвіцкай бітве 1794 корпус Касцюшкі зноў пацярпеў паражэнне, а ён сам паранены, захоплены ў палон і зняволены. Начальнікам паўстання прызначаны ген.-лейт. Т.Ваўжэцкі. Карпусы Суворава 4 ліст. штурмам узялі Прагу (прадмесце Варшавы), 6 ліст. здалася Варшава. Рэшткі паўстанцкіх войск на чале з Ваўжэцкім адступілі на Пд, дзе 16 ліст. рассеяны рас. войскамі. Паўстанне, у якім удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх слаёў польск., бел., літ. грамадства на чале са шляхтай (усяго каля 150 тыс. чал., у т. л. на Беларусі і Літве 30—40 тыс.), было задушана. Яно адкрыла перыяд шляхецкай рэвалюцыйнасці на Беларусі, стварыла новы рэв. асяродак ва Усх. Еўропе, які быў працягам Вял. франц. рэвалюцыі. Паражэнне паўстання прывяло да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай.

Літ.:

Пичета В.И. К истории восстания Костюшко 1794 г. // Уч. зап. Ин-та славяноведения АН СССР. 1953. Т. 7;

Грыцкевіч А.П. Паўстанне 1794 г.: перадумовы, ход і вынікі // Бел. гіст. часоп. 1994. № 1;

Емяльянчык У. Паланез для касінераў: (З падзей паўстання 1794 г. пад кіраўніцтвам Т.​Касцюшкі на Беларусі). Мн., 1994.

А.​П.​Грыцкевіч.

Да арт. Паўстанне 1794. Бітва пад Рацлавіцамі 4.4.1794. Малюнак А.​Арлоўскага.

т. 12, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САН-ТАМЕ́ І ПРЫ́НСІПІ (São Tomé e Príncipe),

Дэмакратычная Рэспубліка Сан-Таме і Прынсіпі (República Democrática de São Tomé e Principe), дзяржава на а-вах Сан-Таме (пл. 836 км²), Прынсіпі (пл. 128 км²) і інш. у Гвінейскім зал., каля зах. берагоў Афрыкі. Пл. 1 тыс. км². Нас. 154,9 тыс. чал. (1999). Сталіца — г. Сан-Таме. Дзярж. мова — партугальская. Падзяляецца на 2 правінцыі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (12 ліп.).

Дзяржаўны лад. С.-Т. і П. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Заканад. орган — Нац. народны сход (55 дэпутатаў), які выбіраецца на 4 гады. Выканаўчая ўлада — Савет Міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.

Прырода. У рэльефе астравоў, складзеных пераважна з базальтаў, вылучаюцца вулканічныя конусы (выш. да 2024 м на в-ве Сан-Таме, да 821 м на в-ве Прынсіпі). На в-ве Прынсіпі клімат экватарыяльны вільготны, на в-ве Сан-Таме — пераходны да трапічнага з дажджлівым (кастр. — май) і сухім (чэрв. — вер.) сезонамі. Сярэднія месячныя т-ры ад 23 да 27 °C. Ападкаў за год ад 1000 мм на ўзбярэжжах да 2000—3000 мм у гарах. Натуральная расліннасць — густыя вільготна-экватарыяльныя лясы з кашт. пародамі дрэў (у т. л. эбенавае дрэва), ёсць другасныя хмызнякі, у вусцях рэк — мангравыя зараснікі. У жывёльным свеце шмат птушак і насякомых. Мора багатае рыбай, ракападобнымі і малюскамі.

Насельніцтва. Жывуць сантамійцы (саманазва тонгаш), нашчадкі афрыканцаў-рабоў, вывезеных у 15—16 ст. з краін Зах. і Паўд. Афрыкі, часткова афрыкана-партугальскія метысы. Ёсць невял. групы партугальцаў і нядаўніх эмігрантаў з краін Зах. Афрыкі. Сярод вернікаў пераважаюць католікі, ёсць пратэстанты; захоўваюцца мясц. вераванні. Сярэднегадавы прырост больш за 3%. Сярэдняя шчыльн. 155 чал. на 1 км². 95% нас. пражывае на в-ве Сан-Таме, дзе на ўзбярэжжы шчыльн. больш за 300 чал. на 1 км² У гарадах жыве каля 40% нас., у т. л. ў г. Сан-Таме каля 50 тыс. ж. Большая ч. насельніцтва занятая ў сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве.

Гісторыя. На момант адкрыцця ў 1470—71 партуг. мараплаўцамі Ж. ды Сантарэнам і П.​Эшкабарам астравы былі незаселены. З 1485 пачалася іх каланізацыя партугальцамі. У пач. 16 ст. тут створаны плантацыі цукр. трыснягу, для працы на якіх прывозілі рабоў з Афрыкі, найб. з Анголы. Рабы часта ўзнімалі паўстанні, найбуйн. з іх адбылося ў 1595—96. Змешанае насельніцтва (мулаты) было свабоднае, але непаўнапраўнае. Пасля скасавання ў 1875 рабства гал. галіной эканомікі стала вытв-сць какавы і кавы. У 1951 астравы атрымалі статус заморскай тэрыторыі, а ў 1972 — мясц. аўтаноміі Партугаліі. У 1953 адбылося паўстанне ў падтрымку незалежнасці краіны, якое было задушана партуг. войскамі. З 1960 барацьбу за незалежнасць астравоў вёў створаны ў эміграцыі К-т за вызваленне С.-Т. і П. (з 1972 — Рух за вызваленне, РВСТП). Пасля рэвалюцыі ў Партугаліі (крас. 1974) новы партуг. ўрад прызнаў незалежнасць астравоў.

12.7.1975 абвешчана Дэмакр. Рэспубліка С.-Т. і П., а лідэр РВСТП М.​Пінту да Кошта стаў яе першым прэзідэнтам. У краіне быў усталяваны аднапартыйны рэжым РВСТП і абвешчаны курс на сацыяліст. будаўніцтва і супрацоўніцтва з сацыяліст. краінамі. Цяжкае эканам. становішча ў 1980-я г. прымусіла ўрад С.-Т. і П. пачаць збліжэнне з краінамі Захаду і лібералізацыю паліт. і эканам. жыцця. У жн. 1990 прынята канстытуцыя краіны, якая ўвяла прамыя прэзідэнцкія выбары, шматпартыйнасць і грамадз. свабоды. На першых свабодных выбарах у студз. 1991 перамагла апазіцыя, лідэр якой М.​Траваада ў сак. 1991 абраны прэзідэнтам краіны. У 1990-я г. ажыццёўлены рынкавыя рэформы ў эканоміцы, але эканам. становішча краіны застаецца складаным. Яна моцна залежыць ад замежнай эканам. дапамогі. С.-Т. і П. — чл. ААН (з 1975). Дзейнічаюць паліт. партыі і арг-цыі: Рух за вызваленне С.-Т. і П., Партыя дэмакр. канвергенцыі — група незалежнае дэмакр. дзеянне, кааліцыя дэмакр. апазіцыі.

Гаспадарка. Слабаразвітая с.-г. краіна монакультурнай арыентацыі. Штогадовы даход на 1 чал. 1100 дол. Сельская гаспадарка дае 23% даходаў краіны, прам-сць — 19%, абслуговыя галіны — 58%. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 40 тыс. га зямлі. Каля 10 тыс. га пастаянна арашаецца. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі, ёсць дзярж. плантацыі. Гап. культура — какава, займае каля 28 тыс. га, штогадовы збор каля 10 тыс. т. Інш. экспартныя культуры: кава, какосавая і алейная пальмы, бананы, ваніль, карыца, перац, кола, хіннае дрэва. На ўласныя патрэбы на невял. плошчы вырошчваюць маніёк, ямс, фасолю, проса, кукурузу, агародніну. Трапічнае садоўніцтва (асабліва хлебнае дрэва і папайя, або дыннае дрэва). Жывёлагадоўля развіта слаба, пад лугамі і пашай каля 1 тыс. га. Пераважае гадоўля буйн. раг. жывёлы (каля 3 тыс. галоў) і свіней. Птушкагадоўля. Рыбалоўства, лоўля чарапах і васьміногаў. З галін прам-сці найб. развіты харч. (мукамольная, алейная, рыбаперапрацоўчая, піваварная), тэкст., мылаварная, лесапільная і дрэваапрацоўчая, буд. матэрыялаў. Вытв-сць электраэнергіі 15 млн. кВт∙гадз (1998) на невял. цеплавых электрастанцыях і ГЭС. Саматужныя промыслы і рамёствы. Транспарт пераважна аўтамабільны і марскі. На астравах 320 км аўтадарог, у т. л. 218 км з цвёрдым пакрыццём. Асн. парты Сан-Таме і Санту-Антонью, 2 аэрапорты, у т. л. міжнар. на в-ве Сан-Таме. У 1997 экспарт склаў 5,3 млн. дол., імпарт 19,2 млн. дол. У экспарце пераважаюць какава (90%), кава, пальмавы алей, копра, рыбапрадукты; у імпарце — харч. і прамысл. тавары, нафтапрадукты. Асн. гандл. партнёры: Партугалія, Нідэрланды, Францыя. Турызм. Краіна атрымлівае эканам. дапамогу ад міжнар. арг-цый і асобных краін, на 1995 яна склала 57,3 млн. дол. Грашовая адзінка — добра.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Сан-Таме і Прынсіпі.
Да арт. Сан-Таме і Прынсіпі. Ландшафт на востраве Сан-Таме.

т. 14, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)