уклада́нне ​1, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. укладаць ​1 — укласці ​1 (у 1–6 знач.).

2. Тое, што ўкладзена, змешчана ўнутр. Бандэроль з укладаннем.

3. Грашовая сума, укладзеная ў якую‑н. справу, якое‑н. прадпрыемства. Велізарныя ўкладанні іншаземнага капіталу ў рускую прамысловасць і вялікі рост дзяржаўнага доўгу іншаземнай буржуазіі ставілі царскую Расію ў залежнае становішча. «Полымя».

•••

Капітальныя ўкладанні — сродкі, якія дзяржава прызначае на капітальнае будаўніцтва.

уклада́нне ​2, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. укладаць ​2 — укласці ​2.

2. Разм. Сачыненне. Укладанне [Веранікі] па рускай літаратуры зачытвалі перад усім класам. Навуменка. З кіпы сшыткаў [Мар’я Іванаўна] выцягнула Нінін сшытак і зачытала ўрыўкі з яе ўкладання. Сапрыка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уня́ць, уйму, уймеш, уйме; уймём, уймяце; пр. уняў, уняла, ‑ло; зак., каго-што.

Разм.

1. Угаварыць або прымусіць каго‑н. супакоіцца, перастаць хвалявацца, крычаць, плакаць і пад. — Аўдоцця... — хоча перапыніць яе крык сам Анішчык, але дзе табе ўняць бабу, калі яна захацела пакрычаць. Мурашка. Нейкі час цяжкавата было аднавіць парадак, уняць гаваркіх. Кавалёў.

2. Суняць, супакоіць (пачуцці, боль і пад.). Я не супакойваў жанчыну, — я ведаў, што боль матчынага сэрца нельга ўняць нічым. Сачанка. Хлопец не можа ўняць дрыжыкаў. Навуменка. Уласнаю персонай Вяртаўся ён з раёна І смагі аніяк не мог уняць. Вітка. // Спыніць (кроў, слёзы). Спярша .. [тэлефаніст] прыклаў два пальцы к параненаму месцу, каб уняць кроў. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

храп ​1, ‑у, м.

1. Хрыплыя гукі, якія ўтварае пры дыханні той, хто спіць. Роўны храп ціха калыхаў сонную цішыню хаты. Лынькоў. Неўзабаве ва ўсім Глушаковым тавары чуліся сапенне ды храп. Мележ. Вось ужо і храп пачуўся з будкі, а .. [хлопцы] ўсё яшчэ баяліся вылазіць. Маўр.

2. Гукі, якія напамінаюць хрыплае сапенне (звычайна пра коней). Увагу [Гамыры] займае конскі храп і пазвоньванне жалезнага пута. Колас. На дарозе конскі храп, трэск аглабель, прарэзлівы дзявочы віск... Навуменка. І конь з дзікім храпам пранёсся перада мной, як дэман, толькі абкідаў мяне грудкамі снегу з-пад капытоў. Карпюк.

храп ​2, ‑а, м.

Спец. Упор для спынення або рэгулявання частак механізма, якія рухаюцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шкля́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Шкляная пасудзіна цыліндрычнай формы, без ручкі, прызначаная для піцця. — Распранайцеся ж ды сядайце за стол, — звярнулася гаспадыня да госця, а сама расстаўляла шклянкі і сподкі, увіхаючыся каля стала. Колас. Гардзей прыносіць новую пляшку і да краю налівае Ігнатаву шклянку. Мележ. // Змесціва такой пасудзіны, колькасць вадкасці або рэчыва, якая ў яе ўмяшчаецца. Калі .. [бацька] выпіў кампот, жанчына наліла яшчэ шклянку і толькі тады пачала размову: — Да Наташы Віктар хоча прыйсці на Новы год. Навуменка. Павел адставіў ад сябе шклянку чаю і запытаў: — А няўжо гэта мае нейкія адносіны да снедання? Гроднеў.

•••

Бура ў шклянцы вады гл. бура.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адхілі́цца, ‑хілюся, ‑хілішся, ‑хіліцца; зак.

1. Падацца, нахіліцца ўбок; адхінуцца. Бацюшка адхіліўся ў другі бок і, каб не прыкмеціў Пётра, перажагнаўся. Чарот.

2. Збіцца, адысці ад прамога кірунку, ухіліцца ад галоўнага. — Куды ж мы адхіліліся? Дзе ж тут гумно? — раздумліва спытаў Лясніцкі. Шамякін. За гэту бамбёжку Косця атрымаў ад.. начальства вымову — ён адхіліўся ад маршруту. Навуменка.

3. Адгарнуцца, адсланіцца. Пачуліся крокі. Фіранка адхілілася, і ў бакоўку глянула гаспадыня. Пестрак.

4. перан. Пакінуць займацца чым‑н., думаць, гаварыць пра што‑н., перакінуўшы ўвагу на што‑н. іншае, заняўшыся чым‑н. іншым; адысці ўбок. Ну, не буду вам расказваць пра тыя дзівы, якія я ўбачыў назаўтра, бо тады я адхілюся ў бок ад галоўнага. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ану́ча, ‑ы, ж.

1. Кавалак, абрэзак тканіны (звычайна такой, якая ўжо была ва ўжытку). [Лабановіч:] — Паколькі лесу ў раёне Дзямянава Гуза няма, дык ты прымацуй да ёмкага кія дзяружку, хустку ці проста анучу і такім саматужным сцягам памахай мне. Колас.

2. Рваныя паношаныя рэчы; старое адзенне. Хата.. не зліняла, смецця ў хаце больш не стала, анучы з палатак не прапалі. Чорны.

3. Кавалак тканіны, якой абмотваюць ногі перш чым абуцца. [Бацька] уставаў на золку, выцягваў з пячуркі падсохлыя анучы, абуваўся ў лапці. Навуменка.

4. толькі мн. (ану́чы, ‑аў). Пагард. Убранне, строі.

5. перан. Бесхарактарны, бязвольны чалавек. Ануча, а не чалавек, — запярэчыў Галаскок. Хто што хоча, тое і робіць. Крапіва.

•••

Як анучаю па зубах — сказаць каму‑н. што‑н. непрыемнае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

капе́ж, капяжу і капяжа, м.

1. ‑у. Каплі дажджу або талага снегу, якія падаюць са стрэх. Трымаўся мароз, хоць сярод дня капяжы са стрэх выбівалі ў снезе на прызбах конаўкі. Шамякін. // Падзенне капель талага снегу. Учора і ўначы была адліга — з туманам і капяжамі, але на золку ўдарыў мароз. Карпаў. // Абл. Ледзяшы на стрэхах. Як весткі вясны, на стрэхах хат павіслі сіняватыя капяжы. Навуменка.

2. ‑а. Ніжні край страхі, даху, які выдаецца над сцяной. У вокны дождж буйны зазвоніць І з капяжоў руччом сцякае І снег жыўцом ён паядае. Колас.

3. ‑а. Месца падзення капель са стрэх. Сціх дождж, чуваць было, як ск[оч]ваюцца са страхі марудныя кроплі, звонка падаюць у капяжы. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мо́ршчыцца, ‑шчуся, ‑шчышся, ‑шчыцца; незак.

1. Збірацца ў маршчыны (пра скуру, часткі твару). Велікаваты тонкі нос моршчыўся, і ад таго выразней выступалі баразёнкі зморшчын ля вачэй. Асіпенка. Каравая моршчыцца скура, Аброс [лясун] цёмным мохам, як пень. Багдановіч.

2. Моршчыць твар (ад болю, незадаволенасці і пад.). Вадэйка ўздрыгвае ўсім сваім вялікім целам, пакутліва моршчыцца. Навуменка. Бацька, скурчыўшыся, ляжаў у прымятым аеры ля раўка і моршчыўся ад болю. Бажко.

3. перан. Пакрывацца маршчынамі, рабізной (пра паверхню вады). Ад ветру з прысвістам шумелі голыя кусты, у затоках і невялікіх сажалках моршчылася цёмна-сіняя вада. Дуброўскі. Рачулкі моршчыліся ў пене. Бядуля. // Рабіцца няроўным, пакрывацца складкамі (пра адзежу, рэчы). Малатабоец Міша Чэчат глядзіць, .. як моршчыцца і сапе на ўсё нутро куртаты скураны мех. Арочка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нагле́дзецца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца і наглядзе́цца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.

1. Уволю паглядзець. Дзяўчынцы вельмі хацелася пастаяць, добра нагледзецца на дзівосную кветку. Сіняўскі. [Стэпа:] — Хоць пасядзі на расстанні з мацерай. Бо калі мы ўжо ўгледзімся — хто можа сказаць... — Яна разгорнілася і заплакала. — Дай мне наглядзецца на цябе... Гартны. / (з адмоўем «не» або дзеясл. «магчы»). [Маці] — Не пушчу раней, не пушчу... Я яшчэ на вас, дзеткі, добра не нагледзелася. Пальчэўскі. Некалькі дзён .. [Галя і Зоя] не адыходзілі адна ад другой і не маглі наглядзецца адна на адну. Сяргейчык.

2. Паглядзець, убачыць многа чаго‑н.; убачыць не адзін раз што‑н. У хаце поўна кабет, яны пры ўваходзе Міці на хвіліну змоўклі, а потым зноў загаварылі пра сваё.. — чаго нагледзеліся яны, колькі набедаваліся... Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падвалі́на, ‑ы, ж.

1. Брус, на які насцілаецца падлога, памост. У сярэдзіне [хаты] яшчэ не было падлогі, толькі ўпушчаныя ў падрубы падваліны на яе. Чорны. А масток аказаўся ліхі. Алёша вылез, паглядзеў. Каб падваліны шырэйшыя былі, то можна было б праехаць. Лобан. Пад падлогу, якраз паміж дзвюх абгніўшых падвалін, вёў шырокі лаз. Місько. // перан. Аснова якой‑н. з’явы. Рэалізм як сістэма зыходных прынцыпаў адлюстравання жыцця — вось падваліны эстэтычных пазіцый Багдановіча. Лойка.

2. Абл. Падруба. Хату [Вондар] паставіў не так даўно, перад першай германскай вайной, а ўжо перасыпаў яе, паклаў новыя падваліны і штандары, два разы мяняў гонту на даху. Навуменка. Цясляр узяўся перарабляць то адну сцяну, то другую, то вымаць падваліны, то прасякаць новыя дзверы. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)