САПРАБІЁНТЫ, сапробы (ад грэч. sapros гнілы + bios жыццё),
жывыя арганізмы, якія жывуць у забруджаных арган. рэчывамі вадаёмах. Здольнасць С. мінералізаваць арган. рэчывы спрыяе біял. самаачышчэнню вадаёмаў і выкарыстоўваецца пры біялагічнай ачыстцы сцёкавых вод. Відавы склад і колькасць С. — біялагічныя індыкатары ступені забруджанасці вадаёмаў. Для кожнай ступені забруджанасці вызначаны паказальныя арганізмы. Вылучаюць полі-, меза- і алігасапрабіёнты.
Полісапрабіёнты жывуць у моцназабруджаных вадаёмах, якія характарызуюцца наяўнасцю нязгнілых бялковых рэчываў, вял. колькасцю вуглекіслаты, серавадароду і метану, адсутнасцю кіслароду. Згуртаванні полісапрабіёнтаў хутка змяняюцца, утвараюць слізістыя камякападобныя абрастанні, характарызуюцца вял. колькасцю асобін нешматлікіх відаў. На Беларусі да іх належаць некат. бактэрыі (сфератылус натанс, тыётрыкс нівея), зялёная водарасць асцыляторыя, некат. інфузорыі і жгуціканосцы, чарвяк тубіфекс, лічынка мухі-пчалавідкі («крыска»). Мезасапрабіёнты жывуць ва ўмерана забруджаных водах, дзе няма нязгнілых бялкоў, ёсць кісларод і прадукты акіслення — нітраты і нітрыты. Да іх належаць ніткавыя бактэрыі, водарасці, мукоравыя грыбы, прасцейшыя, малюскі, ракападобныя, лічынкі насякомых (напр., матыль), некат. рыбы. Алігасапрабіёнты жывуць у чыстых або слабазабруджаных вадаёмах, якія характарызуюцца добрымі акісляльнымі ўмовамі, невял. колькасцю свабоднай вуглекіслаты, адсутнасцю серавадароду. Вызначаюцца залацістыя водарасці з роду дынобрыян, пірафітавыя з роду цэрацыум і дыятомавыя з роду цыклатэла, сінедра, ніцшыя; кветкавыя расліны — рдзесты, шышнякі, гарлачык; галінаставусыя ракападобныя, рачныя ракі, амаль усе рыбы, трытоны, жабы. Проціпастаўляюць катарабіёнтам. Гл. таксама Сапробнасць.
т. 14, с. 172
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУБЛІМА́ЦЫЯ ў псіхалогіі,
псіхічны працэс пераўтварэння і пераключэння энергіі афектыўных памкненняў на мэты сац. дзейнасці і культ. творчасці. Ідэя С. адлюстравана ў творах пісьменнікаў 18 ст. (Г.Штылінг, Наваліс), у працах філосафаў 19 ст. (А.Шапенгаўэр, Ф.Ніцшэ). У навук. ўжытак тэрмін «С.» ўвёў З.Фрэйд у 1900. У пач. 20 ст. паняцце «С.» стала шырока выкарыстоўвацца ў псіхааналіт. філасофіі. У псіхааналізе Фрэйда С. — працэс, у выніку якога энергія, накіраваная першапачаткова на сексуальныя (лібіда) або агрэсіўныя мэты, перанакіроўваецца на дасягненне інш. сацыяльна і культурна санкцыянаваных мэт (спорт, інтэлектуальная праца, маст. творчасць, фарміраванне рэліг. абрадаў і культаў і інш.). На яго думку, сублімаваная энергія стварае цывілізацыю. М.Шэлер лічыў, што здольнасць да С. ўласціва ўсім формам арганізацыі прыроднага свету, а чалавек — апошні акт С. ў прыродзе. «Звышсублімацыя», на яго думку, — «празмерная інтэлектуалізацыя», якая ўласціва сучаснай культуры і выклікае ў чалавека дэструктыўныя схільнасці. Псіхааналіт. тэорыя разглядае С. як адзін са сродкаў вырашэння ўнутр. канфліктаў, якія ў адваротным выпадку прывялі б чалавека да неўрозу, няздольнасці знайсці адэкватнае выйсце са складаных жыццёвых сітуацый. Ідэі С. выкарыстоўваюцца ў псіхатэрапеўтычнай практыцы, псіхалогіі сацыяльнай, псіхалогіі творчасці, дзіцячай псіхалогіі, псіхалогіі спорту і інш.
Літ.:
Теория личности в западноевропейской и американской психологии. Самара, 1996;
Фрейд З. Введение в психоанализ // Фрейд З. Психоаналитические этюды. Мн., 1997.
С.Ф.Дубянецкі.
т. 15, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУМЛЕ́ННЕ,
катэгорыя этыкі, якая ахоплівае праблемы маральнага самакантролю асобы; здольнасць чалавека фармуляваць для сябе маральныя абавязкі, патрабаваць ад сябе іх выканання і ажыццяўляць самаацэнку сваіх учынкаў; форма маральнай самасвядомасці. Можа выяўляцца і ў рацыянальнай форме ўсведамлення асобай маральнага значэння сваіх дзеянняў, і ў форме эмацыянальных перажыванняў.
У стараж.-грэч. міфалогіі С. адлюстравана ў выглядзе эрыній — божастваў помсты і пакарання, якія праследуюць злачынцаў. У этыцы праблему С. ўпершыню паставіў Сакрат, які лічыў самапазнанне крыніцай маральнасці чалавека. У хрысц. этыцы С. разглядалася як унутр. ўсведамленне Божай волі. Філосафы-матэрыялісты 17—18 ст. (Дж.Лок, Б.Спіноза, Т.Гобс), звязвалі С. з грамадскім выхаваннем і адмаўлялі прыроджаны характар С. Індывідуалістычную трактоўку С. прапанавалі Ж.Ж.Русо, І.Кант, І.Фіхтэ, якія лічылі С. прыроджанай уласцівасцю кожнага чалавека. Л.Феербах наз. С. «другім Я» чалавека, а вытокі С. бачыў у грамадскіх маральных нормах. Прадстаўнікі марксізму сцвярджалі, што С. дэтэрмінуецца ўмовамі жыццядзейнасці чалавека і яго грамадскай пазіцыяй. У экзістэнцыялізме С. разглядалася як адзіны крытэрый маральнасці, стымул да ажыццяўлення абсалютна свабоднага выбару без уліку аб’ектыўных фактараў (М.Хайдэгер, Ж.П.Сартр). Ням. філосаф В.Віндэльбанд акрамя этычнага вылучаў С. лагічнае і эстэт. як формы самакантролю не толькі ўчынкаў, але і мыслення і пачуццяў.
т. 15, с. 267
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТКАЧО́Ў Пётр Мікітавіч (11.7.1844, с. Сіўцова Пскоўскай вобл., Расія — 4.1.1886),
дзеяч рас. рэв. руху, ідэолаг «змоўніцкай», або «якабінскай», плыні ў народніцтве, публіцыст. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1868). З 1865 супрацоўнічаў з час. «Русское слово» і «Дело». За арганізацыю студэнцкіх хваляванняў у Пецярбургу у 1869 асуджаны на непрацяглае турэмнае зняволенне, пасля адбыцця якога высланы на радзіму. У 1873 уцёк за мяжу, жыў у Швейцарыі і Францыі, супрацоўнічаў у час. «Вперед!», далучыўся да польска-рус. эмігранцкай групы «рускіх якабінцаў», выдаваў час. «Набат» (1875—81), у якім прапагандаваў свае ідэі. Быў адным з заснавальнікаў (1877) малаўплывовага ў Расіі «Таварыства народнага вызвалення». У 1882 цяжка захварэў, апошнія гады жыцця правёў у псіхіятрычнай лячэбніцы. Т. не верыў у здольнасць сялянства самастойна здзейсніць сац. рэвалюцыю, даказваў неабходнасць стварэння тайнай арг-цыі «рэв. меншасці» з мэтай захопу ўлады, усталявання рэв. дыктатуры і правядзення сац. пераўтварэнняў. У сваіх філас. поглядах абараняў матэрыялізм і адмаўляў ідэалізм, лічыў эканам. фактар важнейшым рычагом сац. развіцця. У літ. крытыцы выступаў паслядоўнікам М.Г.Чарнышэўскага, М.А.Дабралюбава, Дз.І.Пісарава.
Тв.:
Соч. Т. 1—2. М., 1975—76.
Літ.:
Шахматов Б.М. П.Н.Ткачев: Этюды к творч. портрету. М., 1981;
Рудницкая Е.Л. Русский бланкизм: Петр Ткачев. М., 1992.
т. 15, с. 474
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ініцыяты́ва
(фр. initiative, ад лац. initiare = пачынаць)
1) самастойны пачын у якой-н. справе, абумоўлены ўнутраным пабуджэннем да дзеяння;
2) вядучая роля ў якіх-н. дзеяннях;
3) здольнасць да самастойных актыўных дзеянняў; прадпрымальнасць.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
анізатрапі́я
(ад аніза- + -трапія)
1) неаднолькавасць фізічных уласцівасцей рэчыва (напр. механічных, аптычных, электрычных) па розных напрамках унутры яго (проціл. ізатрапія);
2) здольнасць органаў расліны набываць рознае становішча пры аднолькавым уздзеянні фактараў знешняга асяроддзя.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
рэзана́нс
(фр. résonance, ад лац. resonans = які дае водгук)
1) узбуджэнне ваганняў аднаго цела намаганнямі другога з той жа частатой;
2) здольнасць узмацняць гучанне, уласцівае некаторым памяшканням (напр. зала мае добры р.);
3) перан. водгук, водгалас (напр. грамадскі р.).
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
тэмпера́мент
(лац. temperamentum = суразмернасць, належныя суадносіны частак)
1) сукупнасць псіхічных рыс асобы, якія залежаць ад фізіялагічных асаблівасцей арганізма і складаюць пэўны псіхалагічны тып (напр. флегматычны т., халерычны т.);
2) жыццёвая энергія, здольнасць да ўнутранага ўздыму, страснасць (напр. чалавек з тэмпераментам).
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
zdolność
zdolnoś|ć
ж. здольнасць;
~ć do pracy — працаздольнасць;
~ć do czynności prawnych юр. дзеяздольнасць;
~ci malarskie — здольнасці да малявання;
zdradzać ~ci do czego — праяўляць здольнасці да чаго
Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)
адубе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Разм.
1. Вельмі змерзнуць, застыць ад холаду; скарчанець. Стары Няміра адубеў, стоячы на скавышы. Чорны.
2. Стаць нягнуткім, непаслухмяным; страціць адчувальнасць, здольнасць рухацца; агрубець. [Дар’я:] А чаму.. [рукі] граблямі сталі? Чаму яны адубелі? Ад бульбы, што кожны дзень чышчу. Ад бялізны, што мыю? Губарэвіч. // Ахалодаць, адзеравянець (пра нябожчыка). [Юзэфа:] — Спіць [Акцызнік]. Як з ног зваліўся. Не дабудзішся, не даклічашся... Што калода. Можа ўжо і адубеў дагэтуль. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)