МУЗЕ́Й ГІСТО́РЫІ І КУЛЬТУ́РЫ ГО́РАДА О́РШЫ.

Засн. ў 1989 у г. Орша Віцебскай вобл., адкрыты ў 1992. Пл. экспазіцыі 170 м², 5,8 тыс. адзінак асн. фонду (2000). Мае раздзелы: горад старажытны, у складзе ВКЛ і Рэчы Паспалітай, Рас. імперыі, Орша ў 20 ст. Сярод экспанатаў кераміка, вырабы з косці, шкла, жалеза, ювелірныя вырабы з археал. раскопак аршанскіх стаянак і гарадзішча, Куцеінскага манастыра, макет Аршанскага замка, зброя з месца Аршанскай бітвы 1514, старадрукі 17—19 ст., матэрыялы пра дзейнасць арг-цый РСДРП, эсэраў, сацыяліст. будаўніцтва, паліт. рэпрэсіі 1930-х г., аднаўленне гаспадаркі ў вызваленым ад ням.-фаш. захопнікаў горадзе, пра ўраджэнцаў Аршаншчыны Герояў Сав. Саюза А.Д.Салянікава, М.Д.Сіяніна, пісьменніка У.Караткевіча і інш. Матэрыялы пра дзейнасць патрыят. падполля і партыз. руху ў раёне ў часы Вял. Айч. вайны экспануюцца ў гар. музеі К.​С.​Заслонава. У выставачнай зале праводзяцца выстаўкі твораў мастакоў, вырабаў дэкар.-прыкладнога мастацтва. Пад адкрытым небам размешчана экспазіцыя «Культавыя камяні Аршаншчыны».

В.​П.​Лютынскі.

т. 11, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАПО́ЛАЦК,

горад абл. падпарадкавання ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., на левым беразе Зах. Дзвіны. За 6 км на ПнЗ ад г. Полацк, за 12 км ад чыг. ст. Полацк на лініі Віцебск—Рыга. Таварная чыг. станцыя. 106,6 тыс. ж. (2000).

Узнік у 1958 у сувязі з буд-вам нафтахім. прамысл. комплексу. З 22.10.1959 р. п. Полацкі, з 14.12.1963 горад абл. падпарадкавання, атрымаў назву Н. Пры буд-ве горада і заводаў знесена 30 вёсак 40,1 тыс. ж. у 1970. У перспектыве плануецца зліццё Н. з Полацкам.

Наваполацкае вытворчае аб’яднанне «Нафтай», Наваполацкае вытворчае аб’яднанне «Палімір», Наваполацкі завод бялкова-вітамінных канцэнтратаў, Наваполацкі завод «Вымяральнік», прадпрыемства па транспарціроўцы нафты «Дружба», з-ды жалезабетонных вырабаў, «Нафтазаводмантаж», хлебазавод. У горадзе Полацкі універсітэт, Наваполацкі палітэхнікум, 2 ПТВ (нафтахіміі і будаўнікоў), муз. вучылішча, Цэнтр нац. культуры і рамёстваў, Музей гісторыі і культуры горада Наваполацка. Помнікі: воінам-вызваліцелям, на месцы першай палаткі будаўнікоў горада, Курган прац. славы.

Наваполацк. Жылыя дамы па вуліцы Паркавай.

т. 11, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАШКО́ВАЙ МЕТАЛУРГІ́І З ДО́СЛЕДНАЙ ВЫТВО́РЧАСЦЮ НДІ Беларускага дзяржаўнага навукова-вытворчага канцэрна парашковай металургіі.

Засн. ў 1972 у Мінску на базе праблемнай лабараторыі Бел. політэхн. ін-та. У 1980 на базе НДІ створана навукова-вытв. аб’яднанне, у 1996 — Бел. дзярж. навукова-вытворчы канцэрн парашковай металургіі. Асн. кірункі навукова-тэхн. дзейнасці: распрацоўка навук. прынцыпаў кіравання структурай і ўласцівасцямі матэрыялаў, стварэнне новых матэрыялаў (канструкцыйных, порыстых, трыбатэхн., алмазазмяшчальных, магнітных, керамічных і інш.) для работы ў экстрэмальных умовах; распрацоўка высокаэфектыўных тэхналогій атрымання гэтых матэрыялаў метадамі парашковай металургіі, сінтэзу, уздзеяннем імпульснымі нагрузкамі, нанясеннем ахоўных пакрыццяў і інш. і выраб з іх дэталяў, вузлоў і камплектуючых для прадпрыемстваў аўтатрактарнага і с.-г. машынабудавання, энергетыкі, прыборабудавання, чыг. транспарту, вытв-сці хім. і харч. прадуктаў, будматэрыялаў, вырабаў мед. тэхнікі і інш. З 1977 выдае штогоднік «Парашковая металургія». У ін-це працаваў чл.-кар. Нац. АН Беларусі Г.​Дз.Карпенка, працуюць акад. Нац. АН Беларусі П.А.Віцязь і А.У.Роман.

В.​В.​Савіч.

т. 12, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕНДЖА́Б, Панджаб,

правінцыя на ПнУ Пакістана, у зах. і цэнтр. частцы прыроднай і гіст. вобласці Пенджаб. Пл. 182 тыс. км². Нас. каля 80 млн. чал. (2000). Адм. і гал. эканам. цэнтр — г. Лахор. Найб. эканамічна развіты раён краіны. Аснова гаспадаркі — шматгаліновае арашальнае земляробства. На долю П. прыпадае 25% тэр. і больш за 55% насельніцтва краіны, ён дае каля 75% агульнанац. збораў пшаніцы, 40% рысу, 70% бавоўны і цукр. трыснягу, каля 50% прамысл. прадукцыі Пакістана. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 10 млн. га, з іх арашаецца больш за 8 млн. га. Асн. культуры: пшаніца, мясц. збожжавыя — грэм, баджра, джавар; рыс, кукуруза, бавоўнік, цукр. трыснёг, алейныя. Жывёлагадоўля (авечкі, козы) пераважна на Пн і ПнЗ. Здабыча бурага вугалю, сурмы, каменнай солі, нафты. Прам-сць: харч., тэкст. (баваўняная), металургічная, маш.-буд., хім., гумавая, цэментная. Саматужная вытв-сць метал. і ганчарных вырабаў, маст. разьба па дрэве, слановай косці і інш. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны.

т. 12, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́ЦІ (Pitti),

Палацца Піці, помнік архітэктуры Ранняга Адраджэння ў г. Фларэнцыя (Італія). Праект палаца заказаны Лукой Піці ў 1450 арх. Ф.​Брунелескі (буд-вам кіравалі інш. архітэктары). Пазней у 16 ст. палац перайшоў да Казіма Медычы, пры якім быў закончаны фасад і пабудаваны двор (1538—70, арх. Б.​Аманаці), разбіты сад (т.зв. сад Баболі; з 1550, арх. Б.​Буанталенці і інш.). Пазней П. быў звязаны калідорам з Палацца Век’ё (арх. Дж.​Вазары). У інтэр’еры барочныя плафоны П’етра да Картоны (1640—47). Палац пашыраны ў 17—18 ст. (з 1737 належаў Латарынгскаму дому). У 1993 рэстаўрыраваны. Будынак вызначаецца аскетычнай прастатой і суровай веліччу форм. Інтэр’еры аформлены пераважна ў стылі ампір. У ім размешчаны шэраг музеяў: Палаціна галерэя, Каралеўскія апартаменты, музеі сярэбраных вырабаў, карэт, сучаснага мастацтва, галерэя касцюма, скарбніцы Медычы і епіскапаў Зальцбургскіх. На тэр. саду Баболі ў Кавалерскім доміку Музей фарфору.

Літ.:

Галерея Питти. Флоренция: [Альбом]. М., 1971.

Я.​Ф.​Шунейка.

Палац Піці.
Да арт. Піці. Зала Праметэя галерэі Палаціна.

т. 12, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЧЫЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Засн. ў 1952, адкрыты ў 1954 (у 1962—64 не працаваў) у г. Рэчыца Гомельскай вобл. Пл. экспазіцыі 377 м², больш за 21 тыс. экспанатаў асн. фонду, 3 аддзелы, выставачная зала (2002). Сярод экспанатаў каменныя і крамянёвыя прылады працы, жаночыя ўпрыгожанні 7—3 ст. да н.э. з археал. помнікаў раёна, скарбы манет ВКЛ і Рэчы Паспалітай, інтэр’ер сял. хаты і нац. адзенне пач. 20 ст., матэрыялы пра падзеі ваеннай інтэрвенцыі 1918—20. калектывізацыю, рэпрэсіі 1930—50-х г., пра стварэнне і дзейнасць падполля і партыз. руху ў Вял. Айч. вайну, злачынствы ням. фашыстаў, агучаная дыярама пра фарсіраванне сав. войскамі Дняпра на Пд ад Рэчыцы. У экспазіцыі матэрыялы пра землякоў — Герояў Сав. Саюза, удзельнікаў вайны ў Афганістане 1979—89, удзельнікаў ліквідацыі вынікаў аварыі на ЧАЭС у 1986 і інш. Музей праводзіць выстаўкі твораў прафес. і самадз. мастакоў, вырабаў нар. ткацтва, дзіцячай творчасці, дэкар.-прыкладнога мастацтва і інш., выпускае буклеты пра гіст. мінулае горада і раёна.

І.​А.​Шафір.

т. 14, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНКТ-ПЕЦЯРБУ́РГСКАЕ ВЫШЭ́ЙШАЕ МАСТА́ЦКА-ПРАМЫСЛО́ВАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА імя В.​І.​Мухінай,

адна са старэйшых вышэйшых маст. навучальных устаноў Расіі. Засн. ў 1876 у Пецярбургу як Цэнтр. вучылішча тэхн. малявання барона А.​Л.​Штыгліца. У 1922 уведзена ў склад петраградскага Вышэйшага тэхн.-маст. ін-та. У 1945 адноўлена як Ленінградскае маст.-прамысл. вучылішча, з 1948 ВНУ, з 1953 імя Мухінай, з 1994 сучасная назва. Рыхтуе мастакоў вышэйшай кваліфікацыі па спецыяльнасцях: дэкар.-прыкладное мастацтва, маст. афармленне і мадэліраванне вырабаў, інтэр’ер і абсталяванне, прамысл. мастацтва, манум.-дэкар. мастацтва, а таксама выкладчыкаў малявання і дэкар.-прыкладнога мастацтва для маст.-прамысл. школ. Мае ф-ты манум., дэкар.-прыкладнога і прыкладнога мастацтваў; аспірантуру. Створаны музей дэкар.-прыкладнога мастацтва. У розныя часы ў вучылішчы выкладалі П.​Бучкін, С.​Васількоўскі, Р.​Фрэнц, Г.​Савіна. Вучылішча скончылі бел. мастакі М.​Кірылаў, У.​Мурахвер, Л Мягкова, М.​Міхалап, А.​Някрасаў, С.​Палякоў, Л.​Панамарэнка, У.​Пракоф’еў, М.​Рыжанкоў, А.​Салаўёў, І.​Харламаў і інш.

т. 14, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ВЕРЦАВА (Галіна Міхайлаўна) (н. 3.8.1947, г. Ніжні Тагіл Свярдлоўскай вобл., Расія),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Жонка В.​Я.​Сіверцава. Скончыла Уральскае вучылішча прыкладнога мастацтва (1966), Маскоўскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча (1972). З 1975 працавала на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва (з 1994 дырэктар), з 1998 нам. дырэктара Цэнтра дэкар.-прыкладнога мастацтва ў Мінску. Працуе ў галіне габелена, сцэн. касцюма, сувенірных вырабаў. Творы вызначаюцца вобразнай змястоўнасцю, эмацыянальнасцю, структурным адзінствам каларыту і малюнка. Аўтар манум. габеленаў «Казкі купальскай ночы» (серыя, 1986) для Дома культуры ВА «Хімвалакно» ў Магілёве, «Каля возера» (1998) для рэстарана «Свіцязь» у Мінску; габеленавых заслон для Дома літаратара ў Мінску (1980), для Дома культуры нафтаперапр. з-да ў Мазыры (1992), дзіцячай школы мастацтваў у Магілёве (1993). Сярод інш. твораў: габелены «Чорнае і белае» (1977), «Вехі» (1982), «Па газонах не хадзіць» (1990), «Спляценне лёсу» (1991), «Знак» (1992) і інш.

Г.Сіверцава. Фрагмент габелена з серыі «Казкі купальскай ночы». 1986.

т. 14, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІТАВА́ТАЯ ГУ́МА, порыстая гума,

эластычны порысты матэрыял, выраблены на аснове латэксу ці цвёрдага каўчуку. С.г. з латэкснай сумесі наз. пенагумай, з сумесей на аснове цвёрдага каўчуку — губчатай ці ячэістай гумай.

Пенагума мае поры памерам 0,01—1 мм, уяўная шчыльн. 40—250 кг/м³ адноснае падаўжэнне 90—350%. Газа- і водапранікальная (90—95% пор злучаны паміж сабой). Атрымліваюць мех. успеньваннем сумесей на аснове латэксу натуральнага ці (і) латэксаў сінтэтычных з наступнай вулканізацыяй пены ў формах пры 100—140 °C; вырабляюць у выглядзе блокаў ці пласцін. Губчатая гума мае поры ад 0,4 мкм (мікрапорыстая гума) да 0,2—0,4 мм, злучаныя або замкнутыя; для С.г. на аснове натуральнага каўчуку ўяўная шчыльн. 500—700 кг/м³. адноснае падаўжэнне 200—300%. Яе вырабляюць у выглядзе лістоў, пласцін і вырабаў з гумавых сумесей (гл. Гума), якія маюць пораўтваральнікі, што ўспеньваюць сумесь пры вулканізацыі. Выкарыстоўваюць С.г. для вырабу амартызатараў, цепла- і гукаізаляцыйных пракладак, плывучых і выратавальных сродкаў, мэблі, сядзенняў трансп. сродкаў і інш.

т. 14, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

флюс​2

(ням. Flüsse)

1) рэчыва, якое дабаўляецца да руды пры плаўцы для аддзялення шлаку ад металу;

2) рэчыва, якое выкарыстоўваецца пры зварцы для ачысткі паверхні металу ад вокіслаў;

3) рэчыва, якім запаўняюцца поры гліняных і фарфоравых вырабаў пры абпальванні для надання ім трываласці.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)