Смак ‘адчуванне ў роце ад ежы, пітва і інш.’, ‘апетыт’, ‘задавальненне, ахвота’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Нас., Ласт., Гарэц., Касп., Байк. і Некр., Шат., Растарг., Стан., Пятк. 2, Сл. ПЗБ, ТС), смо́кі ‘прысмакі’ (Скарбы, Барад.). Як і рус. смак і роднасныя праз польск. smak з ст.-в.-ням. gismac або с.-в.-ням. gesmac(h) ‘смак’; гл. Кюнэ, Poln., 97; Міклашыч, 309; Брукнер, 503; Фасмер, 3, 683. Паводле Маньчака (ABSl, 21, 302), з ст.-в.-ням. або с.-в.-ням. smac ‘тс’. З польскай паходзяць смачны < smaczny і смакава́ць < smakować; гл. Праабражэнскі, 2, 334; Фасмер, там жа. Ст.-бел. смакъ (XV ст.) і смаковати (XVI ст.) паходзяць з ст.-польск. smak і smakować (Булыка, Лекс. запазыч., 128, 189).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смерд ‘у старажытнай Русі — залежны селянін-земляроб’, ‘чалавек з простанароддзя’ (ТСБМ), смердзь ‘смурод’, ‘просты селянін’ (Нас.), ст.-бел. смердъ ‘селянін’ (Ст.-бел. лексікон). Укр., рус. смерд ‘селянін’, стараж.-рус. смьрдъ, польск. smard, дыял. śmierdź ‘тс’, палаб. smårdi ‘сялянства’, ст.-слав. смръдъ ‘залежны селянін-земляроб’. Прасл. дыял. *smьrdъ ад *smьrděti ‘смярдзець’ (гл. Праабражэнскі, 2, 334; Фасмер, 3, 684 з літ-рай), як пагардлівая назва земляроба з боку прадстаўніка пануючага класа. Параўноўвалі яшчэ з літ. smir̃das ‘той, хто пахне’, лат. smir̃za ‘тс’, але яны, як мяркуе, напрыклад, Скарджус (Slav., 202), хутчэй запазычаны з славянскіх моў. Гл. яшчэ Брукнер, 536; Махэк₂, 561–562; ЕСУМ, 5, 317; Шустар-Шэўц, Этимология–1984, 234–236 (набліжае да літ. mḕrdelis ‘аслабелая ад голаду істота’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сталю́га ‘прыстасаванне для распілоўкі бярвёнаў на дошкі; высокія козлы’, ‘сталярны варштат’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Касп., Бяльк., Сцяшк., Жд. 3, Сл. ПЗБ, Некр., Ян., Выг., Бір. Дзярж., Сцяцко Сл.), ‘мальберт’ (Гарэц.), ‘бандарскі станок, на якім апрацоўваюць стругам абручы, клёпкі’ (Янк. 1, Гарэц.; рагач., Арх. ГУ), столю́га, штолю́га ‘станок для апрацоўкі клёпак’ (ТС), сталю́жкі ‘козлы’ (Скарбы), сталю́гі ‘падмосткі пад стог’ (талач., ДАБМ, камент., 877). З польск. staluga, sztaluga ‘драўляная падстаўка, штатыў, козлы і пад.’, што з ням. Stellage ‘рыштаванні; стэлаж’ з прыстасаваннем суфікса па тыпу żegluga ‘суднаходства’ (Брукнер, 512–513). Гл. Кюнэ, Poln., 99; Нававейскі, Zapożyczenia, 105, 171. Ст.-бел. сталюга, столюга (XVII ст.) з ст.-польск. staluga (Булыка, Лекс. запазыч., 193).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тара́х ’бух, тарарах’ (беласт., Сл. ПЗБ), сюды ж дзеясловы тара́хкаць ’ляскатаць, стукацець’ (Касп.), тара́хати ’біць, стукаць’ (кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.), тара́хкаць ’тарахцець, бразгацець, брынчаць; трашчаць, гаварыць упустую’, тарахне́ць ’тарахцець, бразгатаць’ (ТС), тарахну́ць ’моцна ўдарыць’ (Растарг.), тарахце́ць ’утвараць рэзкія раскацістыя гукі’, ’хутка, гучна, несупынна гаварыць; балбатаць’ (ТСБМ, ТС), ’бразгатаць, ракатаць, бурчаць’ (Яўс., Варл.), ’ехаць з грукатам, грымець, лескатаць’ (Некр. і Байк.; ашм., Стан.; Федар. 1, Бяльк.): Ілля па небу тарахціць (Сержп. Прык.), ’стукацець’: жаўна тарахціць дзюбам (Сержп. Прымхі). Параўн. укр. тара́х, тара́хкати, торо́х, торохті́ти ’грукаць, грукаюць’, рус. тарахте́ть ’грымець (пра экіпаж)’, дыял. торохну́ть ’грымнуць’, польск. дыял. tarach ’выварацень’, tarachnąć ’грымнуць’, што параўноўваюцца з трахнуць (Брукнер, 565). Гукаперайманне (Фасмер, 4, 23), гл. тарарах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Твой ’уласцівы табе, належна табе’, перан. ’муж, каханы’ (ТСБМ), ’уласцівы, належны табе’ (Нас., Бяльк., Ласт., Некр. і Байк., ТС), тву͡ой ’тс’ (Федар. 4, Вруб.), ст.-бел. твои ’тс’, сюды ж тво́йскі ’уласцівы, належны табе’, ’па-твойму’. Укр. твій, рус. твой, польск. twój, н.-луж. twój, в.-луж. twój, палаб. tüj, чэш. tvůj, славац. tvoj, славен. tvój, серб.-харв. тво̑ј, балг. твой, макед. твој, ст.-слав. твои. З прасл. *tvojь, звязанага з *ty ’ты’ (гл. ты) і роднаснага да ст.-інд. tvaḥ ’твой’, авест. θwa‑, грэч. σός (*tvos), лац. tuus (< tovos), прус. twais ’тс’, і ўрэшце ўзыходзіць да і.-е. *tu̯o‑ (Фасмер, 4, 33; ЕСУМ, 5, 532–533; Брукнер, 587; ESSJ SG, 2, 704).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трапа́ ’сцежка’ (Бяльк., Адм.), трапі́на ’тс’ (бярэз., Сл. ПЗБ), тропі́на ’тс’ (Мат. Гом.), тро́па ’сцяжынка’ (ігн., Сл. ПЗБ), трапі́нка ’тс’ (Ян.), тропі́нка ’тс’ (ТС), тропэ́на ’дарога’ (драг., Ск. нар. мовы), тро́пка ’сцяжынка’ (Нас., Байк. і Некр., Сержп. Прымхі, Др.-Падб.). Укр. тропа́, троп, тріп ’след’, ’вузкая горная сцежка’, ’шлях, кірунак’, укр. гуц. трапа́ш ’зімовая дарога, вытаптаная авечкамі’, рус. тропа́ ’сцежка, дарожка’, стараж.-рус. тропа ’шлях, дарога’, польск. trop ’след, каляіна’. Дапускаюць прасл. *tropa, відавочна, звязанае з тра́паць, тро́паць ’стукаць нагамі, тупаць’ (гл.), параўн. роднасныя лат. trapa ’натоўп, куча’, алб. trap ’сцежка’, ст.-грэч. ἀτραπός ’сцяжынка’ (Фасмер, 4, 105; Чарных, 2, 496–497; Брукнер, 577; ЕСУМ, 5, 649). Гл. таксама троп ’дарога, след’, трэп ’дарога, сцежка’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тынк ‘пакрыццё паверхні будаўнічых канструкцый’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Касп., Гарэц., Ласт., ТС, Сл. ПЗБ), ‘тынкоўка, раствор для тынкоўкі’ (Сцяшк., Шат., ПСл, Шушк.), ‘матэрыял, якім забіваюць шчыліны ў сцяне’ (Бяльк.), сюды ж тынкава́ць ‘пакрываць тынкоўкай’ (Нас., Ласт., Касп.), тынкова́ць ‘тс’ (ТС): tynkovácʼ ŭ kołočki, u dranku (Арх. Вяр.), тинкова́ти ‘апрацоўваць, выпраўляць паверхню вапнай’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), ст.-бел. тынковати ‘тынкаваць’ (1695 г.), тынкованье (тынкоўкай) (1690 г., ГСБМ). Праз польск. tynk ‘тс’, якое з нова-в.-ням. Tünche ‘тынкаванне’, ‘тынкоўка’, а апошняе з лац. tunica ‘скура’, ‘покрыва’, ‘абалонка’. Лацінскае слова, як і ст.-грэч. χιτών ‘хітон, туніка’, былі запазычаны праз фінікійскую мову з арамейск. kittūnā́ < ст.-яўр. kuttṓneth ‘тс’ (Борысь, 659; Брукнер, 589; ЕСУМ, 5, 570).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Істу́жка, стужка ’палоска каляровай тканіны, якая скарытоўваецца для ўпрыгожання, аблямоўкі і іншых мэт’, ’доўгая вузкая палоска з якога-н. матэрыялу, якая служыць для тэхнічных і іншых патрэб’ (ТСБМ, Касп., Бяльк., Мядзв., Жд. 2, Інстр. I). Рус. смал. сту́жка, исту́жка ’істужка’, укр. стьо́жка ’тс’, польск. wstęga, wstążka ’істужка, палоска’, в.-луж. уст. stuha ’істужка, шнурок, завязка’, н.-луж. stuga ’шнурок, рэмень’, ст.-чэш. vztúha, чэш. stuka, stužka ’істужка’, славац. stuha, stužka, stuhľa ’істужка, палоска, пояс’, славен. stȏgla ’шнурок, раменьчык’. Ст.-рус. сътуга ’звязка, скрэпа’. Прасл. *sъtǫga, корань *‑tǫg‑/*‑tęg‑, гл. тугі, цягнуць, цяга (Фасмер, 3, 786; Брукнер, 635). Махэк₂ (590) прапаноўвае праформу *vъstęga, дзе vъs‑ паказвае напрамак дагары. Бел. суфіксацыя ‑к‑a; і‑ пратэтычнае.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тачы́ць1 ’вастрыць, завострываць’, ’вырабляць што-небудзь на такарным станку’, ’дзіравіць, пашкоджваць (пра насякомых, грызуноў; пра дзеянне вады, ветру)’; ’неадступна мучыць, пазбаўляць сіл (пра хваробу, думкі, пачуцці і пад.)’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ’вастрыць’, ’рыць; грызці’ (Сл. ПЗБ), ’вастрыць’ (Бяльк.; ашм., Стан.; Сержп. Прык.), ’дзіравіць, прагрызаць’ (Нас.), ’наточваць’ (Ласт.), точы́ць ’грызці, рыць; усоўваць’ (ТС), точы́ть ’вастрыць’ (Вруб.); сюды ж тачы́цца ’лезці, рабіць хады’ (Федар. 4), точы́цца ’лезці, чапляцца’ (ТС). Укр. точи́ти ’вастрыць; апрацоўваць’, ’грызці, праядаць’; ’пазбаўляць сіл, здароўя’, рус. точи́тъ ’вастрыць; грызці’, стараж.-рус. точити ’праядаць’, польск. toczyć ’вастрыць’, в.-луж. točić ’вастрыць; грызці’, н.-луж. tocyś ’тс’, чэш. točit ’вастрыць, выточваць’, славац. točiť ’тс’, серб.-харв. то̀чити ’вастрыць; грызці’, балг. то́ча ’вастрыць’, макед. точи ’тс’. З прасл. *točiti ’вастрыць, абточваць’, якое звязана з *točiti ’гнаць, прымушаць бегчы’ > ’абточваць, паварочваючы’. З падобным развіццём семантыкі літ. tekė́ti ’бегчы’ і ’вастрыць’ (Брукнер, бі). Славянскія словы збліжалі з арм. tʼekʼem ’кручу, пляту, намотваю’, лац. texere ’ткаць, плесці’ (ЕСУМ, 5, бі 1; Фасмер, 4, 90; Брукнер, 573; Голуб-Ліер, 478; Махэк₂, 637–638).

Тачы́ць2 ’наліваць’ (Сл. ПЗБ), ’ліць, цадзіць’ (Нас., Байк. і Некр.), ст.-бел. точити ’выдзяляць, раздаваць’, ’рассыпаць’, войну точити ’ваяваць’ (Ст.-бел. лексікон), сюды ж тачы́ць вайну́ ’сварыцца, вадзіцца’ (Сл. ПЗБ), тачы́цца ’ліцца, вылівацца’ (Байк. і Некр.), ’ліцца; сыпацца патрохі’ (Нас., Стан.), ’працякаць’ (Ян.), ’паўзці, імкліва пранікаць’: мухі ў хату точуцца (в.-дзв., Сл. ПЗБ), вада точыцца (ашм., Сл. ПЗБ), ’рухацца, перамяшчацца’: рак точыцца назат (гродз., Сл. ПЗБ), точы́цца ’сачыцца’ (ТС). Укр. точи́ти ’ліць, выпускаць (вадкасць), цадзіць’, точи́тися ’цячы, выцякаць’, рус. точи́ть ’выпускаць (вадкасць)’, стараж.-рус. точи́ти ’выдзяляць вільгаць; праліваць’, польск. toczyć ’разліваць’, чэш. točiti ’ліць, цадзіць’, славац. točiť ’цадзіць, наліваць’, славен. točiti ’ліць’, серб.-харв. то̀чити ’наліваць, ліць; цячы, ліцца’, балг. точа ’цадзіць, наліваць, разліваць’, макед. точи ’тс’, ст.-слав. точити ’выпускаць (вадкасць); гнаць, пераследаваць’. З прасл. *točiti ’пускаць, бегчы, цячы; гнаць’, каўзатыва ад *tekti ’цячы’ (ЕСУМ, 5, 610; Чарных, 2, 254; Фасмер, 4, 90; Брукнер, 573; Голуб-Ліер, 478; Махэк₂, 637–638). Паводле Борыся (637), аднаго паходжання з папярэднім словам (гл.), пры гэтым прасл. *točiti мела агульнае значэнне ’рабіць так, каб нешта цякло, плыло’, ’перамяшчаць нешта, надаючы яму вярчэнне’, ’апрацоўваць прадмет, верцячы яго’. Параўн. і тачаць, гл.

Тачы́ць3 ’падаўжаць, сточваць адно з адным’ (калінк., Сл. ПЗБ), точы́ць ’тс’ (ТС). Гл. папярэдняе слова; у аснове значэнне ’круціць, віць’.

Тачы́ць4 ’расціраць, церці’: тачылі ягады на машынку (рагач., Сл. ПЗБ). Гл. тачы́ць1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ро́ля1 ’драматычны вобраз акцёра’, ’поўны тэкст з п’есы слоў адной дзеючай асобы’, ’работа, занятак’, ’значэнне, ступень удзелу, мера ўплыву’ (ТСБМ, Байк. і Некр.). З польск. rola ’тс’, якое (праз ням. Rolle) з франц. rôle ’роль’, ’спіс’ < лац. rotulus ’папяровы скрутак з тэкстам акцёра’ (Праабражэнскі, 2, 212; Фасмер, 3, 498; Брукнер, 462; БЕР, 6, 315).

Ро́ля2 ’земляробства’, ’ралля’, ’узаранае поле’ (Нас.), (весня́на) ро́ля ’ралля, веснавое ворыва’ (івац., ЛА, 2), ст.-бел. рольѧ ’тс’ (Альтбаўэр). Укр. рілля́ ’узаранае поле, ралля’, рус. паўд. ро́лия, ро́лья, ро́ля ’ралля, час ворыва’ (Даль), стараж.-рус. ролия ’ралля, ворыва, земляробства’; польск. rola ’апрацоўваемая зямля’, палаб. rülʼă ’узаранае поле’, н.-луж., в.-луж. rola ’ралля’, паўд.-чэш., ходск. rolí, мар. rolʼa ’ворная зямля’, славац. rolʼа ’поле’, ralʼa ’сялянская сядзіба, участак’, славен. rál ’ралля’, râl ’ворыва’, ’час ворыва’, ’узараная зямля’, ’мера плошчы’; харв. rȁl ’мера зямлі 0,73 га’ і orál ’мера зямлі 2519 м²’, ’узаранае поле’; стараж.-рус. раль ’поле’. Прасл. *or–lja (Брукнер, 462), *orlьji < *orə‑vl‑iə < *orə‑vr‑iə (Махэк₂, 516), *orlьja (Рэйзак, 543), якое з дзеепрым. órlъ: Фурлан (Бязлай, 3, 148–149) выводзіць прасл. *orlь з órlъ, якое да прасл. *orti > orati > араць (гл.). З і.-е. *arH‑: лац. arvum ’узаранае поле’, ’луг’, ’дзёран, мурава’, ст.-грэч. ἄρουρα ’ралля’ (Покарны, 63; Фрыск, 2, 147; Вальдэ (1906), 47). З прасл. *orlь утварыўся зборны назоўнік *orlьje > славен. (o)rálje, orolje ’узараная плошча, поле’, ’мера плошчы’, бел. раллё ’ўзаранае поле’, ’ворыва’ (гл. раллё1), чэш. rolí ’поле’, а бел. ралля (гл. ралля1), ц.-слав., стараж.-рус. ролия, укр. рілля́, польск. rola і г. д. — з прасл. *orljьa.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)