гнайнічковыя хваробы скуры, агульная назва пашкоджанняў скуры, выкліканых уздзеяннем гнаяродных мікраарганізмаў (стафілакокаў, стрэптакокаў, зрэдку вульгарнага пратэю, кішачнай і сінягнойнай палачкі і інш.). Бывае першаснай і другаснай (як ускладненне інш. захворванняў скуры). Развіццю П. спрыяюць прафес. і быт. забруджанні скуры, мікратраўмы, пераграванне або пераахаладжэнне, парушэнне функцый унутр. органаў, ц. н. с., абмену рэчываў. Некат. формы часцей назіраюцца ў дзяцей (псеўдафурункулёз), інш. ў дарослых (сікоз). Адрозніваюць стафіла-, стрэпта- і стафіластрэптапіядэрміі. Пры стафілапіядэрміі найчасцей пашкоджваюцца валасяныя фалікулы і потавыя залозы (гідрадэніт, карбункул, фурункул і інш). Стрэптакокапіядэрміі (заеда, імпеціга, хранічная параніхія і інш.) выклікаюць паверхневае або глыбокае запаленне скуры. Да стрэптастафілакокавых адносяць хранічную глыбокую язвавую і язвава-вегетуючую П. Лячэнне: тэрапеўтычнае. На П. хварэюць таксама жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАДО́ВЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
расліны, якія вырошчваюць для атрымання ядомых пладоў; аб’ект пладаводства. Вядома больш за 200 відаў з 26 сямействаў. Пераважна дрэвы і кусты, таксама травяністыя расліны і ліяны. Падзяляюцца на семечкавыя (яблыня, груша, рабіна, глог, ірга, айва, мушмула), костачкавыя (вішня, чарэшня, сліва, алыча, абрыкос, персік), ягадныя (суніцы, маліны, парэчкі, агрэст), арэхаплодныя (ляшчына, грэцкі арэх, міндаль, фісташка), субтрапічныя пладовыя (лімон, мандарын, грэйпфрут, апельсін, інжыр, гранат, хурма, масліна), трапічныя пладовыя (банан, манга, ананас, папайя).
На Беларусі асн. П.к. — яблыня, сліва, груша, алыча, вішня, маліны і інш. Плады П.к. (садавіну) выкарыстоўваюць у харч, фармакалагічнай і парфумернай прам-сці. Селекцыйная работа па інтэнсіфікацыі пладаводства вядзецца ў БелНДІ пладаводства з 1925; выведзена больш за 150 сартоў, раянаваных на Беларусі і ў інш. краінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАКАДЭ́РМЫ, панцырныя рыбы,
пласцінаскурыя (Placodermi),
выкапнёвыя сківічныя рыбы, блізкія да акулавых. 2 падкл.: антыархі і артрадыры. Жылі ў палеазоі (дэвон, каля 400 млн.г. назад). Вялі прыдонны спосаб жыцця. На Беларусі рэшткі П. выяўлены ў адкладах сярэдняга дэвону Аршанскай упадзіны, Бел. антэклізы, Жлобінскай седлавіны, Прыпяцкага прагіну. Выкарыстоўваюцца пры вызначэнні ўзросту геал. адкладаў.
Даўж. марскіх відаў да 12 м (дыніхтыс, дунклеастэус), прэснаводныя значна драбнейшыя (напр., батрыялепіс каля 45 см, птэрыхтыёдэс каля 17 см). Мелі храстковы шкілет, парныя плаўнікі, укрытыя касцёва-скурнымі пласцінкамі. Галава і пярэдняя ч. тулава ўкрыты панцырам, у большасці відаў злучаны рухома. Сківіцы ў выглядзе завостраных касцявых пласцін. Карміліся беспазваночнымі, некат. (пераважна марскія) рыбамі. Гл.таксамаАстракадэрмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЕ́ТЫЙ (лац. Prometium),
Pm, штучны радыеактыўны хім. элемент III гр.перыяд. сістэмы, ат. н. 61, ат. м. 144, 9128, адносіцца да лантаноідаў. Вядома 14 ізатопаў з масавымі лікамі 141—154; найб. устойлівы 145Pm (перыяд паўраспаду T1/2 каля 18 гадоў). У зямной кары знойдзены ў вельмі нязначнай колькасці 147Pm (T1/2 2,64 гады, мяккі β-выпрамяняльнік), які ўтвараецца пры дзяленні урану-235. Адкрыты ў 1945, назва ад імя Праметэя.
Метал светла-шэрага колеру, t 1170 °C, шчыльн. 7260 кг/м³. Вылучаюць 147Pm з сумесі радыеактыўных ізатопаў розных элементаў, што ўтвараюцца ў рэактарах пры дзяленні ядз. паліва. Выкарыстоўваюць пераважна як кампанент люмінафораў (свецяцца бесперапынна на працягу некалькіх гадоў), а таксама як крыніцу радыеактыўнага выпрамянення ў мініяцюрных ядз. батарэйках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСТО́РАў матэматыцы,
лагічна магчымая форма (ці структура), якая служыць асяроддзем, дзе ажыццяўляюцца інш. формы і структуры, будуюцца розныя матэм. тэорыі. Напр., у элементарнай геаметрыі на плоскасці ці ў П. будуюцца розныя фігуры.
Узнікла як вынік абагульнення звычайнай трохмернай П. У большасці выпадкаў у П. фіксуюцца суадносіны, аналагічныя паводле фармальных уласцівасцей са звычайнымі прасторавымі суадносінамі (адлегласць паміж пунктамі, роўнасць фігур і інш.). Такія абагульненні даюць магчымасць выкарыстоўваць геам. аналогіі для рашэння канкрэтных задач, дзе рэальныя формы рэчаіснасці не з’яўляюцца прасторавымі ў звычайным сэнсе, аднак маюць прасторава-падобную структуру. Напр., метрычная П. (вызначана адлегласць паміж пунктамі; гл.Метрыка ў матэматыцы), «П. падзей» у геам. інтэрпрэтацыі тэорыі адноснасці, фазавая прастора ў тэарэт. фізіцы і механіцы. Гл.таксамаМнагамерная прастора, Тапалагічная прастора, Эўклідава прастора.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЧЫ́СТАЯ,
летняе свята нар. календара, якое адзначалі 15 жніўня с.ст.; адно з дванадзесятых святаў. Правасл. царква прымеркавала да гэтага дня Успенне Багародзіцы. Наз.таксама «успленне», «спажа», «зельная». Назва «успленне» і «спажа» ў народзе тлумачыліся тым, што ў садах спелі плады, а на палетках — збажына. У гэты дзень у царкве асвячалі зерне, зеляніну. Асвечанае жыта перамешвалі з насеннем, каб на наступны год прычакаць добрага ўраджаю. У нар. фальклоры беларусаў П. згадваецца ў сувязі з падвядзеннем вынікаў працы селяніна: «Прачыста снапкі падае», «Свята Прачыста — у полі ўрачыста», «Спажа́ — хлеба дзяжа». Сеялі азімыя, пра што прыгадвала прыказка «Успенне — ці гатова насенне?». П. звычайна называлі першай або вялікай у адрозненне ад другой (меншай) П. — багача, прымеркаванай да Раства Багародзіцы, якое адзначалася 21 жніўня с.ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ФІЛІ МЕТАЛІ́ЧНЫЯ,
даўгамерныя вырабы рознага папярочнага сячэння (вугалкі, швелеры, лісты, трубы, рэйкі і інш). Атрымліваюцца пракаткай (пракатныя профілі), прасаваннем (прасаваныя профілі), гібкай (гнутыя профілі). Адрозніваюць пракатныя профілі з пастаянным сячэннем па даўжыні, пераменныя профілі (памеры па даўжыні ці форма папярочнага сячэння мяняюцца) і спецыяльныя. Прасаваныя профілі ў залежнасці ад канфігурацыі папярочнага сячэння падзяляюцца на суцэльныя і пустацелыя. Іх вырабляюць таксама са сталі, тытанавых, магніевых, медных, нікелевых і інш. сплаваў. Гнутыя профілі атрымліваюць на профілягібачных станах з ліставога металу (сталь, каляровыя металы і сплавы). Шырока выкарыстоўваюцца ў розных галінах вытв-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГАВО́РНЫ РУХ 1905—07,
сялянскі рух у выглядзе складання зваротаў (прыгавораў) да цара за паляпшэнне свайго становішча і перадачу яму зямлі ва ўласнасць. Стаў пашыраным пасля царскага Маніфеста ад 18.4.1905. У прыгаворах выкладаліся наспелыя патрабаванні жыхароў вёскі. Бел. сяляне выступалі з патрабаваннямі перадачы ўсіх зямель у рукі прац. люду, неадкладнай перадачы беззямельным і малазямельным сялянам казённых, удзельных і манастырскіх зямель, ліквідацыі розных перажыткаў прыгонніцтва, скасавання саслоўных інстытутаў па кіраванні сялянамі, выказваліся таксама патрабаванні роўнасці ўсіх грамадзян перад законам, увядзення ўсеаг. абавязковага бясплатнага навучання дзяцей школьнага ўзросту. П.р. сведчыў у пэўнай ступені пра царысцкія ілюзіі сялян, хоць у працэсе складання, абмеркавання і прыняцця прыгавораў сяляне арганізоўваліся і непазбежна ўступалі ў канфрантацыю з уладамі. У ідэалаг. адносінах П.р. сведчыў пра рэвалюцыянізацыю вёскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЗЫ́Ў на ваенную ці альтэрнатыўную службу, прыцягненне грамадзян да выканання воінскага абавязку (павіннасці) або інш. службовых абавязкаў у адпаведнасці з законам. У Рэспубліцы Беларусь паводле закону «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» (1992) існуюць наступныя віды П.: на тэрміновую ваен. службу (праводзіцца 2 разы ў год) паводле Указа Прэзідэнта; на ваен. службу па мабілізацыі і ў ваен. час (праводзяцца пры абвяшчэнні ў краіне поўнай або частковай мабілізацыі); на ваен. службу ў мірны час афіцэраў запасу, якія не прайшлі тэрміновую ваен. службу і не дасягнулі 27 гадоў (праводзіцца паводле рашэння Савета Міністраў). У шэрагу краін, у т. л. СНД (Украіна і інш.), існуюць законы (у Рэспубліцы Беларусь праект закона) аб альтэрнатыўнай службе. Гл.таксамаАбавязак воінскі, Воінская павіннасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЛІ́ЎНАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ, ПЭС,
від гідраэлектрычнай станцыі, якая пераўтварае энергію марскіх прыліваў ў эл. энергію. Будуецца на беразе заліва, вусця ракі ці штучнага басейна, адгароджаных ад мора плацінай. Дзейнічае за кошт перападу ўзроўняў вады паміж басейнам і морам, што ўтвараецца ў час прыліваў і адліваў. На П.э. ўстанаўліваюць капсульныя гідраагрэгаты, якія могуць працаваць у генератарным і помпавым рэжымах, а таксама як водапрапускныя адтуліны. Найб. эфектыўная работа П.э. ў энергасістэме, што дазваляе макс. выкарыстаць пераменнасць напору і рэжымаў работы. Першая П.э. пабудавана ў 1966 у Францыі.
Схемы работы прыліўнай электрастанцыі: а — у прамым генератарным рэжыме (пры адліве, калі назапашаная ў басейне вада вяртаецца ў мора, прыводзячы ў рух гідраагрэгаты); б — у адваротным генератарным рэжыме (пры запаўненні басейна ў час прыліву); 1 — плаціна; 2 — гідраагрэгат.