Ба1 выклічнік, які выказвае здзіўленне (Бяльк.). Рус. ба, укр. ба, балг. ба, серб.-харв. ба ’тс’. Першасны выклічнік, вядомы і ў іншых мовах (параўн. ням. ba, франц. bah, тур. ba). Гл. Бернекер, 36; Праабражэнскі, 1, 10; Фасмер, 1, 99; БЕР, 1, 22. Параўн. ба2. Памылкова Макарушка, Словар, 4 (запазычанне з тур. мовы).

Ба2 злучнік, гл. КЭС. Магчыма, захаваўся ў бел. са значэннем ’каб, калі б’ (Нас.: «Ба, калі б гэта спраўдзілася»). Укр. ба, польск. ba, чэш. ba, славац. ba ’нават’. Слав. ba, роднаснае літ. , лат. ba, ст.-грэч. φή, ст.-іран. , гоц. ba. Іншая аблаутная форма гэтага злучніка — слав. bo ’таму што’ (гл.). Бернекер, 36; Траўтман, 22 і наст.; Фасмер, 1, 99; Махэк₂, 39; Слаўскі, 1, 24; параўн. таксама Развадоўскі, RO, 1, 102. Да праформы (*bо : *bā) і ўжывання злучніка гл. Шавялоў, Prehistory, 117. Брукнер (9) дапускае магчымасць ідэнтычнасці паходжання ba1 і ba2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жы́дкі ’вадзяністы, негусты, тонкі’. Рус. жи́дкий ’вадкі’, в.-луж. židki ’негусты’, н.-луж. žydki ’тс’, чэш. уст. židký ’вадкі’, славен. žídek ’негусты, вадкі, мяккі, слабы’, серб.-харв. жи́дак, жи̏дак ’негусты, тонкі (пра сцябло і да т. п.); балг. дыял. жѝтък ’вадзяністы, негусты’. Ц.-слав. жидъкъ ’вадкі’. Ст.-рус. жидкий ’негусты, вадкі’. Прасл. *židъkъ утворана з суф. прыметніка *‑ъk‑ (як салодкі і інш.). І.‑е. корань *g​eid(h) ’жыжа, гразь’: грэч. δεῖσα ’гразь’, арм. gēǰ ’рэдкі’. Покарны, 1, 469; Фасмер, 2, 53; БЕР, 1, 549. Непераканаўчыя паралелі з герм. і іншых і.-е. моў прыводзіў Младэнаў (160); цікавыя, але няпэўныя балт. паралелі (літ. giẽdrùs, giẽdras ’ясны, празрысты’) дае Махэк₂ (727): іх адносяць да і.-е. кораня *g​hei (Покарны, 1, 488; Фрэнкель, 128), сувязь з якім слав. кораня семантычна няпэўная. Прапанова Ваяна (BSL, 31, 44) пра суадносіны *židъkъ з *žica, *žila (семантычна вадкігнуткі) не абгрунтоўвалася.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зало́за ’орган у арганізме, што выпрацоўвае ці выдаляе пэўныя рэчывы’, за́лзы, зэлзы ’тс’ (Сл. паўн.-зах.), зо́лзачка (Жд. 2). Рус. железа́, дыял. перм., паўн.-дзвін. за́леза́, укр. за́лоза, польск. zołza ’хвароба залоз’, серб.-луж. žałza, чэш. žláza, славен. zléza, серб.-харв. жле́зда, жлијѐзда, балг. жлеза́, макед. жлезда. Ц.-слав. жлѣза ’залоза’. Ст.-рус. железа ’тс’ (XII ст.), ’чумны бубон, чума’ (XIV ст.). Прасл. želza. Літ. gẽležuonys і інш. ’залозы’, арм. gełj‑kʼ ’тс’, грэч. γογγρώνη ’апухлая залоза’. І.‑е. *ghelgʼh‑ ’залоза’. Покарны, 1, 435; Фасмер, 2, 42; Скок, 3, 683–684; Брукнер, 656; Махэк₂, 729; Копечны, Zákl. zásoba, 435; Траўтман, 84; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 261. Трубачоў (ВСЯ, II, 34) указвае на агульнасць паходжання слоў залоза і жалеза. Няясным застаецца: з‑ у бел., укр., польск.; бел. націск (архаічны?), які не супадае з укр. і рус.; польск. ‑ol‑. Ці сюды чэш. дыял. hlíza ’апухласць’?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Збамбе́рыць ’падняць вялікае, цяжкае (на плечы, воз)’, ’успухнуць’ (Сцяц.), збабэнчыць ’ускінуць на плечы’, ’уздуць (пра жывот)’, збэнчыць ’успучыць’ (Сл. паўн.-зах.), ’уздуцца, узлавацца’ (слонім., Нар. лекс.). Наўрад ці трэба аддзяляць ад бамбэлак ’жывот, барабан’ (гл.), ’надзьмуты мачавы пузыр жывёлы’ (Сл. паўн.-зах.), польск. bąbel ’пухір, уздуцце’, адкуль дакладна бел. бомбаль ’пузыр’ (ваўк., даецца паводле Лаўчутэ, Сл. балт., 62). Суадноснасць бел. слоў магчыма з-за экспрэсіўнага характару, але няпэўная. Лаўчутэ (Сл. балт., 98) збамбэрыць лічыць запазычаннем з балт. слова з коранем *bamb‑ (параўн. літ. bam̃bti ’таўсцець, пухнуць, надувацца’), што не выключаецца, але хутчэй як крыніца кантамінацыі. Больш цяжка растлумачыць бел. значэнне ’падняць’, якое, як і ’ўздуцца’, аб’ядноўвае абодва дзеясловы. Да гэтых цяжкасцей дадаецца яшчэ абамбе́рыць ’дрэнна пастрыгчы’ (гл.), узбамберыць ’залезці, набіць’ (слонім., Жыв. сл.), адкуль, відаць, і збамберыць ’падняць’. Магчыма, знач. ’падняць’ трэба выдзеліць. Абамберыць ’пастрыгчы нагала’ (жыт., Жыв. сл.), можа, да значэння, ’пухнуць’ > ’пухір’ (параўн. бамбэлак). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зе́льна1 ’тлумна’, зялі́цца ’тлуміцца’ (бялын., Яўс.). Рус. перм., пск., тамб., арл. зе́льно ’вельмі, надта’. Зыходзячы з рус. значэння відаць, суадносіцца з *zělo ’вельмі’ (адкуль і прыслоўе дазела ’вельмі’ (Нас.) < *do zěla): прыметнік з суфіксам ‑ьn‑, прыслоўе, ад якога на ‑a, а таксама дзеяслоў на ‑i‑ti sę > ‑іцца. Прасл. zěl‑ (ст.-слав. ѕѣлъ, славен. zelô, ст.-чэш. zielo ’вельмі’) да і.-е. кораня *gʼhoilo‑ ’моцны, вясёлы, жвавы’ (Покарны, 1, 452): літ. gailùs ’злосны, востры’, лат. gails ’юрлівы’, ст.-в.-ням. geil ’тс’ і інш. Фасмер, 2, 92; Шанскі, 2, З, 85; Львоў, ДС ИЯ, 8, 88–100; Траўтман, 75.

Зе́льна2, зельна свята, зелна ’спас’ (Сл. паўн.-зах.). Польск. Matka Boska Zielna ’назва каталіцкага свята 15 жніўня’, відаць, крыніца бел. слова (і злучэння). Адпаведная праваслаўная назва — Прачыста < прѣчистая, аспожка (гл.) > спожка. Параўн. Грынблат, Белор., 257. Польск. уст. zielny ад ziele ’зелле’, гл. зелле з прыметнікавым суф. ‑n‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зяць ’муж дачкі’. Рус., укр. зять ’муж дачкі, сястры, залоўкі’, польск. zięć, палаб. ząt, чэш. zeť, славац. zať, славен. zèt ’муж дачкі’, серб.-харв. зе̏т, балг., макед. зет ’муж. дачкі ці сястры’. Ст.-слав. зѧть. Ст.-рус. зять. Прасл. zętь. Літ. žéntas ’зяць’, лат. znuôts ’зяць, сваяк’, грэч. γνωτός ’сваяк, брат’, ст.-інд. jñātíṣ ’сваяк’. Да і.-е. *gʼen‑ ’нараджаць’, адкуль *gʼenǝt‑. Трубачоў, История терм., 128–131; Фасмер, 2, 112; Шанскі, 2, З, 116; Махэк₂, 715; Скок, 3, 651–652; БЕР, 1, 636–637. Шаўр (Etymologie, 56–59) звяртае ўвагу на верагоднасць сувязі *zęt‑ з пастуляваным Іллічам–Світычам (Проблемы индоевр. языкозн., 1964, 7) і.-е. *gʼam‑ ’жаніцца’, не выключаючы разам з тым сувязі з і.-е. *gʼen(ǝ) ’нарадзіць — ведаць ад нараджэння’, на якую указваў Ісачанка, Зб. Гаўранку, 125–127 Трэба ўлічваць гіпатэтычнасць пабудовы Ілліча–Світыча, які лічыў, магчыма, што і.-е. корань < сяміцк. *d̯‑m, які этымалагізуецца праз ’запрагаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́вал ’вялікі кавалак чаго-н.’ (БРС, ТСБМ; слонім., Арх. Бяльк.; КТС; зах.-палес., Міхайлаў, вусн. паведамл.). Геаграфія і націск слова сведчаць, што бел. кавал запазычана з польск., гл. Слаўскі, 2, 106, які лічыць, што польск. kawał — больш позняе ўтварэнне ў параўнанні з kawalec, kawałek, якія ўзыходзяць да с.-ням. kavele ’жэрабя, доля і інш.’ Параўн. кашуб. kawel, kaweł ’доля, надзел зямлі’, славін. kãvȯl, kãveãl ’кавалак, вялікі кавалак’, чэш. дыял. kaval ’кусок’, славац. kaval ’тс’, н.-луж. kjabel ’доля, калодка для жараб’ёўкі; надзел зямлі, лесу і г. д.’ Значэнне зах.-слав. лексем добра ўзгадняецца з класічнай этымалогіяй. Паводле гэтага крытэрыю, а таксама паводле лінгвагеаграфічнага і інш., нельга пагадзіцца з меркаваннем Казловай, Сов. слав., 89, 90, што ўсх.-слав. кавал < *koval *kovati і зах.-слав. формы можна вытлумачыць як запазычаныя з усх.-слав. моў. Аб польск. і ням. словах больш падрабязна Слаўскі, 2, 107 (там і літ-ра).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ры́за ’адзенне святара’, ’металічная акладка на абразах’ (ТСБМ), ’раса’ (Янк. 1) ’дрэнная вопратка’ (валож., ЛА, 5), ры́зніца ’памяшканне, дзе захоўваюцца рызы і царкоўныя рызы’ (ТСБМ), ’зношанае адзенне’ (рэч., лельч., ельск., добр.), ры́зіна ’старая, падраная вопратка’ (Янк. 1), ри́за ’адзенне святара’, ’раса’ (Нас.), ри́зка, ри́зочка ’адзенне, у якім хрысцяць дзіця’ (Нас.), ризки ’тс’ (Дэмб. 1, 646), ст.-бел. риза, рыза ’адзенне’ (XV ст.), ’адзенне святара’ (XVI ст.), рызница ’рызніца’, рус. ры́за ’адзенне святара’, ри́зка ’пялёнка, у якую закручваюць дзіця пасля хрышчэння’, ст.-рус. риза ’адзенне’, укр. ри́за, чэш. říza ’рыза’, серб.-харв. ри̏за ’адзенне’, балг. ри́за, ст.-слав. риза. Няма надзейнай этымалогіі. Па адной з версій меркавалася роднасць з *rezati, *raz (> бел. рэ́заць, раз). Некаторыя схіляюцца да версій аб запазычанні, параўн. візант. ῥίαις ’перадплечча’ (Фасмер, 3, 482–483 з літ-рай БЕР, 6, 254).

Рыза́ ’пілаванне’ (камянеў, кобр., ЛА, 1; Сл. Брэс., Клім., 65). Утворана ад рэ́заць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сая́н ’шарсцяная даматканая спадніца’ (Касп.), ’шарсцяная спадніца з каснікамі, андарак’ (Бяльк., Малч., Сл. ПЗБ), ’шарсцяная спадніца з купленай тканіны’ (Малч.), ’верхняя світка з чырвонага сукна, лепшая адзежа’ (Мядзв.), ’зімовая шарсцяная спадніца’ (Тарн.), ’спадніца, сарафан’ (Пал., ДАБМ, камент., 933; віц., магіл., Шн. 1), ’спадніца з ільняной тканіны’ (Нік., Оч.), ’тонкае сукно’ (Гарэц.), ’паўсукно’ (Сл. ПЗБ), ’палатно з воўны’ (Інстр. 1), сая́н, сая́к ’суконная спадніца’ (Мат. Гом.). Рус. цвяр., смал. сая́н ’сарафан з даматканай фарбаванай тканіны, расхінны сарафан’, курск. ’высокая спадніца з падцяжкамі’. Запазычана праз польск. sajan ’плашч’ (ст.-польск. sajan ’кароткі салдацкі кафтан’) з італ. saione, ’грубая шарсцяная фуфайка’ < saio ’простая фуфайка, салдацкая куртка’ < лац. sagum ’салдацкі плашч’, кельцкага паходжання (Мацэнаўэр, 302, Брукнер, 479; Фасмер, 3, 567). Ст.-бел. саянъ, соянъ (XVI ст.) са ст.-польск., гл. Булыка, Лекс. запазыч., 109. Літ. sajõnas, sejõnas, sijõnas ’спадніца, летняя жаночая вопратка’ паходзяць з усходнеславянскіх моў, гл. Скарджус, Slav., 195.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свярбе́ць ‘часацца, раздражняцца’ (ТСБМ, Др.-Падб., Гарэц., Сцяшк., Сержп. Прымхі, Шымк. Собр., Сл. ПЗБ), свербе́ць ‘тс’ (ТС). Сюды ж сверб ‘свярбячка’ (Нас., Бяльк., Касп., Сл. ПЗБ), свярбёж ‘тс’ (Шымк. Собр.), свярбёта ‘тс’ (Нас.). Укр. свербі́ти ‘свярбець’, рус. свербе́ть, дыял. таксама ‘блішчаць, мігацець’, польск. świerzbieć, в.-луж. swjerbjeć, swjerbić, н.-луж. swjerbjeś, чэш. svrběti, славац. svrbieť, серб.-харв. свр́бети, славен. srbẹ́ti, балг. сърби́, макед. сврби ‘свярбець’. Прасл. *svьrběti. Звязана чаргаваннем галосных з рус. свороб, ст.-слав. сврабъ ‘сверб’. Роднаснымі лічацца лат. svãrpsts ‘свердзел’, ст.-в.-ням. swërban ‘хутка вадзіць туды-сюды, круціцца, сціраць’, ст.-ісл. svarf н. р. ‘апілкі’, гоц. af‑swaírban ‘змахнуць’ (Траўтман, 295; Міклашыч, 330). Збліжэнне з літ. skverbiù, skver̂bti ‘прадзіраўліваць, праколваць’, паводле Праабражэнскага (2, 257), выклікае фанетычныя цяжкасці. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 573; Шустар-Шэўц, 1391; ЕСУМ, 5, 188. Узводзіцца да і.-е. *su̯erb‑ ‘круціць, вярцець, паціраць, церці’ (Борысь, 623; Глухак, 601). Параўн. сверб.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)