філасофія прыхільнікаў тэарэт. спадчыны Н.Макіявелі. Тэрмін вядомы з 16 ст. (Т.Кампанела і інш.), азначаў палітыку, якая пагарджае законамі маралі. Ахоплівае асобныя палажэнні вучэння Макіявелі, іх інтэрпрэтацыі, увасабленні і распрацоўкі ў творах вучоных з улікам запатрабаванняў дзярж. палітыкі, а таксама ідэйныя абгрунтаванні пэўнай сістэмы прыёмаў і метадаў рэалізацыі гэтай палітыкі. Ідэйны змест М. раскрываецца ў яго асн. палажэннях: аб недасканаласці чалавечай прыроды, што мае вырашальны ўплыў на паліт. жыццё грамадства; вяршэнстве дзяржавы і яе інтарэсаў адносна грамадзян і іх правоў; аб гал. ролі фактару сілы ў палітыцы і звядзенні яе да барацьбы за ўладу; аб падзеле палітыкі і маралі, што выражаецца ў формуле «дасягненне мэты апраўдвае любыя сродкі».
Літ.:
Степанов И.А. Макиавеллизм и политическая мысль США. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНДАРЫ́Н (Citrus reticulata),
кветкавая расліна сям. рутавых, пладовая культура. Культывуюць у краінах Паўд. Еўропы, Паўд. Амерыкі, Паўд.-Усх. Азіі. На Беларусі вырошчваюць у пакоях і аранжарэях.
Вечназялёнае дрэва выш. да 3 м. Лісце буйное, скурыстае. Кветкі двухполыя, белыя, пахучыя, адзіночныя або ў суквеццях. Плод — гесперыдый (ягадападобны), маса 60—80 г, аранжавы, ядомы. Плады ўжываюцца пераважна свежымі (маюць да 10,5% цукру, каля 1% к-т, да 55 мг% вітаміну С і інш.), а таксама для перапрацоўкі (сок. джэм, варэнне, кампот). Скурка (цэдра) выкарыстоўваецца ў кандытарскай, парфумернай і харч. прам-сці. У селекцыі М. выкарыстоўваюць як мацярынскую форму, што перадае патомству марозаўстойлівасць і ранняспеласць. Вядомы гібрыды: танжэла (М. х грэйпфрут), тангор (М. х апельсін), цытрандарын (М. х трыфаліята).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКЕ́ ((Marquet) Альбер) (27.3.1875, г. Бардо, Францыя — 14.6.1947),
французскі жывапісец-пейзажыст. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1895—98) у Г.Маро. У ранні перыяд зазнаў уплыў мадэрну (афармленне Сусв. выстаўкі ў Парыжы, 1900). У 1905—07 прымыкаў да фавізму («Кірмаш у Гаўры», «Пляж у Сент-Адрэс», «14 ліпеня ў Гаўры», «Сяржант каланіяльных войск»). Пазней пісаў пейзажы, адметныя лаканізмам малюнка, спакойнай яснасцю кампазіцыі, зладжанай гамай лёгкіх валёрных тонаў з выразнымі колеравымі акцэнтамі: «Гамбургскі порт», «Везувій», «Марына (Неапаль)» (усе 1909), «Нотр-Дам зімой», «Дажджлівы дзень у Парыжы» (абодва 1910), «Мост Сен-Мішэль» (1912), «Бужы» (1925), «Порт Гаўр» (1934), «Парыж уначы» (1938), «Набярэжная Канці ў снезе» (1947) і інш. Ствараў таксама партрэты, літаграфіі, малюнкі, кніжныя ілюстрацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦКАЯ ГАЛЕРЭ́Я,
1) спецыяльна прыстасаванае памяшканне для экспанавання твораў мастацтва. Тэрмін «М.г.» ўжываецца і як сінонім музеяў мастацкіх (гл.таксамаКарцінная галерэя).
2) Установа, якая займаецца экспанаваннем, захоўваннем, вывучэннем, прапагандай твораў мастацтва і Сумяшчае музейную дзейнасць з камерцыйнай (выстаўкі-продажы, маст. аўкцыёны і інш.). Важная састаўная частка фарміравання маст. рынку. На Беларусі дзейнічае рэсп.Мастацкая галерэя Саюза мастакоў Беларусі ў Мінску. З пач. 1990-х г. галерэйная дзейнасць на Беларусі ажыццяўляецца пры розных прадпрыемствах, установах, прыватнымі асобамі: маст. цэнтр «Жыльбел», «Стары горад» пры Саюзе кампазітараў Беларусі, «Мастацтва» пры цэнтр. салоне-магазіне Маст. фонду Беларусі, «А.Л.» пры Цэнтры сучаснай бел. драматургіі, «Шостая лінія» пры акц. т-ве «Белтэхналогія» (усе ў Мінску); прыватныя «На ростанях» (Мінск), «У Пушкіна» (Віцебск), «У майстра» (Гродна) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАГАЛА́КТЫКА,
сукупнасць галактык, скопішчаў галактык і інш. пазагалактычных аб’ектаў; найб. з вядомых сістэм нябесных цел. Асн. структурнай адзінкай М. з’яўляюцца групы і скопішчы галактык, якія маюць да некалькіх тысяч галактык, але могуць быць і асобныя галактыкі. Мае ячэістую структуру — галактыкі і скопішчы галактык знаходзяцца на мяжы вял. прасторавых ячэек, памеры якіх каля 100 Мпк, таўшчыня сценак 3—4 Мпк. Вял. скопішчы галактык знаходзяцца ў вузлах такой структуры. У прасторы паміж галактыкамі існуе міжгалактычны газ. Найважнейшая ўласцівасць М. — яе расшырэнне. Усе скопішчы галактык аддаляюцца адно ад аднаго са скорасцю, прапарцыянальнай іх адлегласці ад назіральніка (гл.Расшырэнне Сусвету). Паняцце М. мае гіпатэтычны характар і часцей ужываецца для вызначэння часткі Сусвету, якую назіраюць. Гл.таксамаКасмалогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАМАРФІ́ЧНЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,
пароды, якія ўтварыліся ў выніку метамарфізму. Адрозніваюць пара- і ортаметамарфічныя пароды, што ўзніклі адпаведна пры метамарфізме асадкавых і магматычных парод. М.г.п. падзяляюцца на рэгіянальна-метамарфічныя (утвараюцца вял. аб’ёмы парод, вызначаюцца фацыяльнымі адрозненнямі: гранулітавая і амфібалітавая фацыі пры высокіх т-рах і ціску, зялёнасланцавая — пры нізкіх т-рах, нязначных глыбінях і цісках; а таксама сланцавымі і слаістымі структурамі, напр., амфібаліты, крышталічныя сланцы, гнейсы) і кантактава-метамарфічныя (малыя аб’ёмы, вакол магматычных цел, на невял. глыбінях, пры лакальна высокіх т-рах, канцэнтрычная занальнасць, характэрны рагавікі, мармуры, скарны, грэйзены, наждакі і інш.). Паводле хім. асаблівасцей М.г.п. падзяляюцца на вытворныя гліназёмістых (метапеліты), асноўных магматычных (метабазіты), асадкавых (парагнейсы, параамфібаліты) і карбанатных (кальцыфіры, мармуры) парод. Пры дыслакацыйным метамарфізме ўзнікаюць катаклазіты, міланіты, бластаміланіты і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ ЗБОР СІГНА́ЛАЎ,
зборнік сігналаў для сувязі паміж марскімі суднамі, а таксама паміж суднамі і берагавымі сігнальнымі станцыямі розных краін. Сігналы выкарыстоўваюцца ў выпадках, звязаных з бяспекай плавання, выратаваннем і аховай жыцця чалавека на моры пры наяўнасці цяжкасцей моўных зносін. М.з.с. універсальны і дазваляе весці перагаворы з дапамогай сцяжкоў, семафора, пражэктара, тэлегр. і тэлеф. радыёсувязі і інш.
Першы М.з.с., складзены ў 1885 у Вялікабрытаніі, меў каля 70 тыс. сігналаў (выкарыстоўвалася 18 сцяжкоў). У далейшым неаднаразова пераглядаўся, удакладняўся і ўхваляўся на спец.міжнар. канферэнцыях (1889, 1927, 1932, 1942, 1959, 1961). М.з.с., прыняты ў 1965, набыў сілу ў 1969, уключае каля 2 тыс. сігналаў, кожны з якіх мае пэўнае сэнсавае значэнне, што дазволіла значна спрасціць і скараціць аб’ём збору.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ МАНІТО́РЫНГ,
міжнародная сістэма сачэння за шырокамаштабнымі, у т. л. агульнапланетарнымі, працэсамі і з’явамі ў біясферы, уключаючы антрапагенныя ўздзеянні на прыроду і іх вынікі, якая ствараецца і развіваецца на базе міжнар. пагадненняў і праграм навук. даследаванняў. Складае арганізац. аснову глабальнага, а таксама базавага, біясфернага і рэгіянальнага маніторынгу (гл. адпаведныя арт.). Агульную ч. глабальнага маніторынгу ажыццяўляе Сусв. метэаралагічная арг-цыя, галіновыя раздзелы — Міжнар. агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ), Міжнар. саюз аховы прыроды і прыродных рэсурсаў (МСАП), Сусв.арг-цыя аховы здароўя, ЮНЕСКА (праграмы «Чалавек і біясфера», «ЮНЕСКА—Чарнобыль»), Міжнар.арг-цыя па пытаннях сельскай гаспадаркі і харчавання, міжнар. служба назіранняў за станам Сусв. акіяна і інш. Намаганні па стварэнні сістэмы М.м. каардынуе Міжнародная Праграма ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЕП).
кіруючыя парт. органы на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Баранавіцкай і ч. Мінскай абл. у 1942—43. Ствараліся і працавалі пад кіраўніцгвам ЦККП(б)Б і абл.падп. к-таў КП(б)Б. У сувязі з недахопам парт. кадраў гар. і раённага звёнаў вялі работу адначасова ў замацаваных за імі раёнах. Выконвалі тыя ж задачы, што і міжраённыя падпольныя камітэты КП(б)Б. У Баранавіцкай вобл.таксама ажыццяўлялі парт. кіраўніцтва антыфашысцкімі арганізацыямі. Дзейнічала 6 міжрайпартцэнтраў: Івянецкі (14.4—19.12.1943), Лідскі (25.4—19.12.1943), Слонімскі (14.8 — снеж. 1943), Стаўбцоўскі (2.10—19.12.1943), Шчучынскі (18.4 — снеж. 1943) Баранавіцкай і Барысаўскі (6.10.1942 — ліп. 1943) Мінскай абл. Са стварэннем раённых падпольных камітэтаў КП(б)Б М.п.п.ц. расфарміроўваліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ГАРАДСКІ́ УНІВЕРМА́Г.
Пабудаваны ў 1951 у Мінску (арх. Л.Мілегі, Р.Гегарт). У аснове кантактнага Г-падобнага ў плане 4-павярховага будынка жалезабетонны каркас. На сіметрычна вырашаным фасадзе, арыентаваным на праспект Скарыны, на 1-м паверсе вылучаны 3 арачныя праёмы, якія ўтвараюць парадны ўваход. Для арх.-маст. аблічча характэрна наяўнасць вял. зашклёных праёмаў розных памераў, а таксама складанага дэкору — шматлікіх франтончыкаў, ліштваў, уставак, геральдычных паяскоў, прафіляваных цяг, маёлікавых дэталей, парапета. Дэкар. элементы класічнай спадчыны (ляпныя дэталі, вітражы і інш.) шырока выкарыстаны і ў інтэр’ерах. На 1—3-м паверхах размешчаны гандл, залы, злучаныя паміж сабой цэнтр. трохмаршавай параднай і 2 бакавымі лесвіцамі, на 4-м і ў падвалах — складскія і інш. службовыя памяшканні.